Улада1313

Пяць фактаў пра адстаўленага міністра спорту Аляксандра Шамко

Проста падчас Алімпіяды ў адстаўку адпраўлены міністр спорту Аляксандр Шамко. Лукашэнка абвінаваціў яго і міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча ў «непрыняцці антыкарупцыйных мераў» у сваіх ведамствах. «Наша Ніва» згадвае Аляксандра Шамко, які апошнія шэсць гадоў узначальваў спартовую сферу краіны.

Аляксандр Шамко. Фота svaboda.org.

З пажарных — у спартсмены

У Аляксандра Шамко вельмі незвычайная кар’ерная лінія. Але калі Лукашэнка сказаў «трэба», то Шамко адказаў «ёсць»!

Аляксандру Шамко 50 гадоў, ён мінчук. Скончыў політэхнічны тэхнікум, пасля чаго служыў у савецкім войску. Ад 1989 года Шамко ў сістэме МНС. Працаваў звычайным пажарным на вуліцы Сярова ў Мінску. Быў камандзірам аддзялення, начальнікам каравула. Карацей, прайшоў на пажарнай службе самыя розныя прыступкі.

У 2007-м яго прызначаюць начальнікам дзяржаўнага пажарнай аварыйна-выратавальнай установы «Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння» МНС. А яшчэ праз год Шамко становіцца намеснікам міністра МНС.

Аднак у 2012 годзе Шамко атрымлівае надзвычай нечаканае прызначэнне — міністрам спорту. Ён тады прыйшоў у адной звязцы з Максімам Рыжанковым, які тады быў памочнікам прэзідэнта па пытаннях спорту, а цяпер з’яўляецца першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

У міністра адсудзілі кватэру

Вясной 2014 года Аляксандр Шамко набыў сабе чатырохпакаёўку па вуліцы Янкоўскага ў Мінску. Усё ж не апошні чыноўнік у краіне, можа сабе і дазволіць. Але справа была ў тым, што кватэра дасталася міністру па цане, меншай за рынкавую. Справа ў тым, што забудоўшчык «Маналітград» меў праблемы, часта ўзвінчваў цэны. Многія дольшчыкі адмаўляліся даплочваць. Тады «Маналітград» разарваў дамовы ў аднабаковым парадку. А ў адну з чатырохпакаёвак і ўклаў грошы чыноўнік.

Квадратны метр каштаваў міністру $1134 у эквіваленце, і гэта была выгадная ўгода. Бо па Мінску сярэдняя цана тады складала $1650 за метр. Аднак сям’я, якая валодала першаснымі правамі на кватэру, падала ў суд на забудоўшчыка. Шамко змірыўся са стратай кватэры і не працягваў судовыя спрэчкі.

Шматлікія допінгавыя сканадалы

Чым запомнілася кіраванне Шамко беларускім спортам? Была самая ўдалая зімовая Алімпіяда ў Сочы, дзе дзякуючы бліскучаму выступу Дар’і Домрачавай (тры золата!), беларусы здабылі аж шэсць медалёў. А вось на летніх Алімпіядах нашы атлеты выступаюць усё горш.

У дашамкоўскую эпоху, на Алімпіядзе ў Пекіне беларусы былі 16-і ў агульным заліку. У Лондане — 26-і, а ў Рыа-дэ-Жанэйра — 40-і. У Бразіліі беларусы здабылі толькі дзевяць медалёў — гэта найгоршы вынікам за часамі незалежнасці.

Сваёй допінгавай праграмы беларусы, вядома, не маюць. Але нашы спартсмены з зайздроснай рэгулярнасцю трапляюцца на такіх скандалах. За апошнія гады былі дыскваліфікаваныя кідальнік молата Павел Крывіцкі, цяжкаатлет Станіслаў Чадовіч, штурхальніца ядра Наталля Міхневіч, цяжкаатлетка Настасся Новікава і многія іншыя.

Не адрамантаваў стадыён «Дынама»

Па словах Шамко, за рэканструкцыяй стадыёна «Дынама» ў Мінску ён назірае проста з вокнаў свайго працоўнага кабінета.

Стадыён «Дынама» закрылі на рэканструкцыю аж у 2012. Планавалася, што да лета наступнага года яго ўжо ўвядуць у эксплуатацыю. Аднак на дварэ ўжо 2018, а працы ўсё яшчэ не завершаныя. Такім чынам, цэлы двухмільённы горад застаўся без паўнавартаснага стадыёна, дзе, скажам, магла б гуляць нацыянальная зборная па футболе.

Нарэшце, здаць аб’ект плануюць пад ІІ Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Мінску ў 2019 годзе. Гэта дарагое спаборніцтва, ад яго адмовілася Галандыя, а вось Беларусь узялася.

Нядаўна, калі журналіст «Прессбола» спытаўся ў Шамко адносна казырка, які не да канца закрывае ўсіх гледачоў ад дажджу, то Шамко проста сарваўся на яго, маўляў, займаецца крытыканствам. Міністэрства спорту пры Аляксандру Шамко было адным з найбольш закрытых ведамстваў.

Хто можа прыйсці на змену?

Новы міністр пакуль не прызначаны. Самы час крыху пагадаць на кававай гушчы. Хто можа сесці ў міністэрскае крэсла? Некалькі гадоў назад успаміналася Наталля Пяткевіч, але малаверагодна, што былая топ-чыноўніца зараз зноў вернецца ў абойму. Застаецца першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў, для якога спорт — гэта родная сфера. Можа быць, пара вярнуць у дзяржаўнае кіраванне былога кіраўніка Памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага. А ёсць яшчэ дэпутат-малатабоец Вадзім Дзевятоўскі. Хаця міністрам спорту можа аказацца чалавек са сферы, зусім далёкай да спорту, сам Шамко гэта цудоўна даказаў.

Каментары13

Цяпер чытаюць

«Проста хочуць быць Масквой. Бессэнсоўна, непрадуктыўна, неабгрунтавана». Мінчукі спрачаюцца наконт будаўніцтва кальцавой лініі метро

«Проста хочуць быць Масквой. Бессэнсоўна, непрадуктыўна, неабгрунтавана». Мінчукі спрачаюцца наконт будаўніцтва кальцавой лініі метро

Усе навіны →
Усе навіны

«Я заліп, заліпайце і вы». Гурневіч пра новы гістарычны праект «Карона Вітаўта»28

У Рагачове бяда з вадою — яна пайшла з пахам ацэтона і фарбы. Вадаканал пацвердзіў праблему1

Дацэнта Віцебскага медуніверсітэта пасадзілі за абразу Лукашэнкі6

Валянцін Стэфановіч: Турма — гэта як смерць, толькі ты жывы3

У Diamond City адкрываецца гіпердыскаўнтар. Што чакае пакупнікоў у самай буйной краме сеткі

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі39

У Мінадукацыі расказалі, калі і як пройдуць выпускныя вечары ў школах5

З'явілася першае ВІДЭА з Андрэем Пачобутам2

Літва афіцыйна ўводзіць ліміт на ўвоз паліва з Беларусі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Проста хочуць быць Масквой. Бессэнсоўна, непрадуктыўна, неабгрунтавана». Мінчукі спрачаюцца наконт будаўніцтва кальцавой лініі метро

«Проста хочуць быць Масквой. Бессэнсоўна, непрадуктыўна, неабгрунтавана». Мінчукі спрачаюцца наконт будаўніцтва кальцавой лініі метро

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць