Нарвегія, нягледзячы на нізкія цэны на нафту, плануе яшчэ больш павялічыць яе лішак на сусветным рынку, паведамляюць інфармагенцтвы.
Нарвежская дзяржаўная кампанія Equinor ASA мае намер павялічыць здабычу на радовішчы Ёхан Свердруп у Паўночным моры, выйшаўшы на максімум у 470 тысяч бараляў за дзень ужо ў маі.
Гэта, па меншай меры, на месяц раней тэрміну, і на 30 тысяч бараляў за суткі больш, чым прагназавалася, што ва ўмовах перавытворчасці і нафтавай вайны ўскладніць сітуацыю на рынку.
Мяркуецца, што ў канцы 2022 года Нарвегія штодня будзе здабываць 690 тысячаў бараляў.
У панядзелак стала вядома, што цана на нафту расійскай маркі Urals ўпала да ўзроўню 1999 году — за яе давалі 16,2 даляра за бараль.
Галоўным фактарам, які ўплывае на сусветную эканоміку і запаволенне попыту на нафту, застаецца пандэмія. Нафтавыя каціроўкі і курсы валют абрынуліся ў пачатку сакавіка пасля навін аб тым, што ўдзельнікі здзелкі АПЕК+ не змаглі працягнуць дамоўленасці па здабычы нафты: Саудаўская Аравія прапаноўвала знізіць здабычу, а Расія — захаваць існуючыя ўмовы. У выніку ад 1 красавіка пагадненне спыняе дзеянне і абмежаванняў ва ўдзельнікаў альянсу больш не будзе.
Каментары