Усяго патроху33

Як авіятэхнік-дзяўчына абслугоўвае самалёты

У кампаніі «Белавія» Вольга Венская працуе чатыры гады. Яна мяняе маторы, фільтры, масла. 

Яе рэдка можна ўбачыць з манікюрам, а ў тэлефоне няма ніводнага фота з самалётам: навошта, калі кожны працоўны дзень бачыш іх вельмі блізка?

Самалёты Вольга палюбіла ў 16 гадоў — пасля скачка з парашутам. На аванцюру падбіла сяброўка — дзяўчына пагадзілася пайсці з ёй за кампанію. Праўда, думала, што абмяжуецца толькі заняткамі, а як справа дойдзе да самога скачка, пастаіць збоку, бо баялася вышыні. «Калі села ў самалёт, сказалі, што зваротнага шляху няма: спусцішся толькі з парашутам», — з усмешкай успамінае Вольга. Скакала яна, дарэчы, тройчы — з вышыні 800 і 1000 метраў. Прызнаецца, што першы раз аказаўся самы просты, бо не ведаеш, чаго чакаць. А вось на трэці было страшна: пакуль дзяўчына ўзнімалася ў паветра на самалёце, дрыжалі калені.

Пасля школы мінчанка хацела паступаць вучыцца на лётчыка, але ў вайсковую акадэмію не прайшла па здароўі. Тады выбрала ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы спецыяльнасць «тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і рухавікоў».

У сваёй групе Вольга была адзінай дзяўчынай.

— Дыскамфорту сярод хлопцаў я не адчувала, бо ў дзяцінстве праводзіла канікулы ў бабулі разам з братамі, — дзеліцца яна.

Вучоба давалася нескладана. «Калі ёсць жаданне, то ўсё атрымаецца. А калі няма — будзеш хадзіць і скардзіцца, якія дрэнныя выкладчыкі», — жартуе суразмоўніца.

Выбар месца працы ў авіятэхнікаў у нашай краіне невялікі: аэраклубы, Мінскі і Аршанскі авіярамонтныя заводы, кампанія «Трансавіяэкспарт», якая займаецца грузавымі перавозкамі. Вольга па размеркаванні трапіла ў «Белавія»: вельмі хацела менавіта туды.

Разам з ёй у змене працуе чалавек 20. Усе мужчыны.

— Не ведаю, як калектыў паставіўся, калі я прыйшла. Напэўна, пахіхіквалі: «Дзяўчо вырашыла круціць гайкі, што з яе ўзяць». Але асабіста мне нічога крыўднага ніхто не казаў. Цяпер ужо давяраюць.

Вольга расказвае, што авіятэхнікаў-навічкоў чакае выпрабаванне багажным аддзяленнем. Маладых спецыялістаў адпраўляюць туды клеіць стыкі панеляў спецыяльнай гермастужкай, якая не прапускае паветра. Работа вельмі нязручная: адсек невысокі і даводзіцца поўзаць на каленках.

Допуск на самастойнае абслугоўванне самалётаў дзяўчына атрымала не адразу — для гэтага трэба было прайсці дадатковыя курсы. Вучоба і стажыроўка займаюць каля двух месяцаў, і допуск выдаецца не на ўвесь авіяпарк, а на асобную мадэль. Вольга ўжо асвоіла Bоеіng 737 Сlаssіс і Еmbrаеr 175 і 195.

У ангар на рамонт самалёты трапляюць не абавязкова пасля паломкі. Часцей гэта планавае тэхабслугоўванне. Так, Bоеіng 737 Сlаssіс адпраўляюць да тэхнікаў у ангар пасля 250 гадзін налёту. Адна з самых частых работ — замена колаў: з-за інтэнсіўнасці выкарыстання яны хутка зношваюцца. Праўда, Вольга колы, а таксама тормаз не мяняе, бо яны вельмі цяжкія (нават не кожнаму мужчыну хапае сіл зрабіць гэта аднаму).

«Тэхагляд» паветранага судна можа заняць некалькі дзён і нават цэлы месяц. Напрыклад, калі праводзіцца с-сhесk (від абслугоўвання), самалёт практычна цалкам разбіраюць. «Першы раз рабіць гэта было вельмі цікава. Заходзіш у салон — а там толькі «шкілет». Нячаста такое можна ўбачыць», — дзеліцца ўражаннямі Вольга.

Цікава, а як сябе адчувае авіятэхнік на борце самалёта ў палёце? Надзейна, адказвае дзяўчына. Толькі бывае непрыемна бачыць, як іншыя пасажыры неахайна паводзяць сябе ў салоне: паламаныя рамяні бяспекі і столікі потым давядзецца рамантаваць ёй з калегамі.

Калі Вольга расказвае пра працу, часам задумваецца, як пэўныя агрэгаты называюцца на рускай мове: прасцей па-англійску, бо ўся дакументацыя вядзецца менавіта на гэтай мове.

Абнаўляць веды пра тэхніку трэба пастаянна. Перыядычна праводзяцца курсы па авіяцыйнай бяспецы, чалавечым фактары. А калі спецыяліст перапыняе стаж работы на год, то пасля яму нанова давядзецца пацвярджаць сваё пасведчанне, каб атрымаць права самастойна абслугоўваць самалёты.

Што патрэбна, каб стаць авіятэхнікам? Вольга адзначае, што галоўнае — інтарэс да прафесіі і мэтанакіраванасць:

— Калі я вучылася, мне казалі: «Ды не будзеш ты працаваць з тэхнікай, пасадзяць за паперкі». Трэба не звяртаць увагі на гэта і проста ісці да сваёй мэты.

Каментары3

Цяпер чытаюць

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?2

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?

Усе навіны →
Усе навіны

Як эксперымент у Слуцку паказаў камунальнікам, што прычына смецця не ў людзях, а ў іх працы10

Казачніца з Мінска паўдзельнічала ў шоу ТНТ на выжыванне2

ГУР Украіны: Перамір'я ў гэтым годзе не будзе3

Рэйтынг Трампа апусціўся да найніжэйшага за часы яго кіравання3

У Расіі беларус знайшоў чужы пашпарт. Тады спаліў свой беларускі і вырашыў прарывацца ў Нарвегію1

Адзін з кіраўнікоў ФІФА звольнены пасля крытыкі плана Інфанціна

Статкевіч: Пяць гадоў таму з нашым народам здарылася трагедыя48

Украінскія беспілотнікі атакавалі Маскву. Атака стала найбуйнейшай за два гады2

Наваполацкі НПЗ рыхтуецца да планавага рамонту. Гэта кепская навіна для Расіі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?2

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць