Расійскія ўлады пачалі рыхтавацца да транспартнай блакады Калінінградскай вобласці
Расійскія ўлады выдаткуюць больш за 550 млн даляраў на будаўніцтва двух чыгуначных паромаў, з дапамогай якіх плануецца забяспечваць Калінінград. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін, піша The Moscow Times.

«Прэзідэнт падкрэсліваў, што Калінінградская вобласць мае асаблівае геаграфічнае становішча і ў сувязі з гэтым супрацьпраўныя дзеянні некаторых краін, парушэнні лагістычных ланцужкоў, спробы транспартнай блакады ўскладняюць працу прадпрыемстваў, якія там знаходзяцца. Каб забяспечыць рэгіён бесперабойным забеспячэннем неабходнымі таварамі і сыравінай, ужо будуюцца два новыя чыгуначныя паромы», — сказаў Мішусцін на аператыўнай нарадзе з віцэ-прэм'ерамі.
Паводле яго слоў, паромы будуць створаныя паводле расійскага праекта на расійскай верфі і выйдуць на марскую лінію паміж партамі Балтыйск і Усць-Луга, якая злучае Калінінградскую і Ленінградскую вобласці.
Пры гэтым паромы былі ўнесеныя ў пералік інфраструктурных праектаў, якія атрымліваюць сродкі Фонду нацыянальнага дабрабыту.
У расійскім урадзе адзначалі, што паромы дапамогуць знізіць залежнасць ад транзітных перавозак наземным транспартам і павысяць транспартную даступнасць Калінінградскай вобласці.
Раней у МЗС РФ заяўлялі, што НАТА ўзмацняе вайсковую прысутнасць у краінах Балтыі і адпрацоўвае варыянты блакады Калінінградскай вобласці, у тым ліку марской.
Пасля гэтага Масква накіравала Паўночнаатлантычнаму альянсу непублічнае пасланне з папярэджаннем пра гатоўнасць звярнуцца да ядзернай зброі, калі ваенны блок паспрабуе заблакаваць Калінінград.
«Упершыню з часоў халоднай вайны Расія пагражае нам такім чынам. Так што гэта сур'ёзна», — казаў Reuters высокапастаўлены прадстаўнік міністэрства абароны адной з еўрапейскіх краін.
У пачатку кастрычніка Уладзімір Пуцін адкрыта заявіў, што Расія будзе гатовая прымяніць «усе наяўныя» ў яе ўзбраенні, уключаючы ядзернае, у адказ на атаку з боку Захаду на Калінінград.
«Вядома, Францыя, Вялікабрытанія — ядзерныя дзяржавы, мы гэта выдатна разумеем, усведамляем гэта. Але такіх сродкаў паражэння, якія сёння ёсць у Расіі, няма ні ў каго», — казаў Пуцін.
У сваю чаргу кіраўнік Ваеннага камітэта альянсу Джузэпэ Драгоне выключыў наяўнасць у блока планаў па блакаванні Калінінградскай вобласці.
Каментары