«Некаторыя кліенткі самі пазбаўляюць сябе цноты, бо ім страшна». Чаму важна размаўляць з дзецьмі пра сэкс
Сэксолаг Ганна Макіявец з жахам згадвае, у якім пурытанстве яе выхоўвалі дзядуля з бабуляй і дзівіцца, як пасля такога мінулага здолела не сысці ў манастыр і пабудаваць здаровыя адносіны з мужчынам. Яна на ўласным прыкладзе тлумачыць, чаму важна пачаць свабодна размаўляць з дзецьмі пра адносіны палоў як мага раней.
Даведка: Ганна Макіявец, сэксолаг. Пасля школы пайшла вучыцца на эканамістку, але хутка зразумела, што гэта не яе. Вывучае гештальт-тэрапію ў Інстытуце гештальту Iгара Пагодзiна, займаецца сэксалогіяй і практычнай псіхалогіяй. Ладзіць шчырыя сустрэчы #talkingaboutsex — свабодныя размовы на інтымныя тэмы. Адна з бліжэйшых такіх пройдзе 18 лютага — зарэгістравацца можна па спасылцы.
— Усё маё дзяцінства мяне ахоўвалі ад інтымнай тэмы. Мяне гадавалі бабуля з дзядулем, і для іх нават доўгія пацалункі ў серыялах былі нагодай пераключыцца на іншы канал. Я губляла нітку падзей серыяла «Паветраныя замкі» і ўсё гадала, што ж прымушае дарослых людзей так торгацца ў пошуках пульта і чырванець?
Уяўляеце здзіўленне/шок/жах маёй Ганны Пятроўны, калі ў сшытку па алгебры сваёй трынаццацігадовай ўнучкі замест задач яна ўбачыла позы з «Камасутры», намаляваныя чарнільнай асадкай?
Мы абедзве да гэтага часу не можам забыць той дзень. Бабуля крычала, што гэта — сорамна. Што ў 13 гадоў трэба вучыцца, а не думаць пра такую дурасць. Сорам, звязаны з гэтай тэмай, яна ўва мне і развіла…
У падлеткавым узросце, каб адгарадзіць мяне ад нейкіх тэарэтычных рамантычных адносін, бабуля ўвяла правіла: кожны дзень я павінна была вяртацца дадому ў 20.00. Хлопцаў у мяне не было, але з устаноўкі сваякоў я ведала, што калі ў мяне нехта і будзе, то першы партнёр абавязкова павінен стаць маім мужам. І ніяк інакш.
Дзесьці ў 10 гадоў мне падарылі энцыклапедыю для дзяўчат, дзякуючы якой я пазней хаця б не спужалася першых месячных (вы можаце не паверыць, але ў мяне ёсць кліенткі, якія былі настолькі непадрыхтаваныя да гэтага дня, што думалі — паміраюць). З кніжкі я даведалася, што дзяўчынкі і хлопчыкі складзеныя па-рознаму, але так і не зразумела, што такое сэкс.
Бабуля рабіла ўсё магчымае, каб сцерці з маёй галавы гэтае сарамлівае слова, але ў яе не атрымлівалася. Дзе-нідзе я выхоплівала пацалункі ў серыялах, бачыла абдымкі на вуліцах, чула фантастычныя гісторыі ад сябровак… Дзякуй богу, што я была гнуткай у псіхалагічным плане, інакш маю цікаўнасць да сваёй сэксуальнасці і людзей навокал зусім бы падушылі. Імаверна, я магла б сысці ў манастыр.
У 17 гадоў я пачала працаваць афіцыянткай і ў кафэ, па-за межамі хатняга кантролю, упершыню пачала сустракацца з хлопцам. Ведаеце, гэты татальны кантроль працаваў мне зусім не на карысць: выходзячы з дома, я адрывалася напоўніцу.
Калі сваякі даведаліся, што ў мяне ёсць хлопец, неяк за сталом яны спыталі, ці карыстаемся мы сродкамі кантрацэпцыі. Відаць, яны думалі, што пра ўсё гэта я мусіла даведацца сама адразу пасля атрымання пашпарту. Што ж вы не ўздымалі гэтую тэму раней? — задавалася я пытаннем.
Ведаеце, некаторым маім кліенткам маці расказвалі жудасныя гісторыі. Маўляў, пазбаўленне цнатлівасці падобна на смерць: столькі крыві, быццам цябе забілі і ты нарадзілася зноў. Пасля гэтыя дзяўчаты самастойна спрабавалі пазбавіць сябе цнатлівасці: толькі каб перад партнёрам не было сорамна за боль, за кроў.
І пасля з такіх запужаных асоб без нармальнай сэксуальнай адукацыі вырастаюць закамплексаваныя маці, для якіх становіцца праблемай ужо са сваімі дзецьмі пагутарыць пра мастурбацыю.
Канечне, сёння з інтэрнэтам прасцей: калі маці сказала, што першы сэкс — гэта як смерць, то ты можаш пачытаць форумы, водгукі іншых жанчын і зразумець, што гэта далёка не так і не ва ўсіх. Раней хлопцы, якія ў свой першы раз пацярпелі няўдачу, працяглы час не маглі адысці ад мастурбацыі: баяліся, што з партнёрамі не атрымаецца зноў. Цяпер кожны з іх можа пачытаць, што для першага разу няўдача — гэта норма. І супакоіцца. Аднак усё роўна нішто не заменіць жывых дыялогаў бацькоў і дзяцей, мужа і жонкі, партнёраў…
Таму я раю бацькам загадзя падрыхтавацца да інтымных пытанняў ад дзяцей. Першае, што іх заўсёды цікавіць, звязана з тым, адкуль яны ўзяліся. Не трэба выдумляць казкі пра буслоў, лепш адразу ідзіце ў кнігарню і набудзьце ілюстраваную кнігу (напрыклад, Робі Харыс «Давай пагаворым пра ГЭТА. Пра дзяўчынак, хлопчыкаў, немаўлят, сям’ю і цела», для больш дарослых дзяцей падыдзе кніжка «Давай паразмаўляем пра адносіны» гэтага ж аўтара), якая дапаможа распавесці пра працэс нараджэння шчыра, без прыўкрасаў.
Калі вы не разгубіцеся ў першы раз, калі дзіця зразумее, што ўсе яго пытанні натуральныя і няма чаго іх саромецца, то з наступным пытаннем «чаму ў Каці ў майтках ўсё не так, як у мяне?» яно зноў прыйдзе да вас. І гэтак далей.
Аніводная крыніца ў інтэрнэце не заменіць даверлівыя адносіны. Шчыры сямейны дыялог, на мой погляд, нават лепш за школьныя курсы па сэксуальнай адукацыі. Бо калі, напрыклад, згадаць мой клас, то ў 14 гадоў адны дзяўчаты ўжо займаліся сэксам, а іншыя нават не ведалі, што такое мастурбацыя. Ды і не цікава ім было. Акрамя таго, ёсць жа строгія, рэлігійныя сем’і…
Было б крута, калі б у нашых школах існавалі дадатковыя курсы сэксуальнай адукацыі: загадзя заяўляецца тэма (напрыклад, кантрацэпцыя), і на заняткі прыходзяць усе, каму цікава паслухаць.
…Свайго мужа я сустрэла, калі развіталася з былым хлопцам. Памятаю, як мне было няёмка казаць, што ён у мяне не першы: у галаве ўсё яшчэ сядзела, што ў мужчыны ты павінна быць першай і адзінай. І, канечне ж, выйсці за гэтага першага замуж. Пра тое, што можна падабацца іншым, мець нейкія фантазіі, і думак не было. Але будучы муж тады адрэагаваў спакойна, за што я яму вельмі ўдзячная.
Уласную сэксуальнасць я яшчэ працягваю спасцігаць. У жанчын увогуле цалкам лібіда раскрывае сябе толькі бліжэй да 30 гадоў. Гэта хлопчыкі з дзяцінства ведаюць сваё цела: ад чаго ўзбуджаюцца, сакрэты разрадкі. Некаторыя ж дзяўчаты ў гэтым узросце нават ніколі не разглядалі ў люстэрку, што ў іх знаходзіцца ніжэй за пояс.
Я прайшла цярністы шлях ад дзяўчынкі, на якую начапілі мноства пурытанскіх ярлыкоў, да сэксолага, які можа дапамагаць іншым з такімі ж праблемамі. Усе вакол займаюцца сэксам, нараджаюцца дзеці, але мы чамусьці так мала пра яго размаўляем, гэта ўсё яшчэ тэма-табу. Чаму так?
Навучыцеся размаўляць. Як толькі вы пойдзеце партнёру насустрач, ён падкажа вам, якім нестандартным спосабам можна падоўжыць хвіліны асалоды. Ваша жанчына раскажа пра важнасць доўгай прэлюдыі, растлумачыць, што вільготна — гэта не заўсёды значыць «можна». А дзеці будуць удзячныя, калі вы скажаце ім, што схемы ў порна — не заўсёды праўда. Многія праблемы знікнуць самі сабой пасля фразы «нам трэба пагаварыць».
Каментары