Усяго патроху

Натальля Гарбанеўская: «Я не дзялюся на дысыдэнтку й паэтку»

Зь легендарнай расейскай пісьменьніцай гутарыць Ігар Бабкоў.

Зь легендарнай расейскай пісьменьніцай гутарыць Ігар Бабкоў.

На радзіму яна доўгі час не магла вярнуцца нават пасьля падзеньня саветаў: у ейных уцякацкіх дакумэнтах было пазначана «акрамя СССР». У Расею, якая абвясьціла сябе правапераемніцай Савецкага Саюзу, францускія памежнікі Гарбанеўскую не выпускалі. Толькі цяпер, атрымаўшы польскае грамадзянства (і па-ранейшаму жывучы ў Парыжы), паэтка можа спакойна падарожнічаць на радзіму.

У Францыі спн.Натальля ня толькі ўдзельнічала ў стварэньні слыннага часопісу «Континент», але і супрацоўнічала з нашым земляком Ежы Гедройцам у ягонай «Kultury». Гедройцаў юбілей і прывёў яе ў Менск.

Застаючыся расейскай паэткай, Гарбанеўская ведае і польскую літаратуру (перакладае польскіх паэтаў), і францускую. Зь літаратуры й пачалася нашая гаворка на ўтульным бальконе Дому літаратара.

Ігар Бабкоў: Якой Вы бачыце сучасную расейскую літаратуру?

Натальля Гарбанеўская: Я яе чытаю пераважна ў часопісах праз «Часопісную залю» ў Інтэрнэце. Нейкія кнігі мне дасылаюць, нешта я чытаю. Увогуле, я б сказала так: сучасную прозу я ведаю сярэдне, сучасную паэзію – лепей… Паэтаў добрых вельмі многа. Я б сказала – больш, як трэба. Хоць, насамрэч, гэта няпраўда: кожны паэт камусьці патрэбны.

«Першага паэта», якім быў Бродзкі, няма. І, відаць, цяпер не патрэбны такі. Але, прынамсі для мяне, шмат паэтаў самай высокай клясы – і старэйшых, і маладзейшых (кшталту Кынжэева і Гандлеўскага). І яшчэ маладзейшых, кшталту Кібірава. І вельмі багата бачу вершаў маладых паэтаў. Магчыма, адразу ўсё не ўзгадаю: нядаўна бачыла добрыя вершы нейкай дзяўчыны, яшчэ зусім маладой. Прычым яна выявілася дачкой паэта, якога ўвогуле ніхто ня ведаў і ад якога яна многаму навучылася.

Шмат добрых паэтаў. Калі браць старэйшых, то цудоўныя вершы піша Іна Лісьнянская. Шмат добрых паэтак. І ўсе розныя! Вельмі шмат цікавага. Я лічу, што расейская паэзія сёньня ў вельмі добрым стане. Вядома, тое, што ў мінулым годзе заснавалі прэмію «Паэт» і не знайшлі на яе лепшага ляўрэата, чым Кушнер, – гэта ганьбішча. На мой погляд, Кушнер – гэта проста нішто. Пры тым, што ёсьць Лосеў, Кынжэеў... Але іх нават ня вылучылі. Вылучылі Кушнера, Кубланоўскага і Чухонцава. Ужо лепей далі б прэмію Чухонцаву!

ІБ: А да Седаковай як Вы ставіцеся?

НГ: Гэта зусім не майго раману! Мяне яе вершы нудзяць. Але я ведаю, што ў яе шмат прыхільнікаў, якім, імаверна, яе вершы нешта кажуць. Таксама, як я бачу, напрыклад, што вельмі таленавітая Вера Паўлава, але мяне ад яе вершаў з душы верне... Седакова як паэтка мяне нудзіць. А пабачыла я яе летась – сама яна мне хутчэй спадабалася.

ІБ: А з польскай паэзіі?

НГ: Я ведаю пераважна тое, што мне дасылаюць перакладаць. Я была, праўда, нядаўна на фэстывалі ва Ўроцлаве, дзе, дарэчы, былі і беларускія паэты. Там быў Гэмбіцкі – вельмі цікавы паэт. Ёсьць паэтка, якую вельмі хваляць. Але я паглядзела – зноў не майго раману: Крысьціна Міладэнская. З старэйшых яшчэ жыве Юлія Хартвіг.

ІБ: А паміж Мілашам і Гэрбэртам каго б Вы выбралі?

НГ: Я рэдкі чалавек, які не выбірае. Для мяне кожны існуе па-свойму – і Мілаш, і Гэрбэрт. Па-чалавечаму, па жорсткасьці – вядома, Гэрбэрт. А па вершах – і той, і другі. Мілаш у сваіх эсэ мяне вельмі многім захапляе, многім раздражняе. Гэрбэрт – чалавек, створаны з аднаго каменя... Бальшыня палякаў выбіраюць паміж імі. Я думаю, што не выбіраю, бо гэта мне ня родная паэзія. Гэта як па-расейску нельга любіць Ахматаву і Цьвятаеву. Нельга любіць Дастаеўскага і Талстоя. Я як пайшла ў Дастаеўскага... Я часам бяру Талстоя: усё ж такі Леў Талстой! Пачынаю чытаць – не па кані корм... Таксама, думаю, і палякі рэзка дзеляцца паміж Мілашам і Гэрбэртам.

ІБ: А як бы Вы ацанілі сучасную францускую літаратуру?

НГ: Гэта такая пустэча! Рэч у тым, што француская мова ўжо вельмі амярцьвелая. Калі яе спрабуюць ажывіць, яе расхістваюць да стану зусім хуліганскага хаосу – неразумнага, ня хлебнікаўскага, не! Гэта вельмі жорсткая мова, для вершаў яна наагул непрыдатная. Што да прозы, там ёсьць нейкія паўмаргінальныя зьявы, як быў Рэмон Кено: «Зазі ў мэтро» – цудоўная рэч. Як сёньня Даніель Пэнак: ён піша сьмешныя дэтэктывы і робіць там дзіўныя рэчы з мовай.

Людзі, якія сапраўды ловяць мову вуліцы, – яны сымулююць. А французы – народ вельмі красамоўны. Я на гэтым лавілася. Напрыклад, мой сябар Андрэ Глюксман робіць якую-небудзь выдатную заяву – па «Салідарнасьці» тады альбо па Чачэніі цяпер. Я пачынаю перакладаць – і бачу, што ўсё гэта пустэча, аратарскія прыёмы, гэта ўсё можна сказаць у двух словах. Сказаць значна больш чалавечна... Пры тым, што мы зь ім аднадумцы, вельмі добра ставімся адзін да аднаго, і ён сапраўды вельмі шмат зрабіў. І, можа быць, французы разумеюць толькі такі тэкст. Але гэта жахліва, што яны разумеюць толькі такі тэкст! Бо я лічу, што гаварыць трэба па-чалавечы.

Француская культура мяне вельмі засмучае. Выяўленчае мастацтва, магчыма, калі-небудзь зноў зьявіцца, але цяпер яно зусім вырадзілася. Памёр чалавек, якога я абвясьціла сваім асабістым ворагам, – скульптар Сэзар, які панастаўляў паўсюдна ў Парыжы жудасных скульптураў: кентаўр, яшчэ штосьці... Адзіны прыстойны ягоны помнік – Восіпу Цадкіну ў Люксэмбурскім садзе: там стаіць скрыпач, а ўнутры ў яго скрыпка. Гэта адзіны ягоны помнік, а так – выверт, выверт, выверт!

ІБ: Кундэра неяк іранічна выказаўся наконт дыялёгу францускай і расейскай культураў. Да Кундэры Вы як ставіцеся?

НГ: Кундэра таксама мой асабісты вораг. Хаця мы зь ім незнаёмыя. Кундэры яшчэ да знакамітага ягонага эсэ, на якое запярэчыў Бродзкі, у 1978 годзе, да 10-годзьдзя ўварваньня ў Чэхаславакію, даюць вось такое месца (шырока паказвае рукамі. – АВ) на другой старонцы Le Monde. І ён там піша: у нас была чэская культура, а 10 гадоў таму савецкія танкі прывезьлі нам расейскую культуру. Сумнеўны тэзіс, што савецкія танкі прывезьлі расейскую культуру. Сумнеўны тэзіс, што чэская культура да таго моманту ўвесь час квітнела. У 60-я гады, калі Мілан Кундэра быў маладым паэтам (яшчэ не празаікам), камуністам, друкаваўся, Вацлава Гаўла не прымалі ў інстытут, бо ён быў сынам «буржуя». Каталіцкія паэты сядзелі на ўранавых рудніках, Ян Заграднічак, найбуйнейшы чэскі каталіцкі паэт, толькі ў 1961 годзе выйшаў (у іх вельмі позна пачалі выпускаць) з уранавых руднікоў і праз пару месяцаў памёр. Таму наконт таго, што чэская культура квітнела, таксама можна паспрачацца. Але калі Кундэра кажа, што чэская культура квітнела, дык каму ж верыць? Вядома, Кундэры, а ня нейкай рэакцыянэрцы Гарбанеўскай!

ІБ: А ці ведалі Вы Данілу Кіша?

НГ: Ведала! З Данілам Кішам мы сустрэліся, калі неяк аднаго разу дысыдэнтаў паклікалі на прыём да Мітэрана. Я туды пайшла, бо хацела падысьці да Даніелы Мітэран (жонка тагачаснага прэзыдэнта Францыі Франсуа Мітэрана. – АВ) і сказаць ёй, каб яна заступілася за Ратушынскую, якая тады сядзела ў лягеры. І тут я сустрэла Данілу Кіша, мы зь ім ужо былі знаёмыя. Ён мне кажа: «Мы тут проста белыя вароны». Нас паклікалі толькі дзеля таго, каб мы ім склалі алібі... Я яго толькі крыху ведала, але ён быў дзівосны, нейкі такі – як пабачыш, так адразу раскрываесься і сэрца радуецца! Вельмі добры быў чалавек.

ІБ: А ці ведаеце Вы беларускую літаратуру? Не ў перакладах, а ў натуральным выглядзе.

НГ: Практычна не. Па-ўкраінску, памятаю, я яшчэ ў дзяцінстве чытала Шаўчэнку. Потым ужо, у Парыжы, у мяне былі кніжкі розных украінскіх паэтаў, і я перакладала – і Стуса, і Сіманенку, і Калынца... А вось беларускіх – не. А ў мяне заўжды было нейкае такое шчымлівае пачуцьце да Беларусі. Я заўжды лічыла, што гэта самая жабрацкая рэспубліка ва ўсёй гэтай краіне. А потым выявілася, што – не! Калі наступіла ўся гэтая перабудова і галоснасьць і стала можна друкаваць матэрыялы, якія раней нельга было друкаваць, у нейкім навуковым зборніку я прачытала матэрыялы дыялекталягічнай экспэдыцыі канца 70-х гадоў (іх не дазвалялі друкаваць). Экспэдыцыя была ў Вялікалуцкі раён. І яны запісвалі проста прыклады таго, што людзі кажуць. Шмат такога людзі казалі, за што і не далі надрукаваць. У прыватнасьці, людзі казалі: «А па прадукты мы тут ходзім за мяжу ў Беларусь». І тут я зразумела, што – яшчэ больш жабрацкія: яны ж хадзілі не ў сталіцу, ня ў Менск, а ў нейкую суседнюю вобласьць...

Адам Воршыч: Ці ўспрымаюць Вас дагэтуль дысыдэнткай у Расеі?

НГ: Успрымаюць! Але ўсё-ткі – ня толькі так. Летась я прыехала ў Расею, восем з паловай гадоў не была, бо ў мяне былі ўцякацкія дакумэнты, і французы мяне не пускалі. А летась я атрымала польскі пашпарт і амаль адразу, як змагла, – паехала. Я была на Міжнародным фэстывалі паэзіі, які бывае раз на два гады, выступала на адкрыцьці й на прэзэнтацыі анталёгіі паэтаў дыяспары. Потым я заходзіла на іншыя выступы й бачыла, што паўсюль было надзіва багата народу. Я думала: усе скардзяцца, што вершы нікому не патрэбныя. Як гэта нікому не патрэбныя, калі поўныя залі? Меншыя, большыя, але – поўныя! На вечарыне паэтаў дыяспары выступала каля сарака паэтаў, працягвалася ўсё гэта тры гадзіны – ніхто не сыходзіў. Магчыма, у кожнага паэта былі свае знаёмыя... І ў мяне было пяць сваіх уласных, асобных вечарынаў, на якіх таксама было поўна народу. Значыць, мяне ўспрымаюць ня толькі як дысыдэнтку. Я заўжды кажу: я не дзялюся...

ІБ: На дысыдэнтку і паэтку?

НГ: Так, не дзялюся. Я – Натальля Гарбанеўская! Гэта вычарпальна.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні3

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні

Усе навіны →
Усе навіны

«Прыязджаюць у радзільню ў стане ап’янення». Кіраўнік Кузбаса, дзе адбылася масавая смерць немаўлят, абвінаваціў мам11

У Давосе пачалася сустрэча Зяленскага і Трампа

Што вядома пра 27‑гадовага загінулага добраахвотніка Аляксея Лазарава3

Грамадзянка Індыі, якая захрасла ў Беларусі, заўтра вылеціць на радзіму1

У Польшчу з Германіі вярнуўся вывезены нацыстамі архіў з пячаткамі Вітаўта і Ягайлы7

У 10 гарадах Гродзенскай вобласці цяпер можна расплаціцца агульнай картай «Бусел»

Былы кіраўнік «Укрэнерга» загінуў ад удару току. Ён наладжваў сістэму пасля расійскіх удараў2

Трамп падпісаў статут Рады міру6

Стала вядома, каму належыць новы «незалежны» партал, адкрыты ў Беларусі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні3

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць