Існуе «раман выхавання», а беларускі блогер Andorac піша «аповеды выхавання». Нядаўна было пра падлеткавы сэкс у барысаўскай вёсцы, цяпер — пра падлеткавыя баі.
Існуе «раман выхавання», а беларускі блогер Andorac піша «аповеды выхавання». Нядаўна было пра падлеткавы сэкс у барысаўскай вёсцы, цяпер — пра падлеткавыя баі.
Мужык павінен умець біцца. Цвёрда вынес гэта са школы. Хто не ўмее біцца ці пазбягае боек - не зусім паўнавартасны мужык.
Я выдатна помню свой першы выбіты зуб. Гэта было ў першым класе. Я растоўк нос Дзіму Каралёнку. Там асаблівай маёй заслугі не трэба было, разбіць нос Дзіму мог кожны, бо нос у яго быў вельмі слабы. Чуць што, адразу юшка цячэ. Але Кароль, як мы яго называлі, паскардзіўся Мішу Вяршку, свайму найлепшаму сябру і майму траюраднаму брату. Дакладна помню Мішаў удар у маё грызла, смак крыві і мінус адзін зуб у роце.
Біцца мы баяліся ў класе толькі з Сашам Новікам, бо ён быў нашмат здаравейшы за ўсіх іншых. Але адмыслова дразнілі яго «Пушка‑рваная‑падушка». Саша бясіўся і усім нам выпісваў п...юлёў. Пазней у Новіка з’явілася новая мянушка «Адам Плуг», яна яму пасавала ідэальна. Але ўсе баяліся Сашу сказаць пра гэтую мянушку. Казалі «Асадасам Плусуг», калі ўжо вельмі ён нас бясіў. Ён рабіў выгляд, што не разумеў. Помню, што ўсе аднакласнікі вельмі радаваліся, калі Плусугаса пакінулі на другі год у першай класе. Калі Саша вучыўся ў восьмай класе, то з ім баяліся выходзіць на разы нават выпускнікі. Сіла ў яго насамрэч дурная.
Па сёння перакананы, што бойкі павінны быць чэснымі, то бок выходзіць трэба па разах. Нейкі перыяд у нашай школе так і было. З раніцы пэўная брыгада прабягала па школе, дзе знаходзіла двух прыкладна аднолькавых па сіле супернікаў. На першым вялікім перапынку, калі ў столоўку ішлі малыя, старэйшыя пацаны накіроўваліся нібыта ў прыбіральню, яна ў нас была на дварэ. Там некаторыя пацаны палілі (зрэшты, паліла ў нас вельмі мала людзей). А потым тупалі ў глыб леса. Там была невялікая прагалінка, дзе і пачыналіся турніры. Байцы скідвалі курткі і пачыналі кружыць адзін вакол другога, як пеўні. А мы проста глядзелі за гэтай дзеяй. А потым была кроў на сумётах, мноства фінгалаў. Гэта працягвалася да той пары, пакуль наш байцоўскі клуб не засяклі настаўнікі. Перакананы, што ў тых баях мы добра загартоўваліся. Колькі разоў і мне даводзілася ўдзельнічаць у такіх бойках.
Нячэсныя бойкі часта адбываліся «на бульбе». Былі такія браты Ясюкі, якіх у вёсцы называлі Мажджарамі. Дык вось два старэйшыя Мажджары вышуквалі ахвяру і нацкоўвалі на яе трох малодшых Мажджаратаў. Трое на аднаго. Звычайна Міша Клэпша кідаўся суперніку ў ногі і завальваў яго, а Ігар Срулька і Жэня Белы навальваліся на іх зверху. Білі жорстка. Усё было да той пары, пакуль Мажджараты не напалі на Лёшу Жогана. Ляхан не разгубіўся, схапіў Белага і засунуў яму два пальцы ў рот і абяцаў раздзерці пашчу. Двое астатніх пералякана адступілі. Жыган жа быў цвёрды ў сваіх намерах, бо перад гэтым яны памялі яму ладна бакі. Ледзь угаварылі, каб адпусціў. Болей гэтая тройца ні на кога не нападала. З ваўкамі жыць — па‑ваўчынаму выць.
А яшчэ памятаецца, як у вёсцы з’явіўся прыезджы хлопец. Гэта херня, але звалі яго Руслан Тахіравіч Гасанаў. Якая нафіг паліткарэктнасць магла існаваць у нашай суровай барысаўскай вёсачцы. Натуральна, што «азера» сваім мы прызнаваць не хацелі. П...ілі Гасана бы ката. Але ведаеце, чым ён заслужыў нашу павагу? Тым, што ніколі не здаваўся, біўся да апошняга, незалежна ад таго, хто быў супернікам, хай хоць Новік. Ніколі не плакаў і не скардзіўся. Тым самым праз нейкі час ён дамогся нашай павагі.
У мяне быў толькі адзін момант, калі я заслужана атрымаў у морду. Было першынство вёскі па футболе. Гулялі наша каманда Нізінкі і Гара. Сустрэча было роўнай, і ўсё мог вырашыць адзіны гол. Мы заслужылі права на пенальці, але супернікі спрачаліся. Я на нервах не вытрымаў і паслаў Пашу Вяршка на..., прамым тэкстам. Не паспеў апомніцца, як адчуў удар у зубы. На гэты раз усе засталіся цэлымі, але нас абодвух выдалілі з поля. Дарэчы, матч той па серыі пенальці мы выйгралі.
Апошні раз біўся, калі вучыўся ў каледжы. Хлапец адной з аднагрупніц прыраўнаваў Ірэну да мяне. Неяк у сакавіку вычакаў мяне пры ўваходзе, я акурат вяртаўся з секцыі па баскетболе. Ён прапанаваў пайсці пагаварыць. Пайшлі пагаворым. Адышлі за будынак. Ён пачаў вучыць мяне, каб я трымаўся ўбаку ад Іры, а пасля раптоўна ўдарыў у вока. Нядоўга думаючы, таксама засандаліў яму пад дых. Крыху пакачаліся. Не сказаць, каб ён мяне адтырыў, але быў відавочна здаравейшы. З таго моманту, я яго пабойваўся, але з Ірай менш кантактаваць не стаў.
Хаця ўспомніў, што сам па мордзе апошні раз біў гады чатыры таму. Маці маёй тадышняй дзяўчыны працавала загадчыцай клубу. У будныя дні хлопцы збіраліся ў клубе, каб пагуляць у більярд. Пасля часта мы з дзяўчынай прыходзілі, каб забраць ключы і замкнуць клуб. Звычайна нікога не падганялі. Але ў той вечар быў важны матч моладзевага першынства Еўропы па футболе. І я, натуральна, хацеў дадому. Пацаны ж дадому не хацелі. Давялося падысці і ў наглую выключыць магнітафон. Падарваўся Андруха Пэспел. Неяк машынальна адразу загрэў яму ў ..ло, напэўна, пераўзбуджаны занадта быў. Думаецца, што хлопцы разам маглі б мяне закачаць лёгка, але не сталі ганьбіць у прысутнасці дзяўчыны, і на тым дзякуй.
Часам шкадуеш, што ў Менску нельга жыць па вясковых правілах. Выйсці на разы часам было б куды лягчэй, чым гадамі захоўваць нейкія крыўды. Дык і адрэналін яшчэ той, менш негатыву застаецца.
* * *
Чытайце штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН творы і мініятуры. Для сэрца, для розуму, для мовы.
Каментары