Культура88

Памерла маладой у страшных пакутах. Медыкі змаглі паставіць дыягназ Венеры Бацічэлі па карцінах праз 500 гадоў

Карціна Сандра Бацічэлі «Нараджэнне Венеры» — адзін з галоўных і самых вядомых сімвалаў эпохі Адраджэння. Але за ідэальным, спакойным тварам багіні, якая выходзіць з марской пены, хаваецца рэальная чалавечая трагедыя. Натуршчыца Сіманета Веспучы, якую называлі самай прыгожай жанчынай Фларэнцыі, памерла зусім маладой, перажыўшы перад смерцю страшныя пакуты. Міжнародная група даследчыкаў у 2026 годзе абвясціла: яны нарэшце ведаюць, што менавіта забіла Музу Рэнесансу.

Карціна «Нараджэнне Венеры», мадэллю для багіні на якой выступала Сіманета Веспучы. Сандра Бацічэлі, 1482—1486. Уфіцы. Фота: Фота: Wikimedia Commons

Знакамітае «Нараджэнне Венеры», якое сёння захоўваецца ў галерэі Уфіцы, было напісанае ўжо пасля смерці Сіманеты. Маштабны твор стаў рэвалюцыяй у заходнім мастацтве і замацаваў вобраз маладой жанчыны ў вечнасці. Яе твар закаханы Бацічэлі будзе маляваць да канца сваіх дзён. Больш за пяць стагоддзяў гісторыкі лічылі, што дзяўчына памерла ад сухотаў (туберкулёзу).

Аднак новае даследаванне, апублікаванае ў аўтарытэтным медыцынскім часопісе Endocrinology, Diabetes & Metabolism, сцвярджае: прычынай трагедыі стала рэдкая і агрэсіўная паталогія.

«Ні з кім не параўнальная»

Сіманета Катанэа нарадзілася ў 1453 годзе ў Лігурыі. У 16 гадоў яна выйшла замуж за Марка Веспучы — сваяка таго самага Амерыга Веспучы, у гонар якога пазней назавуць Амерыку.

Пераехаўшы ў Фларэнцыю, дзяўчына зрабіла сапраўдны фурор. Яна літаральна зачаравала мясцовую эліту, уключаючы кіраўнікоў горада — братоў Ларэнца і Джуліяна Медычы. Паэт Анджэла Паліцыяна даў ёй тытул «Ні з кім не параўнальная» (La Sans Par).

Аднак самым адданым яе прыхільнікам стаў мастак Сандра Бацічэлі. Ён абагаўляў Сіманету і праз шмат гадоў пасля яе смерці завяшчаў пахаваць сябе ў царкве Аньісанці ля яе ног.

Вясной 1476 года Фларэнцыю шакавала навіна: бліскучая 23‑гадовая дзяўчына злегла. Трагедыя пачалася нечакана падчас аднаго з баляў, калі пасярод танца ў Сіманеты здарыўся моцны крывацёк з носа. Яна ўпала беспрытомная, аніхто не мог спыніць кроў.

Дзякуючы захаванай перапісцы паміж мужам Сіманеты і Ларэнца Медычы сучасныя даследчыкі змаглі дакладна аднавіць клінічную карціну яе апошніх дзён.

Маладая жанчына пакутавала на бесперапынныя насавыя крывацёкі, выдзяленні з носа, нясцерпныя галаўныя болі, высокую тэмпературу і ваніты. У яе пачалася зблытанасць свядомасці і моцныя галюцынацыі.

Устурбаваны Ларэнца Медычы адправіў да яе свайго найлепшага лекара, маэстра Стэфана. Той адразу пачаў спрачацца з сямейным доктарам Веспучы, маэстра Майсеем. Апошні настойваў, што ў дзяўчыны звычайныя сухоты, і прызначыў бессэнсоўнае лячэнне. У красавіку 1476 года пасля страшных пакут Сіманеты не стала.

Дыягназ па палотнах Бацічэлі

Каманда медыкаў з Італіі і ЗША на чале з прафесарам Паала Пацылі ўважліва вывучыла не толькі гістарычныя лісты, але і карціны Бацічэлі. Яны прыйшлі да высновы, што дзяўчыну забіла апаплексія пухліны гіпофіза — раптоўнае кровазліццё або інфаркт у адэному.

Працуючы з палотнамі, навукоўцы выявілі цэлы шэраг медыцынскіх падказак. Галоўным доказам стала супастаўленне бясплоддзя з дзіўнымі дэталямі на карцінах.

Вядома, што Сіманета ніколі не мела дзяцей, прычым яе муж пасля яе смерці ажаніўся зноў і меў дзевяцярых нашчадкаў, што пацвярджае праблемы са здароўем менавіта ў жонкі.

Алегарычны партрэт жанчыны (Сіманеты Веспучы). Сандра Бацічэлі, каля 1480—1490. Прыватная калекцыя. Фота: Wikimedia Commons

Разам з тым на адным з алегарычных партрэтаў Бацічэлі малюе Сіманету, з грудзей якой пырскае малако. Медыкі лічаць гэта дакладным сведчаннем галактарэі — паталагічнага выдзялення малака, якое часта сустракаецца пры пухлінах гіпофіза (пралакціномах).

