Андрэй Дынько: Як беларуская адукацыя робіць з падлеткаў прафанатараў
Рыгор Астапеня з Цэнтра новых ідэй выцягнуў мяне на вялікую гутарку пра мой досвед выкладання і, што важней, пра досвед беларускай сярэдняй школы, які я атрымаў са сваімі дзецьмі, якія прайшлі праз розныя гімназіі і ліцэі.
На Захадзе прынята размаўляць пра адукацыю пры любой магчымасці. Гавораць мысляры, эканамісты, палітолагі, журналісты — хто заўгодна, бо ўсе разумеюць важнасць адукацыі. Немагчыма ўявіць сабе топавы шырокапрофільны аналітычны цэнтр без даследчыкаў адукацыі. Але ў нас адукацыя — адна з тых тэмаў, пра якія кажуць, бадай што, педагогі, а іх, на жаль, мала хто слухае.
Тым часам беларуская адукацыя, хоць там і зрушылася ў лепшы бок, усё ж робіць з дзяцей прафанатараў і прывучвае да адбывалаўкі.
Беларуская адукацыя не безнадзейная
У беларускай адукацыі адбываецца шмат складаных працэсаў — у нечым яна дэградуе, а ў нечым ёсць пазітыўная дынаміка.
У сферы сярэдняй адукацыі галоўная праблема — гэта нізкія заробкі настаўнікаў і, адпаведна, невялікі прэстыж гэтай прафесіі. Адпаведна, найлепшыя кадры ў педагогі не ішлі. Узровень адных маладых педагогаў жахлівы, а другія не маюць матывацыі: прыходзяць у школу літаральна на пару гадоў, на перыяд абавязковага размеркавання. Яны адпрацоўваюць, пасля знаходзяць лепшае месца, сыходзяць, на іх месца прыходзяць новыя людзі.
Гэтая чахарда педагагічных кадраў робіць нармальны адукацыйны працэс немагчымым. Сёння, у адрозненне ад савецкага часу, сітуацыя ў большасці — не ва ўсіх, але ў абсалютнай большасці школ — такая, што, каб дзіця выйшла са школы з ведамі, бацькі ці рэпетытары мусяць з ім займацца дадаткова. І гэта не нармальна.
Калі браць вышэйшую адукацыю, то там, з аднаго боку, дзякуючы масаваму прыёму платнікаў і замежных студэнтаў, якія плацяць за адукацыю, удалося палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу. Але тут мы маем іншую праблему: дэвальвацыя дыпломаў. Яна пачалася ў савецкі час, а цяпер гэта дайшло да поўнай дэградацыі. Дыпломы даюць усім — галоўнае адседзець усе пары.
У выніку, і беларускія дыпломы на сусветным рынку не каціруюцца, і кадры ў беларускую эканоміку прыходзяць такія, што мы яшчэ наплачамся.
Цудатворнае ЦТ
У Францыі, Бельгіі ў час, калі я вучыўся, палова студэнтаў проста сыходзіла, вылятала з універсітэта пасля першага курса, таму што яны няздольныя здаць экзамены на патрэбным узроўні. А той працэнт, які заканчвае ўніверсітэты, гэта людзі з грунтоўнымі ведамі. У нас гэтага няма. Як вырашаць гэтую праблему? Тут трэба проста адысці ад гэтай савецкай сістэмы, калі атэстат пра сярэднюю адукацыю атрымлівалі ўсе, хто хадзіў у школу, незалежна ад ведаў. Трэба, каб была селекцыя.
Усе кажуць, што існуе пазітыўны брэнд «зроблена ў Беларусі» ў дачыненні да пэўных груп тавараў. Трэба, каб гэты ж прынцып распаўсюджваўся на іншыя сферы. Да прыкладу, калі гэты дыплом made in Belarus, то трэба, каб адразу было ясна, што гэта якасны дыплом, тут ты яго не купіш проста так, не выседзіш проста так.
Што, скажам, акурат адбылося ў сістэме цэнтралізаванага тэсціравання. Нам удалося цалкам выкараніць карупцыю на гэтым этапе.
Да цэнтралізаванага тэсціравання могуць быць прэтэнзіі, што ў выпадку ЦТ у дзяцей няма матывацыі развіваць здольнасці да мыслення ці фантазіі. Калісьці ў савецкі час мы пісалі сачыненні, а цяпер гэта вельмі факультатыўна. Але гэта ўсё ж менш істотна ў параўнанні з натуральным адборам, якога ўдалося дабіцца. Мы маем на выхадзе адбор сапраўды найлепшых, — гэта грандыёзна.
Што яшчэ нам удалося палепшыць у сістэме адукацыі? Напрыклад, ідзе працэс адаптацыі прадметаў і спецыяльнасцяў, якім навучае нашая вышэйшая школа, да рэальных патрэб цяперашняй эканомікі. Я памятаю, як у 1990-ыя гады Лінгвістычны ўніверсітэт працягваў выкладаць французскую і іспанскую мовы ў тых жа аб’ёмах, якія былі і ў 1970—80 гады. Хаця ў тыя часы Савецкі Саюз меў вялікія праграмы супрацы з іспанамоўнымі ды франкамоўнымі краінамі, а ў 1990-ыя нічога з таго не засталося, але ўсё роўна ў нас працягвалі выпускаць кадры з веданнем гэтых моў. У выніку ўсе яны прамой дарогай адпраўляліся ў Францыю працаваць гувернанткамі.
Наш універсітэт за дзяржаўныя грошы рыхтаваў гувернантак для французскіх сем’яў, нявестаў для французаў.
Цяпер сітуацыя лепшае. Я, напрыклад, паглядзеў, што сёлета ў Лінгвістычным набору з французскай мовай не было, затое ёсць велізарныя наборы з кітайскай; арабская мова пайшла ўгару; англійская мова мае адэкватную долю і гэтак далей. Падобныя змены ў вышэйшай адукацыі адбываюцца ўсюды: ёсць перабор юрыстаў — іх набіраюць менш і г.д.
Не ўсе павінны вучыць астраномію і чарчэнне
Хай не пакрыўдзіцца на мяне Віктар Малышчыц, наш геніяльны фатограф і астраном, але якая патрэба ў астраноміі для цяперашняй беларускай школы? Калісьці ў савецкі час астраномія трапіла ў праграму таму, што для Савецкага Саюза касмічныя дасягненні былі прадметам гонару, і школьнікі мусілі гэтую астраномію вывучаць. Цяпер вывучэнне гэтага прадмета ў школе нічым не абгрунтаванае. Там ставяць гэтыя адзнакі проста так, і ў большасці школ, дзе няма такіх апантаных сваім прадметам людзей, як Малышчыц, астраномія ператвараецца ў прыклад дысцыпліны, якую, насамрэч, ніхто не вывучае. Малышчыц такі адзін, а ўрокі для спання праводзяцца ў кожнай школе.
Альбо чарчэнне. Яно таксама засталося ў праграмах, таксама ўсе махаюць на яго рукой, гэткая дзейнасць ужо ўся камп'ютарызаваная, а мы на ўроках крэслім па-ранейшаму ад рукі.
Трэба, каб развівалася спецыялізацыя ў нашых школах. Калі ты бачыш, што, напрыклад, ёсць дзеці, якія хочуць далей паступаць на архітэктуру, дызайн, ім патрэбнае чарчэнне, трэба даць ім магчымасць выбраць чарчэнне, атрымаць адзнаку ў атэстат і здаць яго пасля на ЦТ ці недзе яшчэ. Калі ты хочаш вывучаць астраномію, ты мусіш мець такую магчымасць. І хай будзе моцны настаўнік на раён, які будзе выкладаць астраномію для сапраўды зацікаўленых. Трэба даць старшакласнікам магчымасць выбару прадметаў. Хай вучаць менш прадметаў, але глыбей.
Наша адукацыя дагэтуль грунтуецца на механічным зазубрыванні, хаця ў той жа самай Фінляндыі, у іншых перадавых краінах, усё трошкі інакш. Там людзей развіваюць здольнасць крытычна аналізаваць, крэатыўна мысліць. А ў нас пануе завучванне: завучыце гэта і тое, прычым аб’ёмы інфармацыі завялікія, гэта таксама савецкі перажытак.
Як беларуская адукацыя вучыць прафанацыі
Як было ў савецкай школе ў мой час і як засталося ў Беларусі сёння, я бачыў гэта на прыкладзе сваіх дзяцей. Аб'ёмы матэрыялу вялікія, але ніхто нічога не вучыў. Пісалі шпоры, падглядвалі, настаўнікі выходзілі на экзаменах, каб людзі маглі спісаць.
Ці так, ці гэтак усе атрымлівалі свае адзнакі. Гэта няправільны падыход, ён прывучае да падману, а гэта найгоршае. Людзі з нашай сярэдняй школы выходзяць прызвычаеныя да падману, да таго, што гэта ў парадку рэчаў, што жыццё грунтуецца на падмане.Гэта першае, што робіць нашых людзей неканкурэнтаздольнымі сярод еўрапейцаў, якія наадварот выходзяць са школы з цвёрдым перакананнем, што падман не прымаецца ў ніякім выглядзе, і той, хто падманвае, прайграе ў гэтым свеце.
Мой сын вучыўся ў 8—9 класах у беларускамоўным Коласаўскім ліцэі і, адпаведна, здаваў па выніках экзамены экстэрнам. Накіравалі яго ў адну школу — з кадэцкім ухілам. Прыходзіць ён здаваць біялогію, а ў яго пытаюцца настаўнікі: «Ну які білет вы хочаце адказваць?» Ён здзівіўся: «Як гэта?» А педагогі ўдакладнілі: «Ну, які вы хочаце, першы ці другі?» Яны не цягнуць білетаў, а вывучваюць адзін, і яго адказваюць. Такая прафанацыя экзаменаў. Мой сын быў шакаваны!
З якімі ведамі змогуць выйсці з вашай школы кадэты, калі ў вас педагогі дзейнічаюць такім чынам?
Вы проста гаворыце гучныя словы пра выхаванне, а насамрэч калечыце душы.
Хтосьці можа мне сказаць, што гэта немагчыма пераламаць. Часта мы чуем ад нашых інтэлектуалаў, што гэта наш нацыянальны характар, нацыянальныя традыцыі. Слухайце, была нацыянальная традыцыя, калі людзі паступалі па блаце ва ўніверсітэт. Увялі ЦТ, і няма больш такіх традыцый, — усё.
Праблема фізкультуры і працы
Далей — фізкультура. У савецкі час у нас былі фізкультурнікі-мужчыны. Цяпер праз тое, што заробкі нізкія, у нас няма іх, сёння фізкультурнікі — пераважна жанчыны, прытым часам яны спалучаюць выкладанне фізкультуры і пляценне з саломкі, таму што няма кім закрыць паўстаўкі. Як такая настаўніца можа ўтрымаць дысцыпліну ў 15-гадовых падлеткаў? Што такая фізкультурніца можа даць ім? Самыя вялікія праблемы беларускай школы — у разыходжанні паміж тым, што на паперы, дзе ўсё гладка, і рэальным станам рэчаў.
Я быў шакаваны, калі класная кіраўніца майго сына-шасцікласніка ў беларускамоўнай гімназіі ў Мінску мне сказала: «Я вам так дзякую: ваш сын быў адзіны, хто прыйшоў у форме на фізкультуру ўчора». Я запытаў: «Як так — адзіны?» Я не магу ўявіць, што ў наш час хтосьці можа так зрабіць: гэта ў 6-ым класе яны ходзяць без формы на фізкультуру? Што значыць, што яны без формы? Якая можа быць фізкультура ў пінжаках? Скажыце мне, што тады робіцца ў звычайнай школе Оршы, калі такое здараецца ў цэнтры Мінска ў адной з нашых флагманскіх гімназій?
І тут пытанне: ці можна зрабіць якасныя ўрокі фізкультуры ў школах без падвышэння заробку? Пры годнай заработнай плаце туды прыйшоў бы трэнер, які займаецца дзюдо ў спартыўнай школе. Тады ён меў бы матывацыю ўзяць яшчэ паўстаўкі ў мінскай гімназіі. Ён даў бы класную нагрузку гэтым падлеткам, выхоўваў бы іх, і яны былі б рады, ірваліся б на гэтую фізкультуру, бо самі б хацелі быць спраўнымі.
З другога боку, калі мы канстатуем, што дзяржава не мае грошай, каб павялічыць заробкі педагогам, тады трэба прыдумляць іншыя падыходы. Бо
гэта распускае, псуе нашых дзяцей, калі яны прыходзяць на заняткі і нічога там не робяць.
Ёсць прадмет, які асабіста сам Аляксандр Лукашэнка прымусіў захаваць у школе — працоўнае навучанне. І яно ёсць тры ці чатыры гады.
І ўсе гэтыя гады на ўроках працы мой сын складаў канструктары, прыносілі дзеці сваё «Лега» і збіралі. Вось і ўсё працоўнае навучанне. Гэта не працоўнае навучанне, а проста прывучэнне да таго, што можна нечым займацца ў парадку прафанацыі.
І потым нашыя кадры, якія прайшлі праз такую школу, будуць прафанаваць усё: класці асфальт насуперак тэхналогіям так, што потым ён будзе развальвацца; будуць збіраць малако так, што яно будзе скісаць у бітонах. Нашая сярэдняя школа прывучае да прафанацыі.
Не трэба баяцца мяняць тое, што не працуе.
Пра беларускамоўную адукацыю
Што датычыць паляпшэння навучання беларускай мовы, то тут ёсць некалькі момантаў, якія можна было б палепшыць тут і адразу. Першае: трэба ўвесці такое правіла, што ўсім мамам і татам, якія прыходзяць запісваць дзіця ў садок ці школу, даецца пусты бланк, дзе трэба пазначыць, на якой мове яны б хацелі, каб вучылася дзіця, — на беларускай ці рускай. Другая рэч — тым, хто аддае перавагу рускай мове, трэба прапаноўваць, каб яны выбіралі: можа, вы б хацелі, каб вашыя дзеці вывучалі гісторыю і геаграфію Беларусі на беларускай. Гэта адразу фарміравала б адпаведныя прыярытэты.
Таксама трэба забяспечыць, каб усе беларускамоўныя дзеці мелі роўны доступ да беларускамоўнай літаратуры і матэрыялаў любога ўзроўню. Каб маглі здаваць нейкія тэсціраванні, удзельнічаць у алімпіядах, пішучы па-беларуску. Канечне, гэта грошы ў пераклад, але ты інвестуеш не толькі ў адукацыю, але і ў стварэнне нашай культуры, інвестуеш у фарміраванне перакладчыцкага патэнцыялу, у стварэнне беларускамоўных тэкстаў, якія будуць выкарыстоўвацца таксама і ў іншых сферах.
У корані ж сваім пытанне беларускамоўнай адукацыі — такое, якое можа вырашыць толькі кіраўнік дзяржавы. Як толькі прэзідэнт Беларусі загаворыць па-беларуску, адразу ж пачне расці доля беларускамоўных школьнікаў. Пакуль ён не гаворыць, што б ты ні рабіў, мы будзем, як тая крывенькая качачка, змагацца проста за тое, каб нашая беларускамоўная палонка не замерзла.
Я проста схіляюся ў паклоне перад нашымі актывістамі, якія змагаюцца за беларускамоўныя школы і садкі, — гэта Крысціна Вітушка, кіраўніца апякунчай рады 23-ай беларускамоўнай гімназіі, Аляксандра Баярына, Вадзім Пракопчык, якія цяпер спрабуюць палепшыць сістэму набору беларускамоўных дзяцей у садкі і школы. Гэта Таццяна Малашчанка ў Баранавічах, Ірына Чарняўка ў Гродне, дзясяткі іншых выдатных грамадзян, найлепшых людзей краіны.
Сённяшні стан беларускай мовы ў адукацыі — гэта найперш інерцыя: так было ў савецкі час, так і застаецца.
Беларусь цяпер залежная краіна, залежная ад Масквы, і Масква можа адказаць павышэннем цэн на нафту на павелічэнне ролі беларускай мовы тут. І вось ёсць гэты страх. Няма волі, не хапае смеласці на тое, каб прыняць гэтае рашэнне. Хоць ёсць за гэтым і рэцыдывы палітычнай барацьбы, якая ішла ў 1990-ыя. Тады пытанне беларускай мовы было палітызаванае, а цяпер то ўжо ўсё часцей палітыка асобна, а беларуская мова асобна. Але яшчэ мусіць быць зроблены нейкі наступны крок, каб гэта замацавалася. Бо без павелічэння нашай увагі да нацыянальнай мовы і культуры, падтрымкі, мы не збудуем моцнай дзяржавы. Нашая дзяржава будзе слабай і няўстойлівай без гэтага.
Праклён беднасці
Усё залежыць ад таго, ці вырвецца Беларусь з праклёну беднасці. Гістарычна Беларусь была беднай тэрыторыяй, у канцы ХІХ-га стагоддзя нашая тэрыторыя таксама была найбяднейшай ва Усходняй Еўропе, і так гэта заставалася. Заходняя Беларусь была найбяднейшай часткай Другой Рэчы Паспалітай…
Пасля быў нейкі момант, калі ў другой палове ХХ стагоддзя адбыўся рэзкі рывок. Масква бачыла патрэбу ў стварэнні тут вернага фарпоста перад Еўропай. Былі вялікія планы ў Масквы, і кіраўнікі Беларусі гэтым скарысталіся. Цяпер, калі глянуць на Украіну і Малдову, там сітуацыя яшчэ горшая.
У той жа час, калі ўзяць Польшчу, Літву, Эстонію, Славакію, то ім удалося зрабіць гіганцкі рывок, тэндэнцыі там вельмі пазітыўныя. Калі яны зрабілі, то чаму мы не можам таксама?
Ігар Карпенка мае рэпутацыю добрага адміністратара, які ўмее бачыць, аптымізаваць драбніцы. Але адміністратар адміністратарам, а, калі ідэалагічна ты — рэтраград, ты не зможаш палепшыць сістэму адукацыі.
Ты не можаш імкнуцца закансерваваць ментальна людзей у 1980-ых і пры гэтым зрабіць так, каб яны атрымлівалі адукацыю прыдатную для ХХІ стагоддзя.
Калі міністр Карпенка зможа развітацца са сваім рэтраградствам, тады ён зможа зрабіць рэформы. Зрэшты, не ўсё ж залежыць ад Карпенкі, рэформу адукацыі і замаўляць, і візіраваць будзе кіраўнік дзяржавы. Ізноў вяртаюся да нашага поспеху: нехта ж стварыў ЦТ — удалую сістэму праверкі ведаў. Гэта прыклад, як нават пры цяперашніх абмежаваных рэсурсах мы можам многае змяняць да лепшага, эфектыўней іх выкарыстоўваючы.
Каментары