Літаратура

Чаму беларусы мала купляюць кнігі па-беларуску? Андрэй Янушкевіч — пра тысячы кніг на складзе, правал Кінга і перспектывы біяграфіі Пазняка

Андрэй Янушкевіч разважае, чаму пасля 2020 года беларусы куплялі амаль усё беларускае, а цяпер сталі пераборлівымі, прызнае ўласную памылку з вялікімі накладамі, тлумачыць, чаму не можа заказаць аўтару беларускі дэтэктыў, ацэньвае стратэгію Насты Рагатко і расказвае, на што патраціў бы мільён еўра.

Андрэй Янушкевіч. Фота: Наша Ніва

На кніжным фестывале «Прадмова» ў крызіс беларускай кнігі паверыць цяжка. Вакол — сталы, застаўленыя навінкамі, размовы з аўтарамі, вокладкі, якія хочацца разглядаць і браць у рукі. Але кніжны фестываль — падманлівае месца для размовы пра стан рынку. Тут збіраюцца людзі, якім не трэба тлумачыць, навошта патрэбная беларуская кніга. Сапраўднае выпрабаванне пачынаецца за дзвярыма, там, дзе кніга мусіць канкурыраваць з таннейшым выданнем іншай краіны, бясплатным тэкстам у інтэрнэце і страхам людзей у Беларусі. Там пакупнік задае простае, часам непрыемнае для выдаўцоў пытанне: ці сапраўды мне патрэбная менавіта гэтая кніга?

У Андрэя Янушкевіча адказ на яго вымяраецца кардоннымі каробкамі. На складзе яго выдавецтва назапасіліся тысячы непраданых асобнікаў. У першым паўгоддзі 2026 года колькасць замоваў у «Кнігаўцы» скарацілася на 28%.

Да эканамічнай праблемы дадалася палітычная. У сакавіку КДБ уключыў Andrei Yanushkevich Publishing разам з выдавецтвам «Логвінаў» і праектам Kamunikat у прыдуманае сілавікамі «экстрэмісцкае фармаванне». Пасля гэтага Андрэй Янушкевіч перастаў дасылаць кнігі ў Беларусь. 

Было б зручна растлумачыць гэтым усё: рэпрэсіі, адсутнасць інвестыцый у эміграцыі, дарагая дастаўка ствараюць шмат перашкод для беларускіх выдавецтваў. Але Андрэй Янушкевіч прызнае: частка праблемы — у рашэннях саміх выдаўцоў.

Наша размова з ім атрымалася пра чалавека, які дванаццаць гадоў будаваў выдавецтва паводле прынцыпу «калі не я, то хто», а цяпер мусіць адказваць на нашмат цяжэйшае пытанне: што рабіць, калі ты выдаў кнігі, але чытач па іх не прыйшоў?

«Людзі рыхтуюцца не да вяртання, а да жыцця ў эміграцыі»

«Наша Ніва»: У першым паўгоддзі колькасць замоваў у «Кнігаўцы» скарацілася на 28%. На складзе — амаль 30 тысяч кніг. Раней вы самі казалі, што ніводная беларуская навінка апошняга часу не стала вялікім камерцыйным поспехам. Як вы называеце цяперашні стан рынку: спад, плато ці ўжо крызіс выжывання?

Андрэй Янушкевіч: Змянілася агульная грамадская сітуацыя. І эліты, і звычайныя людзі, якія апынуліся ў эміграцыі, адчуваюць гэта на сабе. Ёсць праблемы з легалізацыяй, працаўладкаваннем, уладкаваннем побыту. Прыходзіць разуменне, што тут давядзецца застацца надоўга.

Першыя чатыры-пяць гадоў у людзей, ды і ў выдаўцоў, захоўвалася надзея на хуткае вяртанне: рэжым зменіцца — і мы паедзем дахаты. Цяпер прыходзіць іншае разуменне: трэба рыхтавацца да жыцця ў новай паўсядзённасці.

Я яшчэ некалькі гадоў таму разумеў, што Беларусь можа закрыцца для нас. Але сітуацыю ўскладнілі і вайна ва Украіне, і больш жорсткая міграцыйная палітыка еўрапейскіх дзяржаў. Беларусам у эміграцыі становіцца няпроста. Натуральна, усё гэта ўплывае і на кніжны рынак, у такіх умовах кніга адыходзіць ніжэй у спісе выдаткаў.

Нам трэба засяродзіцца на працы з той беларускай супольнасцю, да якой мы можам дацягнуцца: з эміграцыяй у Польшчы, Літве, іншых краінах. Пры гэтым, паводле маіх адчуванняў, восем ці нават дзевяць з дзесяці беларусаў за мяжой мала ведаюць пра нашу культурную прастору: хто ў ёй працуе, якія кнігі выходзяць, якія адбываюцца падзеі.

Большасць людзей усё ж з’язджалі з эканамічных прычын і не былі глыбока ўключаныя ў беларускую культуру. Але гэта таксама нашы людзі. Да іх трэба даносіць, што тут, у Польшчы, Літве і іншых краінах, існуе беларуская культура, ствараюцца кнігі, музыка, выяўленчае мастацтва.

Лаяльнасць да беларускай культуры ў нашым грамадстве даволі высокая. Але людзі хочуць спажываць якасны прадукт, які адпавядае іх інтарэсам.

«НН»: Выдаўцы часта кажуць: беларусы проста не ведаюць пра новыя кнігі. Але чаму пакупнік мусіць сам іх шукаць? Хто павінен прыйсці да тых васьмідзесяці ці дзевяноста працэнтаў беларусаў?

АЯ: Выдавецтва не можа працаваць паводле прынцыпу: мы выдалі кнігу — і ўжо добра. Трэба займацца аўдыторыяй, развіваць культуру чытання, ствараць адчуванне, што чытаць — модна і прэстыжна. Тым больш чытаць па-беларуску.

Выдаўцы павінны працаваць над разнастайнасцю асартыменту, медыя — расказваць пра кнігі, блогеры і крытыкі — іх абмяркоўваць. Патрэбная прадуманая рэкламная і маркетынгавая палітыка. А беларускія выдавецтвы сёння амаль не закладаюць бюджэтаў на прасоўванне: рэсурсаў проста няма.

Нас можа выратаваць толькі праца ў адной звязцы. Патрэбная экасістэма са стратэгічным разуменнем сітуацыі, каб мы глядзелі далей за ўласны нос і маглі пралічваць рызыкі хаця б на год-два наперад.

«Людзі баяцца нават нявінных кніг»

«НН»: Раней Беларусь займала трэцяе-чацвёртае месца паводле замоваў у «Кнігаўцы», а калі ўлічыць пакупкі ў варшаўскай краме — магчыма, і другое. Што адбылося пасля прызнання выдавецтва «экстрэмісцкім фармаваннем»? Беларускі рынак для вас цяпер фактычна адрэзаны?

АЯ: У значнай ступені. Мы больш не дасылаем кнігі ў Беларусь. Мы не хочам ствараць сітуацыю, калі ім могуць закінуць фінансаванне або садзейнічанне «экстрэмізму».

Раней у «Кнігаўку» прыходзіла шмат людзей з Беларусі. Яны прыязджалі ў Варшаву або ехалі праз яе і карысталіся магчымасцю набыць тое, чаго не знойдзеш дома. Цяпер гэты паток зменшыўся кардынальна.

Я не бачу рэальных падстаў пераследаваць чалавека за валоданне такой нявіннай кнігай, як «Гары Потэр». Але людзі баяцца. Яны лепш ведаюць сітуацыю ўнутры Беларусі і самі вырашаюць, якой рызыкі пазбягаць і як паводзіць сябе.

На нашых вачах рэалізуецца антыўтапічны сцэнарый: забараняюцца беларускія кнігі, людзі пачынаюць баяцца чытаць па-беларуску. Гэта дзікунства і антыкультурнае варварства.

Гэта не менш важнае і надзённае пытанне для нашай культуры і для нашых палітыкаў, чым вызваленне палітвязняў. Яго трэба ўздымаць на міжнародным узроўні. Пра гэта трэба гаварыць з міжнароднымі арганізацыямі і заходнімі палітыкамі. Перад беларускімі ўладамі павінна ставіцца пытанне: чаму людзей пераследуюць за кнігі?

Выдавецтвы — ці не першыя прызнаныя «экстрэмісцкімі» структуры, якія вырабляюць матэрыяльны прадукт. Журналіст або праграміст можа пакласці ноўтбук у торбу, пераехаць у іншую краіну і працягнуць працу. Выдавец не можа пакласці ў торбу склад. Гэта дзясяткі тысяч кніг, транспарт, памяшканне, матэрыяльны прадукт.

Тое, што лукашэнкаўскія ўлады ўбачылі ў нас небяспеку, сведчыць: мы робім важную справу. Але хочацца, каб гэта разумела і прагрэсіўная частка Беларусі, і каб дапамагла гэтай справе не згаснуць.

«Раней куплялі амаль усё беларускае. Цяпер — толькі тое, што хочуць чытаць»

«НН»: Вы кажаце пра рэпрэсіі, стомленасць эміграцыі, адсутнасць адзінай стратэгіі па прасоўванні і развіцці. Але ці не можа прычына нізкіх продажаў быць прасцейшай: выдаўцы прапануюць людзям не тое, за што тыя гатовыя плаціць?

АЯ: Чатыры гады таму, калі я прыехаў у Варшаву, у беларускім кнігавыданні быў вялікі перапынак.

Адчуваўся інтэлектуальны голад і вельмі моцная цікавасць да ўсяго беларускага. Людзі былі гатовыя чытаць амаль усё.

Адной з першых кніг, якія я выдаў у эміграцыі, была «Фіеста» Эрнэста Хемінгуэя. Сёння Хемінгуэй — усё ж літаратура на аматара. А тады вакол кнігі ўзнік ажыятаж: яе хацелі, бо яна раптам з’явілася па-беларуску.

Цяпер, калі выдаць яшчэ адзін раман Хемінгуэя, яго купяць пераважна тыя, хто любіць Хемінгуэя. Продажы будуць нашмат меншыя. І гэта нармальна.

Мы не павінны дыктаваць чытачу: вось мы выдалі добрую кнігу, чаму вы яе не купляеце? Калі не купляюць, трэба прапанаваць нешта іншае. Чытач хоча траціць грошы не на тую кнігу, якую я з нейкіх прычын вырашыў выдаць, а на тую, якую ён сапраўды хоча прачытаць.

Чытач дыктуе сваю волю. Выдавецтва мусіць яе прымаць.

«НН»: На вашым складзе тысячы непрададзеных кніг. Гэта крызіс рынку ці памылка Андрэя Янушкевіча?

АЯ: Канечне, гэта мая памылка і мая адказнасць.

Я хутчэй прагматык, чым рамантык. Я выбраў далёкасяжную стратэгію: думаў, што беларуская супольнасць у эміграцыі будзе развівацца, бо ёсць актыўныя людзі, створаная інфраструктура, існуе салідарнасць. Здавалася, што аўдыторыя будзе расці, асабліва калі прапанаваць ёй шырэйшы асартымент. З улікам гэтага я рабіў вялікія наклады.

Але сітуацыя павярнулася інакш. Людзі наталілі першы кніжны голад. Цяпер яны нашмат больш асэнсавана выбіраюць, на што траціць грошы.

Вядомае імя яшчэ нічога не гарантуе

«НН»: Вы не першы год кажаце, што беларусам патрэбныя дэтэктывы, трылеры, коміксы, сучасны нон-фікшн. Але гэтых кніг па-ранейшаму мала. Чаму не выдаюцца папулярныя жанры на беларускай мове?

АЯ: Тут дзве звязаныя прычыны: вузкая аўдыторыя і слабая рэсурсная база. Кнігі прадаюцца павольна, грошы доўга не вяртаюцца, і ты не можаш укласці іх у наступнае выданне. Ты трапляеш у патавае становішча і круцішся як вавёрка ў коле: каб пашыраць аўдыторыю, трэба выдаваць больш разнастайных кніг, а каб выдаваць іх, патрэбная большая аўдыторыя і большыя продажы.

Шмат беларусаў па-ранейшаму чытае па-руску або ўжо па-польску, бо гэтыя рынкі аператыўна выдаюць сусветныя бестселеры. Нашы дзеці чытаюць польскія або расійскія коміксы пра Бэтмена, бо беларуская ніша фактычна праваленая.

Мы мусім зразумець, чаму дзіця хоча чытаць менавіта гэта, і даць яму такі прадукт па-беларуску. Тут паўстае пытанне канкурэнтаздольнасці. Не трэба баяцца гэтага слова: яно карыснае і для культуры. Беларуская нацыянальная культура жыве сярод іншых культур і павінна вытрымліваць канкурэнцыю.

«НН»: Паглядзім на Польшчу: за апошнія гады дзяржава ўклала ў развіццё чытання мільярды злотых. Беларускія выдаўцы існуюць у зусім іншых умовах. Ці можа наш кніжны рынак у эміграцыі ўвогуле развівацца без інвестыцый і супастаўнай дзяржаўнай падтрымкі?

АЯ: Нам не патрэбныя мільярды злотых. Насамрэч кнігавыданне не патрабуе шалёных капіталаўкладанняў. Гэта адносна недарагі спосаб ствараць культуру. Праблема ў тым, што наш рынак настолькі кволы і мае так мала ўнутраных рэсурсаў, што не можа сам за кошт продажаў вызваліць грошы на далейшае развіццё. 

З аднаго боку, можна наракаць: вось калі б у нас была свая дзяржава, мы мелі б бюджэтныя сродкі. Але дзяржаўныя грошы таксама не падаюць з неба. Іх прыносяць людзі сваімі падаткамі.

Калі мы ў эміграцыі сапраўды фарміруем цэльнае грамадства, нейкае беларускае зямляцтва, то можам наладзіць гэты працэс і без дзяржавы. Выдаўцы выпускаюць кнігі, якія задавальняюць патрэбу людзей у чытанні, а людзі, купляючы іх, падтрымліваюць выданне наступных кніг. У нармальнай сітуацыі гэтая сістэма павінна працаваць менавіта так.

«НН»: У вас была гісторыя з дэтэктывам Роберта Гэлбрэйта (літаратурны псеўданім Джоан Роўлінг). Вы хацелі аператыўна выдаць яго па-беларуску і разлічвалі атрымаць на гэта грант. Але працэдура зацягнулася, падтрымкі вы не атрымалі, а кніга тым часам страціла актуальнасць. Чаму гэты праект не атрымаўся?

АЯ: Тут няма сістэмнай працы з грантадаўцамі і разумення, навошта падтрымліваць выданне белетрыстыкі — асабліва папулярнай, жанравай літаратуры.

У любой нармальнай краіне выданне дэтэктыва — камерцыйны праект. І гэта сапраўды так. Але мы знаходзімся ў ненармальнай сітуацыі: за намі няма сваёй дзяржавы, бюджэтнага фінансавання і вялікага рынку. Таму для нас выданне нават патэнцыйна камерцыйнай кнігі, якую прачытае вялікая колькасць людзей, — гэта перамога для нацыянальнай культуры.

Выдатны прыклад — «Гары Потэр». З аднаго боку, гэта камерцыйны праект. З другога — я ведаю тысячы людзей, якіх сам факт існавання «Гары Потэра» па-беларуску схіліў да чытання на беларускай мове. Да таго яны не бралі беларускую кнігу ў рукі са школьнай парты.

Фота з фэйсбука Андрэя Янушкевіча

«НН»: Вы спрабавалі зрабіць стаўку на Стывена Кінга. Вядомае ва ўсім свеце імя, але выданне не стала камерцыйным прарывам. Што пайшло не так?

АЯ: У 2022 годзе ў нас з’явіўся гістарычны шанец. Пасля пачатку вайны вядомыя заходнія аўтары адмаўляліся ад супрацоўніцтва з расійскімі выдаўцамі. Новы раман мог не выйсці па-руску, затое з’явіцца па-беларуску. Хочаш прачытаць — бярыся за беларускую мову.

Мы пайшлі шляхам выдання класічнага твора і разлічвалі на агульную эйфарыю вакол беларускай кнігі. Пакуль выданне рыхтавалася, сітуацыя змянілася. Высветлілася, што не ўсе хочуць чытаць Кінга толькі таму, што ён выйшаў па-беларуску.

Калі б продажы былі вельмі паспяховыя, мы маглі б набыць правы на новыя творы. Цяпер такой магчымасці няма. Нельга будаваць бізнэс-разлікі толькі на грамадскіх настроях: яны мяняюцца хутчэй, чым рыхтуецца кніга.

«НН»: Атрымліваецца парадокс. Вы кажаце: трэба выдаваць вядомыя сусветныя імёны. А пасля прызнаеце: нават вядомае імя нічога не гарантуе. 

АЯ: Гэта адна з галоўных цяжкасцяў. Заканамернасці, якія працуюць у Польшчы або Германіі, у нас могуць не спрацаваць.

Ёсць маладая нямецкая пісьменніца Катарына Вала. За тры гады яна прадала ў Германіі каля 1,3 мільёна асобнікаў. Але ці шмат што яе імя кажа беларускаму чытачу?

Ты бачыш, што кніга арыгінальная, добра напісаная, стала бестселерам на радзіме, атрымала прызнанне. Разумееш, што яна вартая перакладу. Але табе важна не толькі тое, ці знойдзе яна чытача, а колькі будзе гэтых чытачоў.

І ты думаеш: я выдам яе, а людзі пройдуць міма, бо не ведаюць аўтаркі. А магчымасцяў правесці вялікую рэкламную кампанію і дастукацца да кожнага ў нас няма.

Таму цяпер асабліва страшна брацца за пераклады сучасных аўтараў. Сусветны поспех яшчэ не азначае беларускага поспеху. 

«НН»: Каміла Цень паказала, што беларускі дэтэктыў можа мець попыт. Чаму пасля такога поспеху выдавецтвы не пачалі мэтанакіравана шукаць аўтараў, замаўляць ім дэтэктывы, трылеры, серыі? Талент выдаўца — не толькі купіць правы на ўжо вядомую Роўлінг, але і самому адкрываць імёны.

АЯ: Мне цяпер вельмі цяжка сказаць, што можа пайсці, а што не.

Любая кніга пачынаецца з рукапісу, а рукапіс стварае аўтар. Калі рукапісаў няма, што можа зрабіць выдавец? Мы не можам прымусіць людзей пісаць дэтэктывы. І не маем рэсурсаў, каб сказаць аўтару: вось кантракт, вось годны ганарар, напішы для нас такую кнігу.

На Захадзе, у той жа Польшчы, многія жанравыя творы пішуцца на замову. Пакуль кнігі разыходзяцца як гарачыя піражкі, трэба выпускаць наступную і зарабляць. Але беларускі рынак да гэтага яшчэ не дарос.

Выданне кнігі па-беларуску не можа гарантаваць аўтару вялікага матэрыяльнага дывідэнду. Не можа даць і шырокага публічнага прызнання, асабліва ва ўмовах, калі ўсе вакол «экстрэмісты». Любы аўтар хоча быць заўважаным: каб у яго бралі інтэрв’ю, запрашалі на тэлебачанне, абмяркоўвалі яго творы. 

Калі няма ні нармальнага заробку, ні шырокай вядомасці, чалавек задае цалкам натуральнае пытанне: навошта яму за гэта брацца?

Пакуль выдавецтвы знаходзяцца ў рэжыме чакання добрага рукапісу. А калі ён з’яўляецца, галоўнае — не ўпусціць яго, папрацаваць з аўтарам і якасна падрыхтаваць кнігу.

«НН»: Вы раней казалі, што біяграфія Зянона Пазняка наўрад ці будзе цікавая шырокаму чытачу. Пры гэтым выдалі біяграфію Мікалая Слюнькова — значна менш вядомага шырокай аўдыторыі. Яе наклад у 700 экзэмпляраў не распрададзены. Дзе тут логіка?

АЯ: Кніга — не газетная навіна. Тое, што збірае вялікую аўдыторыю ў медыя, не абавязкова будзе прадавацца ў кніжным фармаце. Ад кнігі чакаюць большай грунтоўнасці, праверанай інфармацыі, глыбіні, а не толькі гучнага імя або смажаных фактаў. Тут усё залежыць ад таго, пра што будзе кніга, наколькі яна адкрытая, шчырая, на якой мове напісаная.

Сёння я, магчыма, забраў бы свае словы назад: біяграфія Пазняка сапраўды можа стаць сенсацыяй. Але ўсё залежыць ад таго, якой яна будзе.

Калі Зянон Станіслававіч раскрыецца як чалавек, раскажа пра сваё жыццё, сумневы, погляды, пакажа душу — гэта можа быць вельмі цікава. Калі ж атрымаецца афіцыйная біяграфія палітыка, я пабаяўся б яе выдаваць.

Гэтак жа і з біяграфіямі Ціханоўскага або Ціханоўскай. Вядомасць героя яшчэ не гарантуе добрай цікавай кнігі. Важна, наколькі чалавек будзе шчырым і што новага раскажа чытачу.

«Выдаць кнігу — гэта стрэл у вечнасць»

«НН»: Вы гісторык, які стаў прадпрымальнікам. З аднаго боку, прызнаеце, што чытач дыктуе сваю волю. З другога — выдаяце кнігі, загадзя разлічаныя на сотні, а не тысячы людзей. Як вы сумяшчаеце культурную місію з неабходнасцю зарабляць? 

АЯ: У нас дагэтуль сядзіць савецкае ўяўленне, што бізнэс, камерцыя і жаданне зарабляць — нешта кепскае, а культура і духоўнасць павінны існаваць асобна ад грошай. Але грошы ў здаровым грамадстве не бяруцца ніадкуль. Яны з’яўляюцца дзякуючы вытворчасці і гандлю. Зарабляць, атрымліваць прыбытак, добра і нават багата жыць — нармальна.

Калі я выбіраю кнігу, улічваю два чыннікі. Першы — камерцыйны: на тавары трэба зарабіць. Другі — культурная каштоўнасць: ці адпавядае праект маім уяўленням пра місію выдавецтва. Не ўсё можна вымераць грашыма, бо ты ўсё ж займаешся вытворчасцю культуры.

«НН»: Ці не становіцца высокая місія зручным тлумачэннем камерцыйнай няўдачы?

АЯ: Выданне кнігі — гэта стрэл у вечнасць. Яно мае каштоўнасць, якая не вымяраецца толькі продажамі. Калі ствараецца тэкст або пераклад і выходзіць кніга, яна застаецца на гады, дзесяцігоддзі, магчыма, стагоддзі. Трапляе ў бібліятэкі, яе можна праз дваццаць гадоў дастаць з шафы і прачытаць.

Так не атрымаецца з канцэртам, выставай або тэатральнай пастаноўкай. Кніга становіцца фактам, дзякуючы якому культура фіксуецца ў часе.

Мы ствараем той культурны багаж, з якім калісьці вернемся ў Беларусь. Важна, каб нам было з чым вяртацца. Але гэта не адмяняе неабходнасці лічыць грошы і прызнаваць памылкі.

Хапае на сённяшнюю інфраструктуру, але не на заўтрашнія кнігі

«НН»: Давайце пяройдзем да матэматыкі. Колькі каштуе выдаць адну кнігу?

АЯ: Выдаткі пачынаюцца задоўга да друку: праца з тэкстам, рэдактура, карэктура, дызайн вокладкі. Потым — друк, захоўванне, распаўсюд, ганарар аўтару. У перакладной кнізе найбольш дарагія часткі — правы і сам пераклад.

Кошт правоў можа разлічвацца ад накладу: умоўна ад аднаго да трох еўра за асобнік, у залежнасці ад кнігі. Калі плануеш выдаць тысячу асобнікаў, толькі на аванс за правы трэба рыхтаваць прынамсі тысячу еўра. А можа быць і нашмат больш.

Часта дамова заключаецца на пяць гадоў. Увесь гэты час кніга павінна заставацца ў продажы. Ты можаш выпусціць яе ў момант вялікай цікавасці, а праз два гады попыт знікне. Але дамова і абавязацельствы застаюцца.

Ты адразу плаціш за падрыхтоўку і ўвесь наклад, а прадаваць яго можаш некалькі гадоў. Не бывае так, што надрукаваў тысячу кніг і адразу прадаў. Грошы замарожваюцца. І гэта моцна б’е па магчымасці выдаваць наступныя кнігі.

«НН»: Наколькі прыбытковая сёння «Кнігаўка»? 

АЯ: Мы спраўляемся і можам падтрымліваць створаную інфраструктуру. Але цяперашні аб’ём продажаў не дазваляе назапашваць дастаткова сродкаў на новыя буйныя перакладныя праекты, асабліва калі гаворка пра вядомых аўтараў.

Хутчэй за ўсё, гэты год будзе горшы за мінулы. Продажы зніжаюцца, а выдаткі растуць. Гэта даволі моцна абмяжоўвае нашы магчымасці.

Андрэй Янушкевіч на парозе «Кнігаўкі» ў Варшаве па адрасе Kłopotowskiego 4

«Яна прадавала не кнігу, яна прадавала сябе»

«НН»: Наста Рагатко сама напісала, выдала і прасоўвала кнігу «Насі з сабой». Яе рускамоўны самвыдат прынёс ёй 23500 еўра бруднага даходу. Пра што кажа гэта гісторыя?

АЯ: Калі глядзець глыбей, яна прадавала не толькі кнігу — яна прадавала сябе. Кажу гэта ў добрым сэнсе. Кніга стала інструментам асабістага брэнда.

Яна выкарыстала агрэсіўны маркетынг у інстаграме, правакацыйныя хады, усё тое, што сёння сапраўды працуе і дазваляе завалодаць увагай чалавека. Так сапраўды можна прадаць кнігу.

Але мы займаемся літаратурай, а сапраўдная літаратура часта чужая хайпу. Каштоўнасць твора часам становіцца відавочнай толькі на вялікай часавай адлегласці.

Гэты прыклад паказвае, як змяніўся свет: кніга можа стаць інструментам прасоўвання асобы, ідэй і заробку.

«НН»: Калі змясціць на вокладку біяграфіі Слюнькова правакацыйнае фота, гэта дапаможа?

АЯ: Не. Такую кнігу чытае падрыхтаваны, удумлівы чалавек, які цікавіцца гісторыяй. Яго адной правакацыйнай вокладкай не возьмеш. Гэта зусім іншая аўдыторыя.

«НН»: Ці існуе паміж беларускімі выдавецтвамі канкурэнцыя і падзел?

АЯ: Я назваў бы адносіны паміж намі хутчэй партнёрскімі, калегіяльнымі. Але канкурэнтныя сітуацыі, канечне, узнікаюць. Напрыклад, адно беларускае выдавецтва апярэдзіла нас і першым набыло правы на вядомага аўтара.

«НН»: У такі момант думаеш: «Вось жа, паспелі раней»?

АЯ: Канечне. Узнікае спартыўны інтарэс. Але канкурэнцыя — гэта добра. Яна павышае тонус і не дазваляе спачываць на лаўрах. Калі з’яўляецца іншы моцны гулец, ты ўжо не можаш лічыць сябе адзінай зоркай і мусіш працаваць лепш.

Чаму кнігу не перанесці ў тэлефон

«НН»: Папяровая беларуская кніга разам з дастаўкай часам каштуе як дзве-тры польскія. Чаму ў такой сітуацыі выдавецтвы не робяць стаўку на электронныя і аўдыякнігі?

АЯ: Электронныя кнігі ў нас не карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Магчыма, людзі проста да іх не прызвычаіліся. Сёння яны хутчэй чакаюць струменевага сэрвісу — прыкладання, якое працуе паводле прынцыпу бібліятэкі.

Для выдаўца лепей, калі чалавек чытае кнігу ў абароненым дадатку, а не набывае файл. Беларуская аўдыторыя вузкая, шмат хто ведае адно аднаго, і ёсць рызыка, што набытым файлам проста будуць дзяліцца. Гэта адразу б’е па продажах.

Аўдыякнігамі мы пакуль не займаемся. Іх стварэнне каштуе дорага, а які яны могуць прынесці прыбытак — цяжка ўявіць.

На што Андрэй Янушкевіч патраціў бы мільён

«НН»: Уявім, што вам даюць мільён еўра на беларускую кнігу. На што вы яго патраціце?

АЯ: Мы пераехалі б у больш прасторнае памяшканне для кнігарні. Хацелася б нарэшце мець паўнавартасны выдавецкі офіс, бо цяпер даводзіцца працаваць то дома, то літаральна на каленцы.

Але асноўныя сродкі я ўклаў бы ў пашырэнне асартыменту. І не менш за 30% — у прафесійны маркетынг.

Галоўная задача — адначасова пашыраць прапанову і працаваць з аўдыторыяй. Зрабіць так, каб людзям хацелася чытаць беларускія кнігі не з пачуцця абавязку і не таму, што «трэба падтрымаць сваё».

Каб кнігі былі прыгожымі, цікавымі, прэстыжнымі і моднымі. Каб ты чытаў па-беларуску — і табе зайздросцілі ўсе навокал.

«НН»: У 2014 годзе вы знайшлі незанятую нішу: гістарычны нон-фікшн па-беларуску. Калі б перад вамі цяпер сядзеў той Андрэй Янушкевіч, які яшчэ не ведаў пра разгром мінскай «Кнігаўкі», арышт, эміграцыю і «экстрэмісцкае фармаванне», што б вы яму сказалі?

АЯ: Сказаў бы: ты ўсё робіш правільна.

Мне няма на што наракаць. У мяне атрымалася гэтая справа. Так, былі памылкі, нешта можна было зрабіць інакш, нешта — лепш. Але інакш не навучышся. Калі ўмееш рабіць высновы з памылак, становішся мацнейшым.

Я ні пра што не шкадую. Разумею, што нават без усіх гэтых падзей мой выезд з Беларусі рана ці позна, напэўна, усё адно адбыўся б.

«НН»: Вы яшчэ верыце, што «Кнігаўка» зноў адкрыецца ў Мінску?

АЯ: Мы да гэтага рыхтуемся.

Каментары

Цяпер чытаюць

Чаму беларусы мала купляюць кнігі па-беларуску? Андрэй Янушкевіч — пра тысячы кніг на складзе, правал Кінга і перспектывы біяграфіі Пазняка

Чаму беларусы мала купляюць кнігі па-беларуску? Андрэй Янушкевіч — пра тысячы кніг на складзе, правал Кінга і перспектывы біяграфіі Пазняка

Усе навіны →
Усе навіны

Звязаныя з ФСБ хакеры пачалі новую серыю атак на журналістаў і палітыкаў па ўсім свеце

«На жаль, многія людзі нават не ведаюць слова «барэльеф». Як беларуска робіць творы мастацтва з гіпсу1

Палітолаг Аліна Харысава выходзіць замуж за Данілу Багдановіча з «Чорнай кнігі Беларусі»58

«Шантажавалі «будучым вашай жонкі і станам яе мамы». Муж асуджанай на 10 гадоў Вольгі Харламавай расказаў пра спробы вярбоўкі з боку КДБ8

BepiColombo даляцеў да Меркурыя — пасля васьмі гадоў падарожжа ў космасе ён выйдзе на арбіту гэтай загадкавай планеты5

У Гомельскім маладзёжным тэатры Караткевіча паказваюць па-руску15

Высветлілася галоўная прычына звальнення Джэнсэна Хуанга з Nvidia4

Скіндзераў насамрэч у вышуку ў Беларусі. Але толькі за дачу хабару4

Кот стаў зоркай спектакля ў Маскве2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму беларусы мала купляюць кнігі па-беларуску? Андрэй Янушкевіч — пра тысячы кніг на складзе, правал Кінга і перспектывы біяграфіі Пазняка

Чаму беларусы мала купляюць кнігі па-беларуску? Андрэй Янушкевіч — пра тысячы кніг на складзе, правал Кінга і перспектывы біяграфіі Пазняка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць