Грамадства

Яўген Васількоў, блогер-трактарыст з Хойнікаў, жыве ў Латвіі: «У мяне было пашкоджана 70% лёгкіх, дактары не ведалі, ці выжыву»

«Народная Воля» пацікавілася, як жыве механізатар з Хойніцкага раёна, які ў снежні мінулага года разам з сям'ёй з'ехаў у Латвію і папрасіў там палітычнага прытулку.

— Яўген, мяркуючы па ўсім, вы ўжо павінны былі атрымаць афіцыйны статус палітуцекача. Калі мы апошні раз з вамі размаўлялі, вы сказалі, што пытанне павінна вырашыцца ў канцы мая…

— Так, статус бежанца далі ў канцы мая, адкрылі рахунак у банку. Я ўладкаваўся на працу — трактарыстам, працую на фермера. Знялі кватэру ўжо.

— Ці задаволеныя тым, як усё складваецца?

— Пакуль усё добра. Праўда, заробку яшчэ не было — уладкаваўся на працу зусім нядаўна. Але дапамогу па беспрацоўі плацяць — 98 еўра на чалавека. На сям'ю выходзіць каля 300 еўра ў месяц.

— Працу доўга шукалі?

— Так, з працаўладкаваннем было няпроста. Я амаль адразу, як мы сюды прыехалі, стаў праглядаць усе аб'явы. Мовамі я не валодаю, а тут шмат дзе неабходна латышская — каб інструкцыі ўсякія чытаць па бяспецы, калі працуеш з тэхнікай. Але знайшоў працу, вельмі рады! Амаль усё звыкла, як у Беларусі: такая ж ферма, такія ж каровы і такі ж трактар. Хоць не — тэхніка тут імпартная.

— А ў жонкі як з працай?

— Пакуль нічога. Яна сядзіць дома з дачкой. Ну і ёсць шмат іншых пытанняў, якія яшчэ не вырашаны. Цяпер трэба падаваць дакументы на рэгістрацыю, на медабслугоўванне — за намі павінны замацаваць доктара. Дачку ў садок пакуль не бяруць — тут складанейшая сістэма, сад трэба знайсці. Але з гэтым пытаннем трэба яшчэ разабрацца. Мы толькі тры дні як знялі кватэру і ў горад пераехалі!

— Кватэру ў Рызе знялі?

— Не. Я і не хацеў жыць у сталіцы. Выбіраў жыллё бліжэй да працы.

— Дорага абышлася кватэра?

— Дорага. 320 еўра ў месяц за трохпакаёвую кватэру. І гэта толькі голая арэнда, без камунальных плацяжоў! Плюс камуналка яшчэ мінімум 200 еўра пацягне.

Тут усё дорага — гэта факт. Быццам бы і заробкі значна большыя, чым у Беларусі, але і бытавыя пытанні зусім не бясплатныя.

— Вашага заробку хопіць, каб за ўсё плаціць?

— Безумоўна. Я атрымліваю 30 еўра ў дзень, але гэта толькі пачатак, я ж яшчэ на выпрабавальным тэрміне, а потым павысяць заробак, даход будзе большы.

— Не шкадуеце, што так усё закруцілася?

— Ну як сказаць… Жыў бы сабе дома спакойна, чакаў старасці. А цяпер трэба напружвацца, думаць, бегаць. Ды і па доме сумуем, вядома! Сорак гадоў я ў Беларусі пражыў, а цяпер на чужыне… але тут цікава. Тут усё больш прасунута, аўтаматызавана, усё для людзей зроблена.

— Вы атрымалі статус, які неабходна будзе пацвярджаць кожны год, ці ён пажыццёвы?

— Пажыццёвы. Цяпер мне можна ехаць у любую краіну свету, акрамя Беларусі, інакш страчу статус. Праз пяць гадоў трэба толькі падоўжыць латышскі пашпарт. Ці здаць іспыт па латышскай мове і тады ўжо атрымаць грамадзянства. Але я спадзяюся, што ў Беларусі гэты дурдом скончыцца і мы вернемся ў свой дом.

— Застацца ў Еўропе не хочаце?

— Плануем вярнуцца дадому, вядома. Але пажывём — пабачым! Дома можна пачаць сваю справу, я ўжо і сам фермерствам заняўся б, узяў бы зямлю ў арэнду, рабіў бы нешта паволі. Колькі ўжо можна на дзядзьку працаваць?

— Можа, і ў Латвіі нешта сваё прыдумаеце?

— Тут, дарэчы, даволі проста адкрыць бізнэс. Але трэба ведаць, як усё рабіць. Але крэдыт на развіццё сваёй справы мне наўрад ці дадуць — яшчэ не было руху па рахунках, трэба хоць бы паўгода, каб быў нейкі рух сродкаў па банкаўскім рахунку. Тады ўжо можна глядзець, што да чаго. А так — я ж у адных лапцях, лічы, сюды прыехаў, які бізнэс?

Але мы думаем, вядома, як жыць, Што рабіць, як развівацца.

— Жонка можа бэбі-клуб, напэўна, адкрыць — ва ўсякім выпадку гэта сфера паслуг, якая ў любой краіне заўсёды запатрабаваная.

— Яна падчас каранціну якраз прайшла курсы ў гэтай сферы, ёй нават выдалі сертыфікат, і ёй падабаецца гэта справа. Таццяна таксама актыўна думае, чым заняцца ў будучыні.

— Кантактуеце з кім-небудзь з беларусаў у Латвіі?

— Тут шмат бежанцаў з нашай краіны, мы падтрымліваем з імі адносіны. І пастаянна новыя людзі прыязджаюць — паток мігрантаў не сканчаецца, едуць увесь час. Бягуць па гэты дзень з Беларусі! Мы пастаянна сочым за беларускімі навінамі — кожная раніца з іх пачынаецца.

— А свой блог на Ютубе чаму закінулі?

— Я здымаю свае відэа пастаянна, але пакуль, шчыра кажучы, не было часу іх выкласці. Вось уладкуемся трохі — займуся!

Яшчэ і ноўтбук зламаўся, машыну трэба рамантаваць — пакуль трэба такія жыццёвыя праблемы вырашыць. Машыну, напрыклад, трэба памяняць. Тут толькі год можна ездзіць на беларускіх нумарах. І гэта, дарэчы, вельмі нявыгадна — толькі страхоўка на тры месяцы абыходзіцца ў 120 еўра. Плюс паліва дарагое — адзін еўра 33 цэнты каштуе літр бензіну, дызель крыху танней. Многія ездзяць на газе. Але факт застаецца фактам: машыну давядзецца мяняць — у снежні ўжо будзе год, як я сюды прыехаў. Таму трэба зарабляць грошы, каб купіць аўто. Увогуле, пакуль трохі не да блога.

— Вы кажаце, што толькі тры дні таму знялі кватэру, а статус атрымалі ў маі. Увесь гэты час жылі ў цэнтры для бежанцаў?

— Так, нас не выганялі. Але паколькі цяпер шмат бежанцаў з Беларусі, то сказалі: хто мае статус — высялялі на працягу двух тыдняў.

Тут, дарэчы, усім беларусам даюць статус бежанцаў. Некаторым падавалі альтэрнатыўны статус, які трэба кожны год падаўжаць, людзі звярталіся ў суд, і ім праз суд давалі пажыццёвы статус бежанца. Пяць гадоў на радзіму пры гэтым статусе вяртацца нельга.

Сёння я маю такія ж правы, як і звычайны латыш: на працу, на адукацыю, на медыцынскае абслугоўванне. Толькі галасаваць не магу.

— Чула, што вы вельмі цяжка перахварэлі на каранавірус…

— Так, ляжаў у рэанімацыі тыдзень без прытомнасці, быў на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. У мяне было пашкоджана 70 працэнтаў лёгкіх, дактары не ведалі, ці выжыву…

— Затое цяпер можна, мабыць, параўнаць медыцынскую дапамогу ў нас і ў Еўропе…

— Я ўдзячны тутэйшым дактарам. Думаў, што не выжыву. Мяне адвезлі ў спецыяльны інфекцыйны шпіталь, там абсталяванне добрае, кармілі добра.

Мая сям'я хварэла значна лягчэй — яны фактычна бессімптомна перанеслі кавід. А я і яшчэ адзін чалавек з цэнтра для бежанцаў трапілі ў бальніцу. У мяне была самая складаная сітуацыя… але я адносна хутка аднавіўся: тыдзень у рэанімацыі, тыдзень на аднаўленне. Прыйшоў у прытомнасць у рэанімацыі, і праз два дні мяне перавялі ў звычайную палату, а потым і сам хадзіць ужо стаў. Я дактарам казаў: калі Чарнобыль нас не ўзяў, значыць, і ніякі вірус не загубіць!

— Дактары рускую мову разумеюць? У Латвіі быццам бы не вельмі любяць рускіх…

— За ўвесь час у Латвіі я толькі двух чалавек сустрэў, якія не разумелі па-руску. У бальніцы персанал у мяне распытваў, якая сітуацыя ў Беларусі. Пра мяне тут і ў газетах пісалі, і па тэлевізары ў навінах паказвалі — нават прэзідэнт краіны быў у курсе, што я цяжка захварэў. Цэнтр на ізаляцыю з-за мяне зачынілі ў той час.

Калі ў краме да мяне звяртаюцца на латышскай, я кажу, што бежанец з Беларусі і не разумею. Адразу стаўленне мяняецца, беларусам вельмі спачуваюць у Еўропе. Кажуць: мы памятаем, як нам цяжка далася незалежнасць, як цяжка было. Але прыйдуць часы, калі і ў Беларусі будзе добра.

Праўда, сустракаў я пару чалавек, якія падтрымліваюць Расію і кажуць, што ў Латвіі сітуацыя не самая лепшая для жыцця. Маўляў, пры Саюзе было значна лепш.

— Якія плюс і мінусы для жыцця вы бачыце для сябе ў Латвіі?

— З мінусаў — усё вельмі дорага. Але з іх заробкамі жыць можна. Па ўзроўні жыцця мы адсталі. Тут усё аблічбавана, нікуды не трэба хадзіць — ні ў выканкамы, ні да чыноўнікаў. Усё робіцца праз тэлефон. Нават у рэанімацыі, як толькі ў прытомнасць прыйшоў, мне адразу прынеслі тэлефон — я нават здзівіўся! Прадукты, рэчы — тут выбар значна багацейшы.

Самі латышы не вельмі задаволеныя сваім узроўнем жыцця, кажуць, што Латвія бедная еўрапейская краіна, што з Беларусі трэба было ехаць не сюды, а ў Нямеччыну — там лепш ва ўсіх сэнсах. Але я бачу, што Беларусі па некаторых напрамках нават у параўнанні з Латвіяй яшчэ ёсць куды імкнуцца.

Нам вельмі моцна дапамагае Чырвоны Крыж і беларуская дыяспара. Давалі і вопратку, і ежу прывозілі, і камп'ютар. Дачцэ ровар, цацкі перадавалі. За намі замацаваны ментары, якія дапамагаюць вырашаць практычна ўсе пытанні — напрыклад, з той жа рэгістрацыяй. Мы ж не ведаем мясцовых правілаў, а яны падказваюць, накіроўваюць. Я ў нас у Беларусі такой дапамогі ніколі не бачыў, калі шчыра. Тут чыноўнікі робяць усё для таго, каб чалавек не напружваўся. Вось апошні прыклад: вадзіцельскую камісію я тут прайшоў за 45 хвілін. Вы можаце сабе такое ўявіць у Беларусі?

— У нас два дні мінімум прыйдзецца на гэта выдаткаваць. Дзень — каб сабраць паперкі, выпіскі ў паліклініцы, і яшчэ дзень — каб прайсці камісію.

— А тут усё на месцы — чатыры кабінеты, і нават фатаграфію з сабой не трэба прывозіць, 25 еўра заплаціў і паехаў. І даведку тут ніхто не выдае. Кажуць: у нас цэнтралізаваная сістэма, усё ў камп'ютарнай базе, праз 15 хвілін пасля медагляду ўся інфармацыя будзе ў сістэме, і любы паліцэйскі, які захоча цябе праверыць, зможа ўбачыць са свайго планшэта ўсе твае даныя. Ніякіх паперак не трэба!

Некалькі разоў ужо ездзілі ў Юрмалу на мора. Мая жонка Таццяна ні разу ў жыцці да гэтага мора не бачыла, уяўляеце, колькі ў яе эмоцый і адкрыццяў!

— Жонка адаптавалася, дадому не хоча вярнуцца?

— Вядома, сумуе па Беларусі. Вось нядаўна якраз тэлефанавала, кажа: дома ўборку зрабіла і не ведаю, чым заняцца. Дома ж у нас былі і свінні, і куры, гаспадарка, а тут нічога гэтага няма. Яна засумавала па працы. Ды і я сумаваў! Калі першы дзень дарваўся — да адзінаццатай вечара працаваў!

Але тут наогул зусім іншы рытм жыцця, больш расслаблены.

Дадому, вядома, хочацца, але разумеем, што цяпер вяртацца нельга, будуць праблемы.

— Неўзабаве дачка пойдзе ў школу…

— Не, я спадзяюся, што гэты дурдом у Беларусі скончыцца хутчэй і мы ўсё ж вернемся. Пакуль, вядома, абжываемся тут па меры магчымасцяў. Хочаш жыць — шукай працу. Не — жыві на дапамогу ў 100 еўра.

— Латышская як вам даецца?

— Ох, і складаная мова, я вам скажу! Паўгода, пакуль на каранціне сядзелі, спрабавалі вывучыць на курсах. Не ідзе ў мяне пакуль ніяк, неверагодна цяжка… але ў мяне, паўтараю, і няма вялікай неабходнасці ў латышскай —усе пытанні можна вырашыць і на рускай. Вядома, у іх барацьба ідзе супраць русіфікацыі, і школы рускамоўныя закрываюць. Але абслугоўваючы персанал на запраўках, прадаўцы — усе разумеюць рускую. Кантактаваць можна. Ды і ў тэлефоне сёння перакладчык адкрый — ён табе і напіша, як трэба, і голасам агучыць.

Народ тут добразычлівы, першы час нават не верылася, што так можа быць, здавалася, дзесьці павінен быць падвох. Людзі не ўзлаваныя. Напэўна, таму, што ў іх няма такой панурай абстаноўкі ў краіне, як у нас. Тут больш свабоды і ў цэлым менш праблем.

Часам шкадую, вядома, што столькі гадоў жыцця ў Беларусі загубіў на саўгасы, нічога фактычна не зарабіўшы. У мяне ж нават дома свайго не было — арандаванае жыллё. Хоць я ўсё жыццё араў! Калі б я жыў у Латвіі, пры гэтых магчымасцях, то, напэўна, ужо даўно на «Мэрсэдэсе» катаўся б.

Думаю, з часам аднаўлю свой відэаблог, буду рабіць кароткія агляды, як мы тут жывём. Пакуль ўладкоўваемся, абжываемся. А як там далей складзецца — пабачым!

Каментары

Пуцін прапанаваў Захаду дуэль: атачыць Кіеў сіламі СПА і ўдарыць па ім «Арэшнікам»20

Пуцін прапанаваў Захаду дуэль: атачыць Кіеў сіламі СПА і ўдарыць па ім «Арэшнікам»

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі дапусціў, што пасля прэзідэнцтва будзе зноў смяшыць людзей8

У шоўмена Яўгена Булкі нарадзіўся другі сын. Не абышлося без прыгод6

Чаму Лукашэнка хоча ўзяць удзел у перамовах па Украіне і якіх гарантый бяспекі папросіць?19

У Мурманскай вобласці двухпавярховы пасажырскі цягнік сутыкнуўся з таварным — вагоны сышлі з рэек

Ад 11 да 25-ці. Скончыўся суд над украінцам і двума беларусамі, затрыманымі па справе аб «падрыхтоўцы тэрактаў»1

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад занядбаны, а сэрвіс не развіты3

Эканаміст Данейка: Цяпер пры рэформах эканомікі не будзе ўспышак беспрацоўя4

Яркае жыццё і страшны фінал першай беларускай тэлезоркі12

Спасылка на ўпакоўцы беларускіх цукерак абяцае «казачныя гісторыі». Аказваецца, яна вядзе на сайт падатковай2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін прапанаваў Захаду дуэль: атачыць Кіеў сіламі СПА і ўдарыць па ім «Арэшнікам»20

Пуцін прапанаваў Захаду дуэль: атачыць Кіеў сіламі СПА і ўдарыць па ім «Арэшнікам»

Галоўнае
Усе навіны →