Грамадства

Кожны дзень у Беларусі забіваюць дзясяткі бакланаў: за што?

Пад Новалукомлем невядомыя расстралялі калонію бакланаў. Мясцовая жыхарка, якая падзялілася з «Витебским курьером» страшнымі фотаздымкамі знішчаных птушак, мяркуе, што бакланаў перастралялі рыбакі. Гісторыя супрацьстаяння рыбакоў і бакланаў не новая. Птушкі рыбачаць лепш за людзей. Людзей гэта раздражняе, піша Еўрарадыё.

Ацалелыя птушаняты / vkurier.info

 

«Штодзень адстрэльваем 20-30 птушак»

Калі паглядзець на фатаграфіі мёртвых птушак, пытанняў, каго ў гэтым супрацьстаянні шкадаваць — не паўстае. Калі патэлефанаваць у рыбгасы, іх супрацоўнікаў таксама становіцца шкада. Чароды бакланаў штодня з'ядаюць кілаграмы рыбы, якую яны гадуюць. А гэта ўсё грошы.

У адным з рыбгасаў, супрацоўнікі якога пагутарылі з Еўрарадыё, бакланаў назвалі коратка: «Наша бяда». Бакланы — добрыя нырцы. Яны вылоўліваюць рыбу на глыбіні да двух метраў. І могуць захапіць за раз да пяцісот грамаў.

— Бакланы нападаюць на нас, мы таксама з імі змагаемся, — расказваюць Еўрарадыё ў рыбгасе. — Ёсць месцы, дзе іх па сотні. Садзяцца на сажалку і пачынаюць лавіць рыбу. Адзін баклан да двух кілаграмаў рыбы ў дзень з'ядае!

Па законе на рыбгасах бакланаў можна знішчаць амаль круглы год. Чым там і займаюцца.

— Штодзень адстрэльваем 20-30 птушак, часам даходзіць да 50. Але іх не становіцца менш. Яны ўсё дадаюцца і дадаюцца.

Адзін паляўнічы здабывае ў дзень 14-15 бакланаў. Яны прыходзяць на тэрыторыю рыбгаса са сваімі стрэльбамі і патронамі. Ім за гэта плацяць рыбай. За кожнага забітага баклана — тры кіло рыбы, за кожную забітую чаплю — два кілаграмы.

— Паляўнічыя здаюць нам лапы і дзюбы. Завялі спецыяльны журнал, у якім яны рэгіструюць свае трафеі. У канцы года падлічваем, — кажа дырэктар рыбгаса.

Мяса бакланаў выкідаюць. У ежу яго ўжываюць вельмі нямногія — ад яго занадта моцна пахне рыбай.

З 1 да 30 траўня адстрэльваць бакланаў нельга. У іх перыяд гнездавання. Жывуць у лесе, жывіцца прылятаюць на рыбгас. Тады дырэктар проста глядзіць, як яны ядуць яго рыбу.

— А ёсць людзі, якія заступаюцца за бакланаў?

— Я такіх не сустракаў, — кажа дырэктар рыбгаса. — Мясцовыя жыхары гэтага не бачаць, усё адбываецца на рыбгасе. Нават, напэўна, не ведаюць, што ў нас такая бяда ёсць.

 

АПБ: бакланы не забіраюць у прыроды апошняе — у адрозненне ад чалавека

— Гэтая тэма штучна ўскладненая, — кажа дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі. — Нашы людзі лічаць гэтых птушак інвазійным відам, які апанаваў Беларусь толькі ў 1990-х гадах. Насамрэч бакланы, як і белыя чаплі, жылі ў Беларусі яшчэ ў XIX стагоддзі. Хутчэй за ўсё, іх знішчылі, а ў 90-х яны вярнуліся.

Так, бакланы і чаплі ядуць рыбу. Без рыбы яны проста не могуць жыць, гэта іх асноўная ежа. Але людзі перабольшваюць апетыты бакланаў, кажа Вінчэўскі.

— Недалёка ад майго лецішча знаходзіцца рыбгас, вакол — мноства бакланаў. Але я толькі некалькі разоў на год бачу баклана, які праглынае рыбу. А людзі, нагледзеўшыся такіх ролікаў у інтэрнэце, лічаць, што рыбу бакланы ядуць кілаграмамі. На справе птушка з'ядае 500-700 грамаў рыбы ў дзень. Людзі вылоўліваюць у вадаёмах нашмат больш.

Прычым, калі гаворка пра натуральны вадаём, то, у адрозненне ад чалавека, баклан не забярэ ў прыроды апошняе. І бакланы, і чаплі — яшчэ адны ворагі рыбаловаў — жывуць толькі ў мясцінах, дзе рыбы шмат.

— Яны не будуць паляваць там, дзе яе мала. Калі шчыльнасць рыбы апускаецца ніжэй за пэўны парог, бакланы сыходзяць, даюць рыбе аднавіцца. У адрозненне ад чалавека, які можа вылавіць усё.

 

«Проста баклан паспяховейшы за цябе»

Цяпер знішчаць бакланаў у перыяд размнажэння і на натуральных вадаёмах нельга. А раней, кажа Вінчэўскі, ён не раз назіраў, як паляўнічыя раскідвалі гнёзды. Прыходзілі ўвечары, калі птушкі сядзелі на яйках. Тушкі не забіралі, так і пакідалі ляжаць на зямлі.

Так было з чаплямі. На іх абарону ўставалі толькі мясцовыя жыхары, якія пагражалі паламаць паляўнічым стрэльбы, успамінае кіраўнік АПБ.

У 2011 годзе на возеры Лукомскім — тым самым, дзе адбылася цяперашняя бойня, — бакланаў ужо знішчалі. Паколькі рыбгасы плацяць паляўнічым за дзюбы птушак, некаторыя з іх вырашылі не забіваць птушанят, а «проста» адрэзаць ім дзюбы. Пасля гэтага ў правілы палявання і рыбалоўства ўнеслі змены.

У АПБ кажуць, што барацьбу з бакланамі ў рыбгасах яшчэ можна зразумець. Але бакланаў знішчаюць і многія звычайныя рыбакі. Яны таксама бачаць у птушак канкурэнтаў у здабычы рыбы.

— Бакланы — нашы абарыгенныя віды. Яны павінны жыць на натуральных вадаёмах. І чалавек мае на рыбу не больш права, чым яны. Так, баклан — гэта канкурэнт чалавека. Але мы ж не забіваем на паляванні іншых паляўнічых, нашых канкурэнтаў.

У нас і культура адпушчання рыбы з'явілася нядаўна. А ў Еўропе і Амерыцы рачную рыбу ловяць толькі для задавальнення, амаль усю адпускаюць. І там рыбакі радуюцца, калі бачаць бакланаў. А ў нас бакланам зайздросцяць — маўляў, птушка злавіла, а я не магу.

 

Не будзь бакланам — рыбач з бакланам

Мы папрасілі дырэктара АПБ даць параду: як баклану і чалавеку памірыцца? Па-першае, трэба заўважыць, што баклан — гэта прыгожа.

— Паглядзіце, як прыжыліся ў той жа Амерыцы пеліканы. Яны сядзяць на верфях, на набярэжных, людзі ледзь не ў абдымку з імі фатаграфуюцца.

Наш вялікі баклан таксама вельмі прыгожая птушка. Ён варанога колеру. У час размнажэння, калі апранае шлюбны ўбор, у яго з'яўляюцца белыя плямы на сцёгнах і прыгожая сівізна на галаве.

А яшчэ ў іх прыгожыя смарагдавыя вочы, якія мала хто бачыць, таму што ў Беларусі баклан не падпускае чалавека бліжэй чым на адлегласць стрэлу.

Прыручаць бакланаў у нас забаронена. Але ў АПБ мяркуюць, што прыручэнне якраз магло б стаць стратэгіяй замірэння паміж рыбаком і птушкай. І прыводзяць прыклад: у Кітаі практыкуюць рыбалку разам з бакланамі. Беларускім аграсядзібам такая ідэя магла б спадабацца.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці3

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр Чжу Жунцзі — чалавек, які ператварыў Кітай у наймагутнейшую гандлёвую дзяржаву3

Севастопаль застаўся без святла пасля начных атак УСУ1

У Пецярбургу прадавачка з Беларусі паверыла махлярам і вынесла грошы з касы. Але кампенсаваць гаспадару адмовілася

Дажджы падмылі помнік Ажэшкі ў Гродне, але яго своечасова ўратавалі

Такое паўночнае ззянне назіралі ўчора ў Верхнядзвінскім раёне ФОТЫ

У Грузіі ў аварыі загінулі чатыры беларусы6

Пасол Украіны па пытаннях Беларусі: Кіеў можа сустрэцца з Лукашэнкам, калі гэта ўратуе жыцці1

УСУ паведамілі пра вызваленне 26 населеных пунктаў5

Праз 20 гадоў тралейбусы вернуцца яшчэ на адзін участак мінскага праспекта Незалежнасці5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці3

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць