Сын былога старшыні райвыканкама ўзначаліў той жа райвыканкам
У Беларусі часта пішуць пра сямейныя дынастыі — дактароў, настаўнікаў, рабочых. А вось пра чыноўніцкія дынастыі пісаць не прынята. Хоць пра іх добра вядома, асабліва ў маленькіх гарадах.
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка прызначыў Сяргей Чэпіка старшынёй Пастаўскага райвыканкама. Цікава, што чалавек з такім прозвішчам старшынёй гэтага ж райвыканкама ўжо быў.
Васіль Васільевіч Чэпік узначальваў райвыканкам трынаццаць гадоў — з 1987 па 2000 год. Быў першым сакратаром райкама партыі, старшынёй райсавета, дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, з 1994 па 2000-ы — старшынёй райвыканкама. 30 студзеня 2000 года Васіль Чэпік загінуў на гэтай пасадзе ў выніку аўтамабільнай аварыі.
Цяпер раён узначаліў яго сын, 46-гадовы Сяргей Васілевіч Чэпік. Апошнія паўтара года ён узначальваў упраўленне сельскай гаспадаркі раёна, а да гэтага больш за дзесяць год кіраваў гаспадаркай АТ «Кураполле-агра».
Каментары