Як лічылі галасы на адзінай акрузе ў Мінску, дзе ніхто не разумеў, каторы тут кандыдат ад улады — рэпартаж
Слабадская выбарчая акруга №28 — адметная. Гэта адзіная акруга ў Мінску, дзе сярод кандыдатаў няма ніводнага адметнага прадстаўніка дзяржавы — ні настаўніка, ні доктара, ні нават якога-ніякога дырэктара завода.
Дырэктар ТАА «Віпоінт» Павел Бачарнікаў — самы багаты кандыдат. Ён меў больш за $20 тысяч на месяц, але калі бізнэсменаў пускалі ў Мінгарсавет?
Апроч яго, балатуюцца два апазіцыянеры — Юрась Меляшкевіч ад БНФ і Ала Толкач ад «Гавары праўду». Яны збіралі подпісы мясцовых жыхароў, але ў цэлым іх агітацыйная кампанія была надзвычай пасіўная. Зрэшты, менавіта такая стратэгія — незаўважнасць — дазволіла Ганне Канапацкай ад АГП трапіць пазалетась у парламент.
Яшчэ два кандыдаты — спушчаныя па партыйных спісах маркетолаг Таццяна Патоцкая ад ЛДПБ і кіроўца-камуніст Віктар Шаціла.
Для вас відавочна, хто з іх будзе прызначаны ў Мінгарсавет? Для мяне — не зусім.
57 кандыдатаў, якія будуць абраныя ў Мінгарсавет — праверце спіс пасля выбараў ПРАГНОЗ «НН»
…Я на ўчастку №104 у школе №205 на вуліцы Ясеніна, гэта спальны раён сталіцы. Участак не адметны аб-са-лют-на нічым. Наадварот, ён самы тыповы — усе дзевяць членаў камісіі працуюць у адной і гэтай самай школе.
Калі паглядзець на склад камісіі, пра гэта і не здагадаешся. Фармальна нехта вылучаўся ад аграрнай партыі, нехта — ад аб’яднання ветэранаў. Ёсць і Саюз жанчын, і БРСМ.
Старшыня камісіі — Ніна Джабер, намесніца дырэктара па навучальнай рабоце і настаўніца геаграфіі. Пабачыўшы свой здымак у адміністратыўнай панэлі сайта «Нашай Нівы», яна расхвалявалася і паклікала на дапамогу назіральніцу з іншага ўчастка. Бой-бабуля закаціла скандал: хто гэта карыстаецца інтэрнэтам на ўчастку?
Адна з членаў камісіі папярэджвае: не смейце мяне фатаграфаваць без дазволу. «А што, калі вы сфатаграфуеце мяне ў парку — публічным месцы — і выставіце на порнасайт?» Калі яна ўстае, на назе відна загадкавая татуіроўка ў выглядзе коткі.
На самім участку №104 назіральніцы толькі дзве. Абедзве яны вылучаліся «ад грамадзян». Але абедзве працуюць у гэтай самай школе, што і ўся камісія.
Яны з ходу не могуць узгадаць, на якой акрузе працуюць. І расстройваюцца, калі даведваюцца, што я збіраюся знаходзіцца на ўчастку да апошняга.
Ні Меляшкевіч, ні Толкач сваіх назіральнікаў не выстаўлялі.
Таму спраўдзіць лічбы яўкі няма ў каго. Паводле афіцыйных падлікаў, датэрмінова прагаласавалі 786 чалавек з 2200 запісаных. Гэта 35,7%.
Хто пераможа па выніках падліку галасоў? Будзе абноўлена пасля 20:00.
* * *
20:05. Невыкарыстаных бюлетэняў засталося 959. Значыцца, у дзень галасавання на ўчасткі прыйшлі 455 чалавек — толькі 20,6% выбарцаў.
20:10. Адна назіральніца тым часам перапісвае ў іншай справаздачу аб адсутнасці парушэнняў падчас выбараў.
20:15. Члены камісіі па адным падносяць стосікі з бюлетэнямі датэрміновага галасавання на старшыні камісіі і сакратара Вікторыя Сакольчык. Ніхто іншы агульнай карціны не бачыць.
20:20. За 20 хвілін члены камісіі далі рады сотням бюлетэняў датэрміновага галасавання. Механізм адпрацаваны надзвычай добра. Вынікі абяцаюць назваць пасля — пакуль сакратар падбівае лічбы.
Адзначу, што агульных стосаў з бюлетэнямі за таго ці іншага кандыдата няма, таму пабачыць па вышыні стосіка, што ўмоўны Меляшкевіч перамагае, немагчыма нават тэарэтычна.
20:30. Гэта фіяска. Па выніках датэрміновага галасавання бізнэсмен Бачарнікаў атрымаў 494 галасоў, у Толкач — 42 галасы, у Меляшкевіча — 34. Кандыдатцы ад ЛДПБ налічылі 34 галасы, а камуністу — 23.
20:50. А цяпер ёсць і выніковыя падлікі.
- Бачарнікаў — 715 (57,6%)
- Супраць усіх — 183 (14,7%)
- Патоцкая (ЛДПБ) — 94 (7,6%)
- Толкач (Гавары праўду) — 87 (7%)
- Меляшкевіч (БНФ) — 75 (6%)
- Шаціла (Кампартыя) — 64 (5,2%)
Каментары