Меркаванні

Віктар Марціновіч: Адзіны мэсідж дзяржпрапаганды — «Бойцеся!»

Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра тое, як дзяржаўная прапаганда тлумачыць захады ўладаў.

Я зразумеў, чаму ў іх нічога не клеіцца з ідэалогіяй і патрыятычным выхаваннем.

Цымус працы дзяржаўнага «вешчуна» ў несвабоднай краіне палягае ў тым, каб патлумачыць, што гэтая краіна — самая добрая і справядлівая ў свеце. Што людзі жывуць вольна і заможна, але самі гэтага не разумеюць. Што нават калі ёсць перагібы, ладзяцца яны на шчасце ўсіх грамадзян і толькі з радыкальнымі ворагамі краіны.

Ці былі «звычайныя людзі» пры Сталіне затэрарызаванымі ўвесь час? Ці распавядалі пра лютасць дзяржавы кінафільмы і песні той эпохі? Паслухайце «Летят перелётные птицы» — песню пра любоў да савецкай айчыны, што выпраменьвае аптымізм і гонар за «родную навеки страну». Словы гэтай песні былі напісаныя Міхаілам Ісакоўскім у 1948 годзе, калі Аляксандр Салжаніцын абсалютна ні за што «чаліўся» ў арыштанцкай шарашцы ў Марфіне, а Ларыса Геніюш чакала ў Мінску прысуду да 25 гадоў катаргі. Паглядзіце «Вясёлыя рабяты» (1934-ы), «Волга-Волга» (страшны 1938-ы год), «Трактарысты» (не менш страшны 1939-ы). Усе яны пра тое, як цудоўна жывецца ў краіне рабочых і сялян.

Я ўважліва азнаёміўся з тым, як дзяржаўная прапаганда патлумачыла забойства Рамана Бандарэнкі. Пасля таго як мінімум два мільёны жыхароў краіны праслухалі цікавыя гуказапісы, якія вельмі ж вымагалі тлумачэння (і было абяцана, што тыя тлумачэнні з’явяцца на гэтым тыдні, і вось, з’явіліся).

Азаронак выпусціў «расследаванне» пра смерць Рамана Бандарэнкі. Што з ім не так?

Адзіны сутнасны складнік прапагандысцкага сюжэту пра забойства палягае ў тым, што родных забітага адкрыта праслухоўвалі. Прапаганда не азадачылася тлумачэннем, за што і хто забіў Рамана, абазначыўшы здарэнне як «п’яную бойку» — хаця менавіта тут трэба было спыніцца і патлумачыць, хто біўся з кім, бо на папярэдніх відэа відаць не бойка, а збіццё, і папярэдне апублікаваныя дакументы не дазваляюць казаць пра тое, што ахвяра была «п’янай».

Дык вось, гэтая манера выбудоўваць аргументацыю праз праслухоўку кажа ўсім, хто зацікавіўся тэмай: мы вас слухаем; мы ўсіх слухаем; калі будзеце выпінацца — праслухаем і вас. І пакажам пад каментары чэла з алавянымі вачыма, і вам будзе страшна, што вы не баяліся нас.

Калі хтось называе беларускія тэлеканалы «Гебельс-ТБ», ён памыляецца. Гебельс працаваў з Лені Рыфеншталь, якая старалася паказаць «добрае» пра Трэці Рэйх. Гебельс не прыпужваў, ён заахвочваў. Ён у гэтым сэнсе быў звычайным прапагандыстам.

Наша прапаганда года 2020-га толькі пужае.

Дарэчы, яна і раней толькі пужала.

Беларускую апазіцыю ў нулявых вінавацілі ў адсутнасці «пазітыўнага парадку дня», у тым, што яна толькі крытыкуе ўладу. Дык вось, прапаганда ў нулявыя і дзевяностыя таксама выключна крытыкавала апазіцыю.

Памятаеце, быў такі Азаронак-старэйшы? Паглядзіце «Нянавісць. Дзеці Ілжы» (цікавая, дарэчы, назва, з улікам таго, што мы бачым цяпер па СТБ). Фільм быў цалкам скіраваны на дыскрэдытацыю БНФ, маўляў, сугучныя калабарантам.

І тут было прыпужванне. Але тады, у 1990-я, пужалі ворагамі.

Цяпер пужаюць, так бы мовіць, сабой.

Гэта як відовішча Міколы Дзядка, збітага і змушанага да прызнанняў на камеру. Вось такія мы лютыя!! Гэта як сама гэтая традыцыя — ставіць чалавека перад аб’ектывам, як у Чачні, і вымушаць прасіць прабачэння і запэўніваць у «раскаянні». Быццам якіясь «раскаянні» за кратамі, пасля струменя з газавага балончыка, чагось вартыя.

Пра тое, што ў Беларусі файна жывецца, гэта дакладна нічога не кажа. Адзіны мэсідж таго, што нам паказваюць на праўладных каналах (у тым ліку ў Тэлеграме), — «Бойцеся!».

На гэтым усё.

Як гэты страх сумяшчальны з адчуваннем шчасця і радасці ад жыцця ў Беларусі, — незразумела. Але, здаецца, яны ўжо нават не імкнуцца падмяняць праўду прыдумкай, каб нам было хораша і спакойна. Яны робяць, каб мы баяліся.

І такая прапаганда не мусіць адказваць на пытанні. Яна не мусіць быць дакладнай. Яна не мусіць прапанаваць цэльную карціну свету. Не, наадварот! Чым больш шурпатасцяў, чым больш нестыковак і цёмных плям, тым страшней. Адказаць рэцэптам баршчу на запыт патлумачыць лёс палітзняволеных — цудоўна! Прапанаваць прагноз надвор’я ў Емене замест таго, каб патлумачыць, па якіх цэнах будзе закупацца газ і якімі будуць пенсіі ў 2021-м, — цуд!

Жыць у такой дзяржаве невыносна. Але заўважце, нас прыпужалі нават складанасцямі ў вяртанні. То і з’ехаць мусіць быць страшна.

Гэтая дылема — сапраўды новае слова ў гісторыі ідэалогіі і прапаганды.

Каментары

А1 збіраецца падарваць манаполію «Яндэкса» на рынку беларускага таксі

А1 збіраецца падарваць манаполію «Яндэкса» на рынку беларускага таксі

Усе навіны →
Усе навіны

На гістарычным факультэце не засталося нічога гістарычнага. Як выглядае першы будынак БДУ пасля рэканструкцыі15

Кіраўнік МЗС Польшчы спытаў, ці хопіць у беларускіх турмах месца тым, хто не галасаваў за Лукашэнку18

У эратычным фільме з Ніколь Кідман прагучала музыка беларускага гурта6

Гамельчука Юрыя Залатухіна будуць судзіць за «здраду дзяржаве»

Лукашэнка падпісаў свой першы ўказ пасля чарговага «абрання»6

«Не хачу стаць бабкай з кнопачным тэлефонам». Доктар стаў айцішнікам — і знайшоў працу з першага водгуку4

«Смеласці апярэдзіць старэйшага брата Пуціна хапіла толькі на некалькі гадзін». Фрыдман — пра вынікі выбараў1

Вясна прыйшла. Заўтра ў Беларусі да +12°С13

Лукашэнка: Мы імкнуліся зрабіць усё вельмі дэмакратычна. Мы вельмі стараліся7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

А1 збіраецца падарваць манаполію «Яндэкса» на рынку беларускага таксі

А1 збіраецца падарваць манаполію «Яндэкса» на рынку беларускага таксі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць