Грамадства

З паліклінік знікла вакцына ад вятранкі. Чаму, і калі яна з'явіцца

У беларускіх паліклініках знікла вакцына ад вятранкі. Адны пішуць, што хацелі б зрабіць прышчэпку дзецям, іншыя — што плануюць прышчапіцца і самі. Калі з'явіцца магчымасць гэта зрабіць, людзі не ведаюць: невядома, калі ва ўстановы завязуць патрэбны прэпарат. Zerkalo.io паспрабавала разабрацца, што адбываецца.

Тэлеграм-канал «Вакцыны_Мінск» праводзіў апытанне карыстальнікаў і цікавіўся пра колькасць доз, у якіх яны маюць патрэбу. У каментарыях многія адзначалі, што хацелі б зрабіць прышчэпку і дзецям, і сабе ці іншым дарослым у сям'і.

На днях у суполцы апублікавалі адказ Мінздароўя на разгляд звароту наконт вакцынацыі супраць вятранкі. Дакумент падпісаны галоўным санітарным урачом Беларусі Аляксандрам Тарасенкам. У ім гаворыцца, што сёння ва ўстановах аховы здароўя прэпарат «Варылікс», якім прышчапляюць ад ветранай воспы, для аказання платных паслуг адсутнічае». Там спасылаюцца на ліст прадстаўніцтва брытанскай фармацэўтычнай кампаніі GlaxoSmithKline, дзе адсутнасць паставак тлумачаць «зніжэннем вытворчых магутнасцяў завода-вытворцы» і «недастатковым аб'ёмам заяўленай колькасці».

Журналіст патэлефанавала па адным з нумароў тэлефонаў, указаных у адказе, як фізічная асоба. Дзяўчына, якая зняла слухаўку, прадставілася супрацоўніцай Рэспубліканскай санітарнай службы і пацвердзіла, што вакцыны ў наяўнасці ў Беларусі няма — кажа, гэта «прабелы мінулага года».

— Завод-вытворца не змог паставіць патрэбную колькасць для нашай краіны. Ён не выканаў план мінулага года, таму ўсё перанеслася. Цяпер праводзіцца апытанне ў кожнай вобласці, каб [ацаніць попыт] і на аснове гэтай колькасці зрабіць заказ у пастаўшчыка. Абяцаюць пастаўкі ў першай палове 2022 года, а калі канкрэтна — мы не ведаем. Я думаю, калі б праз месяц-два [вакцыну маглі завезці], гэта ўжо было б вядома нам. А пакуль няма ніякай інфармацыі, думаю, магчыма, гэта сакавік і наступныя месяцы.

У РУП «Белфармацыя», якая займаецца закупкамі, таксама распавялі, што праблемы з вакцынай звязаныя з пастаўкамі ад вытворцы.

— Мы б вельмі хацелі яе купіць, і са свайго боку робім усё, каб нам яе прадалі, але завод не хоча прадаваць. Мы не можам з гэтым нічога зрабіць. У іх ёсць нейкія абмежаванні па магутнасці вытворчасці, і па афіцыйным лісце ад GlaxoSmithKline, яны нам яе раней другога паўгоддзя не адгрузяць, — адзначылі на прадпрыемстве. — Але я не моцна веру гэтаму лісту, бо ўвесь мінулы год яны нас «кармілі заўтракамі» і з месяца ў месяц пераносілі тэрміны паставак, у выніку нічога не адгрузілі. Таму я не ведаю, ці рэальна нам змогуць у другім паўгоддзі завезці [прэпарат].

— У санітарнай службе кажуць аб першай палове года.

— У мяне ў афіцыйным лісце пра другое паўгоддзе 2022 года. Наўрад ці яны туды пісалі асобна, — адзначыла субяседніца. — Разумееце, у іх ёсць нейкія рынкі, больш выгадныя, [чым Беларусь]. Не забывайце, што гэта проста бізнэс, і нам яны напрацоўваюць па нейкіх рэшткавых прынцыпах. У лютым мінулага года адгрузілі нам вакцыну, і на гэтым усё.

У прадстаўніцтве GlaxoSmithKline ў Беларусі адказалі, што прэпарат «Варылікс» быў даступны да лета-восені 2021-га ў дастатковай колькасці, а цяпер з пастаўкамі ў нашу краіну сапраўды ёсць цяжкасці.

— Разумееце, Беларусь — маленькая краіна. Вядома, перш за ўсё задавальняюць [заяўкі] краін, дзе патрэба вышэйшая. Таму нам даецца вакцына ўжо як атрымаецца, і то мы выдзіраем [яе] дзякуючы прадстаўніцтву. Але не ўсё ад нас залежыць. Для Беларусі ўжо пачалі вырабляць прэпарат, але працэс займае пяць месяцаў, і мы чакаем яго ў маі. У гэты час 100% вакцына будзе. Пакуль давядзецца пачакаць, — распавяла спецыяліст.

Яна таксама запэўніла, што вакцыну павінны завезці ў краіну «ў дастатковай колькасці», аднак не ведае, як будзе складвацца сітуацыя з пастаўкамі далей.

— Просім, каб пабольш выдавалі. Але разумееце, наша кампанія мінулы год займалася больш распрацоўкамі вакцыны ад каранавіруса. Таму вятранка ўжо на другі план адыходзіць. Таму можа такое быць, — адказала прадстаўніца на пытанне аб тым, ці могуць быць перабоі з пастаўкамі ў наступным годзе.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім12

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Усе навіны →
Усе навіны

Журналіст Дзмітрый Семчанка расказаў, як яго спрабавалі зламаць у СІЗА9

Справай вертухая Шынвізэ занялася крымінальная паліцыя Германіі9

На палітвязняў ужо сабралі ўдвая больш за запланаваную суму. Збор яшчэ можна падтрымаць

Памёр кампазітар Віктар Капыцько

Сярод вызваленых 13 снежня — самая пажылая палітзняволеная

Як выглядае касцёл у Сапоцкіне пасля пажару ВІДЭА2

Максім Рыжанкоў трапіў у базу ўкраінскага «Міратворца»3

Запрацавала гарачая лінія па пытаннях вызваленых палітвязняў

Інжынера, які запускаў трэцюю лінію мінскага метро, асудзілі за «Гаюна»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім12

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць