У Віцебску асудзілі доктара-нейрахірурга: яго затрымалі на маршы пратэсту і да суда трымалі ў СІЗА
На мірным маршы пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка ў Віцебску затрымалі доктара-нейрахірурга абласной бальніцы Антона Эрдмана. У Кастрычніцкім РАУС на яго склалі пратакол па артыкуле 23.34 і адвезлі ў СІЗА. Суд адбыўся 13 кастрычніка — далі 5 базавых (135 рублёў), піша Tut.by.
Антону Эрдману 48 гадоў, ён працуе нейрахірургам у абласной клінічнай бальніцы.
— Антон — добры спецыяліст. У нейрахірургіі часта паступаюць дзеці, і ён шмат з імі працуе, і ў яго гэта добра атрымліваецца. Гэта доктар, які любіць сваю прафесію, ён ёй адданы, не баіцца ні каранавіруса, нічога: ходзіць у «чырвоную» зону, бо адказны чалавек, — распавяла калега Антона Эрдмана, доктар-дэфектолаг Марына Сляпцова.
У нядзелю Антона затрымалі на мірным вулічным шэсці, даставілі ў Кастрычніцкі РАУС. Вечарам перавезлі ў СІЗА.
Пасля абеду ў аўторак стала вядома, што Эрдмана асудзілі і далі яму 5 базавых (135 рублёў) штрафу.
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Белыя халаты», 11 кастрычніка ў Беларусі затрымалі больш за 10 дактароў.
Каментары