Яшчэ адну падказку даў штучны інтэлект. Сучасныя алгарытмы прааналізавалі пяць партрэтаў Сіманеты розных гадоў і пацвердзілі, што ў дзяўчыны паступова павялічваліся і змяняліся рысы твару і сківіцы. Гэта з'яўляецца класічным сімптомам лішку гармону росту, які выдзяляла адэнома.

Акрамя таго, уважлівыя гледачы «Нараджэння Венеры» часта заўважаюць у багіні лёгкую касавокасць (страбізм). У часы маньерызму гэта нават стане моднай дэталлю, але з медыцынскага пункту гледжання буйная пухліна гіпофіза магла ціснуць на чарапныя нервы, выклікаючы парушэнне зроку і асіметрыю вачэй.

Што справакавала гібель

На думку навукоўцаў, пухліна гіпофіза расла ў Сіманеты не адзін год. Яна павялічвалася ў бок клінападобнай пазухі носа, і менавіта гэтым тлумачыцца адсутнасць поўнай слепаты, якую звычайна выклікаюць такія ўтварэнні. Разрыў пухліны і кровазліццё (апаплексія) часта правакуюцца рэзкім перападам крывянога ціску або траўмай. Даследчыкі вылучаюць дзве гістарычныя версіі таго, што магло стаць фатальным трыгерам.

Першая версія звязвае трагедыю з танцамі. У часы Рэнесансу балі патрабавалі значнай фізічнай вынослівасці, а хуткія рухі і скачкі маглі стаць тым механічным штуршком, які прывёў да разрыву сасудаў у пухліне непасрэдна падчас свята.

Другая версія больш змрочная: гістарычныя хронікі і вершы намякаюць, што на беразе ракі Арно Сіманета магла стаць ахвярай засады або гвалту з боку Альфонса II Д'Арагона, герцага Калабрыі, вядомага сваімі амаральнымі паводзінамі. Моцны стрэс або фізічны ўдар цалкам маглі справакаваць кровазліццё ў мозг.

Праз больш за пяць стагоддзяў пасля смерці сучасная навука нарэшце апраўдала фларэнційскага лекара Стэфана, які не верыў у сухоты і шукаў іншую прычыну хваробы. Сіманета Веспучы памерла не ад рамантычнай «хваробы арыстакратаў», а ад вострай эндакрыннай хваробы. Аднак для ўсяго свету яна назаўжды засталася Венерай, якая бесклапотна плыве да берага на гіганцкай ракавіне.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Свояк, но с той же фамилией Веспуччи
    22.06.2026
    И часто так бывает?
  • Кол
    22.06.2026
    Але , хворых з такой паталёгіяй і цяпер ня ратуюць.
  • Жвір
    22.06.2026
    З Венерай /Афрадытай ясна, а хто быў вобразам ветра Зефіра, які першым вітаў Венеру ? А німфаў мастак маляваў з каго ? Адныя зацемкі, і ніякіх адказаў...

Цяпер чытаюць

Яму выбілі чатыры зубы, а пасля выкінулі з краіны. Цяпер былога палітвязня арыштавалі ў Латвіі з шасцю мігрантамі ў машыне23

Яму выбілі чатыры зубы, а пасля выкінулі з краіны. Цяпер былога палітвязня арыштавалі ў Латвіі з шасцю мігрантамі ў машыне

Усе навіны →
Усе навіны

«Проста ў нас шапіто скончылася». У Белдзяржцырку патлумачылі, чаму вымушаныя шукаць адразу 15 супрацоўнікаў7

Пасля канцэрта Макса Каржа ў Франкфурце распачалі 11 крымінальных спраў3

Ашуканцы дураць школьнікаў праз фальшывыя сайты з гатовымі хатнімі заданнямі2

«Робіцца гэта за грошы расіян». «Белпол» расказаў, як Беларусь рыхтуецца да вайны33

У Мінску роўпджампер упаў з вышыні праз памылку пры мацаванні страхоўкі

Пасля здзелкі Трампа з Пуціным ЕС пачаў рыхтаваць новыя санкцыі супраць расійскай нафты1

У Эстоніі судзяць беларускага мянялу — за тры месяцы праз яго пракруцілі 861 тысячу еўра

Сусветная эканоміка ўсё больш падобная да літары К. Дзе на ёй знаходзіцца Беларусь?3

Гамельчука судзілі за вялікі хабар. Самае цікавае, як ён яго патраціў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яму выбілі чатыры зубы, а пасля выкінулі з краіны. Цяпер былога палітвязня арыштавалі ў Латвіі з шасцю мігрантамі ў машыне23

Яму выбілі чатыры зубы, а пасля выкінулі з краіны. Цяпер былога палітвязня арыштавалі ў Латвіі з шасцю мігрантамі ў машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць