Грамадства1818

Згарэў за пяць дзён. У Віцебску ад каранавіруса памёр 58-гадовы палкоўнік пракуратуры

У Віцебску за няпоўны тыдзень ад пнеўманіі згарэў былы следчы па найважнейшых справах Віцебскай абласной пракуратуры, палкоўнік у адстаўцы, 58-гадовы Анатоль Высоцкі.

Былыя калегі расказалі «Нашай Ніве», што толькі ў панядзелак 30 сакавіка ён адкрыў бальнічны, а ўжо ў пятніцу, 3 красавіка, ім паведамілі пра запланаванае на нядзелю пахаванне.

У выніку публічнага развітання не будзе, бо прыйшоў пасмяротны аналіз на каранавірус — станоўчы… 

Гэтую інфармацыю «Нашай Ніве» пацвердзіла жонка памерлага. 

«Узялі аналіз — ён пацвердзіўся. Гэта не хаваецца. Як сталі вядомыя вынікі — пазванілі з санэпідэмстанцыі.

Нам цяпер тэсты гэтыя зробяць: зараз прыедуць апрацаваць кватэру, тэсты — і на ізаляцыю. 

Мы ж не маглі нават падумаць, што ў яго станоўчы вынік! І адкуль жа я ведаю, дзе ён мог заразіцца?

Мы ж не ездзілі нікуды, на месцы былі. Я на работу і з работы, ну ў краму зайду. Ён таксама ў краму мог зайсці, на рынак, на лецішча — усё. А так ён дома сядзеў, пенсіянер, нікуды не выходзіў, не ездзілі нікуды. 

Пачыналася з тэмпературы, тры дні патэмпературыў — 38. Ён сам звязваў гэта з простай прастудай, маўляў, быў на лецішчы, як ён казаў, дровы складваў, пратапіў, выбег на вуліцу — ну, можа, прадзьмула, прастыў ды прастыў… Падумаць не маглі, што ў нас можа быць нейкі каранавірус», — сказала «Нашай Ніве» жонка. 

Са слоў жонкі, у палкоўніка Высоцкага была арытмія, ён быў сардэчнік.

Як вядома, каранавірусная інфекцыя дае ўскладненні ў форме пнеўманій. Асабліва цяжка яе пераносяць людзі старэйшага ўзросту, з хранічнымі захворваннямі. Па заразнасці каранавірус падобны да грыпу.

Чытайце таксама: «А мы працягвалі прымаць адпачываючых». У інфекцыёнцы памёр супрацоўнік санаторыя «Пралеска» ў Ждановічах

Сітуацыя ў Віцебску выклікала трывогу з другой паловы сакавіка, калі адтуль стала паступаць інфармацыя пра ненармальна вялікую колькасць пнеўманій. Улады спачатку называлі гэта чуткамі і пагражалі пакараннямі за распаўюджванне панікі.

31 сакавіка Віцебск стаў тэмай спаткання прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Качанава пабывала ў Віцебску. «Сітуацыя абсалютна кіраваная, дактары разумеюць, што трэба рабіць», — было заяўлена на сустрэчы.

Тады ж, 31 сакавіка, улады пацвердзілі смерць заслужанага артыста Беларусі, акцёра віцебскага Тэатра імя Якуба Коласа 75-гадовага Віктара Дашкевіча. У яго быў выяўлены каранавірус.

Тэатр спыніў спектаклі. Паводле інфармацыі ўдавы Дашкевіча, па меншай меры, у пяці супрацоўнікаў тэатра запаленне лёгкіх, іх шпіталізавалі.

Акрамя таго, яшчэ дзве сям'і з Віцебска першымі заявілі, што іх родныя — 73-гадовая Аляксандра Чэпік і 58-гадовая Таццяна Хузеева — памерлі, будучы шпіталізаваныя з цяжкімі пнеўманіямі. Абедзве сям'і сцвярджаюць, што ім тэлефанавалі санслужбы і паведамлялі пра станоўчыя пробы на каранавірус. У дачыненні да Хузеевай Міністэрства аховы здароўя пазней абвергла гэтую інфармацыю. У Чэпік у пасведчанні пра смерць быў указаны каранавірус.

Акрамя таго, у Віцебску ад каранавіруса памёр 70-гадовы адстаўнік Уладзімір Сідараў, былы капітан флота.

Вядома таксама пра смерць ад пнеўманіі медсястры, што працавала ў бальніцы, дзе ляжаць хворыя на каранавірус. Што тычыцца яе выпадку, улады не далі інфармацыі адносна сувязі яе смерці з COVID-19.

Чытайце таксама: «Баяліся несці дадому сваю форму». Стала больш вядома пра 47-гадовую медсястру, якая памерла ў Віцебску

На жаль, афіцыйная інфармацыя пра колькасць пацыентаў з дыягназам «пнеўманія» у Віцебску і вобласці не публікуецца. Прыватным чынам медыкі кажуць пра тое, што пацыентаў з запаленнем лёгкіх у горадзе нашмат больш, чым звычайна ў гэты час года.

Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка на сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай прызнаў, што ў Віцебскай вобласці назіраецца ўсплёск захворванняў, але не змяніў свайго стаўлення да пандэміі.

«Вы ў мяне чалавек мужны. Салдат такі, што і ў выхадныя адпрацавалі ў праблемным рэгіёне, роднай сваёй вобласці. Я не кажу, што там катастрофа нейкая, не. Проста Віцебская вобласць у нас заўсёды, і па клімаце іншая, і трохі зрушыўся гэты пік захворвання. Сёння там працуе міністр аховы здароўя, я накіроўваў яго туды і спецыялістаў, каб яны звярнулі ўвагу, прааналізавалі і зрабілі высновы».

У сваю чаргу, Качанава заявіла: «Сітуацыя абсалютна кіраваная. Дактары разумеюць, што трэба рабіць».

«Я доктарка, працую ў Віцебску ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. У нашым горадзе сітуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю! Медыкі хутка не будуць даваць рады наплыву хворых. Шмат дактароў знаходзіцца ў бальніцах з запаленнем лёгкіх! Распаўсюдзьце гэтую інфармацыю ў сацыяльных сетках. Лічбы, тыя, што падаюць у СААЗ, абсалютна міфічныя», — напісала 30 сакавіка на сваёй старонцы «УКантакце» доктарка з Віцебска Наталля Ларыёнава. Пазней яе выклікалі ў пракуратуру, каб яна дала тлумачэнні пра гэты свой запіс.

У адрозненне ад іншых еўрапейскіх краін, у Беларусі не ўведзеныя афіцыйныя каранцінныя абмежаванні. 

Усяго па стане на 4 красавіка ўлады Беларусі заявілі пра 440 пацверджаных выпадкаў каранавіруса і 5 смерцяў. 

Тым часам па стане на ранак 5 красавіка СМІ апублікавалі 11 паведамленняў пра смерць ад каранавіруса са спасылкамі на родных памерлых ці на медыцынскі персанал ніжэйшага звяна. Гэтыя смерці адносіліся да жыхароў Віцебска, Мінска, Капыльскага раёна, а таксама супрацоўніка санаторыя ў Мінскім раёне, месца жыхарства якога не ўказвалася.

Каментары18

Цяпер чытаюць

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу15

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам знялі на ВІДЭА, як курапаткі проста ў двары дома катаюцца з горкі3

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год64

На расійскай Камчатцы для перавозкі пасажыраў задзейнічалі аўтазакі ФОТА1

Слуцкія фермеры паказалі гіганцкі апетытны кавалак сала — у тыктоку мільёны праглядаў12

Прапагандысты паказалі двух арыштаваных радыёаматараў — Мікіту Красько і Андрэя Рэпеція8

У Кітаі заўважылі амурскую тыгрыцу з пяццю тыгранятамі. Гэта ўнікальны выпадак ВІДЭА2

Макрон: Дзве траціны разведвальнай інфармацыі для Украіны цяпер забяспечвае Францыя5

«Дэпрэсія ў калоніі — з’ява страшная». Фядута расказаў пра Андрэя Паднябеннага, які за кратамі скончыў жыццё самагубствам2

IT-прадпрымальнік Юрый Мельнічак прыдумаў, як падоўжыць жыццё да 120 гадоў17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу15

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць