Улада1818

Топ-10 самых багатых кандыдатаў у дэпутаты Мінскага гарадскога савета

На сайце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта з’явіліся біяграфіі, а таксама даведкі аб даходах кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах. Цікава зірнуць, хто ж з’яўляецца самым багатым з прэтэндэнтаў.

Варта адзначыць, што кандыдаты падавалі дэкларацыю за 2016 год, бо дакументы збіраліся яшчэ напрыканцы 2017 года. У дэкларацыях указваецца агульная сума гадавога даходу. У яго могуць уваходзіць заробак, пенсія і стыпендыя, даход ад продажу кватэры ці аўтамабіля, дывідэнды ад акцый. Долю кожнай з крыніц пралічыць немагчыма, мы пралічваем сярэдні даход за месяц. Варта памятаць, што кандыдаты маглі на працягу года змяняць месца працы.

1. Ігар Русакевіч (Ахоцкая выбарчая акруга № 2)

Даход: 9576 беларускіх рублёў, 310 000 даляраў, 500 000 расійскіх рублёў.

Самы багаты кандыдат абіраецца ў Мінгарсавет ужо не ўпершыню. У цяперашнім скліканні ён з’яўляецца старшынёй камісіі па эканамічным развіцці, фінансах і бюджэце.

Раней Русакевіч працаваў першым намеснікам у «Ітэра-Бел». Гэта расійская кампанія — адна з найбуйнейшых будаўнічых фірм краіны. Напрыклад, менавіта «Ітэра» мелася ўзводзіць «Мінск-сіці».

Цяпер Русакевіч балатуецца як сябра назіральнай рады завода «Прамбудіндустрыя». Калі палічыць сярэдні даход Русакевіча, то выходзіць больш за 27 тысяч даляраў на месяц.

Адметна, што ва ўласнасці Русакевіча няма нерухомасці.

У свой час Русакевіч пісаў сумесныя навуковыя артыкулы з цяперашнім кіраўніком Нацбанка Паўлам Калаўрам, а таксама праводзіў бізнэс-трэнінгі для прадстаўнікоў БРСМ.

На старонцы Русакевіча «Укантакце» стаіць наступны статус: «Я вельмі паважаю ворагаў, таму кожны год прыношу кветкі на іх магілы».

2. Павел Бачарнікаў (Слабадская выбарчая акруга №28)

Даход: 507 753 беларускіх рублёў і 3 845,6 еўра.

Бачарнікаў з’яўляецца дырэктарам таварыства з абмежаванай адказнасцю «Віпоінт». Што гэта такое? Прадпрыемства з’яўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў будаўнічай тэхнікі. Шмат прапануюць у продаж ці арэнду пад’ёмнікі. Ёсць у Бачарнікава і іншыя прадпрыемствы, у тым ліку тыя, што займаюцца пытаннямі пажарнай бяспекі.

Выходзіць, што ў сярэднім у месяц Бачарнікаў мае 22 тысячы даляраў. Таксама ў яго ва ўласнасці кватэры, дом і два зямельныя надзелы.

Варта адзначыць, што па гэтай акрузе няма стапрацэнтнага кандыдата ад улады, таму, выглядае, менавіта Бачарнікаў мае найбольшыя шанцы стаць дэпутатам. У суперніках у яго прадстаўнік «Руху за Свабоду» Юрый Меляшкевіч.

3. Уладзімір Хейфец (Заслаўская выбарчая акруга №40)

Даход: 280 353 беларускіх рублёў.

Паводле рэйтынгу інтэрнэт-выдання ej.by, Хейфец займае 140-е месца сярод бізнэсоўцаў краіны. Хейфец кіруе вялізным гандлёвым цэнтрам «Галерэя Мінск» каля Нямігі. Раней бізнэсовец шмат укладваўся ў буцікі. Адметна, што ён пры гэтым не мае вышэйшай адукацыі.

У адным з інтэрв’ю Хейфец казаў, што сям’я не дужа добра паставілася да таго, што ён ідзе ў дэпутаты. Суперніцай бізнэсмена будзе экс-кандыдатка ў прэзідэнты ад «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч. Сам Хейфец вельмі станоўча адгукаецца пра Таццяну.

4. Святлана Яцына (Мірашнічэнкаўская выбарчая акруга № 43)

Даход: 137 886 рублёў беларускіх рублёў.

Індывідуальны прадпрымальнік, прадстаўніца ЛДПБ. Аналізуючы дэкларацыі прадпрымальнікаў, трэба ўлічваць, што высокі даход часта суправаджаецца такімі ж вялікімі стратамі. Атрыманая сума — не чысты прыбытак.

Ва ўласнасці кандыдаткі ёсць аж чатыры кватэры, паўдома ў Мінску і палова зямельнага надзела ў сталіцы, а таксама два зямельныя надзелы ў Мінскім раёне.

5. Аляксей Пакутнік (Пляханаўская выбарчая акруга № 10)

Даход: 103360 беларускіх рублёў.

Яшчэ адзін прадпрымальнік з ЛДПБ. З’яўляецца дырэктарам прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Глас-Лагісцік». Як вынікае з назвы, кампанія займаецца міжнароднай перавозкай грузаў аўтамабільным, марскім і чыгуначным транспартам.

У сацсетках у асноўным рэпосціць допісы пошукавага атрада «Анёл». Хаця бывае, што каменціць і «каляпалітычныя» навіны, напрыклад выдаленне Лукашэнкі на хакейным калядным турніры. «Асудзілі, пасадзілі», — са смайлікам напісаў Пакутнік.

Дэпутатам ён стане наўрад ці: па акрузе балатуецца галоўны доктар Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Віктар Жукоўскі.

6. Дзмітрый Мелікян (Чкалаўская выбарчая акруга №19)

Даход: 85 707 беларускіх рублёў.

Гэта генеральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Сярэднямесячны даход работніка складае каля 3,6 тысяч даляраў.

Менавіта Мелікян быў тым, хто рашуча супраціўляўся беларусізацыі аэрапорта. Хаця сёлета і там былі вымушаныя пайсці на саступкі — інфармацыйныя табло і абвесткі сталі «размаўляць» з кліентамі і на беларускай мове.

Яшчэ ва ўласнасці Мелікяна ёсць кватэра і аўтамабіль. Мала хто сумняецца, што менавіта ён стане дэпутатам па гэтай акрузе.

7. Сяргей Казлоў (Акадэмічная выбарчая акруга № 48)

Даход: 84 114 беларускіх рублёў

Сяргей Казлоў займае пасаду кіраўніка САК «Алімпійскі». Гэта вялізны комплекс з басейнамі, саўнамі, лазнямі, заламі для заняткаў самымі рознымі відамі спорту, футбольнымі палямі.

Для Казлова гэта будзе ўжо не першы досвед працы ў Мінгарсавеце. Ён ужо абіраўся падчас мінулага склікання. Казаў, што ягоная перадвыбарчая праграма будавалася на прапагандзе здаровага ладу жыцця. «Вельмі цікава было рашаць пытанне па будаўніцтве трэцяй лініі метро», — казаў Казлоў аб сваёй працы.

Адметна, што ён ідзе ад экзатычнай Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі. А канкурэнтам у яго будзе лідар «Руху за Свабоду» Юрась Губарэвіч.

8. Аляксандр Ціханаў (Лагойская выбарчая акруга № 44)

Даход: 83 079 беларускіх рублёў.

Ціханаў абвяргае меркаванне, што камуніст павінен быць небагатым. Кандыдат з’яўляецца членам афіцыйнай КПБ. Ціханаў займаецца бізнэсам, узначальвае прадпрыемства «КаркасКомплекс».

Гэтая фірма займаецца будаўніцтвам дамоў і катэджаў па ўсёй краіне «пад ключ». Укантакце верхняй суполкай у кандыдата ідзе «Сэксуальны Мінск, сэксуальныя дзяўчыны Мінска і не толькі». Сярод іншых падпісак — дзяўчыны-мадэлькі. На ніводную палітычную суполку Ціханаў не падпісаны.

Зрэшты, дэпутатам 30-гадовы камуніст наўрад ці стане: па акрузе балатуецца прадстаўнік міліцыі Савецкага раёна Мінска Уладзімір Усціновіч.

9. Уладзімір Стрыжонак (Лагойская выбарчая акруга № 44)

Даход: 76 735 беларускіх рублёў.

Яшчэ адзін кандыдат з гэтай самай Лагойскай акругі.

Дарэчы, загадчык гаспадаркі групы тылавога забеспячэння гарадскога аддзела міліцыі ўпраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Савецкага раёна Мінска Уладзімір Усціновіч за 2016 год зарабіў усяго толькі 15 тысяч беларускіх рублёў. Можна палічыць, што немалы міліцэйскі начальнік на месяц меў каля 1300 рублёў.

Што тычыцца Стрыжонка, то ён таксама партыйны. Прычым належыць да яшчэ адной рэдкай арганізацыі — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Узначальвае ж 27-гадовы Стрыжонак прадпрыемства «Сірыён Софт», якое займаецца распрацоўкай і прасоўваннем сайтаў.

10. Яўген Вайцяховіч (Аэрафлоцкая выбарчая акруга №18)

Даход: 64 196 беларускіх рублёў.

Яшчэ адзін нябедны камуніст. Вайцяховіч — генеральны дырэктар адкрытага Мінскага завод грамадзянскай авіяцыі № 407. Калі ён яшчэ выконваў абавязкі дырэктара, то казаў, што ў Мінску на заводзе будуць рамантавацца самалёты міністраў замежных дзяржаваў. Праўда, потым была навіна, што за рамонт самалёта Юліі Цімашэнкі беларусам так і не заплацілі.

Сімвалічна, што Вайцяховіч ідзе менавіта па Аэрафлоцкай акрузе. Выходзіць, што ў сярэднім у месяц даход дырэктара складаў 2,7 тысячы даляраў. Канкурэнтаў ад апазіцыі Вайцяховіч па сваёй акрузе не мае.

***

Удакладненне

Таксама сярод самых багатых кандыдатаў ёсць алімпійскі чэмпіён-2010 па фрыстайле Аляксей Грышын (Старавіленская выбарчая акруга №41). Ягоны даход у 2016 годзе склаў 320585 беларускіх рублёў. Цяпер Аляксей з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, некалькі гадоў таму ён спрабаваў запусціць выраб георгіеўскіх стужак.

Варта яшчэ адзначыць загадчыцу дзіцячага садка №209 Таццяну Цвірко (Грушаўская выбарчая акруга №22). Яе даход склаў 133 609 беларускіх рублёў. Магчыма, жанчына прадала кватэру, ці нешта іншае з маёмасці. Усё ж у садку столькі не заробіш.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Каментары18

Цяпер чытаюць

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень11

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскі баксёр Усік сустрэўся з Трампам у Белым доме2

Зборная ЗША з буйным лікам перамагла Парагвай1

Новы трэнд — не расчэсвацца. Вось што трэба пра яго ведаць18

Канада і Боснія згулялі першы матч на чэмпіянаце свету ўнічыю

У Мінску адкрыюць «музычную лаўку» памяці Уладзіміра Мулявіна

Бізнэсмен-рытуальшчык пагарэў на тым, што працаўладкоўваў толькі жанчын3

Што гэта за 196 палітвязняў, пра вызваленне якіх заявілі прапагандысты?2

У Перу паліцыя затрымлівала наркагандляра, пераадзеўшыся ў касцюмы талісманаў мундыялю-20262

Еўрасаюз адкрыў перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень11

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць