У Оршы вечарам затрымалі 28-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра Андрэева, піша Радыё Свабода.
Ягоная жонка Паліна высветліла, што яму інкрымінуюць адміністрацыйнае правапарушэнне, але якое, пакуль невядома. Яна мяркуе, што гэта ўдзел 19 чэрвеня ў «ланцугу салідарнасці». Паводле яе, судзіць Аляксандра будуць пасля выхадных. Цяпер ён у мясцовым ізалятары часовага ўтрымання.
Паліна засталася адна з двума малымі дзецьмі. Кажа, што пакуль не асэнсавала таго, што адбылося з мужам. Разуменне прыйдзе, як управіцца з дзецьмі.
Па словах Паліны, у маі Аляксандр адседзеў у ізалятары 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. У Аршанскім ізалятары ўжо адбывае 13-суткавае пакаранне актывіст АГП з суседняга райцэнтра Дуброўна Міхаіл Чамурака, таксама за «ланцуг салідарнасці».
Аляксандар Андрэеў — стваральнік і адміністратар тэлеграм-каналу «Орша для жизни».
У Оршы а 21 гадзіне затрымалі чальца ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай — Паўла Парфяненку. Пра гэта паведаміла Свабодзе жонка затрыманага Юлія. Паводле яе па Паўла прыехалі дамоў і цяпер ён у мясцовым ізалятары. Там прабудзе прынамсі да панядзелка.
Каментары