Віктар Марціновіч: Што галоўнае ў выбарах у ЗША для беларусаў
Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра амерыканскія выбары і лёс Беларусі.
Так бывае, што з глузду з’язджае не адна асобная краіна, а ўвесь свет адразу. Можна прыгадаць канец 1930-х, калі ў саветах ішлі рэпрэсіі, што білі сваёй лютасцю ўсё зведанае чалавецтвам, а ў Нямеччыне ў той самы час рабілася амаль тое самае, пад іншымі сцягамі і з іншым сэнсам, але тое самае. Эскалацыя гвалту нарэшце прывяла да сусветнай вайны — і гэта было непазбежным, бо калі і там, і тут страляюць і катуюць людзей, узровень крыважэрнасці, выпраменены газетамі і радыё, вымагае яшчэ большай бойкі.
Тыя беларусы, якія сочаць за сённяшнімі падзеямі на выбарах у ЗША і думаюць, што прынцыповым момантам для нас тут з’яўляецца тое, хто пераможа — Байдэн ці Трамп, проста забываюць, у які год мы жывём.
Наколькі я магу бачыць, узровень непрыняцця адно аднаго ў прыхільнікаў абодвух амерыканскіх кандыдатаў дасягнуў той ступені, калі простым паслявыбарчым ралі пераможцаў усё можа не скончыцца. Дарэчы, не адзін я гэтага баюся, можна прачытаць, што сёння ў Вашынгтоне ўладальнікі крамаў масава ўмацоўваюць сваё майно, экрануюць шыбы, рыхтуючыся да неспадзяванак.
Беларускія эксперты кажуць, што ў «інтарэсах пераменаў» тут перамога Байдэна, бо той больш прынцыповы да пытанняў правоў чалавека, будзе рэагаваць больш пільна на ўсе трывожныя сігналы, якія прыходзяць з нашых астрогаў. Але яны не ўяўляюць сабе, што здольныя зрабіць прыхільнікі Трампа, калі іх кандыдат не пераможа. І, нагадаю, ЗША — гэта краіна, дзе любы псіхічна здаровы дарослы чалавек можа набыць і набывае зброю. І, такім чынам, ёсць вялікая небяспека, што кветкі сапернікам у выпадку, калі палітычная сітуацыя выбухне, тут ніхто дарыць не будзе.
Вы ўжо бачыце, як 2020 год праяўляе сябе ў Еўропе. Вы чулі пра сённяшнюю страляніну ў Вене — горадзе, дзе ніколі нічога не адбываецца, акрамя канцэртаў Моцарта. Вы чулі пра тэракты ў Францыі і, галоўнае, пра тое, што адбываецца ў Варшаве. Я не ведаю, па якіх законах у людзях прачынаецца жаданне ісці на вуліцы, але агульны настрой, які ахінуў планету пасля месяцаў каранціну, — недавер да ўлады, якой бы яна ні была. І жаданне нешта карэнным чынам змяніць з дапамогай акцый непадпарадкавання.
І так, выбары ў ЗША ў адрозненне ад выбараў у Беларусі, ладзяцца па працэдуры, якая ўсталёўвалася два стагоддзі. Магчымасць нешта «дамаляваць» выключаная на ўзроўні дзяржаўных інстытутаў. Галоўны засцерагальнік ад рэвалюцыі, які ёсць у ЗША, — незалежная судовая сістэма, наяўнасць якой гарантуе, што зусім ужо яўных перагінаў быць не можа, іх зафіксуюць і пакараюць. Але з іншага боку, у гэтым годзе галасаванне робіцца па «каранавірусным» стандарце і дапускае калі не самі фальсіфікацыі пры задзейнічанні пошты, то хаця б эксплуатацыю плётак і нагнятанне істэрыі на тэму таго, што тое было магчымым.
Кандыдат, які не пераможа, можа згуляць на недаверы да гэтай новай працэдуры і паклікаць прыхільнікаў на вуліцы. Трамп, дарэчы, ужо назваў змену фармату «катастрофай», што дазваляе прадказаць ягоную рыторыку ў выпадку імавернай паразы. Што тычыцца судовай сістэмы, то і яна пры пэўным узроўні рытарычных маніпуляцый можа выявіць сваю ўразліваць: абмеркаванне таго, хто з суддзяў да якой партыі належыць, ужо пачалося і гэта вельмі небяспечнае абмеркаванне, бо ўскосна ставіць пад сумнеў незалежнасць галоўнага рэферы ў бойцы, якая мусіць абмяжоўвацца выключна палітычнай сферай.
На маю думку, для лёсу Беларусі постаць пераможцы гэтых выбараў не прынцыповая. Што вельмі важна — гэта тое, каб выбары і паслявыбарчы тыдзень прайшоў гладка. Бо калі ў ЗША, услед за Польшчай і Францыяй, шугане, гэта прывядзе да двух вельмі дрэнных наступстваў.
Па-першае, свет канчаткова павернецца спінай да той хвалі гвалту і несправядлівасці, якая назіраецца ў Беларусі апошнія два месяцы. І трэба разумець, што адзіным чыннікам, дзякуючы якому мірных дэманстрантаў дагэтуль не расстрэльваюць тут баявымі кулямі, ёсць засцеражэнне ад знешнепалітычных наступстваў.
У выпадку, калі ў ЗША пачнуцца масавыя непарадкі, Беларусь канчаткова сыдзе ў цень не толькі сусветных медыяў, але і глабальнага палітычнага парадку дня. А гэта значыць, што народ застанецца сам-насам з гвалтаўнікамі. Па-другое, з’яўленне першых кадраў амерыканскіх вуліц у агні і паліцэйскай страляніны (трэба разумець, што па БТ ніхто не распавядзе пра тое, колькі агнястрэльнай зброі ў ЗША на руках) дасць карт-бланш на яшчэ большае падвышэнне градусу жорсткасці ў беларускіх гарадах, што, фактычна, будзе азначаць патапленне перамен у крыві.
То давайце пажадаем амерыканцам тых якасцяў, якіх не бракуе нам, беларусам: цярплівасці і літасці адно да аднаго.
Каментары