Грамадства

Расійскія войскі прыбываюць у Беларусь — колькі, з чым і навошта?

Эшалоны з жывой сілай, узбраеннем і ваеннай тэхнікай працягваюць прыбываць на тэрыторыю Беларусі для правядзення вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022», што пройдуць 10-20 лютага. Сваім ходам пералятае ў Беларусь і расійская ваенная авіяцыя.

Вучэнні праходзяць на фоне аднаго з самых вострых ваенна-палітычных крызісаў у нашым рэгіёне з 2014 года, калі Масква анексавала ўкраінскі Крым, а таксама развязала вайну на ўсходзе Украіны. Цяпер Расія, згодна з паведамленнямі сусветных СМІ і ваенных аналітыкаў, зноў сканцэнтравала значныя сілы на межах Украіны.

У гэтым кантэксце вялікія кантынгенты расійскіх войскаў у Беларусі пагражаюць аслабіць беларускі суверэнітэт і ўцягнуць нашу краіну ў магчымую вайну. Reform.by паспрабаваў абагульніць, што мы ведаем пра вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022» з розных крыніц.

Як доўга? Што плануецца рабіць?

Паводле афіцыйнай інфармацыі, аб правядзенні пазапланавых вучэнняў Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся восенню мінулага года. У канцы лістапада 2021 года пра іх правядзенне ўпершыню абвясціў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Плануецца да 9 лютага сабраць войскі і арганізаваць іх у баявыя групоўкі, адначасова праводзячы розныя мерапрыемствы ў сферы супрацьпаветранай абароны і абароны важных аб'ектаў у Беларусі.

З 10 па 20 лютага плануецца правесці ўласна вучэнні, мэтай якіх называюць «адпрацоўку задач стрымвання і адбіцця знешняй агрэсіі падчас вядзення абарончай аперацыі, процідзеяння тэрарызму і абароны інтарэсаў Саюзнай дзяржавы».

Пераважна, па словах расійскіх вайскоўцаў, гэта будуць дзеянні супрацьдыверсійнага і антыпартызанскага характару — «спыненне пранікнення узброеных груп баевікоў, перакрыццё каналаў дастаўкі зброі і боепрыпасаў, а таксама пошук, блакаванне, знішчэнне незаконных узброеных фармаванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка».

Дзе ў Беларусі?

Войскі і тэхніка прыбываюць у Беларусь па паветры і чыгунцы. Потым яны перакідваюцца адразу на некалькі беларускіх палігонаў — «Абуз-Лясноўскі», «Асіповіцкі», «Брэсцкі», «Гожскі» і «Даманаўскі». Таксама плануюцца дзеянні на нейкіх іншых асобных участках мясцовасці, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Акрамя таго, вучэнні будуць праходзіць на аэрадромах Баранавічы, Лунінец, Ліда і Мачулішчы.

Адкуль?

Паводле афіцыйнай інфармацыі, перакідваюцца расійскія войскі толькі з Усходняй ваеннай акругі РФ. Па тэрыторыі — гэта ўся ўсходняя частка РФ, у тым ліку Ціхаакіянскі флот.

Афіцыйныя крыніцы не паведамлялі пра тое, якія канкрэтна расійскія часткі ўдзельнічаюць у вучэннях на тэрыторыі нашай краіны, але па фота і відэа можна ўпэўнена казаць, што гэта, напрыклад, 36-я асобная гвардзейская мотастралковая Лазоўская Чырванасцяжная брыгада.

Таксама ўжо трапілі ў фотааб'ектывы у Беларусі ў студзені 2022 года салдаты расійскай марской пяхоты.

Фота Мінабароны

Такім чынам, гаворка ідзе не пра вучэнні рэгіянальнай групоўкі расійскіх і беларускіх войскаў, а аб узмацненні ўжо існуючай групоўкі дадатковымі войскамі.

Колькасць войскаў? Якая тэхніка?

Афіцыйна колькасць войскаў не агучвалася, аднак Міністэрства абароны РФ паведаміла, што колькасць удзельнікаў вучэнняў, а таксама колькасць асноўных сістэм узбраення, якія трапляюць пад дзеянне Венскага дакумента 2011 года, не перавышаюць вызначаныя ім параметры, пра якія трэба паведамляць».

На думку ваеннага эксперта Ягора Лебядка, гэта азначае, што колькасць удзельнікаў вучэнняў — не больш за 13 000 чалавек. Калі адштурхоўвацца ад гэтага абмежавання ў Венскім дакуменце, то яно ж азначае задзейнічанне не больш за 300 танкаў альбо 500 баявых браніраваных машын, альбо 300 самаходных і буксуемых артылерыйскіх гармат, мінамётаў і рэактыўных сістэм залпавага агню (калібра 100 мм і больш).

У прыватнасці, на фотаздымках і відэа, якія паказваюць працэс перакідання войскаў, бачныя 152-мм самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Акацыя».

Намеснік міністра абароны Расіі Аляксандр Фамін на брыфінгу для замежных вайсковых аташэ 18 студзеня паведаміў, што з Расіі ў Беларусь для вучэнняў перабазуюць два дывізіёны сістэм СПА С-400, адзін дывізіён комплексаў «Панцыр-С» і дванаццаць самалётаў Су-35.

Што ў выніку?

Фактычна на фоне новых рэзкіх заяў расійскага кіраўніцтва і прапаганды ў дачыненні да Украіны, на тэрыторыі якой Расія ўжо развязала ўзброены канфлікт, у Беларусь пазапланава прыбывае кантынгент войскаў РФ невядомай колькасцю.

Такім чынам, ствараецца новы напрамак, з якога супраць Украіны можа ажыццявіць ўварванне — паўночны.

Адначасова з боку Лукашэнкі чарговы раз гучаць словы аб пагрозах з боку Украіны. Усё гэта ўзмацняе напружанасць, у атмасферы якой кроў з любога боку можа праліцца нават без прамога жадання магчымага агрэсара.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Рускай мовы мой сын не чуе». Маргарыта Ляўчук — пра выклікі мацярынства, вяртанне на вялікую сцэну, абражанага Лукашэнку і каханне

«Рускай мовы мой сын не чуе». Маргарыта Ляўчук — пра выклікі мацярынства, вяртанне на вялікую сцэну, абражанага Лукашэнку і каханне

Усе навіны →
Усе навіны

Акцёр Саша Барон Коэн папрасіў прабачэння ў народа Казахстана за персанажа Бората6

Расія страціла яшчэ адзін найноўшы знішчальнік Су-573

Кіраўніку «Гардарматэрыялаў» далі чатыры гады калоніі. Ён не прызнаў віну2

У Барысаве жанчына кінулася з моста ў ваду5

Гадзіннік Дзяніса Кучынскага сапраўды каштуе $430 тысяч? Расследавальнікі прамахнуліся ў дзесяць тысяч разоў45

«Каханы мой чалавек». Падрабязнасці трагедыі ў Брэсце, дзе забілі 35‑гадовую жанчыну і яе маці3

«Паспела адвесці вазок з дзіцем убок»: мінчанка распавяла пра напад алабая9

Азараў расказаў сваю версію «справы BYPOL», па якой трое беларусаў атрымалі ад 17 да 25 гадоў7

У нямецкім горадзе паставілі велізарнага сатану. Шмат каму гэта не спадабалася7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Рускай мовы мой сын не чуе». Маргарыта Ляўчук — пра выклікі мацярынства, вяртанне на вялікую сцэну, абражанага Лукашэнку і каханне

«Рускай мовы мой сын не чуе». Маргарыта Ляўчук — пра выклікі мацярынства, вяртанне на вялікую сцэну, абражанага Лукашэнку і каханне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць