Беднасьць і старасьць — два стаўпы беларускага кансэрватызму. Піша Васіль Аўраменка.
Здаецца, даўно мінулі часы, калі старых і нямоглых пакідалі ў глухім лесе на сьмерць, бо грамада ня мела магчымасьці карміць лішнія раты. Тады закон прыроды дзейнічаў «жалезна»: у выбары паміж старасьцю і маладосьцю перавага аддавалася толькі маладым. Так працягвалася жыцьцё, так дзеля будучыні ахвяравалі аджылым. Але калі людзі сталі багацейшыя і зьявілася магчымасьць утрымліваць недзеяздольных, знайшлося абгрунтаваньне і гэтай традыцыі — выкарыстаньне вопыту старэйшых, павага да былых заслуг і, нарэшце, проста гуманізм. У барацьбе старога і новага наступіла пэўная раўнавага, але сам канфлікт пакаленьняў ня зьнік, а прыняў больш цывілізаваныя, «ачалавечаныя» формы.
Па меры назапашваньня людзьмі багацьцяў і ўдасканальваньня мэтадаў іх захоўваньня, расла і сіла старых, павялічваўся іх уплыў у сям’і, грамадзтве. У апошнія дзесяцігодзьдзі да гэтага працэсу дадаліся і разнастайныя мэдычныя тэхналёгіі прадаўжэньня жыцьця хворых, і колькасьць людзей сталага веку пачала хутка расьці. Гэты факт мае наступствы як для заходніх грамадзтваў, так і для квазідэмакратычных краінаў накшталт Беларусі.
Праз 10—15 год у нашай краіне можа скласьціся сытуацыя, калі на аднаго маладога працоўнага будзе 2—3 пэнсіянэры.
Калі старыя (непрацоўныя) складуць большасьць насельніцтва, яны змогуць цалкам легітымна і дэмакратычна дыктаваць сваю волю ўсяму грамадзтву, навязваць свае каштоўнасьці і правілы гульні. Узгадваючы Маркса, можна будзе нават гаварыць пра новую форму эксплюатацыі — калі непрацоўная большасьць будзе эксплюатаваць працоўную меншасьць. Нягледзячы на ўсю фантастычнасьць такога становішча, яго элемэнты можна заўважыць у Беларусі ўжо сёньня.
Па-першае, колькасьць маладых імкліва падае з-за нізкай нараджальнасьці ды эміграцыі. Па-другое, пэнсіянэры выяўляюць вялікую палітычную актыўнасьць. Гэта дае ім магчымасьць быць уплывовай сацыяльнай групай, нягледзячы на тое, што амаль усе яны жабракі, бо ня маюць ні вялікіх ашчаджэньняў, ні маёмасьці (як на Захадзе), а існуюць за кошт адлічэньняў з тых грошай, што ствараюцца ў эканоміцы рукамі і мазгамі маладзейшых.
Разам з тым, нізкі сацыяльны й культурны статус, усе гэтыя кпіны з боку маладых (і што ж вы зарабілі за свой век? дзе ваш Саюз і вашы заваёвы?), уся іхная сацыяльная неабароненасьць прымушае іх быць актыўнымі і салідарнымі ў адстойваньні сваіх інтарэсаў. А інтарэсы тыя простыя: ня руш старыны, захоўвай тое малое, што маеш сёньня, а новага беражыся як агню. Такая вось рэінкарнацыя спрадвечнага беларускага кансэрватызму, празь які ня раз ужо даводзілася цярпець.
Што зробіш, калі гісторыя падарыла нам «чароўнага правадыра», які вывеў зь «цёмнага лесу», дзе паміраюць старыя і нямоглыя, і вярнуў многае з тае недалёкае «старыны». І хоць тое, што вярнулася, — усяго толькі бляклыя дэкарацыі былога, а не сама мінуўшчына, але ж для многіх гэта лепш, чым няпэўнасьць і невядомасьць дэмакратыі.
Для сёньняшніх пэнсіянэраў гэта рэальнае ўвасабленьне мары пра спакойную і сытую старасьць («вось як у маленстве мы галадалі — вам не зразумець...») і магчымасьць пражыць лішнія 5—10 год сярод сваіх савецкіх ілюзій. Абвінавачваць іх у гэтым не падымецца рука нават у радыкала. Аднак прыклад старэчага эгаізму заразны, і прынцып «ня руш старыны», мне здаецца, будзе аднадушна падтрыманы і наступным пакаленьнем пэнсіянэраў, якія таксама не нажылі вялікіх багацьцяў, не стварылі новай (назапашвальнай) пэнсійнай сыстэмы і не зрабілі шмат чаго іншага. Лягчэй, вядома, зноў праехацца на гарбе маладзейшых, адклаўшы малапрыемныя сыстэмныя пераўтварэньні на плечы будучых пакаленьняў.
Гэта той выпадак, калі парушаецца раўнавага паміж старым і новым, калі дзеля «стабільнасьці» ахвяруюць будучыняй і рухам наперад. Але «часовая» параза маладосьці можа ў выніку стаць гандыкапам усёй беларускай супольнасьці. «Герантакратычнае грамадзтва» і, як яго вынік, замаруджваньне прагрэсу — адна з рэальных небясьпек, што навісла над нашай краінай.
Беларуска-савецкі кансэрватызм, па сутнасьці, — ідэйны стрыжань усёй сыстэмы, апора і надзея сёньняшняга рэжыму.
Магілёў
❏
Васіль Аўраменка — доктар, лідэр суполкі лекараў Магілёўшчыны, сталы аўтар «НН». Жыве ў горадзе над Дняпром.
Фота Юліі Дарашкевіч
Каментары