Іван Шамякін: прававерны камуніст і беларускі патрыёт да мозгу касцей. Алкаголь, ідэйнасць, пасылкі з Масквы: як гэта магло спалучацца?
Успаміны Івана Шамякіна зрабілі фурор сваёй шчырасцю. Да яго так адкрыта не пісалі пра алкаголь, калег, маёмасць. Яны таксама дазваляюць зазірнуць ва ўнутраны свет аднаго з самых папулярных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя і зразумець, як куплялі іх і што не прадавалася.
Пісталет у стале
Старасць Івана Шамякіна была невясёлая. У пачатку 1990-х трагічна памёр 41-гадовы сын Аляксандр. «Бяда, калі грошай няма, але яшчэ большая бяда здараецца, калі дзеці ведаюць, што яны ёсць i ўмеюць атрымаць ix, карыстаючыся мацярынскай ці бацькоўскай любоўю», — горка пісаў Шамякін.
Саша вывучыўся на геолага, працаваў у Інстытуце інжынерных вышуканняў, але «лішнюю чарку браў». Яго мучыла бяссонніца, лекі ад яе ён спалучаў з алкаголем, што і прывяло да фатальнага канца. Марыю Філатаўну гэта падкасіла, яна страціла цікавасць да жыцця і мала не штодня ездзіла на Паўночныя могілкі.
Разваліўся Савецкі Саюз, інфляцыя зжэрла ўклады і зберажэнні. На ашчаднай кніжцы Шамякіна «згарэлі» 90 тысяч савецкіх рублёў. Для параўнання: сярэдні заробак у 1985-м у гарадах складаў 200 рублёў, самая дарагая машына, «Волга», ад 1983 года каштавала 11 200 рублёў.
Народны пісьменнік, які за 45 гадоў прывык да клопату і падтрымкі з боку дзяржавы, быў дэзарыентаваны. З аднаго боку, расталі матэрыяльныя даброты, з другога — была зламаная зразумелая схема ўзаемадзеяння з уладай. У загон загналі такую дарагую пісьменніку беларускую мову.
У савецкі час Броўку, Танку, Шамякіну ўдавалася мову абараняць: «Нешта выбівалі: выдавецтвы, часопісы, пастанову аб кніжным гандлі, крытыку міністраў асветы, культуры, «Белспажыўсаюза», а тады яны баяліся крытыкі зверху — з ЦК.
Ва ўсялякім разе пры, безумоўна, ненармальным становішчы з мовай ніхто з нас не баяўся, што заўтра не выйдуць «Полымя», «Нёман», «Маладосць». Гэта было б ЧП, за гэта паляцелі б галовы. А цяпер пагроза такая вісіць i нікому няма справы…»
Разгубленасць, песімізм, злосць чытаюцца ў апошніх яго творах, напісаных у лукашэнкаўскі час, — «Сатанінскі тур», «Падзенне», «Губернатар».
Адзін раз на пасяджэнне рады Саюза пісьменнікаў стары Шамякін прыйшоў з авоськай, поўнай пачкаў банкнот: забраў якісьці ганарар. Так і сядзеў, паклаўшы на калені купу абясцэненых грошай.
У дзённіках ён успамінаў, як пасля вайны яны з жонкай, настаўнік і фельчарка, ад вялікай беднасці купілі казу. Тое самае здарылася ў 1990-я: «З казы пачыналі — казой канчаем».
Песімізм Шамякіна, аднак, не пераходзіў у беспрасвецце, ён быў вялікі жыццялюб: «Баюся піць, але выпіць хочацца. Гэтага патрабуе душэўны стан, настрой. Жыць хочацца! Жыццё не абрыдла. Я люблю яго, жыццё.
Сядзелі на ўрачыстым вечары БДУ з Іванам Чыгрынавым. Закранулі тэму, што рабуюць кватэры. Я кажу: «Пісталет трэба мець». Іван адказвае: «Не хачу пісталета… Яшчэ застрэлішся». Скаланула мяне. Няўжо чалавек думае пра такі канец? У мяне вось ён, пісталет, пад рукой, у шуфлядзе стала. Але ў мяне ніколі не з’явілася гэтая страшная думка — ні ў якія хвіліны роспачы, гора, болю».
Пасля смерці жонкі той узнагародны пісталет Шамякін здаў. Пра адносіны з жонкай і стаўленне да яе — асобна ніжэй.
«Міначка кручаны»
Дзед Шамякіна Міна Васілевіч усё жыццё працаваў як вол, каб выбіцца з беднасці ў лясістым куце між Гомелем і Навазыбкавам — пры самай расійскай мяжы. Яшчэ больш эфемерная, чым цяпер, яна нейкі час нават падзяляла надвое бацькоўскі падворак.
За рэзкі характар дзеда называлі «Міначка кручаны». Ён быў першым у родзе з прозвішчам Шамяка — а яго дзеці-ўнукі сталі ўжо Шамякінымі. (На ўсходзе Беларусі прозвішчы замацаваліся пазней, чым на захадзе, і расійскія ўлады масава перараблялі Шамяк у Шамякіных, Машэраў у Машэравых, а Мазураў — у Мазуравых.)
А прозвішча, згодна з сямейнай легендай, прывёз з царскага войска старэйшы брат Міны, Пімен Васілевіч. Прыйшоў з салдатаў з казённай паперай, у якой чамусьці значыўся Шамякам. А прадзеды яшчэ зваліся Чарназёмамі. Такое прозвішча было адно на ўсю вёску Карма ў семсот двароў.
Маці Шамякіна мела рэдкае імя Сынклета, яе бацька быў за царом старастам Кармы.
Падабенства з дзедам па маці, Сцяпанам Калініным, сваякі бачылі ў Іване, адзначаючы: «Такі ж пузаты і такі ж галавасты». Салідны, значыць, і з практычным розумам.
Пасля рэвалюцыі дзеда не запісалі ў «эксплуататары», бо адзін з яго сыноў, Аляксей, арганізаваў у грамадзянскую чырвоны партызанскі атрад ды быў забіты ў спіну каля роднай хаты.
Каб атрымаць уяўленне пра дзяцінства Шамякіна, трэба чытаць… «Новую зямлю». Паэма, напісаная сынам наднёманскага лесніка Якубам Коласам, і праз пакаленне дакладна ілюстравала жыццё. Дзяржава была іншая, лад змяніўся, мясцовасць за 400 км ад коласаўскай, а сутнасць засталася: пераезды, нішчымніца, частая несправядлівасць начальства. Шамякін успамінаў, як дзядзькі-леснікі збіраліся ды ўслых чыталі паэму, ухвальна мацюкаючы аўтара: «Во змей! Як у нас падгледзеў!»
Пасля вайны, у Мінску, Шамякін, нягледзячы на розніцу ў веку, сышоўся з Якубам Коласам. Маладога сакратара Саюза пісьменнікаў штомесяц пасылалі ў асабняк самотнага класіка прымаць членскія складкі. Яны бралі па чарцы, ажно жонка Шамякіна з часам пачала заўважна нервавацца, калі ён казаў ёй раніцай, што ў сённяшніх планах — паход да Коласа.
Вестэрн пад Добрушам
Бацька Івана, Пятро Шамякін, быў лесніком усё жыццё. За выключэннем перыяду, калі яго перавялі на новы ўчастак, а папярэднік сустрэў сям’ю на парозе са стрэльбай у руках і адмовіўся сыходзіць. Шамякін пайшоў у крамнікі, але за пару месяцаў прагарэў, аддаў у кампенсацыю цялушку ды папрасіўся зноў у лес.
Леснікам у 1930-я жылося лягчэй, чым калгаснікам: можна было трымаць каня, напрыклад. Але была і свая спецыфіка. Пятро Шамякін быў кульгавы: злоўлены ў лесе парубшчык біў яго доўбняй, трапіўшы па стрэльбе, што вісела на плячы руляй уніз. Залп з двух ствалоў раздрабіў косткі — нагу цудам удалося выратаваць.
А праз год страляў ужо бацька — ратуючы калегу-лесніка ад пяці парубшчыкаў з сякерамі. І забіў аднаго. Баючыся помсты, ён адсылаў сям’ю начаваць па знаёмых, кожную ноч у новае месца, а сам з аўстрыйскай трафейнай вінтоўкай сядзеў на гарышчы і чакаў нападу…
Жонка як крыніца вобразаў
Ідэальная Саша Траянава з «Непаўторнай вясны», раўнівая Галіна Яраш з «Сэрца на далоні» — жонка Марыя Філатаўна была для Шамякіна крыніцай вобразаў.
Раскідаў ён па творах згадкі і пра іншыя свае закаханасці і каханні. Найбольш, прызнаваўся, у «Трывожным шчасці».
Была дзіцячая закаханасць у настаўніцу; у шостым класе на танцах ён цалаваўся са старэйшай на год Маняй; пасля закахаўся ў другую Марусю, прыйшоў на спатканне за 14 кіламетраў і быў зняслаўлены яе аднавяскоўцамі… З будучай жонкай Машай Кротавай ён вучыўся ў адным класе ў пасёлку Церуха. Яна была адзінай, хто не смяяўся, калі малога Івана, які запусціў быў валасы, перад усім класам абкарнаў авечымі нажніцамі настаўнік. Пачуцці ў Івана і Марыі з’явіліся ўжо ў Гомелі, у тэхнікуме: ён вучыўся ў аўтадарожным, яна — у медычным.
Пасля тэхнікума Маша працавала фельчаркай у Рэчыцкім раёне, Іван ездзіў да яе. Яна называла яго стрыечным братам, але людзі ўсё разумелі. Хутка яны пажаніліся, нарадзілася дачка Ліна.
Быў у біяграфіі Шамякіна і адзюльтэр, пра які ён шчыра напісаў у дзённіках. У ваенны час Шамякін, як і Быкаў, быў артылерыстам. Яму трохі больш пашанцавала: трапіў у зенітчыкі — усё ж не лоб у лоб з нямецкімі танкамі.
Шамякін, камандзір гарматы і камсарг, меў «сувязь з падначаленай», якую хутка спыніў камандзір батарэі. У часе пабыўкі Іван прызнаўся жонцы. Яна адразу ж пералегла на іншы ложак. І доўга яшчэ не магла дараваць. Але ўсё ж кахала яго: «Дзе я знайду другога такога дурня».
Яны пражылі больш за паўстагоддзя душа ў душу.
Гэта не выключала выбухаў рэўнасці, падчас якіх жонка магла спіхнуць яго з ложка, чымсьці (мяккім) ударыць, спаліць лісты прыхільніцы творчасці. Выбухі былі беспадстаўныя: тая ваенная гісторыя, прызнаваўся Шамякін, на ўсё жыццё яго навучыла.
Іван Пятровіч перажыў жонку на шэсць гадоў, яе сыход быў найвялікшай яго трагедыяй.
Кнігу ўспамінаў пра Марыю Філатаўну камуніст Шамякін назваў па-евангельску: «Слаўся, Марыя!».
Марыя Філатаўна была такім жа практычным чалавекам, як і сам Шамякін
Яна паехала з мужам на з'езд КПСС у Маскву і, пакуль ён падымаў мандат у зале, затаварвалася ў спецмагазіне для дэпутатаў — у СССРы быў дэфіцыт усяго — і адпраўляла набыткі ў Мінск пасылкамі — у руках жа не павалачэш.
«Праз тры тыдні пасля свята i траўмы з загіпсаванай рукой я паехаў на XXVI з'езд КПСС. Паехаў з Машай, мне дазволілі, без яе я не мог яшчэ апрануцца, завязаць гальштук. З'езд цягнуўся дзён дзевяць, здаецца, i я дагэтуль помню, як пакутліва сядзець там было — з рукой, якая ныла, балела, слухаць алілуйшчыну Брэжневу.
I вось ён перада мной — «вождь» «вялікі i мудры». A ў сапраўднасці — стары хворы чалавек. Чытаў даклад — пыкаў, запінаўся, глытаў словы, абліваўся потам.
Па-людску мне шкада было Леаніда Ільіча: чалавеча, на храна табе гэта трэба?
Пасля першага перапынку Брэжнеў зусім аслабеў, хістаўся за трыбунай, праз паўгадзіны папрасіў новы перапынак. У кулуарах абмяркоўвалі, хто прадоўжыць даклад. Не. Зноў Брэжнеў. I як ажыў. Атрымаў допінг. Скончыў даклад на высокай ноце, бадзёра. Дэталь. Побач са мной, на крайнім ад прахода месцы, сядзеў народны мастак СССР Налбандзян i ўвесь час рысаваў Брэжнева, эскізаў 20 зрабіў. Стараўся!
Пакутліва мне было слухаць нудныя прамовы. A ў гасцініцы сумавала Маша. Праўда, невялікі занятак у яе быў, прыемны. У гасцініцы быў арганізаваны для дэлегатаў гандаль сувенірамі i прадуктамі. Тавары пераважна імпартныя. Прадукты, якія там прадаваліся, адменныя. I ўсё без нацэнак, у найпрыгажэйшай сувенірнай тары.
У фае — паштовае аддзяленне з незвычайнай для нас арганізацыяй прыёму пасылак: спецыяльныя фанерныя каробкі, клейкая лента. Упакоўка — тры-чатыры хвіліны. Канвеер».
«У першы дзень Маша паведаміла мне, што адаслала ажно чатыры пасылкі.
Я жахнуўся:
— Ды ты што! Што пра нас скажуць?
— Адна дама ў сабалях, з Сібіры, на поўны голас хвалілася, што адаслала дваццаць пасылак. Не баіцца, што скажуць».
«Колькі было падману, фальшу! Было? А цяпер няма? Тады куплялі прадуктовымі пасылкамі. Цяпер прыхільнікаў ладу купляюць за фірмы, заводы, магазіны, катэджы. Горка пра гэта думаць», — піша пры канцы жыцця ў дзённіку Іван Шамякін.
Весялей круці, Пятровіч!
«Гэта парадокс: магу пераканаўча напісаць i аратага, i слесара, i архітэктара, i доктара, а сам нічога не ўмею, цвіка забіць, каб добра трымаў», — прызнаваўся Шамякін. Цяжкую фізічную працу ён, як і Салжаніцын ці Шаламаў, успрымаў як знявагу для чалавека, што працуе галавой.
У пасляваенную нішчымніцу Шамякін, малады настаўнік, атрымліваў на паёк збожжа, якое трэба было ўручную малоць. Жорнаў не мелі, хадзілі да сялян, бацькоў яго вучняў. «Яны глядзелі, як настаўнік абліваецца потам, i — што думалі? Гаспадар пасміхаўся: «Весялей круці, Пятровіч!» Мне здавалася, што занятак такі, як не што іншае, падрывае i аўтарытэт настаўніка, i аўтарытэт сакратара партарганізацыі».
Але Шамякін не быў цельпуком-рамантыкам. Яго надзвычайная мяккасць, чалавечнасць і эмпатыя спалучаліся з практычнасцю, разуменнем, што трэба для жыцця. Нясхільны да канфліктаў, сентыментальны і скоры на слязу Іван Пятровіч здолеў у Мінску дабіцца для сваёй сям’і найлепшых з магчымых жыццёвых умоваў, забяспечыць кватэрамі і аўто дзяцей.
А цвікі забіваць — можна і цесляра паклікаць. Абы было чым плаціць.
Акунуліся ў «ізабіліе»
Дабрабыт Шамякіных неймаверна ўзляцеў цягам аднаго пасляваеннага дзесяцігоддзя.
«Прыехалі ў жніўні 1948-га ў Мінск i акунуліся ў ізобіліе. Колькі было самых разнастайных каўбас! Кракаўская, палтаўская, маскоўская… Ікра, рыба, крабы — еж не хачу. За 1 200 руб. стыпендыі, якія я атрымліваў у партшколе, можна было нябедна жыць нам, чацвярым», — пісаў Шамякін.
Увогуле, яго ўспаміны, якія ён пачаў публікаваць яшчэ ў 1980-х, зрабілі фурор сваёй шчырасцю. Да яго так адкрыта не пісалі пра алкаголь, калег, маёмасць.
«Сацыяльным ліфтам» для празаіка, які надрукаваў аповесць «Помста» і рыхтаваў да публікацыі раман «Глыбокая плынь», стала Вышэйшая партыйная школа. Ён паступіў туды па рэкамендацыі Саюза пісьменнікаў і сустрэў там сябра на ўсё жыццё, Андрэя Макаёнка.
У адной з біяграфій славутага драматурга напісана, што ён «палову стыпендыі адсылаў родным, а на другую палову выжываў». Выжываць на палову стыпендыі ў 1 200 рублёў пры сярэднім заробку настаўніка ў 600 было няцяжка. Хлеб каштаваў 3 рублі, бутэлька «Маскоўскай» — каля 60. Калгаснікі ж у той час працавалі практычна задарма.
Адрасы
Прыехаўшы з сям’ёй у Мінск, Шамякін з цяжкасцю зняў пакойчык на Лагойскім тракце, у прыватным сектары: Мінск разбомблены, жылля мала. Усёй маёмасці ў Івана ды Мар’і быў адзін жалезны ложак. У 1950-м ім выдзелілі два пакоі ў чатырохпакаёўцы на пачатку вуліцы Маркса — 24 метры. Другую палову кватэры займала сям’я празаіка Аляксея Кулакоўскага. На тых 24 метрах жылі ўшасцёх: у Шамякіных на той час было ўжо трое дзяцей, з імі жыла і жончына сястра-студэнтка.
Праз год гарсавет даў Шамякіну, лаўрэату Сталінскай прэміі за «Глыбокую плынь», асобную трохпакаёўку на вуліцы Камсамольскай, насупраць увахода ў Клуб імя Дзяржынскага. Гэта быў нізкаваты першы паверх, з вокнаў прахожыя былі відаць цалкам, з нагамі. Але ў кватэры былі асобны кабінет і асобная кухня. Набылі прыстойную мэблю, дубовую шафу для адзежы.
У 1953-м Шамякіны зноў пераехалі — гэтым разам на Маркса, у «пісьменніцкі» дом № 36. «Кватэра плошчай 72 кв. м., чатыры пакоі. Пліту на кухні палілі дрывамі, цягалі на чацвёрты паверх, i ўсё роўна — гэта раскоша, нават па мерках сённяшняга дня», — успамінаў Шамякін.
Расказваюць, што той дом быў збудаваны дзякуючы Якубу Коласу. Ён жаніў сына з дачкой Янкі Маўра, і паўстала пытанне жылплошчы для маладых. На дом не пайшло ні капейкі з бюджэту БССР, яго цалкам прафінансаваў агульнасаюзны Літфонд (падраздзяленне Саюза пісьменнікаў, адказнае за матэрыяльную падтрымку творцаў), выдаткаваўшы два мільёны рублёў. Узначальваў Саюз пісьменнікаў СССР тады Аляксандр Фадзееў, сябар Якуба Коласа.
Дом збудавалі па тыпавым праекце: пісьменніцкі дом у Маскве меў дакладна такую ж планіроўку — па дзве кватэры на пляцоўцы, трохпакаёўка і чатырохпакаёўка. Пісьменнікам адвялі два пад’езды — і то туды трапілі пару вайсковых ды міліцэйскіх чыноў.
На адной пляцоўцы з Шамякіным жыў Мележ, ніжэй — Глебка і Вітка, вышэй — Брыль і Скрыган.
У 1964-м Мележ перабраўся ў большую кватэру на Леніна, у дом над тагачасным рэстаранам «Патсдам» (цяпер Grand Cafe). У яго кватэру пераехала, і дагэтуль жыве, сям’я Івана Навуменкі. І нашчадкі Коласа, дарэчы, дагэтуль жывуць на Маркса, 36.
Кашаль за сцяной
Шамякін успамінаў, як, жывучы на Маркса, чуў за сцяной глухі кашаль Івана Мележа. Аўтар «Палескай хронікі» меў хворыя лёгкія, гэта і звяло яго без пары ў магілу. «Мы пачалі з ім з самага шчырага сяброўства», — успамінае Шамякін свайго аднагодка. Чым скончылі — не піша, можна меркаваць па эпізадычных згадках. Шамякін адзначае толькі, што чалавек Мележ быў складаны, што не ўспрымаў яго «Атлантаў і карыятыдаў» — «самы чытаны раман 1970-х»… Магчыма, было тут і звычайнае мужчынскае ды творчае спаборніцтва:
Мележ за «Палескую хроніку» атрымаў Ленінскую прэмію, Шамякін пасля цэліўся на Дзяржаўную са сваім раманам-ленініянай «Петраград — Брэст».
Цікава Шамякін апісвае працэс стварэння белетрыстыкі 1970-х. Задумаўшы напісаць раман пра архітэктара, ён тры гады хадзіў на пасяджэнні архітэктурнай рады, на калегіі Дзяржбуда, пазнаёміўся з галоўнымі архітэктарамі Брэста, Гомеля, Магілёва. Галоўнаму герою, архітэктару Максіму Карначу, аўтар надаў рысы Андрэя Макаёнка. Уласна, задумка «Атлантаў і карыятыдаў» і ўзнікла з жадання «выпісаць» характар сябра.
Паводле рамана ў канцы 1970-х знялі васьмісерыйны фільм.
Агульны наклад кніг Шамякіна перавысіў 25 мільёнаў экзэмпляраў! Гэта была рэальна масавая літаратура.
Фота svaboda.org.
Кватэра Прытыцкага
У канцы 1950-х Шамякіны займелі, у дадатак да летняга дома на Гомельшчыне, у Церусе, і дачу ў Ждановічах.
Выбіць участкі ўдалося, злавіўшы на слове чыноўніка: той на партактыве апраўдваўся за дачы, якія Міністэрства будаўніцтва ставіла для «патрэбных людзей» — маўляў, яны будуць для пісьменнікаў і вучоных. У выніку Шамякін і Мележ атрымалі надзелы па суседстве.
А ў 1969-м 48-гадовы Шамякін пераехаў у апошнюю сваю кватэру: у дом па вуліцы Янкі Купалы, 11. Тую кватэру раней займаў старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Сяргей Прытыцкі. Яна была яшчэ большая, дом зручнейшы для жыцця — з ліфтам. Лепшага жытла ў тагачасным Мінску не было.
У Савецкім Саюзе, у гарадах, кватэры найчасцей не куплялі, а атрымлівалі ад дзяржавы. Кватэры былі малыя. Толькі эліта магла разлічваць на жытло агульнай плошчай большай за 70 квадратных метраў. Кватэр плошчай 100 квадратных метраў было ўсяго некалькі дзясяткаў на цэлы Мінск. Найвышэйшыя партыйныя кіраўнікі жылі ў прэстыжных дамах у цэнтры сталіцы, і ў іх кватэрах былі нават пакойчыкі для прыслугі. Жытло ў гэтых шматпавярховіках на вуліцах Янкі Купалы, Пуліхава, Чырвонаармейскай, на Вайсковым і Бранявым завулках дагэтуль каштуе касмічна дорага. Уласныя асабнякі ў тыя часы ў Мінску мелі толькі асобныя генералы і, дзеля майстэрняў, асабліва заслужаныя мастакі.
Шамякіна ў апошнія дзесяцігоддзі жыцця можна было бачыць на «Інфарктэнштрасэ» — алеі ў парку Горкага, дзе шпацыравала мноства заслужаных пенсіянераў.
Што было б, калі б Шамякін жыў не пры сацыялізме, а пры капіталізме?
Ён быў бы мільянерам. Можа, без гучных рэгалій і ордэнаў, але даў бы фору нават Добсанам, стваральнікам «Санта-Барбары». Уявіце: 1977 год, Беларуская Народная Рэспубліка. Штовечар тысячы хатніх гаспадынь кідаюць усе справы і сядаюць перад тэлевізарамі «Нёман» глядзець 375-ю серыю «Трывожнага шчасця»…
Хоць сам Шамякін, канечне, і ў страшным сне не прысніў бы такое.
«Пабеда» і «Волга»
Атрымаўшы ў 1951-м Сталінскую прэмію, 25 тысяч рублёў за «Глыбокую плынь», Шамякін купіў аўтамабіль «Пабеда». Правоў не меў, і амаль тры гады сям’я трымала кіроўцу, які бессаромна рабаваў даверлівага празаіка, вымагаючы грошай на ліквідацыю нейкіх міфічных паломак у новым аўто.
Нажыўся так, што за кароткі час збудаваў сабе дом, пакуль Іван Пятровіч сам не атрымаў правы. Здаць было няцяжка: экзаменатаркай трапілася гарачая прыхільніца яго творчасці. Гаварылі на экзамене пра «Глыбокую плынь».
На машыне ён з сям’ёй ездзіў аж у Адэсу ў Дом адпачынку. Таксама,
жывучы летам у Церусе, дзе з прадуктамі была «не лепшая сітуацыя», Шамякіны рэгулярна ездзілі закупляцца ў Кіеў, за 240 кіламетраў: «Жыць у Мінску прывыклі багата; дзецям Маша ні ў чым не адмаўляла».
З паркоўкай у амаль безмашынным Мінску тады праблем не было, дый гаражы ЦК пад бокам — на месцы цяперашняга кінатэатра «Піянер».
Дабіў шамякінскую «Пабеду» Усевалад Краўчанка, пісьменнік, які пасля загадкава загінуў у Францыі, выкінуўшыся з акна гатэля. Краўчанка пазычыў машыну для паездкі ў Калінкавіцкі раён і наўмысна, падазраваў Шамякін, з нейкай зайздрасці да яго творчых поспехаў, раздзёўб яе на тагачасных дарогах…
У 1957-м Шамякін набывае «Волгу» з пробнай партыі — першую ў Беларусі. Савецкія лімузіны тады толькі пачалі выпускаць, нават у парку Саўміна БССР іх яшчэ не было. Новая «Волга» ў 1957 каштавала 17 400 рублёў пры сярэднім заробку 750.
Гулялі казакі
«A які гэта цуд — армянскія марачныя каньякі!» — п’янства савецкага часу Шамякін апісвае як неад’емны складнік жыцця.
Хадзіў апокрыф, што ў Марыі Філатаўны ў духоўцы ўвесь час смажыліся чатыры курыцы, бо Іван мог у любы момант заявіцца з гасцямі.
Штонядзелі прыходзіў Макаёнак — жонка ўпікала, што ён ужо зрабіўся для Івана раднейшым за яе. Але, да гонару Шамякіна, суседзі па доме ні разу не бачылі, каб ён хістаўся ці валяўся.
Андрэй Макаёнак быў найлепшым сябрам Шамякіна. І не менш багатым чалавекам: драматургі атрымлівалі касмічныя ганарары з кожнага выкананага спектакля. Траціць грошы, акрамя як на рэстараны, асабліва не было на што. Выбар тавараў у СССР быў абмежаваны. А будаваць катэджы ў камуністаў было не прынята, лічылася нясціпласцю, за гэта можна было і «партбілет на стол пакласці».
За ўменне піць яго раз пахваліў рэдактар «Новага міра» Аляксандр Твардоўскі.
Шамякін успамінаў страшную п’янку з ім у маскоўскім гатэлі. Твардоўскі заліваў трыма бутэлькамі гарэлкі сваё сумленне: у той час шальмавалі Барыса Пастэрнака, і Твардоўскі ездзіў збіраць подпісы пад асуджэннем рамана «Доктар Жывага».
А на 60-гадовы юбілей, які супаў з прысваеннем звання Героя Сацыялістычнай Працы, Шамякін пасля банкету зламаў руку. Ці то быў выпіўшы, ці то не — у розных кнігах успамінаў апісваецца па-рознаму.
Чаму ў СССР гэтак піў народ і яго эліта? Можа, ад страшэннай нудоты і шэрасці жыцця? Заходнікі, трапляючы ў Маскву, адзначалі, што заняцца тут у вольны час проста няма чым. На тое самае, дарэчы, скардзіўся ў Мінску Лі Харві Освальд.
Бывалі і светлыя застоллі. Дачка празаіка Івана Навуменкі, Валерыя Іванаўна, успамінае такі эпізод з маленства: «Пачатак лютага 1964-га, мне пяць год. Раптам знікла кудысьці мая мама. Пасля мне сказалі, што яна ў раддоме, нарадзіўся мой брат Павел. Мы толькі пераехалі ў кватэру на Маркса, бацька паклікаў суседзяў. З мэблі на кухні былі толькі стол і табурэткі. І вось чатыры Іваны — Ян Скрыган, Іван Шамякін, Янка Брыль і мой тата — сядзелі да дзесяці гадзін раніцы, закусвалі салёнымі сыраежкамі і гаварылі-гаварылі…» Кожнаму было што ўспомніць: вайна, фронт, палон, ГУЛАГ — у выпадку Скрыгана.
Шамякін, які прыйшоў у літаратуру пасля вайны, быў па-за даўнімі рахункамі старэйшых пісьменнікаў. Ён быў яшчэ малы ў 1930-я, калі адны пісьменнікі, ратуючыся, даносілі на іншых — учорашніх таварышаў. І меў роўныя адносіны з Броўкам і Крапівой, Скрыганам і Бярозкіным.
За чаркай, успамінаў ён, якой толькі крамолы яны з сябрамі не гаварылі. І не баяліся: лічылі, што ў вайну заслужылі сабе права голасу. Праўда, у размовах з чужымі Шамякін быў заўжды асцярожны.
Зглумленыя таленты
«Вялізнае злачынства савецкага ладу перад беларускай культурай — ён зглуміў таленты. Колькі пісалі на патрэбу дня тыя ж Куляшоў, Броўка! Колькі славілі камуністаў!» — казаў гісторык Анатоль Сідарэвіч.
Якуб Колас называў гэтае славаслоўе, што пераходзіла межы прыстойнасці і густу, «брындушкамі». Цэлыя тамы надзённага-аднадзённага сёння маральна састарэлі.
Шамякін ганарыўся, што ў напісаных ім 10—12 тамах няма і абзаца «панегірчыкаў» ды «сіропу», які лілі партыі некаторыя яго калегі.
Але ўсё ж многія выдатна закручаныя фабулы Шамякіна не ўспрымаюцца сёння, бо цяжка прадрацца скрозь савецка-партыйную рэчаіснасць.
Шамякін да апошніх дзён жыцця заставаўся верным камуністам, хадзіў, пакуль ногі насілі, на мітынгі 7 лістапада, хваліў публіцыстыку Праханава, лаяў апошнімі словамі Гарбачова. Ён шчыра не разумеў, што СССР развалілі зусім не Гарбачоў і не Захад, ён сам упаў пад уласнымі грахамі і маразмам.
І разам з тым Шамякін быў беларускім патрыётам да мозгу касцей. Машэраву, якога ён абагаўляў, не мог дараваць русіфікацыі.
(Пятро Міронавіч, які мог на памяць чытаць «Сказ пра Лысую гару», нават з народнымі пісьменнікамі баяўся гаварыць па-беларуску.)
У 1995-м Шамякін — як жа цяжка было гэтаму чалавеку ісці супраць улады — асудзіў рэферэндум аб мове.
І такіх нацыянал-камуністаў, як Шамякін, было нямала.
Да захавання нацыі і беларускай незалежнасці Іван Шамякін меў непасрэднае дачыненне. Сама беларуская мова выжыла ў другой палове XX стагоддзя дзякуючы масавай літаратуры. Так што ў жарце пра хатніх гаспадынь і тэлесерыял «Трывожнае шчасце» доля праўды ёсць.
-
З'явіўся партал па гісторыі Беларусі з AI-асістэнтам і 3D-мадэлямі
-
«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі
-
90 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча — архіўны фільм «Нашай Нівы» пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі
Каментары