Выбары-20202525

«На імпічмент я не пайду. Лукашэнка мусіць заставацца прэзідэнтам». Як дэпутат Давыдзька загаворваў зубы выбарцам

Увечары 27 жніўня прайшла сустрэча выбарцаў акругі №107 Мінска з дэпутатам Генадзем Давыдзькам. Цягам дзвюх з паловай гадзін было гучна, эмацыйна і часам нервова.

Сустрэча праходзіла ў бібліятэцы імя Янкі Купалы. Народу было шмат, сотні дзве мінімум, даволі вялікая чытальная зала нават не змагла ўмясціць усіх ахвотных.

Нагадаем, выбарцы хацелі пагаварыць з намінальна «сваім» дэпутатам перад тым, як запускаць працэс яго адклікання.

«За адкліканне дэпутата мы сабралі дакладна больш за 500 подпісаў, патрэбныя паўтары сотні сабралі ў першы ж дзень», — казалі людзі.

Яшчэ перад пачаткам сустрэчы да зборшчыкаў подпісаў стаяла невялікая чарга ахвотных.

Вёў сустрэчу лідар руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. «Я буду мадэратарам», — папярэдзіў ён Генадзя Давыдзьку. «А вы хто?» — спытаў дэпутат.

Вырашылі, каб спачатку Давыдзька коратка выступіў, пасля — пытанні і прапановы. Гэта не спадабалася дэпутату. Ва ўступе Давыдзька сказаў па-беларуску: «Тут сабраліся не мае выбарцы, таму я не разумею, навошта мы тут сабраліся? Мне далі 10 хвілін на выступ — гэта абраза. Я лічу, што мне выступіць не далі!»

Пасля перайшлі ўсё ж да пытанняў. Губарэвіч прапанаваў, каб задавалі пытанні толькі жыхары акругі, і папрасіў, каб жыхары паднялі рукі. Паднялі амаль усе прысутныя.

Давыдзька вырашыў перахапіць ініцыятыву: «А хто з вас быў на выбарах?»

Рукі не апускаліся.

«А хто галасаваў за мяне?»

Паднялі рукі чалавек пяць.

«Тады чаго мне з вамі гаварыць?» — зноў спытаў Давыдзька.

Такі яго падыход быў незразумелым людзям. З аднаго боку — і гэта адзначалі пасля сустрэчы некаторыя прысутныя — Давыдзька заслужыў якую-ніякую павагу, бо не стаў ухіляцца ад відавочна непрыемнай размовы. З іншага боку, ён усю сустрэчу падкрэсліваў, што ведае, як яму тут не рады і танна балагурыў («Ну выдайце мне ўжо нарэшце чорную метку!»).

Спачатку людзі пыталіся пра выбары.

«Я звярталася да Давыдзькі яшчэ ў чэрвені, напісала пра катаванні Паўла Севярынца і іншых затрыманых, мой зварот застаўся без адказу, бо я нібыта не маю права прадстаўляць Севярынца і іншых затрыманых», — выступіла праваабаронца Тамара Сяргей.

«Я адказаў на зварот у межах сваёй кампетэнцыі. Камісія, якую зараз стварылі, расследуе падзеі і разбярэцца», — адказаў дэпутат.

«Калі яе стварылі, тую камісію?» — спыталіся людзі.

«Пазаўчора».

«Хто яе старшыня?»

«Невядома», — прызнаўся Давыдзька.

Наступнае пытанне было пра імгненныя суды над затрыманымі грамадзянамі. Маўляў, чаму людзей судзяць за некалькі хвілін, а сілавікоў не судзяць увогуле?

«Не магу патлумачыць. Гэта няправільна, — адказаў Генадзь Давыдзька. — Але я прызнаю, што камісію, якая будзе разбірацца, трэба было стварыць 10 ці 11 жніўня. Гэта памылка ўлады, што яе так позна стварылі».

Пасля ён дадаў, што «сёння мы губляем Радзіму, губляем краіну». У адказ на гэта людзі засвісцелі і загулі.

«Лукашэнка набраў 80%?» — пацікавіліся ў дэпутата прысутныя.

«Лічу, што перамог. Давяраю адчуванням і ЦВК», — быў адказ.

Адна з жанчын нагадала Давыдзьку яго ўласныя словы:

«Вы мне самі казалі на прыёме: «я адчуваю нейкую «мульку» ў галасаванні, усё ж 80% — мнагавата». Давыдзька не спрачаўся: так, пра «мульку» казаў.

«Але я гаварыў з членамі «Белай Русі», якія былі ў камісіях, усе яны сказалі, што на іх участках фальсіфікацый не было», — патлумачыў Давыдзька. Сказаў, што незалежных назіральнікаў ён не апытваў, бо яны «ўсё роўна былі б не задаволеныя».

«Мне дастаткова было апытаць тых, каго лічу сумленнымі людзьмі. Веру, што ў цэлым выбары прайшлі правільна, у рамках закона. Вынік мяне задавальняе», — сказаў дэпутат.

Тады ў яго спыталі, ці рэагаваў ён неяк на шматлікія заявы выбарцаў пра фальсіфікацыі. Давыдзька адказаў, што дасылаў запыт у ЦВК. Яго папрасілі ўзгадаць фармулёўку запыту.

«Просьба прадаставіць рэальныя вынікі выбараў», — сказаў Давыдзька.

Людзі сумна засмяяліся.

Востра паднялі і пытанні пра АМАП і міліцыю на выбарчых участках, якія выштурхоўвалі людзей з тэрыторый участкаў.

Па словах Давыдзькі, гэта было зроблена згодна з «аператыўнай інфармацыяй». Маўляў, з'явіліся паведамленні, што рыхтуюцца правакацыі па захопу ўчасткаў, таму іх ахову ўзмацнілі. І сілавыя меры былі накіраваныя не супраць выбарцаў, а супраць правакатараў.

Тады адзін з прысутных распавёў сваю гісторыю: «Чакалі вынікаў галасавання — і раптам прыехалі АМАП і міліцыя. Падышлі на ўчастак 10-12 чалавек, у іх на руках пальчаткі з кастэтамі, а іх сілавікі спакойна прапусцілі ўнутр. Ёсць сотня сведкаў, ёсць відэа. Што гэта было?».

«Я не ведаю што гэта было, пішыце заяву ў МУС. Абяцаю прасачыць, каб мне патлумачылі, мне самому цікава», — адказаў Давыдзька.

Распавядалі людзі і пра іншыя моманты. Давыдзька адказваў прыкладна аднолькава: калі былі парушэнні, то вінаватых трэба шукаць і караць. Для гэтага звяртайцеся ў ЦВК, міліцыю, іншыя структуры.

Выслухаўшы гісторыі збітых сілавікамі, ён не абараняў АМАП і міліцыю. Але адказваў прыкладна аднолькава: парушэнні — гэта кепска, звяртайцеся ў адпаведныя органы і камісіі, яны разбяруцца. Звяртайцеся да мяне, я буду садзейнічаць.

Хлопец на мыліцах распавёў, як яго затрымалі і білі, як яго галавой выціралі мікрааўтобус, а пасля пафарбавалі яго галаву ў белы колер, за што на Акрэсціна білі яшчэ больш…

Убачыўшы юнака, Давыдзька спачатку фыркнуў: папярэдзілі б мяне, я прывёў бы параненых сілавікоў.

Але ўважліва даслухаўшы падрабязную гісторыю здзекаў, ён вельмі сур’ёзна сказаў: «Жудасная гісторыя. За гэта тыя, хто тое рабіў, павінны быць пакараныя. Іх трэба судзіць і караць, гэта важна для цывілізаванай дзяржавы. Прыміце спачуванні. Я паспрабую даведацца і зрабіць штосьці. Ад імя ўлады скажу вам: выбачайце».

Таксама Давыдзька пастаянна нагадваў пра змены ў Канстытуцыю, якія хоча правесці Лукашэнка. Маўляў, так, закон аб масавых мерапрыемствах у нас не ідэальны. А вось пасля, калі памяняем Канстытуцыю… Ці пра відэакамеры на выбарах: так, гэта добра, трэба і галасы лічыць пад камерамі. Вось у будучыні, калі памяняем Канстытуцыю…

Паступова пытанні «што вы зрабілі, як дэпутат», змяніліся лабавымі пытаннямі пра погляды і меркаванні самога Давыдзькі. Тут градус дыскусіі трохі вырас. Давыдзька не забыўся папінаць апазіцыю і рэспектнуць Лукашэнку:

«Ціханоўская — ніхто, за ёй стаяць іншыя людзі».

«Сістэма дасць рады і без Лукашэнкі, але без такой магутнай фігуры сюды прыйдуць іншыя людзі, гарантаваны хаос!»

«Ідзе інфармацыйная вайна, цалкам праўду не паказвае ніхто, але дзяржСМІ хаця б намагаюцца стабілізаваць сітуацыю». 

«Каардынацыйная рада — хто гэтыя людзі? Іх ніхто не выбіраў, з імі не будзе перамоваў».

«Шкада, што артысты Купалаўскага сталі ахвярамі палітычных інтрыг. Я смуткую».

«Калі не будзе цяперашняй улады, запрацуе прапаганда, кандыдата навяжа Усход ці Захад, бо ў іх ёсць грошы».

«Беларусь як суверэнная дзяржава нікому не патрэбная. І я лічу, што ў такім выпадку нам лепш быць з Расіяй, яна жадае нам дабра! Бо роўна сябраваць з усімі суседзямі не атрымаецца!» (тут людзі абурана зашумелі).

«Я маю права на сваё меркаванне, нават калі яно вам і не падабаецца. Хочаце вы таго ці не — Лукашэнка гарант нашай незалежнасці!»

Нечакана выказаўся Давыдзька і пра бел-чырвона-белы сцяг.

«Калі сцяг шануе хаця б адзін чалавек, то гэты сцяг нельга шальмаваць. Пад любым сцягам забівалі. З чаго заўгодна можна зрабіць і святое, і ганебнае. Паліцаі з гэтым сцягам забілі траіх маіх сваякоў, а семярых расстраляла НКВД пад іншым сцягам. Усё зусім не проста. Так, пад бел-чырвона-белым сцягам былі розныя людзі, але мяне гэты сцяг не палохае».

Адна з жанчын спытала пра лексіку Лукашэнкі: «Ён кажа пра людзей авечкі, наркаманы, нацысты, пацукі. Ці дапушчальна гэта? Ці адпавядае чалавечай і прэзідэнцкай этыцы?»

«Не», — прызнаў Давыдзька. Але Лукашэнка, маўляў, чалавек эмацыйны.

«А ці дапушчальна, што кіраўніка дзяржавы называюць тараканам?» — спытаў у прысутных Давыдзька.

«Дааааа!!!» — адгукнуліся людзі. Пасля патлумачылі: мы прыватныя асобы. Тое, што можа сказаць табе мінак на вуліцы, недапушчальна чуць з вуснаў чыноўніка ці прэзідэнта.

Некаторыя пытанні і выказванні былі мацнейшымі за адказы на іх.

«У нас няма нафты ці газу, наш галоўны рэсурс — беларускі народ», — сказаў адзін з мужчын.

«Вы кажаце, што мы губляем Радзіму — але ж гэта Радзіма губляе нас», — выказаўся іншы.

«Пасля выбараў у людзей пачуццё, што нас згвалтавалі, пасля збілі і спыталі: а што вам не падабаецца? — выступіў прадпрымальнік, бацька пяці дачок. — Я чытаю Біблію, у Старым запавеце сказана: калі ахвяра падчас згвалтавання крычала, то гвалтаўніка пакараюць смерцю. І мы зараз крычым: выходзім на вуліцы, сігналім машынамі. І нас чуе ўвесь свет, а прэзідэнт — не чуе. Мы не адчуваем сябе ў бяспецы. Як лідар, дэпутат — абараніце нас. Каб гэтае згвалтаванне асудзілі!»

«Я люблю спаць, але апошнім часам не вельмі люблю прачынацца. Бо з’явілася нейкае адчуванне, нібыта ў сям’і хтосьці памёр, адчуванне страты», — адказаў Давыдзька. І пасля тэатральнай паўзы папрасіўся: «Мне вельмі дарагі ваш выступ, можна я ўжо пайду?»

Людзі, праўда, не ацанілі жэста: куды ты пойдзеш, яшчэ 9 хвілін! Прыйшлося застацца.

Яму агучылі прапанову: станавіцеся на бок народа і не трэба будзе нікога адклікаць! Падтрымайце тое, што просяць людзі!

А прасілі людзі наступнае. Па-першае, каб Давыдзька запатрабаваў копіі пратаколаў з выбарчых участкаў і паведамленні пра факты фальсіфікацый, каб акумуляваць усю магчымую інфармацыю пра выбары (дэпутат падкрэсліў, што не ведае, наколькі тое рэальна, але пагадзіўся). Па-другое, каб было разбіральніцтва па выпадках гвалту з боку сілавікоў (Давыдзька тут быў таксама не супраць). І па-трэцяе, каб ён ініцыяваў імпічмент Лукашэнкі.

«Парламент можа пазбавіць пасады прэзідэнта па дзвюх прычынах: стан здароўя ці цяжкае злачынства. Мы лічым, што падыходзіць імпічмент па стане здароўя, бо здаровы чалавек не будзе казаць таго, што кажа Лукашэнка і не будзе даваць зброю дзіцяці… Але выбірайце самі», — прапанавалі людзі.

«На гэта я, само сабою, не пайду. Лукашэнка мусіць заставацца прэзідэнтам», — адказаў людзям Давыдзька.

На тым і скончылі.

Пасля сустрэчы хтосьці быў не задаволены, хтосьці радаваўся, што быў хоць які-ніякі дыялог, але галоўнае не гэта. Галоўнае нават не словы, сам факт сустрэчы ці колькасць на ёй людзей. Галоўнае, што людзі ўжо не просяць дэпутата, не скардзяцца на свае раённыя праблемкі ў надзеі, што можа быць «вялікі чалавек» іх пачуе і дапаможа. Цяпер людзі проста і адкрыта ставяць перад дэпутатам ультыматум — вось тое, чаго мы хочам. Інакш мы здымем цябе з пасады. Зразумела, адкліканне — справа доўгага часу, а ўлічваючы яшчэ ўдзел у ім ЦВК — справа амаль безнадзейная. Але ж здавацца ніхто не збіраецца. Ніхто больш не хоча маўчаць, выбачаць, забываць. Людзі хочуць вярнуць скрадзенае ў іх — і не толькі ведаюць, што маюць на гэта права, а нарэшце яшчэ і адчуваюць у сабе сілы на гэта.

Каментары25

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу14

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Усе навіны →
Усе навіны

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе4

Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»3

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO7

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу14

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Галоўнае
Усе навіны →