Распрацоўшчыкі «ЭпіВакКароны» заяўляюць пра яе высокую эфектыўнасць супраць усіх штамаў. Эксперты пярэчаць
Многія навукоўцы мяркуюць, што вакцына «ЭпіВакКарона» — пустышка.
Вакцыну «ЭпіВакКарона» распрацаваў расійскі дзяржаўны навуковы цэнтр вірусалогіі і біятэхналогіі «Вектар». У склад вакцыны ўваходзяць тры пептыды, якія капіююць часткі спайкавага бялку каранавіруса. Па заяве навукоўцаў, якія распрацавалі вакцыну, «ЭпіВакКарона» забяспечвае выпрацоўку вузкаспецыялізаваных антыцел на спецыфічныя антыгены, што ўтрымлівае вакцына.
Пептыды — гэта штучна сінтэзаваныя асобныя фрагменты бялку віруса. Яны распазнаюцца імуннай сістэмай, у выніку чаго на іх выпрацоўваецца імунны адказ арганізма. Пептыды злучаныя з бялком-носьбітам і замацаваныя на дапаможным рэчыве.
На пачатак 2021 года не існавала ніводнай пептыднай вакцыны, якая б шырока выкарыстоўвалася ў медыцынскай практыцы. Па словах доктара біялагічных навук Канстанціна Чумакова, пептыдныя вакцыны магчымыя толькі ў тэорыі і дзейнічаюць толькі ў лабараторыі ў прабірцы, але няма ніводнай пептыднай вакцыны, якая паказала б эфектыўнасць на жывых арганізмах.
«ЭпіВакКаронай» пачалі прышчапляць да таго, як скончылася другая фаза клінічных выпрабаванняў. Мяркуецца, што трэцяя фаза выпрабаванняў будзе завершана ў ліпені-жніўні 2021 года. Пасля гэтага стане вядома, ці абараняе вакцына ад кавіду.
Эфектыўнасць вакцыны, а таксама факт яе выпуску ў грамадзянскі абарот да завяршэння клінічных выпрабаванняў крытыкуецца шэрагам замежных і расійскіх спецыялістаў.
Па словах кіраўніка «Вектара» Аляксандра Сямёнава, у прышчэпленых «ЭпіВакКаронай» антыцелы выпрацоўваюцца ў 94% выпадкаў. Згодна з паведамленнем Расспажыўнагляду, па выніках дзвюх фаз клінічных выпрабаванняў эфектыўнасць «ЭпіВакКароны» склала 100%. Высновы пра 100-адсоткавую эфектыўнасць былі апублікаваныя ў часопісе «Інфекцыя і імунітэт» (паказальнік цытаванасці часопіса прыкладна ў сто разоў меншы за паказальнік часопіса «The Lancet»).
Пакуль няма ніводнай навуковай публікацыі, якая б пацвярджала выпрацоўку вузкаспецыялізаваных антыцел у вакцынаваных ці дэманстравала эфектыўнасць супраць розных штамаў каранавіруса. Але самі распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што «ЭпіВакКарона» эфектыўная супраць усіх штамаў, у тым ліку ад індыйскіх «Дэльта» і «Дэльта плюс».
21 траўня 2021 года Расспажыўнагляд апублікаваў звесткі, згодна з якімі 807 яго супрацоўнікаў прайшлі поўны курс вакцынацыі «Эпіваккаронай». 37 з вакцынаваных захварэлі, а двое памерлі. Паколькі кантрольная група адсутнічала, дакладна ацэньваць эфектыўнасць вакцыны з гэтых лічбаў немагчыма.
Антыцелы, якія мусяць утварыцца пасля вакцынацыі, вызначае толькі адзін тэст, што распрацаваў сам «Вектар». Пры гэтым сістэма не мае празрыстасці, бо цэнтр не раскрывае, якія менавіта антыцелы выяўляе іх тэст.
Доктар медыцынскіх навук, прафесар НІЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя Гамалеі, вірусолаг Анатоль Альтштэйн лічыць, што рэгістрацыя вакцыны і запуск трэцяй фазы выпрабаванняў былі памылкамі, бо «ЭпіВакКарона» не выклікае ўтварэнне антыцел, якія могуць абараняць ад каранавіруса. На яго думку, людзі, прышчэпленыя «ЭпіВакКаронай» будуць так жа хварэць і паміраць, як і непрышчэпленыя.
Падобнае меркаванне выказаў доктар біялагічных навук Пётр Чумакоў: «ЭпіВакКарону я лічу ў цэлым бескарыснай, яна не дае ахову, пасля яе ў арганізме не выпрацоўваюцца ахоўныя антыцелы».
Вольга Матвеева, малекулярны біёлаг і заснавальніца біятэхналагічнай кампаніі Sendai Viralytics у ЗША, называе «ЭпіВакКарону» пустышкай. Яны сумняваецца ў магчымасці карэктнай ацэнкі эфектыўнасці вакцыны пасля завяршэння трэцяй фазы клінічных выпрабаванняў, бо ў гэтым этапе ўдзельнічаюць усяго 3 тысячы чалавек (у выпрабаваннях «Sputnik V» удзельнічалі 21 977 чалавек, у «Pfizer» — 43 998 чалавек).
Таксама Вольга Матвеева сумняваецца ў правільнасці выбару пептыдаў для вакцыны. На яе думку, навуковыя артыкулы паказваюць, што адпаведныя пептыдам фрагменты шыпавіднага бялку не бачныя імуннай сістэме чалавека. Таму пептыды не могуць выклікаць выпрацоўку антыцел, здольных абараніць ад віруса. Таго ж меркавання прытрымліваецца кандыдат біялагічных навук Маргарыта Раманенка, якая раней працавала ў «Вектары».
18 студзеня 2021 года ўдзельнікі выпрабаванняў «ЭпіВакКароны» напісалі адкрыты ліст, дзе заявілі, што ў 50% удзельнікаў антыцелы не ўтварыліся пасля вакцынацыі, а ў астатняй паловы колькасць антыцел нязначная. Пры гэтым валанцёры дадалі, што адмоўны вынік на антыцелы паказала менавіта распрацаваная «Вектарам» тэст-сістэма.
Пазней валанцёры зноў апублікавалі вынікі ўласных даследаванняў з незалежных расійскіх лабараторый. Па выніках тэстаў іншых вытворцаў антыцелы не былі выяўленыя ні ў кога. Больш за тое, былі тыя, хто перахварэў на кавід у цяжкой форме пасля вакцынацыі.
Каментары