Свет2828

За прэтэнзіямі Трампа на Панаму, Канаду і Грэнландыю можа хавацца тонкі перамоўны разлік

Падчас аўторкавай прэс-канферэнцыі абраны прэзідэнт ЗША прадставіў бачанне свайго другога тэрміну, якое многіх шакавала. За экстравагантнай рыторыкай, аднак, могуць хавацца цалкам рацыянальныя пастулаты, дапускаюць некаторыя эксперты.

Дональд Трамп падчас прэс-канферэнцыі ў клубе Mar-a-Lago, 7 студзеня 2025 года, Палм-Біч, Фларыда. Фота: Scott Olson / Getty Images

Трамп, у прыватнасці, агучыў жаданне распасцерці амерыканскую сферу ўплыву ад Панамы да Канады і нават да Грэнландыі. На пытанне журналіста, ці ў сваім імкненні атрымаць гэтыя тэрыторыі ён гатовы «адмовіцца ад выкарыстання ваеннай сілы або эканамічнага ціску» Трамп адказаў: «Не, я не магу вас запэўніць ні ў адным з гэтых двух. Але магу сказаць адно: нам яны патрэбныя для эканамічнай бяспекі».

Журналісты The Wall Street Journal Вівіян Салама і Аляксандр Уорд, абазнаныя з гісторыяй і актуаліямі нацыянальнай бяспекі ЗША, паспрабавалі разабрацца, што стаіць за такога тыпу заявамі. 

Грэнландыя: задача не ў тым, каб анексаваць, а каб не даць туды пранікнуць Расіі і Кітаю

Грэнландыя стала аб’ектам цікавасці Дональда Трампа яшчэ падчас яго першага тэрміну на пасадзе прэзідэнта ЗША. У 2019 годзе ён публічна прапанаваў набыць гэты дацкі паўаўтаномны рэгіён.

Асноўных прычын такога кроку было дзве. Першая — багатыя запасы рэдказямельных металаў, жыццёва неабходных для сучасных тэхналогій і абаронных сістэм. Другая — геаграфічнае становішча Грэнландыі, якая з’яўляецца часткай Паўночнай Амерыкі і мае выхад да Арктыкі, дзе раставанне лёду адкрывае новыя транспартныя шляхі і рэсурсныя магчымасці.

Акрамя таго, увага Трампа да Грэнландыі была абумоўлена жаданнем не дапусціць доступу да стратэгічных рэсурсаў і Арктыкі для аўтарытарных гегемонаў з Усходу, якія становяцца ўсё больш агрэсіўнымі.

Як пісала «Наша Ніва», Кітай успрымае Грэнландыю як частку свайго Палярнага шоўкавага шляху. Ёсць рызыка, што Пекін можа стварыць у Арктыцы ваенныя базы, выкарыстоўваючы шматгадовае эканамічнае супрацоўніцтва з Грэнландыяй. Расія, у сваю чаргу, ужо доўгія дзесяцігоддзі ўтрымлівае моцную ваенную прысутнасць у гэтым рэгіёне.

Некаторыя з дарадцаў Трампа сцвярджаюць, што яго публічныя заявы — гэта «тэставыя кулі» (trial balloons), скіраваныя на тое, каб распачаць перамовы аб пашырэнні амерыканскай прысутнасці на востраве.

Вынікам такіх перамоў, мяркуюць журналісты WSJ, мог бы стаць перагляд дамоваў паміж Даніяй і ЗША ў сферы абароны. Іншым варыянтам можа стаць заключэнне «пагаднення аб асацыяцыі», падобнага да дамоў ЗША з Мікранезіяй ці Палау, пры якім ЗША атрымліваюць правы на базіраванне і ўзмацненне ўплыву без анексіі тэрыторыі.

 «Мы аддавалі канал Панаме, а не Кітаю»

Панамскі канал, завершаны ў 1914 годзе, доўгі час знаходзіўся пад кіраваннем ЗША.

Ён меў ключавое значэнне як у ваенным, так і ў камерцыйным плане. Канал дазваляў хутка перамяшчаць караблі паміж Атлантыкай і Ціхім акіянам, умацоўваючы эканамічны і ваенны патэнцыял ЗША. Аднак у 1977 годзе, пад ціскам унутраных і міжнародных фактараў, прэзідэнт Джымі Картэр падпісаў Тарыхас-Картэраўскія пагадненні, паводле якіх Панама атрымала поўны кантроль над каналам у 1999 годзе.

Вонкава ўсё гэта выглядае лагічна і справядліва, калі б не адзін нюанс: два асноўныя марскія парты Панамы ўжо шмат гадоў кіруюцца кампаніяй з Ганконга — тэрыторыі, якая пакуль што яшчэ захоўвае палітычную аўтаномію, але яна ўсё больш занепадае на карысць камуністычнага Кітая. У 2047 годзе Ганконг павінен цалкам перайсці пад кантроль Кітая.

У гэтым кантэксце можна зразумець Трампа, калі ён кажа: «Мы аддалі канал Панаме, а не Кітаю».

У сувязі з гэтым ён абяцае размяшчэнне амерыканскіх ваенных караблёў вакол панамскіх вод ці ўвядзенне тарыфаў, якія могуць зруйнаваць эканоміку Панамы, калі не будуць зроблены саступкі.

Абодва падыходы сталі б сур’ёзным адхіленнем ад сучасных нормаў знешняй палітыкі ЗША. Аднак Трамп разглядае гэта як ураўнаважванне сітуацыі ў глабальнай эканамічнай барацьбе з Кітаем і аднаўленне, на яго думку, «законнага» становішча Амерыкі ў заходнім паўшар’і.

 Канада: пытанне ў эканоміцы

Адной з самых, бадай, шакавальных заяў Трампа стала заява пра магчымую анексію Канады. Маўляў, «штучная мяжа» паміж дзвюма краінамі перашкаджае стварэнню адзінай палітычнай і эканамічнай прасторы. Гэтая заява здаецца асабліва дзёрзкай, бо Канада — краіна «Вялікай сямёркі», саюзнік па НАТА і другі па значнасці гандлёвы партнёр ЗША.

Асноўныя прэтэнзіі Трампа да Канады тычацца гандлёвых адносін і абаронных выдаткаў. Ён даўно ўжо скардзіцца на канадскія субсідыі ў малочнай прамысловасці, аўтамабільныя пагадненні і «несправядлівыя» ўмовы двухбаковых здзелак.

Трамп таксама крытыкаваў Канаду за невыкананне рэкамендацыі НАТА адносна абароннага бюджэту ў памеры 2% ад ВУП, называючы краіну «дармаедам» у саюзе.

Пагроза анексіі або ўвядзення жорсткіх тарыфаў выглядае хутчэй як перамоўны манеўр, мяркуюць Салама і Уорд, спасылаючыся на апытаных экспертаў. Каб пазбавіць Канаду суверэнітэту, спатрэбілася б аднагалоснае галасаванне канадскага парламента, дэпутатаў правінцыйных радаў і рашэнне Кангрэса ЗША — рэч практычна немагчымая.

Гэтыя і іншыя заявы Трампа адпавядаюць яго тактыцы — пачынаць з правакацыйных прапаноў, каб падняць стаўкі ў перамовах. У рэальнасці абраны прэзідэнт хоча дамагчыся ад Канады павелічэння абаронных выдаткаў, справядлівага падзелу выдаткаў на арктычныя праекты і адмовы ад гандлёвых здзелак, якія, на яго думку, шкодзяць ЗША.

Каментары28

  • Барыс Н.
    09.01.2025
    Трамп? Ён ляснуты, Дональд Трамп.
  • .
    09.01.2025
    Ізноў, ніхто не спрачаецца, што за заявамі - інтарэсы ЗША (або ЗША у разуменні Трампа).
    Пытанне ў тым, такі "перамоўны манеўр" павышае ўзровень міжнароднай палітыкі або паніжае?

    Ужо як з Лукашэнкай або Пазняком. Адзін плявузгае, пасля дарадцы і аналітыкі пачынаюць тлумачыць, а што наш лідар жадаў сказаць "насамрэч", якія "сігналы" ён дае.
    Выбіраюць неразумных мутных недалікатных, пасля расшыфроўваюць тыя сігналы.
  • апошні інспэктар
    09.01.2025
    Так, ну вядома, чытачы Нашай Нівы такія прамытыя, што ўся надзея на рэспубліканскае WSJ і такіх асьветнікаў як пан Так. бяз вас нам ніколі не разабрацца, што добра для Эўропы і Беларусі а што добра для Пуціна.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памёр Папа Францішак9

Памёр Папа Францішак

Усе навіны →
Усе навіны

Сеул не будзе супраціўляцца амерыканскім тарыфам праз «гістарычны доўг» Карэі перад ЗША

Медыцынскі турызм у Беларусі за 2024 год вырас амаль на 20%. Адкуль едуць і якія паслугі ў топе?1

Трагедыя ў Фаніпалі: адзін загінуў, чацвёра шпіталізаваныя з пажару ў шматпавярховіку1

Новыя дзіцячыя сады і паліклініка: што пабудуюць у Першамайскім раёне3

У Купалаўскім ужо пяць гадоў не могуць знайсці акцёраў. Што прыдумалі гэтым разам4

«Арганізавалі ў камеры выставу дзіцячых малюнкаў». Як бабулі перажываць расставанне з унукамі ў турме6

Маці і сын, якія разам пакінулі «Азоўсталь», сустрэліся падчас учорашняга абмену праз тры гады палону1

«Праціўнік імітуе рэжым цішыні, але штурмы працягваюцца». Украінцы расказалі пра стан на фронце на Вялікдзень

Як скласці радавод сваёй сям’і? Пакрокавая інструкцыя3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр Папа Францішак9

Памёр Папа Францішак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць