Украінскіх і беларускіх пенсіянераў, якія пражываюць у Літве пастаянна, прапанавалі лячыць бясплатна
Украінскіх і беларускіх пенсіянераў, якія пастаянна пражываюць у Літве, з 2020 года прапануюць лячыць бясплатна, нават калі яны ніколі не плацілі літоўскі падатак на абавязковае страхаванне здароўя. Іх здароўе будзе застрахавана за дзяржаўны кошт, як і ў літоўскіх пенсіянераў, піша DELFI.
Гэтую і іншыя папраўкі, падрыхтаваныя прадстаўніцай «аграрыяў» Відай Ачэне, падтрымаў камітэт бюджэту і фінансаў у Сейме Літвы. Калі іх прыме Сейм, у бюджэце трэба будзе прадугледзець дадаткова 690 тысяч еўра.
Па словах Ачэне, яна кіравалася тым, што дагэтуль не ажыццёўлены дагавор Літвы з Украінай і Беларуссю, які прадугледжвае, што ўкраінцы і беларусы пенсійнага ўзросту маюць права быць застрахаванымі абавязковым страхаваннем здароўя, калі яны ўвесь час пражываюць у Літве. Дагавор Літвы з Беларуссю ратыфікаваны ў 1999 годзе, з Украінай — у 2001 годзе.
Цяперашні закон аб страхаванні здароўя гэтага не прадугледжвае, а ў Літве пражываюць каля 800 грамадзян Беларусі і Украіны мужчынскага полу, старэйшых за 60 гадоў, і каля 1050 жанчын, старэйшых за 55 гадоў.
Па словах «аграрыя» Валюса Ажуоласа, папраўкі з'яўляюцца вельмі актуальнымі. Паводле яго слоў, у Літву прыбывае ўсё больш украінцаў. «Мы прыцягнулі медыкаў і з Украіны, і з Беларусі, і сітуацыя складаецца такая, што часцей за ўсё прыязджаюць сем'ямі, прывозяць бацькоў-пенсіянераў, каб там іх не пакідаць, але гэтыя людзі тут павісаюць», — казаў Ажуолас на пасяджэнні камітэта.
У той жа час кансерватар Мікалас Маяўскас лічыць, што гэта заахвоціць украінцаў і беларусаў ехаць у Літву на пастаяннае месца жыхарства, каб бясплатна лячыцца, бо тут «паслугі значна лепшыя».
«Асабліва людзям сталага ўзросту, якім гэтыя паслугі патрэбныя ўсё часцей, і ў параўнанні з якасцю тых паслуг у Беларусі і Літве, можа быць вялікая дадатковая матывацыя ехаць сюды не застрахаванымі», — казаў Маяўскас.
Лідар фракцыі Выбарчай акцыі палякаў Літвы — Саюза хрысціянскіх сем'яў Рыта Тамашунене засумнявалася, што якасць паслуг медыцыны ў Беларусі горшая: «Ёсць медыцынскі турызм з Літвы ў Беларусь. І паглядзіце, якія патокі».
Юрысты Сейма папраўкі крытыкуюць.
Дэпартаментам права пастаўлена пад сумнеў, ці неабходна за дзяржаўны кошт страхаваць пенсіянераў з іншай краіны, якія не стваралі сацыяльна-эканамічнага дабрабыту Літвы, у тым ліку і забяспечаных пенсіянераў-замежнікаў.
Адзначаецца, што ў Літве застрахаваным за дзяржаўны кошт асобам штогод выплачваецца па 373,1 еўра.
Каментары