«Хто даў Пуціну права абвяшчаць новыя так званыя «краіны» на тэрыторыі сваіх суседзяў?» Байдэн рэзка на адрас Расіі
Джо Байдэн 22 лютага адмыслова выступіў з нагоды прызнання Расіяй незалежнасці «ДНР» і «ЛНР». Прамова была вытрыманая ў цвёрдым наступальным тоне, сярод іншага прэзідэнт ЗША абвясціў пра ўвядзенне супраць Расіі санкцый. І паабяцаў, што калі яна не супакоіцца, то і санкцыі будуць узмацняцца.

Джо Байдэн ацаніў прызнанне «ДНР» і «ЛНР» як пачатак ваеннага ўварвання ва Украіну. Ён задаў рытарычнае пытанне: «Хто, у імя Госпада, даў Пуціну, на ягоную думку, права абвяшчаць новыя так званыя «краіны» на тэрыторыі сваіх суседзяў? Гэта грубае парушэнне міжнароднага права і вымагае рашучага адказу ад міжнароднай супольнасці».
У якасці рэакцыі на такое самапраўства Байдэн заявіў, што ўвядзе першы пакет жорсткіх санкцыяў супраць Расеі, якія ў тым ліку ўключаюць меры супраць расейскіх элітаў і суверэннага доўгу.
У першым пакеце санкцый ЗША — наступныя крокі:
- Санкцыі супраць сувэрэннага доўгу Расіі. Расія ня зможа атрымаць доступу да заходняга фінансавання.
- Санкцыі супраць банкаў «Внешэкономбанк» і «Военно-промышленный банк».
- Таксама ёсць дамоўленасць з Германіяй, што газаправод «Паўночны паток — 2» не будзе ўведзены ў дзеянне.
А калі Расія наважыцца на новую эскалацыю, то ў адказ будзе і эскалацыя санкцый.
У найбліжэйшы час Белы дом, паводле Байдэна, назаве прозвішчы прадстаўнікоў расійскіх эліт і членаў іх сем'яў, на якіх будуць распаўсюджвацца персанальныя санкцыі.
Не забыўся Байдэн згадаць і пра нашу краіну. Паводле яго, калі Расія не выведзе войскі з Беларусі, то ў адказ адбудзецца і перамяшчэнне амерыканскіх войскаў.
«Сёння, у адказ на прызнанне Расіяй [»ДНР» і «ЛНР»], калі яна не выведзе свае войскі з Беларусі, я ўхваліў перакіданне дадатковых войскаў і тэхнікі, якія ўжо знаходзяцца ў Еўропе, для ўмацавання нашых балтыйскіх хаўруснікаў — Эстоніі, Латвіі і Літвы», —- заявіў Байдэн.
Паводле Байдэна, усё яшчэ 150 тысяч расійскіх войскаў знаходзяцца паблізу Украіны. І расійскія войскі засяродзілі свае сілы ў Беларусі, каб атакаваць Украіну з поўначы.
Байдэн сказаў, што ЗША не маюць намеру ваяваць з Расіяй і дзейнічаюць у рамках абароны. Байдэн падкрэсліў, што ЗША і хаўруснікі будуць абараняць «кожны дзюйм тэрыторыі НАТА».
Каментары