Спорт

Паставіў мэту выбрацца з галечы — і дабіўся. Рамэлу Лукаку, герой гульні Бельгія — Расія

Увечары 12 чэрвеня на стадыёне ў Санкт-Пецярбургу зборная Бельгіі сустрэлася з камандай Расіі. Шмат цікавостак было звязана з гэтай гульнёй — узяць хаця б гісторыю львоўскай фан-зоны, дзе абяцалі бясплатна частаваць півам за кожны гол у вароты Расіі.

Фота flickr.com

Разам з іншымі бельгійцамі на поле 12 чэрвеня выйшаў 28-гадовы нападаючы Рамелу Лукаку, ды не проста выйшаў — на 10-й хвіліне распячатаў са сваім галом вароты расійскай зборнай, і на 88-й забіў яшчэ раз. Цікава, што пасля першага забітага гола нападаючы падбег да камер і перадаў прывітанне паўабаронцу дацкай зборнай Крысціяну Эрыксану, з якім разам гуляе ў «Інтэры». Той праз праблемы з сэрцам страціў прытомнасць проста падчас гульні паміж камандамі Даніі і Фінляндыі за некалькі гадзін да матчу Бельгіі і Расіі.

Для Лукаку гэта чацвёрты вялікі турнір у складзе нацыянальнай каманды. На мінулым вялікім турніры — чэмпіянаце свету 2018 года ў Расіі — Рамэлу атрымаў бронзавую ўзнагароду. Нядрэнная кар’ера для хлопца, што рос у галечы.

Лукаку родам з бельгійскага Антверпена. Яго бацька таксама быў футбалістам і гуляў за розныя бельгійскія каманды, але скончыў прафесійную кар’еру ў 1999 годзе, калі Рамэлу быў зусім маленькі. Маці хлопца працавала прыбіральшчыцай.

Сям’я будучага форварда бельгійскай зборнай і італьянскага «Інтэра» жыла вельмі бедна. Частку грошай з сямейнага бюджэту бацькі Рамэлу і яго брата Жардана (дарэчы, таксама прафесійнага футбаліста) высылалі сваякам у Конга. Але сапраўдная беднасць прыйшла ў сям’ю, калі бацька Рамэлу скончыў з прафесійным футболам.

У сваіх успамінах Лукаку распавядае пра момант, калі зразумеў, у якой галечы жыве яго сям’я. Калі яму было шэсць гадоў, Рамэлу пабачыў, як яго маці таемна падлівае ваду ў малако, якое разам з хлебам ужо нейкі час было адзіным пунктам у меню будучага футбаліста. Да гэтага сям’і ўжо прыйшлося адмовіцца шмат ад чаго — спачатку ад кабельнага тэлебачання і адпаведна ад магчымасці праглядаць футбольныя матчы, потым на працягу тыдняў ім даводзілася жыць без гарачай вады і электрычнасці. Па пакоях кватэры, дзе жыў маленькі Рамэлу, бегалі пацукі, і часам у сям’і не хапала грошай нават на хлеб — добра, што ў суседняй пякарні дазвалялі разлічвацца за яго пазней.

Фота lifebogger.com

Як сцвярджае Лукаку, яшчэ тады, ва ўзросце шасці гадоў, ён паставіў для сябе мэту ўсё змяніць. У якасці сродка, які павінен быў выратаваць яго сям’ю, Лукаку выбраў прафесійны футбол і паабяцаў сабе, што ў 16 гадоў ён будзе гуляць у адным з найлепшых бельгійскіх клубаў — «Андэрлехце». Так атрымалася, што ён падпісаў кантракт з гэтым клубам акурат у дзень свайго шаснаццацігоддзя — 13 мая 2009 года, а праз адзінаццаць дзён ужо выйшаў на поле ў сваёй першай гульні за «Андэрлехт».

Потым былі англійскія «Чэлсі», «Уэст Бромвіч Альбіён» і «Манчэстэр Юнайтэд». У жніўні 2019 года Лукаку апынуўся ў італьянскім «Інтэры». За яго пераход у клуб італьянцы заплацілі 74 мільёны фунтаў стэрлінгаў — самая вялікая сума за футбаліста ў гісторыі «Інтэра».

Што тычыцца нацыянальнай зборнай, Рамэлу пачалі выклікаць яшчэ ў яе моладзевыя склады. У дарослай нацыяналцы ён з 2010 года, і, як адзначаюць аналітыкі, на цяперашні чэмпіянат Еўропы Лукаку прыехаў у цудоўнай форме.

Фота Wikimedia Commons

Ад футбалістаў часта чакаюць дзікунскіх паводзін, але гэта не выпадак Лукаку. Гэты гулец — вернік, і рэлігія займае важную частку ў яго жыцці, бельгіец рэгулярна моліцца і чытае Біблію. Адна з яго цытат, якая зрабілася шырока вядомай, гучыць так: «Жадаю быць вядомым як добры футбаліст, а не як Рамэлу, які ходзіць па клубах і палівае ўсё шампанскім». А восенню 2019 года Лукаку патраціў 125 тысяч еўра, каб перадаць на дабрачынныя патрэбы 5 тысяч білетаў на гульню з Кіпрам.

У інтэрв’ю перад пачаткам цяперашняга чэмпіяната Еўропы Рамэлу сцвярджаў, што бельгійская зборная цалкам гатовая да турніру. Згодна з яго словамі, каманда стала лепей абараняцца і больш рэзультатыўна дзейнічаць у атацы. Паглядзім, як для бельгійца скончыцца гэты чэмпіянат.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Яна была спартыўнай дзяўчынай». Што вядома пра загінулую пасажырку дэльтаплана, які ўпаў пад Мінскам1

«Яна была спартыўнай дзяўчынай». Што вядома пра загінулую пасажырку дэльтаплана, які ўпаў пад Мінскам

Усе навіны →
Усе навіны

«Людзі на балоце», «Дзве душы», «Лагодны цмок». У Офісе Ціханоўскай назвалі любімыя кнігі, фільмы, традыцыі5

«Наш цуд здарыўся!» Збор на ўкол «Залгенсма» для Даніка з Баранавічаў закрыты

Беларуска з двума дзецьмі ў Польшчы ўражаная, колькі людзей адгукнуліся на яе гісторыю і дапамаглі. І вельмі дзякуе чытачам «Нашай Нівы»9

90‑гадовую жанчыну ў Паўднёвай Карэі асудзілі за адмыванне грошай ад наркатрафіку сына

«Разбіліся непадалёк ад млына». Што кажуць мясцовыя пра дэльтаплан, які разбіўся ўчора4

«Яна скончана». Трамп заявіў пра завяршэнне вайны з Іранам3

5 самых танных кватэр Мінска. Вы здзівіцеся, што так дорага2

Мужчына выйграў працу Пікаса коштам 1 мільён еўра ў дабрачыннай латарэі, купіўшы латарэйны білет за 100 еўра

Трамп заявіў, што перамовы з Іранам могуць аднавіцца ў бліжэйшыя дні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яна была спартыўнай дзяўчынай». Што вядома пра загінулую пасажырку дэльтаплана, які ўпаў пад Мінскам1

«Яна была спартыўнай дзяўчынай». Што вядома пра загінулую пасажырку дэльтаплана, які ўпаў пад Мінскам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць