Піша Раман Мамчыц
Неўзабаве Белстат абнародуе вынікі інвестыцыйнай дзейснасці ў Беларусі за першае паўгоддзе 2017 года. Хутчэй за ўсё, яны акажуцца горшымі за леташнія паказчыкі. А 2016 год і папярэднія гады характарызаваліся планамерным зніжэннем актыўнасці на беларускім рынку замежных інвестараў. Можна казаць, што нашая краіна усё меней і меней цікавая для замежнага капіталу.

Летась у эканоміку Беларусі паступіла $8,56 мільярда замежных інвестыцый. За апошняе дзесяцігоддзе іх аб’ём вырас на 112%, аднак пасля піка прытоку, які быў дасягнуты ў 2014 годзе (больш за $15 мільярдаў) наступіла зніжэнне.
То бок, дынаміка замежных інвестыцый ў эканоміку Беларусі, відавочна, развіваецца паводле прынцыпу «крок наперад — два назад». Прычым у сілу неразвітасці фондавага рынку — біржы каштоўных папер проста няма — значна пераважаюць прамыя інвестыцыі. Гэта ўкладанне рэсурсаў у прадпрыемства, каб кантраляваць яго. Такіх інвестыцый летась было 80,9%. А вось партфельных інвестыцый — укладанне ў каштоўныя паперы без мэты кіраўніцтва прадпрыемствам — вобмаль, усяго 0,03%.
Рэшта прыходзіцца на іншыя замежныя інвестыцыі, да якіх у статыстыцы звычайна прынята дачыняць доўгатэрміновыя крэдыты іншых краін. Да таго ж, у гэтую катэгорыю заносяць крэдыты міжнародных крэдытных арганізацій (напрыклад, МВФ), камерцыйныя крэдыты дастаўнікаў (калі дастаўнік адгружае тавар, але не патрабуе за яго грошы адразу, а дае адтэрміноўку аплаты), авансы і пратэрмінаваныя плацяжы.
Дадамо, што партфельныя замежныя інвестыцыі за апошняе дзесяцігоддзе знізіліся на 12,5%, што можна лічыць сведчаннем дэградацыі фондавага рынку краіны, асабліва рынку карпаратыўных каштоўных папер. Ускосным сведчаннем гэткага працэсу можа служыць крайняя неразвітасць інфраструктуры: сайтаў, аналагічных службам пастаўкі катыровак і раскрыцця інфармацыі (звестак аб фінансавым становішчы прадпрыемстваў) у заходніх краінах і нават у Расіі з Украінай, у Беларусі няма, на сайце Беларускай валютна-фондавай біржы няма інфармацыі аб эмітэнтах, барахліць служба пастаўкі катыровак, шырока разрэкламаваная сістэма БЕКАС крайне нязручная для працы з праграмамі матэматычнага аналізу дынамікі катыровак. Па аб’ёмах таргоў акцыі прадпрыемстваў значна саступаюць дзяржаўным каштоўным паперам.
Значнае ажыўленне беларускага фондавага рынку назіралася ў 2012 — 2014 гадах. За папярэдняе дзесяцігоддзе перад гэтымі гадамі аб’ём партфельных замежных інвестыцый у беларускую эканоміку вырас на 3800%, ад $600 тысяч да рэкорднага аб’ёму $23,4 мільёна. Аднак цяпер вярнуўся на грэшную зямлю да $2,8 мільёна.
Гэта, вядома ж, значна вышэй за паказчыкі пачатку 2000-х, аднак падзенне, якое назіралася паралельна з імклівым абясцэньваннем нацыялальнай валюты, звяло на нішто ўсе патугі беларускага бізнесу па пабудаванні цывілізаванага фондавага рынку.
Разам з тым, зрэшты, нельга прадстаўляць усё ў чорных фарбах. Так, прамыя іншаземныя інвестыцыі на чыстай аснове (т.б. без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы, паслугі) выраслі за апошнія 10 год на 1065%, перавысіўшы летась $1,3 мільярда.
Пры ўсім гэтым кідаецца ў вочы тое, што сусветны эканамічны крызіс 2008-2009 гадоў на аб’ёме іншаземных інвестыцый у беларускую эканоміку ніяк не адбіўся. Гэта можна расцаніць як прыкмету значнай адарванасці (нават у большай ступені, чым у Расіі і іншых краін Мытнага звязу) Беларусі ад сусветнай эканомікі. Затое прывязка да расійскай эканомікі навідавоку: пасля ўвядзення санкцый і контрсанкцый, а таксама пачатку падзення цэн на нафту ўсе паказчыкі замежных інвестыцый, як мы бачым, імкліва абрынуліся.
За апошні час у Беларусі былі два буйныя эканамічныя крызісы: першы — у 2011 годзе, — можна сказаць, быў запозненым водгаласам сусветнага крызісу канца 2008 году. Спаду замежных інвестыцый тады не назіралася, паколькі ўладам даволі хутка ўдалося ўтаймаваць гэты крызіс, вярнуць папярэднія значэнні макраэканамічных паказчыкаў і сярэдніх зарплат. Цяперашні ж крызіс, які назіраецца з 2014 года, аказаўся нашмат сур’ёзней, яго можна параўнаць з эканамічнай катастрофай 1998 года, калі Лукашэнка «ўзяўся за яйкі, а масла знікла»: курс даляра вырас амаль удвая, сярэдняя зарплата ў даляравым эквіваленце ўпала з $620 да $350, адпаведна, на фоне росту складскіх запасаў паваліўся ВУП (валавы ўнутраны прадукт), каля 30% акцыянерных таварыстваў сталі стратнымі, 350 тысяч работнікаў стратных прадпрыемстваў знаходзяцца на грані звальнення.
Якія сюрпрызы нам можа паднесці інвестыцыйная статыстыка за першае паўгоддзе? На падставе прамежкавых дадзеных можна сказаць, што сітуацыя ў параўнанні з мінулым годам пагаршаецца. Прааналізаваўшы дадзеныя па беларускіх прадпрыемствах, якія выстаўленыя за 6 месяцаў гэтага году на прыватызацыю, можна сказаць, што немагчыма чакаць павышэння актыўнасці ні ў сферы прамых інвестыцый, ні, тым болей, у сферы партфельных інвестыцый. Хутчэй за ўсё, гэтыя прадпрыемствы з’яўляюцца актывамі, ад якіх дзяржаве патрэбна пазбавіцца, паколькі яны не прыносяць пажаданага прыбытку. Фінансавы стан гэтых прадпрыемстваў невядомы, не была дадзеная ні іх фінансавая справаздачнасць, ні цана, па якой актывы будуць прадавацца. Вядома, што за першы квартал 2017 года вырасла доля прамых замежных інвестыцый, доля партфельных скарацілася, што, безумоўна, гаворыць не на карысць айчыннага фондавага рынку. Крайне негатыўную ролю адыграла тое, што са студзеня гэтага года Міністэрства фінансаў спыніла публікацыю нават тых квартальных справаздач найбуйнейшых нешматлікіх эмітэнтаў, якія публікаваліся раней на яго сайце. Гэта вельмі адчувальны ўдар па партфельных інвестыцыях і наогул па інвестыцыйнай актыўнасці ў Беларусі. Такім чынам, уся сукупнасць фактараў складваецца да таго, што інвестыцыйныя паказчыкі, ў тым ліку замежнай інвестыцыйнай актыўнасці, за першае паўгоддзе пакажуць стагнацыю.
Каментары