Грамадства55

Мастак, які малюе на помніках: «Баюся, сваякі стануць прыносіць у якасці фота на помнік сэлфі сваіх блізкіх»

Да ўшанавання памяці сваіх родных і блізкіх у нас ставяцца вельмі сур’ёзна і адказна. Аднак і ў прафесіі мастака, які малюе партрэты на помніках, таксама сустракаюцца свае казусы і нюансы.

Пра тонкасці прафесіі пагутарылі з майстрам з 30-гадовым стажам Канстанцінам Уладыкам з Вілейкі.

«Баюся, што надыдзе той дзень, калі сваякі стануць прыносіць у якасці фота на помнік сэлфі сваіх блізкіх. Свет жа не стаіць на месцы. Калі цяпер такія здымкі папулярныя, то, мабыць, калісьці і яны стануць матэрыялам, з якім трэба будзе працаваць. Сёння ж часцей за ўсё прыносяць фотаздымкі з пашпартоў ці з пасведчання кіроўцы. Але здараюцца і выпадкі, калі нясуць групавы здымак 30-х гадоў, на якім нябожчык у чацвёртым шэрагу восьмы злева. І просяць зрабіць яго партрэт», — расказвае Канстанцін Уладыка.

Майстар кажа, што амаль усе просьбы, нават такія, ён імкнецца выконваць.

«Цяжка, канечне. Калі павялічваеш такі здымак, рысы твару таксама размываюцца. А як зрабіць партрэт, калі ты ніколі ў жыцці не бачыў таго чалавека? Ды і сваякі, калі прапануеш ім на выбар, каб было прыгожа ці падобна, выбіраюць другі варыянт. Часам даводзіцца ўгаворваць замяніць партрэт нейкай выявай, напрыклад анёлам, бо зусім немагчыма ўявіць па здымку, што маляваць», — расказвае Канстанцін.

Прыклад таго, як выглядаў здымак, што прынеслі мастаку (злева), і таго, як ён будзе выглядаць на помніку. 

Цяпер выява на помнік можа наносіцца трыма рознымі спосабамі. Першы — уручную, калі мастак робіць гравіроўку ад рукі. Лічыцца, што такая выява захаваецца надоўга, бо мастак выразае яе досыць глыбока ў камені.

Цяпер на змену партрэтам ад рукі прыйшоў другі спосаб — камп’ютарная гравіроўка. Выява на помнік наносіцца спецыяльным станком. Гэта самы танны варыянт на сёння.

Але ёсць яшчэ адзін спосаб, які фактычна замяніў медальёны на помніках. Спецыяльнай прыладай фота наносіцца на керамічную паверхню. Такое фота вельмі якаснае, каляровае, але ёсць свае недахопы.

«Першы недахоп — гэта кошт. Калі малюнак на помнік, нават выкананы ўручную, будзе каштаваць прыкладна 70-120 рублёў, то выява на фотакераміцы абыдзецца ў суму каля 250 рублёў. І вось жа што. Фотакераміка крохкая, лёгка б’ецца. У мяне вельмі шмат замоваў, калі людзі просяць замяніць такія выявы. Бо на могілках часта косяць траву газонакасілкамі, дастаткова аднаму каменьчыку адскочыць — і выява б’ецца», — расказвае Канстанцін.

Яшчэ адна тэма — гэта надпісы на помніках.

Надпісы як правіла стандартныя. Ці цытата з біблейскіх тэкстаў, ці згадка тых сваякоў, якія мусяць памятаць нябожчыка.

«Вось якраз з гэтым і быў у мяне кур’ёзны выпадак. Неяк дзядуля прыйшоў замаўляць помнік самому сабе. Абавязковай яго ўмовай было згадаць на помніку ўсіх сваякоў. Я не перабольшваю, сур’ёзна. Там былі пералічаныя ўсе: памяць жонкі, сыноў, братоў, сясцёр, дзяцей, унукаў, кумоў. Пяць радкоў атрымалася на помніку. І вось, калі ўсё было дамоўлена, прыбягае гэты дзядуля і кажа:

«Стойце, трэба яшчэ абавязкова дадаць нявестку Галю, яна таксама толькі што грошы на гэты помнік здала!»

І быў выпадак у пачатку 90-х, калі сваякі памерлага папрасілі напісаць на помніку: «Спі спакойна, мы атаварым твае талоны». Я адгаворваў, тлумачыў, што праз сорак год гэты надпіс ніхто не зразумее», — усміхаецца Канстанцін.

Тым, хто замаўляе помнікі з надпісамі на беларускай мове, Канстанцін Уладыка робіць зніжку.

«І ведаеце, апошнім часам усё часцей чую, што хочуць, каб надпіс быў выкананы менавіта па-беларуску, кажуць: «А як іначай, мы ж беларусы», — прызнаецца ён.

Майстар расказвае, што найбольш цікава яму працаваць не з шаблонамі, а калі чалавек прыходзіць са сваёй ідэяй помніка.

«Самы дарагі помнік, які мне даводзілася рабіць, каштаваў прыкладна $4000. Там усё прыдумаў замоўца. Мне прыйшлося нават пісаць распіску, што больш нікому не буду рабіць такі ж помнік», — прызнаецца майстар.

Кошт помніка таксама залежыць і ад каменю, з якога ён зроблены.

«У Беларусі ў асноўным працуюць з каменем, які здабываюць у Карэліі. Самы распаўсюджаны сёння камень — гэта карэльскі дыябас. Ён звычайна цёмна-шэрага або чорна-зялёнага колеру. Камень мяккі, на яго лёгка кладзецца гравіроўка. Ён адзін з самых танных.

Дарагім і рэдкім лічыцца камень змеявік. Ён мае яркі зялёны колер з залацістымі іскрынкамі.

Чырвоны колер маюць некаторыя віды граніту. Я рабіў такі помнік адной бабулі, якая хацела, каб яе помнік быў толькі гэтага колеру. Ні на якія ўгаворы, што можна падабраць больш танныя варыянты, яна не пагадзілася», — расказвае Канстанцін Уладыка.

Канстанцін згадвае выпадкі, калі людзі самі сабе замаўляюць помнік. Бывае, што помнік яшчэ гадоў дваццаць захоўваецца недзе ў хлеве.

«Тлумачаць гэта тым, што хочуць, каб пасля дзеці не моцна траціліся, маўляў, самі пра ўсё падумалі. Але найчасцей дзеці замаўляюць адразу падвоены помнік бацькам, калі памірае адзін з іх. Я разумею, што гэта больш танна, але заўсёды сумую, калі выконваю такія замовы. Хочацца, каб чалавек жыў яшчэ доўга, а ўжо недзе на могілках стаіць помнік з яго фотаздымкам і датай нараджэння. Бывае, што залепяць выяву нейкім чорным цэлафанам, ад гэтага яшчэ больш сумна. Лічу, што трэба рабіць усё ў свой час», — кажа Канстанцін Уладыка.

Каментары5

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі35

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі

Усе навіны →
Усе навіны

Былы кіраўнік МЗС Літвы раскрытыкаваў паніжэнне ўзроўню аховы Ціханоўскай23

«Ён не збег, а пабег да мяне ў радзільню». Смяротнае ДТЗ на вуліцы Леніна ў Мінску2

Топавы беларускі валейбаліст уладкаваўся настаўнікам фізкультуры ў Польшчы2

«Ужо сіл няма глядзець на гэтыя цэны». Беларусы скардзяцца на кошт аўтобусных білетаў у Літву5

«Чувак дзела сказаў». Людзі масава падтрымалі студэнта-афрыканца10

Вы выкідваеце чэкі з крамаў у макулатуру? Вы жорстка памыляліся3

«Я дзейнічаў паспешліва і дапусціў некалькі памылак». Сяргей Ціханоўскі запісаў відэа пра 100 дзён на волі60

У Мінску прадаюць кватэру за $2,3 мільёна. Што прапаноўваюць за такія шалёныя грошы? ШМАТ ФОТА10

У Офісе Ціханоўскай пракаментавалі рашэнне знізіць узровень яе фізічнай аховы ў Літве17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі35

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць