Самая распаўсюджаная хвароба на Зямлі. У вас яна таксама ёсць. І дактары схіляюцца да таго, што прафілактыкі няма
Дык што гэта за хвароба? Карыес зубоў. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на яго хварэюць 93 адсоткі насельніцтва Зямлі.
Карыес (лац. Caries — 'гніенне') — складаны паталагічны працэс, які павольна працякае ў цвёрдых тканінах зуба і развіваецца ў выніку комплекснага ўздзеяння неспрыяльных фактараў.
Якія сімптомы карыесу?
- бялёса-жоўтыя або цёмныя плямы на паверхні зуба — гэта трэба расцэньваць як першыя прыкметы карыесу;
- зуб адчувальны, г. зн. рэагуе болем на гарачае і халоднае, на кіслае і салодкае; боль з’яўляецца пры разбурэнні эмалі і распаўсюджванні працэсу на рыхлую тканку зуба — пульпу.
Якія прычыны карыесу?
Большасць дактароў схіляюцца да думкі, што асноўнай прычынай развіцця карыесу з’яўляецца зубны налёт (зубны камень), у ім назапашваюцца мікробы, якія сілкуюцца цукрам і прадукуюць кіслату, якая разбурае эмаль зуба. Гэта адкрывае шлях мікробам ўглыб тканін зуба. Пасля пашкоджання эмалі пашкоджваецца і дэнцін, які знаходзіцца пад ёй.
Стварэнню зубнога налёту спрыяюць:
- ужыванне цукроў, мёду, а таксама прадуктаў з мукі;
- недастатковая гігіена паражніны рота;
- праца ва ўмовах моцнай запыленасці.
Рызыка развіцця карыесу ўзнікае пры злоўжыванні прысмакамі, неналежным доглядзе за зубамі, наяўнасці нелечаных хворых зубоў. Мае значэнне таксама спадчыннасць.
Якая прафілактыка карыесу?
Лічыцца, што асновай прафілактыкі з'яўляецца рэгулярная чыстка зубоў, 2 разы на дзень: раніцай і ўвечары пасля яды, а таксама паласканне пасля ежы і салодкага піцця.
Але некаторыя дактары лічаць такія частыя чысткі як мінімум бескарыснай, або нават шкоднай працэдурай (асабліва калі зубы чысціць занадта доўга, з моцным націсканнем і жорсткай шчоткай) і схіляюцца да таго, што галоўнае — гэта добрая спадчыннасць. Калі яе няма, то ніякія гігіенічныя працэдуры не дадуць належнага эфекту.
Неабходна 2 разы на год наведваць стаматолага, які пракантралюе стан поласці рота. Важна таксама карыстацца зубной ніткай.
Выніковай лічыцца прафілактыка з дапамогай фтору. Дактары вітаюць выкарыстанне зубных паст з фторам, якія спрыяюць ўмацаванню эмалі зуба. Але выкарыстанне паст з фторам патрабуе кантролю ў стаматолага, бо залішак фтору таксама можа выклікаць захворванне зубоў. Фтараванне солі і вады (у мясцовасцях, дзе фіксуецца недахоп фтору) таксама папаўняе дэфіцыт фтору ў арганізме, што добра адбіваецца і на стане зубоў. Пры неабходнасці зубы можна пакрыць лакам або гелем, якія змяшчаюць фтор. Выкарыстанне таблетак з фторам немэтазгодна.
Часам праводзіцца пакрыццё расколін або бароздак на эмалі адмысловым саставам, які перашкаджае траплянню ў іх бактэрый і развіццю карыесу.
Якія ўскладненні карыесу магчымыя?
З'яўленне болю пры карыесе — гэта ўжо позні сімптом, які патрабуе неадкладнага ўмяшання.
Распаўсюджванне карыесу углыб зуба спрыяе інфікаванню пульпы зуба, косці, а таксама прыдатачных пазух носа, мяккіх тканін. Сам зуб можа быць незваротна згублены, наступствам чаго можа быць паталогія іншых зубоў і цяжкасці пры жаванні.
Як можна палегчыць зубны боль?
Дапамога магчымая толькі ў стаматолага. У якасці сродку, які часова палягчае боль, можна выкарыстаць любы тыповы болепатольны сродак. Некаторыя лічаць, што дапамагае і моцнае расціранне акупунктурнай кропкі на вонкавым краі ногцевага ложа указальнага пальца, а таксама халодная прымочка на шчаку з хворага боку. Бывае, часова дапамагае паласканне рота гарэлкай.
Болепатольныя сродкі, якія змяшчаюць аспірын, павялічваюць крывацечнасць, што непажадана пры лячэнні і выдаленні зуба. Дзецям аспірын не рэкамендуецца наогул.
Як лечыцца карыес?
Стаматолаг добра ачышчае карыёзную поласць. Бывае, неабходна зрабіць абязбольванне. Пасля ачысткі карыёзнай паражніны закладваюцца пломбы. Пломбы не павінны выклікаць адчування іншароднага цела ў зубе.
Выбірайце: карыес ці парадантоз?
Парадантоз — гэта хвароба дзёснаў, якая прыводзіць да расхіствання і выпадзення зубоў, часта цалкам здаровых.
Цікавы факт: тыя, у каго моцная схільнасць да карыесу, не хварэюць на парадантоз, і наадварот, тыя, хто мае схільнасць да парадантозу, могуць не баяцца карыесу. Гэта хваробы-антаганісты.
Ці можна стрымаць развіццё карыесу пры дапамозе дыет, здаровага харчавання, пазбягання цукру ды вугляводаў?
Практычна вельмі складана. Многія спецыялісты звязваюць шырокую распаўсюджанасць карыесу з асаблівасцямі харчавання ў сучасным свеце: ежа стала мяккай, у ёй утрымліваецца многа цукроў, вугляводаў. Але змяніць спосаб харчавання вельмі няпроста, і няма даследаванняў, якія б пацвярджалі, што пераход на сырую грубую ежу, веганства, сыраядзенне ці іншыя падобныя дыеты дапамагаюць пазбегнуць карыесу.
Каментары