Меркаванні88

Як пахне Беларусь?

Піша Кацярына Сцяпанава.

Піша Кацярына Сцяпанава.

А вы ведаеце, як пахне Беларусь? Не, я кажу не пра пах чабору і купальскага вогнішча, не пра пах хвойнага лесу і свежаспечанага хлеба, не пра шыпшыну і кветкі з Багдановічавага «Вянка». Гэта занадта проста для таго, каб апісаць паветра, якім напоўнена мая краіна.

Мая Беларусь пахне таннай гарэлкай і цвіллю ў непрапаленай печы, цыгарэтамі «Пушча» і каўбасой, скрадзенай з мясцовага мясакамбіната. Беларусь пахне сапраўдным жыццём.

А вы ведаеце, як выглядае Беларусь? Не, я кажу не пра кляновы лісток на мапе і бландзінку ў нацыянальным уборы, не пра люстраныя азёры і ўсмешлівыя твары з кірпатымі насамі, не пра карціны Язэпа Драздовіча і вянок з канюшыны. Ніводзін з гэтых вобразаў не зможа адлюстраваць рэаліі жыцця ў маёй краіне.

Мая Беларусь выглядае, як старая інтэлігентка ў дыяментах на тэатральнай прэм’еры, як мурзатае шчаслівае вясковае дзяўчо, як салдат, які тайна адпраўляе смс дадому. Налюбавацца на яе не магу!

А вы ведаеце, як гучыць Беларусь? Не, я кажу не пра спевы салаўя і «Жалейку» Купалы, не пра народныя песні і звон ручаёў, не пра сакатанне конікаў у начным полі і Ірыну Дарафееву. Усе гэта занадта ціха для таго, каб мая краіна прыслухалася.

Мая Беларусь гучыць размовай пра заробкі і брыдкімі анекдотамі, пустымі абяцаннямі на Кастрычніцкай плошчы і галасамі тэлевядучых нацыянальнага тэлебачання, яна гучыць сіпатым голасам і бязграматнай трасянкай. Слухаў бы ды слухаў…

А вы ведаеце смак Беларусі? Не, я кажу не пра спелыя ажыны і бабуліны дранікі, не пра самагонку і самы танны кефір, не пра квас і святочную куццю. Гэта нішто ў параўнанні з маёй краінай.

Мая Беларусь мае смак пірагоў з капустай, якія маці гатуе для Паўла Севярынца, папяровай каўбасы ды бульбы, скрадзенай з калгаснага поля. Каму смачна, каму — не вельмі, але ямо.

А вы ведаеце, па чым плача Беларусь? Не, я кажу не пра Хатынь і дэмаграфічныя праблемы, не пра кожнага чацвёртага і забытых Богам дзяцей, не пра чарнобыльскі жах і не пра Курапаты.

Мая Беларусь плача па смерці Быкава і па тых, хто не бачыць праўды, па горкіх працэнтах на выбарах і перапісаных падручніках гісторыі, па паламаных лёсах і па тых, хто марыць з’ехаць назаўсёды.
Можа, гэта з‑за слёз у нашай сінявокай такі пагляд?

А вы ведаеце моц Беларусі? Не, я кажу не пра казачных волатаў і асілкаў, не пра бойкі хлопцаў на вясковых завулках і не пра п’янкі там жа, не пра тысячы міліцыянтаў на вуліцах і не пра тое, як адзін з іх ударыў жонку Завадскага. Гэта ўсе прайграе маёй краіне.

Мая Беларусь моцная жанчынамі, якія адны выхоўваюць дзяцей, і песняй «Магутны Божа», людзьмі, якія выжываюць без заробкаў, і тымі, хто спадзяецца на лепшае, хлапцамі, што едуць рабіць у Маскву, і сапраўднымі патрыётамі.

А вы ведаеце, што такое Беларусь? Беларусь ваша, яго, яе, мая, наша. Гэта краіна, дзе, закусваючы папяровай каўбасой, усё роўна згадваюць народныя песні і казкі пра асілкаў. У нашай Беларусі, напоўненай пахам таннай гарэлкі, памятаюць тую гісторыю, што засталася на старонках спісаных падручнікаў, якія ўжо нікога нічому не навучаць. У маёй Беларусі пераключаюць канал з песняй Дарафеевай на навіны дзеля таго, каб даведацца, ці не здарылася чаго ў Маскве, дзе працуе сын. У нашай Беларусі жывуць самыя прыгожыя жанчыны і самыя дужыя мужчыны.

Усё так, як казаў Караткевіч. У нашай Беларусі жывём мы.

* * *

Кацярына Сцяпанава — студэнтка першага курса ЕГУ. Гэтае яе эсэ перамагло на конкурсе твораў «Што для мяне ёсць Беларусь», праведзеным сайтам moladz.org у рамках кампаніі «Будзьма».

budzma.org

Каментары8

Цяпер чытаюць

У Севастопалі ўзарвалі былога камандзіра ўкраінскай падлодкі, які перайшоў на бок Расіі14

У Севастопалі ўзарвалі былога камандзіра ўкраінскай падлодкі, які перайшоў на бок Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Дажджы падмылі помнік Ажэшкі ў Гродне, але яго своечасова ўратавалі

Такое паўночнае ззянне назіралі ўчора ў Верхнядзвінскім раёне ФОТЫ

У Грузіі ў аварыі загінулі чатыры беларусы5

Пасол Украіны па пытаннях Беларусі: Кіеў можа сустрэцца з Лукашэнкам, калі гэта ўратуе жыцці1

УСУ паведамілі пра вызваленне 26 населеных пунктаў5

Праз 20 гадоў тралейбусы вернуцца яшчэ на адзін участак мінскага праспекта Незалежнасці4

У розных кутках Беларусі назіралі сонечнае зацьменне ФОТЫ

Еўропа ўжо амаль адвыкла ад расійскага газу, але зіма зноў пагражае ЕС энергетычным крызісам1

Стала вядома, які прысуд вынеслі ва Украіне беларускаму добраахвотніку, арыштаванаму за наркотыкі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Севастопалі ўзарвалі былога камандзіра ўкраінскай падлодкі, які перайшоў на бок Расіі14

У Севастопалі ўзарвалі былога камандзіра ўкраінскай падлодкі, які перайшоў на бок Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць