Спектакль для любога ўзросту: анонс «Хлопчыка, які плаваў з піраннямі»
22 і 23 снежня Беларускі дзяржаўны тэатр лялек парадуе гледачоў прэм'ерай: упершыню на сталічнай сцэне пакажуць спектакль «Хлопчык, які плаваў з піраннямі» па кнізе аднаго з самых папулярных сучасных дзіцячых аўтараў Дэвіда Алмонда ў перакладзе Вольгі Варшавер. Ставіць дзівосную гісторыю пра прыгоды звычайнага хлопчыка з добрым сэрцам, Стэнлі Эрунда, Аляксандр Янушкевіч, галоўны рэжысёр Брэсцкага тэатра лялек. Дарэчы, у Брэсце з поспехам ідзе яго спектакль па іншым творы Алмонда «Мой тата — птушк». Разам з рэжысёрам над пастаноўкай працуюць мастачка Таццяна Нэрсісян і кампазітар Аляксандр Літвіноўскі.
Незадоўга да прэм'еры Аляксандр Янушкевіч распавёў, чаго чакаць ад спектакля.
Сучасны матэрыял і любоў да людзей
А.Я.: «Хлопчык, які плаваў з піраннямі» вельмі сучасны тэкст. У Алмонда жывая, гутарковая мова і пераклад Вольгі Варшавер адпаведны, спецыфічным ангельскім фразам і рэчам знойдзены выдатныя эквіваленты.
Тэкст Алмонда зусім не казачны. Мы з артыстамі шмат размаўляем аб тым, што гэты матэрыял нельга іграць як казку. Гэта сацыяльная драма, гарадская гісторыя, магічны рэалізм, аб якім усе кажуць, але не казка.
Мне здаецца, Алмонд вельмі любіць людзей. У эпоху чалавеканенавісніцтва і дэструкцыі гэта як промень святла. Акрамя таго, кнігі Алмонда сцэнічныя, персанажы і гісторыі яркія. У іх шмат гумару, а галоўнае, ёсць сумленнае і шчырае стаўленне да складанага жыцця. Алмонд умее мякка і тактоўна закрануць вельмі глыбокія пытанні. Без хлусні дзецям. І для мяне гэта вельмі важна.
Толькі лялькі
А.Я.: У спектаклі будзе 38 лялек да таго ж трасцінковых. Усё дыктуе матэрыял, таму мы і вырашылі звярнуцца да такой формы. Я падумаў, што людзі будуць перашкаджаць, і чаму б не ўспомніць гісторыю з трысцінкавымі лялькамі? Ды і Алмонд абсалютна анімацыйны, кіношны аўтар.
Лялек будзе так шмат таму, што для аднаго і таго ж персанажа ў некаторых выпадках даводзілася рабіць па тры дублі. То бок, 38 лялек — гэта не 38 розных персанажаў. Проста была неабходнасць ствараць лялек для пэўнага дзеяння героя ў пэўнай сцэне. Гэта як у сучаснай анімацыі: буйны план, далёкі план і гэтак далей. Так што спектакль не будзе «адраджэннем» абразцоўскага тэатра, дзе лялькі проста ходзяць па шырме.
Мне здаецца, нашы персанажы і ілюстрацыі Олівера Джэферса да кнігі Дэвіда Алмонда трохі падобныя. Але ў нас розныя тэхнікі і гэта дае іншае адчуванне фактуры. У мяне было толькі жаданне, каб героі былі сучаснымі і пазнавальнымі. Матэрыял ігравы, характарны, таму тут ўмоўнасць не падойдзе.
Універсальная гісторыя з беларускім акцэнтам
А.Я.: У кнізе Алмонда няма ўказанняў на канкрэтную эпоху і месца. Часам такое ўражанне, што ўсё адбываецца ў 1960-я, часам — у 1980-я гады. Аўтар злучае эпохі, гуляе са штампамі. Здавалася б, усе гэтыя кірмашы з клоўнамі, мімамі, дамамі з прывідамі ўжо былі 500 разоў, колькі можна! Але ў Алмонда гэта працуе. Гэта нейкі зборны вобраз. Акрамя таго, ва ўсіх краінах людзі аднолькава няшчасныя і шчаслівыя. Сіроты, беспрацоўе, нелюбоў існуюць усюды. Але таксама ўсюды існуюць сяброўства, клопат аб іншых, вера. Гэта агульначалавечае. І не важна, што імя персанажа Стэнлі, а не Антось, — ён адчувае гэтак жа. Таму, мне здаецца, не трэба нічога спецыяльна рабіць, каб наблізіць гісторыю да беларускага гледача. Усё атрымаецца само сабой, хоць нейкія пазнавальныя акцэнты ў спектаклі мы і зробім.
Шчырая размова з гледачом
А.Я.: Калі дзесяцігадовым дзецям прапануюць пайсці ў тэатр лялек, яны пачынаюць крывіць насы. Гэта адвечная гісторыя пра тое, ці веру я таму, што адбываецца на сцэне, ці размаўляюць са мной як з «ненармальным»? Пасля спектакля «Мой тата — птушк» у мяне з'явілася надзея і радасць, бо на гэту назву гледачы ідуць складана, але пасля прагляду і дзеці, і бацькі — нашы. Таму што мы з імі размаўляем на роўных, а не гуляем у лялечны тэатр.
Мне здаецца, у «Хлопчыка…» будзе тая ж гісторыя. Калі не баяцца гаварыць з гледачом шчыра, гэта знойдзе водгук у зале. Не варта згладжваць нейкія цяжкія моманты, праблемы здрады, адзіноты. Напрыклад, гісторыя з залатымі рыбкамі. Для таго, каб дзіця сышло з дому, павінна быць вельмі важкая прычына, і гэту падзею трэба паказваць. Трэба давяраць гледачу, весці з ім шчырую размову.
Спектакль для любога ўзросту
А.Я.: Наш спектакль пра тое, што каштоўны любы чалавек, і не мае значэння з піраннямі ты плаваеш, дворнік ты альбо намеснік міністра. Чалавек нараджаецца не проста так, у кожнага ёсць свая місія. Гэта ляжыць на паверхні. Мы гаворым дзіцяці аб тым, што ён ці яна важныя. Але яшчэ важней мне здаецца ў гэтай пастаноўцы думка аб тым, як знайсці менавіта сваю дарогу. Не здрадзіць сабе, не размяняцца на дробязі, не заблукаць у бездані кампрамісаў, а знайсці сябе. Ці не гэта адна з галоўных задач чалавека ўвогуле? Мне здаецца, гэта вельмі значная і патрэбная гісторыя. Таму, я думаю, спектакль «Хлопчык, які плаваў з піраннямі» будзе цікавым і для гледачоў 8—10-ці гадоў, і для 35—40-гадовых. Кожны ўбачыць у ім нешта сваё ў залежнасці ад асабістага досведу. І калі гэта будзе не проста паход у тэатр дзеля галачкі, калі ў бацькоў з дзецьмі пасля спектакля ўзнікне размова, то гэта будзе цудоўна, менавіта гэтага мне б і хацелася.
***
У якасці прыемнага бонуса ў дзень прэм'еры, 22 снежня, у «Кніжным сне Гогаля» у 19.00 пройдзе сустрэча з перакладчыцай «Хлопчыка, які плаваў з піраннямі» Вольгай Варшавер.
-
У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
Каментары