Грамадства33

«За дзень атрымліваю ад 200 да 1 200 BYN». Пра сваю працу расказаў прамысловы альпініст

Раман у прафесіі ўжо 17 гадоў. Ён праводзіў работы на высокіх і значных пунктах горада: будынках Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Нацыянальнай бібліятэкі, рэзідэнцыі Лукашэнкі і іншых. Мужчына нават спускаўся Дзедам Марозам у вокны да дзетак. Але за рамантыкай вышыні хаваецца цяжкая праца, сезоннасць заробкаў, траўмы і пастаянная барацьба з несумленнымі заказчыкамі. Журналіст выдання Myfin даведаўся, колькі рэальна зарабляюць прамысловыя альпіністы ў Беларусі, чаму нельга працаваць без дамовы і з якімі рызыкамі даводзіцца сутыкацца.

Тут і далей фота з архіва Рамана

Як усё пачыналася

Раману зараз 42 гады. Па адукацыі ён інжынер-хімік-тэхнолаг. Нарадзіўся ў Салігорску, пасля ўніверсітэта два гады адпрацаваў на «Беларуськаліі», затым адслужыў у арміі. Звыклае жыццё змяніла каханне: ён пазнаёміўся з дзяўчынай з Мінска, стала зразумела, што жыць у розных гарадах не варыянт. Вырашыў ехаць у сталіцу. У прамысловы альпінізм прыйшоў не «з вуліцы», а з экстрыму.

«У 2008 годзе, калі мне было 25 гадоў, мы актыўна займаліся роўпджампінгам — скокамі з вяроўкай. У нас была свая каманда, мы ведалі ўсё пра вузлы, карабіны і страхоўку. Аднойчы знаёмыя атрымалі заказ на фарбаванне вышак сотавай сувязі, а людзей не хапала — запрасілі мяне. Прыйшлося хутка адвучыцца [перападрыхтоўка па прафесіі рабочых на працягу 2 тыдняў. — Заўв. Myfin] у інстытуце МНС пад Барысавам, атрымаць «корачку» і выйсці на працу. Так хобі стала прафесіяй».

Менавіта тут герой тэксту атрымаў «корачку» прамысловага альпініста

Уваход у прафесію — ад 4 500 BYN

Многія думаюць: адвучыўся на месячных курсах, купіў вяроўку і пайшоў зарабляць мільёны. Раман разбурае гэты міф. Парог уваходу зараз высокі:

Навучанне. Курсы прамальпа каштуюць каля 400 BYN. Але альпіністам плацяць не за ўменне боўтацца на вяроўках, а за навыкі аздаблення, тынкоўкі, зваркі і г.д. Таму прыйдзецца пастаянна праходзіць прафесійныя курсы, каб расці.

Рыштунак. Калі груба падзяліць увесь рыштунак на «эканом», «стандарт» і «люкс», то ўкамплектаваць сябе на ўзроўні «стандарт» каштуе каля 3 500 BYN.

Расходнікі. Неабходна прыкладна 100 метраў вяроўкі, якая каштуе ад $1,5 за метр. А яе можна «забіць» за адзін заказ, калі працаваць на афарбоўцы фасада або парэзаць аб востры адліў. Ёсць і іншыя дробныя расходнікі: пальчаткі, адзенне і г.д.

«Калі ты хочаш займацца арбарыстыкай, рыхтуйся да выдаткаў на бензапілы, аўтавышкі, здрабняльнікі пнёў».

Прамысловы альпініст можа займацца арбарыстыкай — працаваць з дрэвамі і кустамі

«Праца са сваім рыштункам — гэта ўжо ўзровень невялікага бізнэсу. Калі хочацца ашчадзіць і ў вас нуль вопыту, можна ўладкавацца ў фірму, якая выдае ўсё неабходнае. Але, як правіла, заробак там на парадак меншы».

Заробкі: ад 100$ за змену да жудаснага дэмпінгу ў два разы

Раман расказвае, што на старце яго кар’еры, у 2008-м, прамысловыя альпіністы лічыліся элітай. Прафесіяналаў было мала, плацілі шмат. Яны нават не глядзелі на аб’екты, дзе стаўка была меншая за $100 за змену (6 гадзін). Маглі прыехаць, за пару дзён зарабіць месячны заробак рабочага з завода і паехаць у горы.

Раман — крайні справа

— Цяпер сітуацыя змянілася. Рынак перанасычаны. Калі прафесія стала набіраць папулярнасць, у яе прыйшлі людзі «з вуліцы». Хутка атрымалі «корачку» і давай падпрацоўваць на выхадных, пасля асноўнай працы. Для мяне альпінізм — гэта адзіны хлеб, які мяне корміць. А для іх — «халтура». Ім на асноўнай працы плацяць заробак, таму яны гатовыя лезці на сцяну і за 100 рублёў у дзень.

— Колькі можна зарабіць зараз?

— Адэкватная стаўка за змену вопытнага спецыяліста — ад 350 BYN. Я за дзень магу атрымаць ад 200 до 1 200 BYN. Пры гэтым твой месячны заробак напрамую залежыць ад колькасці адпрацаваных гадзін, без верхняй мяжы. Трэба разумець, што гэта не «чыстыя» грошы. Заўсёды нейкая частка сыходзіць на расходнікі, і палічыць дакладную суму цяжка. 

Раман прыводзіць цікавы прыклад дэмпінгу ў прафесіі. Аднойчы яго камандзе прыйшоў заказ на знос вялікай цаглянай вежы за $23 000. Ужо рыхтаваліся заключаць дамову, і раптам заказчык адмовіўся — сказаў, што знайшоў падрадчыкаў танней. Як высветлілася пазней, тыя самыя людзі «з вуліцы» прапанавалі выканаць аналагічныя работы за 10 тысяч.

Пра важнасць працаваць афіцыйна

Па словах Рамана, прамысловы альпінізм — сфера, дзе «кідаюць» часта, асабліва калі працаваць без дакументаў. Раман — «іпэшнік», заўсёды заключае дамову падраду, але нават гэта не заўсёды ратуе на 100%.

На базе МНС падчас навучання

«У нас была гісторыя з адной вядомай кампаніяй. Узімку яны папрасілі тэрмінова пачысціць дахі ад снегу. Сума была прыстойная, каля $10 000 на брыгаду. А потым пачалося: «Грошай няма, пачакайце». У такіх выпадках застаецца толькі падаць у суд. Я яго, натуральна, выйграў, але нават з гэтым нам вярталі доўг два гады. Сваіх хлопцаў я разлічыў з асабістай кішэні адразу, а сам сядзеў у мінусе».

Энергіі на выбіванне сваіх жа грошай ідзе больш, чым на саму працу. У гэтым годзе сітуацыя паўтарылася з буйным збожжавым комплексам.

«Мы зрабілі работу ў чэрвені. Яны просяць пачакаць месяц. Потым яшчэ. У кастрычніку я стаміўся ад «заўтра» і адправіў дасудовую прэтэнзію. Мне адразу ж патэлефанавалі і сказалі, што сёння вышлюць грошы».

Асноўны працоўны перыяд — ад ранняй вясны да позняй восені

Раман працуе не дзеля кар’еры, а дзеля ладу жыцця. Яго жонка таксама любіць турызм, паходы, таму нават нараджэнне сына не спыніла іх цягу да падарожжаў. Наадварот, яны сталі браць малога з сабой у самыя суровыя ўмовы.

«Да трох гадоў у сына на рахунку было ўжо 22 наведаныя краіны. У Ісландыі мы жылі ў палатках пры тэмпературы мінус 9 градусаў, а яму было ўсяго 2,5 года. Цягалі з сабой дзіцячае харчаванне, падгузнікі. У Арменіі я з ім за спінай прайшоў горны маршрут 1‑й катэгорыі складанасці. У мяне ёсць спецыяльная пераноска фірмы Osprey, у якой дзіця сядзіць як у заплечніку».

Раман у Арменіі з сям’ёй

«Мы не падымаліся з дзіцём вышэй за 2 500 метраў, каб не было гіпаксіі, а загартоўка атрымалася выдатная».

Такі графік жыцця магчымы дзякуючы сезоннасці працы альпініста: з ранняй вясны да позняй восені ты працуеш, зімой — займаешся сабой. Вядома, праца знаходзіцца і ў мінусавую тэмпературу: унутранае аздабленне будынкаў, чыстка снегу з даху. Але сезонны заробак дазваляе рабіць працяглы перапынак, і многія так робяць.

Быў выпадак, калі зімой мужчына ўдзельнічаў у дабрачыннай кампаніі.

Дзядулі Марозы — прафесійныя альпіністы

Смяротна небяспечная прафесія

Раман запэўнівае, што рызыка нешта сабе пашкодзіць імкнецца да нуля. З адной вялікай агаворкай: калі бездакорна прытрымлівацца тэхнікі бяспекі.

Падчас працы

Бываюць сітуацыі, якія немагчыма прадказаць.

«Гэтай восенню ў Беларусі на працы загінуў наш калега, 43‑гадовы мужчына, а ў яго дома засталіся дзве непаўналетнія дочкі і жонка. У нас шчыльнае кам’юніці, мы кінулі кліч па чатах, скінуліся грашыма. Адзін хлопец нават узняў тэму на расійскім форуме, арганізаваў збор дапамогі, і агульнымі сіламі сабралі нешта каля 120 тысяч расійскіх…»

У любым выпадку Раман не шкадуе пра выбар прафесіі. Калісьці ён прыходзіў сюды па свабоду, якую давалі сезоннасць і высокі заробак. Цяпер рынак прасеў, падаткі выраслі, але «дух» свабоды застаўся. І ён працягвае працаваць для жыцця, а не жыве дзеля працы.

Каментары3

  • Пытаньнечка
    29.01.2026
    Флаги в 20м тоже снимал? 17 лет в профессии...
  • Все же
    29.01.2026
    Кажется круто, но по факту зарплата так себе: 2000-2500 долларов в месяц максимум, без роста. Не говоря уже об условиях работы
  • Tinki
    30.01.2026
    Все же, это нормальная зарплата ещё. Да, условия такие себе, но есть вреднее и более никзооплачиваемые варианты

Цяпер чытаюць

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну7

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская выступіць на амерыканскім форуме па бяспецы ў Аспене13

Беларусь увайшла ў топ-25 краін з самым танным курыным філе3

Караль Наўроцкі заклікаў польскі Сейм забараніць сцяг УПА37

Чэшка Лінда Носкава выйграла Уімблданскі турнір

Беларусам патлумачылі, чаму накіп у чайніку — гэта добра6

Наста Рагатко расказала пра «тупыя ўстаноўкі», ад якіх ёй прыйшлося адмовіцца пры продажы сваёй кнігі13

Манэ і не снілася. У дэндрасадзе каля Нарачы можна пабачыць сажалку з гарлачыкамі і больш за 500 раслін2

Сабаленка расказала, чаму жаніх падарыў ёй такі буйны пярсцёнак2

У Ашмянах бабёр перайшоў дарогу строга па пешаходным пераходзе ВІДЭА4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну7

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць