Кіно

Больш чалавечы, але верны прынцыпам. Якім атрымаўся 7-ы сезон «Чорнага люстэрка»

Днямі Netflix прадставіў новы сезон свайго хіта «Чорнае люстэрка» (Black Mirror), і крытыкі ўжо ў захапленні. Чым ён іх зачапіў?

Фота: кадр з трэйлера

«Чорнае люстэрка» ўпершыню з’явілася на экранах у 2011-м, назва серыяла адсылае да чорных экранаў гаджэтаў. Гэта праект, які бярэ на сябе місію папярэджваць пра небяспеку тэхналогій, таму не чакайце ад яго пазітыву і прыемных эмоцый. 

«Чорнае люстэрка» складана глядзець, і самы варты для яго эпітэт — змрочны. Але, з іншага боку, ён не пакідае абыякавым, і калі вы жадаеце вострых эмоцый, смела ўключайце гэты серыял. Не трэба баяцца, што цяпер прадстаўлены ўжо сёмы сезон серыяла, бо «Чорнае люстэрка» — гэта серыял-анталогія, дзе ў кожнай серыі раскрываецца асобная гісторыя, таму яго можна глядзець з любой серыі.

Што да сёмага сезона, ён ужо цалкам даступны — можна паглядзець усе шэсць серый. Водгукі пра яго добрыя: напрыклад, на сайце-аграгатары рэцэнзій Rotten Tomatoes сезон мае рэйтынг ухвалення 89%.

Усё пачынаецца з гісторыі Аманды і Майка — шчаслівай пары, якая хоча завесці дзіця. У мозгу Аманды знаходзяць пухліну, і Майк пагаджаецца на прапанову ад стартапа Rivermind: замяніць пашкоджаную частку яе мозга, дзе знаходзіцца пухліна, на сінтэтычны аналаг. Інфармацыю, што знаходзіцца на страчаных нейронах, перапраўляюць на серверы Rivermind, а кліенты мусяць плаціць кампаніі штомесяц, каб мець да яе доступ і, адпаведна, функцыянаваць.

Фота: кадр з трэйлера

Далей будзе серыя пра дзвюх былых аднакласніц, Верыці і Марыю, дзе прыгожа раскрываюць сутнасць газлайтынгу — маніпуляцый, калі чалавеку навязваюць іншы погляд на яго ўласныя думкі і адчуванне рэальнасці. У наступных чатырох серыях чакайце тэмы віртуальнага свету, штучнага інтэлекта і відэагульняў — як звычайна ў «Чорным люстэрку», без аніякіх хэпі-эндаў.

Асобная разынка — недаацэненая крытыкамі серыя Hotel Reverie. Гэта гісторыя пра класічны фільм з такой назвай, які вырашылі перазняць з дапамогай новай тэхналогіі, якая стварае віртуальную прастору на базе фільма і дазваляе ўвесці туды новага акцёра. Антыўтопія ператвараецца ў прыгожую гісторыю кахання, і здаецца, што ў гэтым «Чорнае люстэрка» адступае ад сваёй знакамітай змрочнасці, за якую серыял часам крытыкуюць. Нездарма фанаты нават звярнуліся да Netflix з заклікам зняць «Белае люстэрка», дзе расказвалася б пра тую карысць, якую прыносяць у свет тэхналогіі.

Фота: кадр з трэйлера

Яшчэ адна светлая і вельмі чалавечая серыя — эпізод пад назвай Eulogy. Сталы мужчына атрымлівае званок пра тое, што яго былая каханая памерла, і цяпер яе родныя збіраюць успаміны пра яе. Адмысловая тэхналогія дапамагае мужчыне трапіць у рэальнасць фотаздымкаў, што ўвасабляюць яго раман з той жанчынай, і пражыць пачуцці, ад якіх ён, відаць, хаваўся, а заадно пабачыць прапушчаныя магчымасці — рыхтуйце насоўкі!

Асобная гісторыя — гэта эпізод пад назвай USS Callister: Into Infinity. Нават калі вы не фанат навуковай фантастыкі, цяжка не ацаніць колькасць сіл і рэсурсаў, выдаткаваных — і нездарма — на гэты паўнавартасны фільм працягласцю паўтары гадзіны.

«Чорнае люстэрка» крытыкуюць за тое, што серыял быццам састарэў: маўляў, мы і так жывём у той рэальнасці, якую ён нам прадказваў раней. І тут трэба сказаць, што ў 7-м сезоне стваральнікі зрабілі працу над памылкамі, бо гісторыі з гэтага сезону выглядаюць цалкам рэальнымі для бліжэйшай будучыні. Таму, магчыма, невялічкае папярэджанне нам сапраўды не пашкодзіць.

Новае «Чорнае люстэрка» выглядае больш эмацыйным і светлым за ранейшыя сезоны, больш падобныя да цынічнай і шакуючай антыўтопіі. Але пры гэтым праект не адступае ад сваёй філасофіі і ранейшых засцярогаў наконт тэхналагічнага прагрэсу. Калі вы хацелі адкрыць для сябе «Чорнае люстэрка», цяпер самы час.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны41

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны

Усе навіны →
Усе навіны

«Цяпер я здаю 41 кватэру ў Мінску і хачу вырасці да 100 кватэр». Беларус расказаў пра бізнэс на кароткатэрміновай арэндзе жылля31

У Пятрухіна на стрыме выбілі з рук тэлефон. Блогер абрынуўся на беларусаў Уроцлава37

Самы доўгі тралейбусны маршрут Мінска збіраюцца зрабіць яшчэ даўжэйшым

У мінскім метро расказалі, колькі часу займае паездка ад першай да апошняй станцыі

Кіраўнік МЗС Літвы пракаментаваў магчымасць змякчэння санкцый супраць Беларусі і яе ролю ў мірных перамовах6

Гіганцкі фантан працаваў сёння раніцай у Мінску

Памерла Ганна Садоўская — дзяячка польскай супольнасці ў Ваўкавыску1

«Лік ідзе на хвіліны, а сваякі павінны бегаць па вуліцы і шукаць мужчын». Ці павінна хуткая дапамога выносіць пацыента з кватэры?13

«Пад канвоем вывезлі нас з мяжы». Расійская блогерка расказала пра затрыманне мужа на беларускай мяжы праз падпіску5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны41

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць