Усяго патроху1414

Праз каранавірус беларус захрас у Малі: як ён выжывае ў Афрыцы

39-гадовы Аляксандр Мядзведзеў — заўзяты падарожнік. Ён наведаў ужо 75 краін свету. У пачатку лютага Аляксандр пачаў з Беніна вялікае падарожжа па Заходняй Афрыцы, скончыць яго планаваў летам у Маўрытаніі.

Але ў планы ўмяшалася сітуацыя з каранавірусам. Закрыццё граніц заспела беларуса ў сталіцы Малі, горадзе Бамака. На гэты момант Мядзведзеў не мае магчымасці кудысьці выехаць з краіны, але не ўпадае ў роспач.

«Я праграміст, але пакуль беспрацоўны, таму і атрымаў магчымасць павандраваць. У Афрыцы я бываў і раней, але ў іншых рэгіёнах. Яна вабіла з дзяцінства. Наведваць краіны трэцяга свету мне значна цікавей за цывілізаваныя», — кажа Аляксандр.

На вуліцах Бамака.

За час гэтай вандроўкі Мядзведзеў паспеў наведаць Бенін, Нігер, Буркіна-Фасо, Тога, Кот-д’Івуар і Малі.

«Бенін — гэта такая турыстычная краіна, шмат усяго звязана з рэлігіяй вуду, служэнні, вельмі прыгожыя пляжы. У Нігера кепская рэпутацыя ў плане бяспекі, я там не бачыў белых турыстаў. Перасоўваўся больш-менш спакойнымі маршрутамі, таму праблем не было. У Буркіна-Фасо быў на двух фестывалях. Адзін з іх — фестываль масак, які праходзіць раз на два гады. Раней краіна была турыстычнай, але цяпер там нават лішні раз лепш не даставаць фотаапарат. На поўначы краіны ідзе вайна, таму сітуацыя не вельмі добрая. У Тога таксама культ вуду, пляжы, прыгожыя афрыканскія вёскі, горы. Краіна турыстычная. Візу ў Гану мне не далі, таму паляцеў самалётам у Кот-д’Івуар. Там мяне ўразіў вялізны каталіцкі храм, большы за базіліку Святога Пятра ў Ватыкане, у Ямусукра. Горад стаіць пусты і там узвышаецца такі касцёл», — караценька Аляксандр апісаў наведаныя краіны.

Рака Нігер.

Ад канца сакавіка Аляксандр знаходзіцца ў Малі. «Каранавіруса тут асабліва няма, кажуць пра два новыя выпадкі ў дзень [афіцыйна ў Малі 47 хворых, 5 чалавек памерлі — «НН»]. Таму рэжым тут дастаткова мяккі, асаблівых абмежаванняў няма. Справа ў тым, што 19 красавіка пройдуць парламенцкія выбары. Існуе каменданцкая гадзіна ад 21 вечара да 5 раніцы. Закрылі кінатэатры, забаранілі мітынгі хіба што. У тым жа Кот-д’Івуары сталіцу проста заблакавалі і адрэзалі ад іншай часткі краіны, а ў Малі такога няма. Тым не менш, пэўная напружанасць існуе, бо ўсе мясцовыя глядзяць французскія тэлеканалы, дзе шмат гаворыцца на тэму каранавіруса».

Жыхары Малі.

У некаторых азіяцкіх краінах, напрыклад, Шры-Ланцы, змянілася стаўленне да еўрапейцаў, якія лічацца распаўсюднікамі заразы. А як у гэтым плане справы ў Афрыцы?

«Ёсць група ў фэйсбуку, дзе аб’яднаныя турысты з Еўропы, якія не могуць выехаць з Афрыкі, дык там часам скідваюць допісы ў сацыяльных сетках з падобным зместам. Часам людзі шарахаюцца ад цябе, але ніякай агрэсіі я не сустракаў».

Стадыён у Бамака.

Аляксандр Мядзведзеў звязваўся з беларускім пасольствам у Лагасе (Нігерыя), яны перанакіравалі мужчыну на расійскае прадстаўніцтва ў Малі. «Размаўляў з расійскім аташэ, мне сказалі, што калі ёсць у самалёце месцы, то яны забіраюць грамадзян СНД: Беларусі, Казахстана. Наколькі я ведаю, на сёння ў Малі знаходзяцца шасцёра расіян: трое па бізнэсе і трое турыстаў. Зразумела, што гнаць самалёт дзеля шасці чалавек ніхто не збіраецца. Турысты спачатку жылі ў гатэлі, а цяпер знаходзяцца на тэрыторыі пасольства. Наколькі я ведаю, умовы для жылля там не дужа добрыя. Пра іншых беларусаў, апроч сябе, у Заходняй Афрыцы цяпер я не чуў», — кажа вандроўнік.

Зняць гатэль у Бамака будзе каштаваць каля 50 даляраў за суткі — гэта не самая танная забава. Мядзведзеў тлумачыць гэта нетурыстычным статусам краіны, у тым жа Беніне ці Тога жыллё нашмат таннейшае. У Аляксандра атрымалася зняць кватэру праз партал Airbnb, гэта яму каштуе каля 15 даляраў за ноч.

Так выглядае кватэра Аляксандра ў Бамака.

«Умовы неблагія: ёсць вай-фай, англамоўныя тэлеканалы па тэлевізары, хоць гэта і не цэнтр. Выходжу раз на дзень па ежу. Паесці ў рэстаране каштуе не менш за 10 даляраў, вулічная ежа — 4-5 даляраў. Вулічная ежа — гэта курыца і бульба звычайна».

Стрытфуд Малі.

«Большасць насельніцтва Бамака — беднякі, як і ў іншых афрыканскіх краінах, але хапае і багатых людзей. Напрыклад, я заходзіў у адну з гасцініц у Кот-д’Івуары, і там стаіць «Кока-кола» па 5 даляраў. І п’юць жа яе афрыканцы. Афрыка цікавая для вандровак, але не для жыцця тут. Той жа Бамака — гэта пыльны горад. Тут ёсць заапарк, парк, знайшоў пункт, дзе можна бачыць горад зверху, забаў не так шмат».

На вуліцах Бамака.

Поўнач Малі кантралююць тэрарысты, там нярэдка адбываюцца ваенныя дзеянні. Аляксандра папярэдзілі, што туды лепш не совацца. Днямі беларус працягнуў на месяц у паліцыі сваю візу ў Малі. Гэта каштавала 25 даляраў.

Прырода Малі.

«Я не панікую. Грошай павінна хапіць на 5-6 месяцаў. Спадзяюся, за гэты час межы ўсё ж адкрыюць. І ў мяне атрымаецца дабрацца да Маўрытаніі, а адтуль да Еўропы. Цяпер гляджу тэлевізію па-англійску, чытаю кніжку на англійскай мове. Падцягваю сваё валоданне гэтай мовай. Усё добра», — адзначае Аляксандр Мядзведзеў.

Малі

Краіна ў Заходняй Афрыцы. Была французскай калоніяй. Незалежнасць атрымала ў 1958 годзе. Насельніцтва — 19 мільёнаў. Адна з найбяднейшых краін свету па ВУП на душу насельніцтва. 90% насельніцтва Малі — мусульмане-суніты, 3% — каталікі, 2% — хрысціяне іншых канфесій, 5% — прыхільнікі традыцыйных афрыканскіх вераванняў. У 2012 годзе поўнач Малі заявіла, што будзе дабівацца незалежнасці рэгіёна з назвай Азавад. За гэтым паўстаннем стаяла качэўніцкая народнасць туарэгаў, а таксама мясцовыя ісламісты. Цягам пары месяцаў паўстанцам атрымалася заваяваць большую частку краіны, прычым з некалькімі вайсковымі базамі. З цягам часу ісламісты цалкам выціснулі туарэгаў і сталі кантраляваць тэрыторыю. Праўда, яны ж потым заявілі, што адмаўляюцца ад незалежнасці на карысць шырокай аўтаноміі. Фактычна на поўначы краіны існаваў мусульманскі эмірат, які жыў па законах шарыяту. У пачатку 2013 года пры дапамозе французскіх войскаў ісламістаў прымусілі здацца, тым не менш баявыя дзеянні там адбываюцца па сёння.

Каментары14

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка8

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША рассакрэцілі новыя дакументы па праграмах ЦРУ «па кантролі над розумам», якія ладзіліся падчас Халоднай вайны10

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай13

Закладчыкі хавалі наркотыкі ў шышках, каштанах і жалудах3

Іван Наскевіч выдаў кнігу пра Следчы камітэт — які ён раней узначальваў6

Беларусы сабралі неабходную суму грошай на калядныя падарункі дзецям палітвязняў2

У Вілейцы з'явіўся ліхтар, якому трэба ціснуць руку, а ў адказ ён здыме капялюш і запаліць святло

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?32

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка8

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →