Апазіцыя ў Абхазіі заклікала грамадзян сабрацца днём ля парламента, каб зноў запатрабаваць адстаўкі прэзідэнта
«Час яго кіравання ўжо скончыўся», — сцвярджае апазіцыя.
Каардынацыйная рада апублікавала заклік да грамадзян прыйсці да 14: 00 па мясцовым часе да парламента, каб запатрабаваць ад прэзідэнта Аслана Бжанія сысці ў адстаўку, піша Бі-бі-сі.
«Час яго кіравання ўжо скончыўся. Наша задача — дамагчыся адстаўкі Бжанія і стабілізаваць палітычную сітуацыю ў краіне», — гаворыцца ў заяве.
Напярэдадні вечарам грамадзяне непрызнанай рэспублікі, незадаволеныя новым інвестыцыйным пагадненнем з Расіяй, сілай праніклі на тэрыторыю комплексу ўрадавых будынкаў, знёсшы вароты. Яны заклікалі прэзідэнта сысці.
У адказ Бжанія заявіў, што працягне працаваць, і ўначы, пасля нарады з сілавымі структурамі, з'ехаў з Сухумі ў сваё роднае сяло Тамыш. У суботу ён мае намер правесці там сустрэчу са сваімі прыхільнікамі.
Прэс-служба прэзідэнта ў пятніцу анансавала адкліканне інвестпагаднення, але пазней абвергла такія планы.
Раніцай суботы вакол комплексу ўрадавых будынкаў у Сухумі было спакойна і бязлюдна.
Аслан Бжанія кіруе рэгіёнам з 2020 года.
З-за чаго ўзніклі пратэсты?
Пратэсты ў Абхазіі ўзніклі з-за ратыфікацыі інвестыцыйнай дамовы з Расіяй. Вось чаму дакумент не падабаецца абхазскай апазіцыі, піша «Медуза».
Праект дамовы быў анансаваны год таму. Ён прадугледжвае выдзяленне зямельных участкаў для расійскіх бізнэсоўцаў і многія гады падатковых канікулаў. Таксама дакумент дазваляе прывозіць у Абхазію замежных працоўных, бязмытны імпарт будаўнічых матэрыялаў і адкрыццё ў часткова прызнанай краіне філіяла расійскага банка.
Мінімальнае абмежаванне інвестыцый — два мільярды расійскіх рублёў за праект (20 млн даляраў). Пры гэтым даходная частка бюджэту Абхазіі на 2024 год складае 12 мільярдаў рублёў (120 млн даляраў).
Улады Абхазіі сцвярджаюць, што інвестыцыі неабходныя для стабілізацыі эканомікі ў краіне. Крытыкі дакумента лічаць, што ён выгадны толькі Расіі.
Асаблівае незадавальненне выклікаюць пункты, якія прадугледжваюць перадачу абхазскіх зямель расійскім прадпрымальнікам. Апазіцыя таксама лічыць, што бізнэсоўцы з РФ выціснуць абхазаў з важнейшай для краіны турыстычнай сферы.
Нам навязваюць ідэю, закладзеную ў пагадненні, асвоіць Абхазію без грамадзян Абхазіі. <…> То-бок гэта будзе паралельная нейкая эканоміка з удзелам расійскіх інвестараў, расійскіх банкаў», — заявіў эканаміст Ахра Арыстава.
Масква настойвае на ратыфікацыі дакумента ў Абхазіі. Расія забяспечвае амаль трэць бюджэту Абхазіі, і фінансавы ціск у часткова прызнанай рэспубліцы адчувальны. Акрамя таго, у Абхазіі знаходзіцца вайскова-марская база Расіі.
Каментары