«Менавіта тады, калі я больш за ўсё хацела застацца ў Беларусі, я адтуль з’ехала». Споведзь Аляксандры Гушчы — дзяўчыны пад БЧБ-парасонам
Аляксандра Гушча — адна з самых вядомых удзельніц жаночых маршаў і маршаў людзей з інваліднасцю ў 2020 годзе. Сярод іншых удзельніц Сашу выдзяляла яркая асабістая гісторыя: некалі гэтая дзяўчына, якая перажыла цяжкія апёкі, была на аўдыенцыі з Лукашэнкам, цяпер жа яна выступіла супраць яго.
У лютым, яшчэ да вайны, Аляксандра пакінула Беларусь, хаця раней шмат казала пра тое, што не будзе гэтага рабіць. Дзяўчына толькі пачынае звыкацца з жыццём за мяжой, але ж знаходзіць сілы падтрымліваць у гэты цяжкі час Украіну: далучылася да валанцёрскай арганізацыі, была на антываенным пікеце ля расійскай амбасады.
Пагутарылі з актывісткай пра цяжкае рашэнне эміграваць і яе пратэсны шлях, што ўключаў у сябе і шпацыры пад знакамітымі БЧБ-парасонамі.
«На працы прапанавалі рэлакацыю — вырашыла, што адмаўляцца ад яе будзе памылкай»
«Наша Ніва»: Як вы вырашылі з’ехаць з краіны?
Аляксандра Гушча: Хто ведае мяне па сацсетках, бачыў, што ўвесь мінулы год я намагалася ствараць кантэнт пра падзеі ў Беларусі. Амаль увесь час мае акаўнты былі адкрытыя, любы чалавек мог іх пабачыць. Увесь год я была маральна падрыхтаваная да таго, што ў мяне праз такую дзейнасць могуць узнікнуць праблемы. Сачыла за навінамі і бачыла, што да актывістаў прыходзяць з вобшукамі, людзей затрымліваюць, супраць іх распачынаюць крымінальныя справы, і ўсё гэта — часам нават толькі за адну публікацыю ці каментар пад навіной. Рыхтавалася да таго, што нешта такое можа здарыцца і са мной.
Восенню мінулага года планавала звольніцца з працы і шукаць нейкія іншыя варыянты для сябе. Была ў стане псіхалагічнага выгарання і хацела нешта змяніць у сваім жыцці, таму, як мне здавалася, змяніць працу — гэта добрая ідэя. Але абышлося без звальнення: мне прапанавалі новы праект, супрацу з нямецкай кампаніяй, і ў межах гэтага праекта мне таксама прапанавалі рэлакацыю.
Разважала над гэтым недзе два тыдні, раілася з матуляй. У выніку вырашыла, што калі мне прапанавалі такую магчымасць, адмаўляцца ад яе будзе памылкай. Разумела, што некалі на мяне могуць пачаць крымінальную справу, мне спатрэбіцца пакінуць краіну і для гэтага звяртацца ў фонды салідарнасці. А тут мне выпала магчымасць з’ехаць без таго, каб выкарыстоўваць рэсурсы фондаў, якія могуць пайсці на дапамогу камусьці іншаму.
Таму я згадзілася на рэлакацыю. Недзе з лістапада пачала рыхтавацца да пераезду, рабіць усе патрэбныя дакументы.
«НН»: Вы казалі, што стаміліся жыць з адчуваннем таймера над галавой. У чым гэта праяўлялася?
АГ: Недзе ў сакавіку мінулага года, перад Днём Волі, сярод маіх знаёмых адбылася першая хваля затрыманняў. Арыштоўвалі актывістаў, тых, каго затрымлівалі раней, знаходзілі па відэа. У мяне затрымалі некалькі сяброў і знаёмых, і вось тады я пачала маральна рыхтавацца, што такое можа аднойчы здарыцца і са мной. Любую з маіх старонак можна лёгка знайсці, і я не хаваю таго факту, што менавіта я раблю той пратэсны кантэнт.
Але мацней за ўсё я адчула гэтае ціканне таймера мінулым летам, мабыць, у ліпені. Тады распачалося паляванне на нашых дзяўчын з бел-чырвона-белымі парасонамі, што ладзяць шпацыры па Мінску.
Кожны дзень у месенджары знаёмыя пісалі: вось, яшчэ некага затрымалі, да некалькіх чалавек прыйшлі з вобшукамі. У нейкі момант заставалася недзе два чалавекі з гэтай кампаніі — я і яшчэ адна дзяўчына, — за кім не прыходзілі.
Летам на працягу некалькіх тыдняў я не выходзіла з дому без некалькіх зменак шкарпэтак і бялізны, а таксама без усякіх карысных дробязяў у заплечніку.
Рыхтавалася да таго, што магу быць наступнай, гэта проста пытанне часу. Не «мабыць, мяне арыштуюць», а «калі мяне арыштуюць». Наступныя некалькі месяцаў для мяне былі даволі складаныя. Праз гэта, калі мне прапанавалі рэлакацыю, я згадзілася.
«Было ўражанне, што мяне быццам акружылі сцяной і чамусьці не чапаюць»
«НН»: Ці правільна разумею, што вы і самі ўдзельнічалі ў шпацырах пад БЧБ-парасонамі?
АГ: Так, я гэтым займалася. У 2020 годзе старалася выходзіць на большасць шпацыраў. Вясной 2021-га, калі пачалося паляванне на актывістаў, адчула, што перада мной паўстаў выбар. Я была павінна або працягваць удзельнічаць у такіх акцыях, або сканцэнтравацца на актывізме праз інтэрнэт.
Калі быць шчырай, мяне даволі лёгка пазнаць у любым натоўпе, нават калі я ў масцы. Таму хвалявалася, што за мной могуць пачаць сачыць і праз мяне знойдуць іншых дзяўчын. Праз гэта вырашыла аддаліцца ад шпацыраў. Спадзявалася, што гэта толькі часовы перапынак, але мы не ведалі, наколькі сітуацыя далей будзе пагаршацца.
«НН»: Адчулі на сабе ўвагу з боку праваахоўнікаў?
АГ: Павінна сказаць, што не. Было ўражанне, што мяне быццам акружылі сцяной і чамусьці не кранаюць. Маіх знаёмых, сябровак затрымлівалі адну за адной, да іх прыходзілі з вобшукамі, але мяне не чапалі. Не ведаю — ці гэта проста супадзенне, ці нехта так вырашыў.
Гэтае і наступныя фота: evil.sasha / Instagram.
Дакладна ведаю, што па беларускім заканадаўстве інвалідам першай і другой групы не могуць прысуджаць арышт па адміністрацыйных справах, але могуць гэта рабіць па крымінальных. Гэта таксама дадавала псіхалагічнага ціску. Разумела, што калі ўжо мяне вырашаць закрыць, то мяне арыштуюць па крымінальнай справе, надоўга.
Напэўна, улады адцягвалі момант майго затрымання, бо думалі, што яно атрымае рэзазанс у прэсе. Маё першае затрыманне таксама аказалася гучным, бо размова была пра дзяўчыну з інваліднасцю, якую раней запрашалі на аўдыенцыю з Лукашэнкам, а вось цяпер яна супраць яго. Мабыць, улады лічылі, што прасцей мяне не чапаць.
«НН»: Як вам здаецца, на які час вы з’язджаеце?
АГ: Я падпісала працоўны кантракт на адзін год. Гэта не жорсткае пагадненне — яго можна будзе скончыць раней ці працягнуць. Вырашыла не рабіць планы на доўгі час, зараз збіраюся проста жыць тут, займацца сваёй справай, прымаць удзел у нейкіх праектах. Усё настолькі складана і балюча, і сітуацыя зараз такая няпростая, што цяжка сказаць, што будзе нават праз тры месяцы. З цягам часу нешта ў краіне можа змяніцца, а можа і не змяніцца, і тады я проста застануся тут, у Вільні. Стараюся шмат не думаць пра гэта, каб не сумаваць. Але, канешне, усе спадзяюцца, і я таксама, што ў хуткім часе стане магчыма вярнуцца ў Беларусь. Пакуль што буду працаваць тэхнічнай пісьменніцай, як і ў Мінску.
«НН»: Вы ж і да жніўня 2020 года думалі іміграваць з Беларусі. Што не дало гэта зрабіць?
АГ: Не ведаю, што мне перашкодзіла.
Магу сказаць шчыра — марыла пра тое, каб з’ехаць, з самага дзяцінства, бо быць інвалідам у Беларусі не вельмі весела. Не кажу, што ў іншых краінах гэта нашмат лепш. Але калі я была ў Амерыцы на аперацыях і параўноўвала стаўленне да інвалідаў там з беларускім, зразумела, што наша краіна вельмі непрыстасаваная да інвалідаў.
Таму да 2020 года ў мяне была вельмі вялікая крыўда на Беларусь, на беларускую ўладу і грамадства, на тое, як уладкавана беларуская дзяржава. Хацелася проста збегчы ад усяго гэтага. Спрабавала знайсці варыянты для рэлакацыі праз працу, але чамусьці не атрымлівалася, і я нават не магу зараз сказаць, чаму.
У апошнія гады я пачала ўспрымаць беларускае грамадства зусім па-іншаму, у мяне з’явілася больш веры ў яго будучыню. І менавіта ў гэты момант я атрымала магчымасць з’ехаць.
Самае крыўднае — тое, што я марыла аб гэтым не адзін дзясятак гадоў, і гэта была вельмі важная для мяне мара. Але калі ў мяне нарэшце атрымалася з’ехаць, было такое адчуванне, што гэта не маё дасягненне і рашэнне, а нешта, што я вымушаная зрабіць для сваёй бяспекі.
Калі б не пагроза, то я засталася б у Беларусі. І гэта самае балючае: менавіта тады, калі я больш за ўсё хацела заставацца ў Беларусі, я адтуль з’ехала.
«НН»: Пратэсты змянілі ваша ўяўленне пра Беларусь?
АГ: Так. Я раней не сутыкалася з беларускай палітыкай, да лета 2020 года была даволі апалітычнай асобай. Зараз я разумею, што справа была проста ў маёй добрай працы і заробку — гэта былі прывілеі, якія мне не хацелася губляць, цёплае і камфортнае месца, якое я здолела заняць у сваім жыцці, нягледзячы на ўсе выпрабаванні. Шмат гадоў лічыла, што мяне не кранаюць пытанні палітыкі. Але ў 2020 годзе ў мяне было такое адчуванне, нібыта я прачнулася і сваімі вачыма ўбачыла, на чым на самой справе трымаецца наша ўлада. І для мяне гэта ўсё перакрэсліла.
«НН»: І на чым яна трымаецца?
АГ: Не скажу нічога арыгінальнага. Яе падмурак — страх, тэрор, улада мацнейшага і маніпуляцыі. Размова фактычна пра рабства, калі людзі ўтрымліваюцца ў бедным стане, каб іх больш хвалявала тое, як выжыць, а не тое, наколькі несправядлівая ўся сістэма вакол іх. Не ўяўляю, як можна перастаць пра гэта думаць і памятаць, калі ты ўсё гэта зразумеў, як можна нічога не рабіць.
Разумею, што ўсе людзі розныя, у іх розны запас таго, што можна аддаць агульнай справе і барацьбе. Але зусім ні ў чым не ўдзельнічаць? Напэўна, для гэтага трэба мець вельмі глыбокую траўму, каб чалавек ніяк не мог прымусіць сябе нешта рабіць.
«У ноч пасля выбараў адчула, што не магу жыць, як раней»
«НН»: Што вас саму прымусіла зацікавіцца падзеямі ў краіне?
АГ: У канцы вясны — пачатку лета 2020 года я сачыла за навінамі пра пандэмію і перадвыбарчую кампанію. Адчувала, што ўсё гэта — нейкі жах, так не павінна быць у ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы. А канчаткова я зразумела ўсю сур’ёзнасць сітуацыі ноччу пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Усё тое, што адбывалася тады і ўвесь наступны тыдзень, быццам разбурыла нейкую сцяну, якую я пабудавала ў сваёй галаве, каб спакойна жыць у гэтай краіне і ні пра што не хвалявацца. Адчула, што не магу жыць, як раней.
«НН»: На адным з жаночых маршаў вы былі затрыманая, атрымалі штраф. Як зараз успрымаеце тую гісторыю?
АГ: Большасць маіх сяброў і сябровак прайшлі праз гэта, а некаторыя і па некалькі разоў. Таму не магу сказаць, што гэты ўспамін мае для мяне большую вагу за іншыя рэчы.
Напрыклад, для мяне больш значны ўспамін пра тое, як у жніўні 2020 года на пратэснай акцыі айцішнікаў з’явілася Марыя Калеснікава. Я брала ўдзел у той акцыі, і ў мяне была магчымасць абмяняцца з Марыяй парай словаў і зрабіць фотаздымак на памяць.
А затрыманне было, канешне, траўматычным і непрыемным. Але калі праз арышты прайшлі дзясяткі тысяч беларусаў, то, як я лічу, маё затрыманне было вельмі нязначным.
Пасля затрымання, калі ўзнік рэзананс, мне прапаноўвалі дапамогу з лячэннем, але збольшасці тыя працэдуры мелі касметычны характар. Але ў мяне, напрыклад, вельмі дрэнна дыхае нос праз яго форму. Калі звярталася з такімі пытаннямі, мне казалі, што ў Беларусі такім лячэннем не займаюцца. Асабліва гэтым не займалася, бо зараз лячэнне не з’яўляецца для мяне прыярытэтам. Аднак выправіць нос было б няблага.
«Што мусіць думаць чалавек, які адзін гвалтуе цэлую краіну?»
«НН»: У дзяцінстве вы сустракаліся з Лукашэнкам. Якім ён падаўся вам тады?
АГ: Калі казаць шчыра, я не памятаю. Мне было 13-14 гадоў, і Расійская федэрацыя дзіцячых фондаў заснавала ад майго імя асаблівую прэмію — «Пакланенне». Яе павінны былі даваць падлеткам, што дасягнулі нечага незвычайнага ў сваім жыцці, і я была першай, хто атрымаў гэтую прэмію.
Так разумею, калі гэта ўсё адбылося, наша ўлада вырашыла, што трэба і ім неяк мяне адзначыць. І мы з бацькамі атрымалі запрашэнне на аўдыенцыю да Лукашэнкі. Мы прыехалі туды, мне і матулі далі кветкі. Далей абвясцілі, што мне прэзентуюць музыкальны цэнтр, і папрасілі, каб я падарыла Лукашэнку малюнак. Нешта я яму ўручыла, мы трохі пагутарылі.
З той аўдыенцыі засталіся фотаздымкі, у маёй матулі ёсць чорна-белае фота. Я неяк прапанавала ёй яго спаліць — маўляў, зробім уласную акцыю, унутраны пратэст. Але матуля адмовілася, сказала, што гэтая сустрэча ўсё роўна застанецца часткай гісторыі нашай сям’і, таму няхай фота застаецца як гістарычны артэфакт.
«НН»: Што б вы сказалі Лукашэнку зараз?
АГ: Думаю, я б спытала ў яго вось што.
Ці разумее ён сам, наколькі ён уласнымі рукамі, дзеяннямі і рашэннямі зрабіў усё магчымае, каб пакінуць пасля сябе поўную нянавісці і болю памяць?
Бо што б ён не рабіў зараз, як бы ні намагаліся зараз яго прыхільнікі, праўду немагчыма знішчыць. Ні на яго вяку, ні ў будучым немагчыма будзе знішчыць усіх сведкаў рэпрэсій, людзі будуць памятаць. І ў гісторыі гэтай краіны ён застанецца як монстр, што зламаў столькі жыццяў і лёсаў.
З аднаго боку, хочацца спытаць: ці вартая ўлада такіх ахвяраў? Але недзе ў сэрцы адчуваю, што адказ на гэтае пытанне відавочны. Мне цікава, што на самой справе мусіць думаць чалавек, які адзін гвалтуе цэлую краіну.
«НН»: Што б вы хацелі сказаць напрыканцы нашай гутаркі?
АГ: Калі я рыхтавалася да ад’езду, думала, як людзі, якія цікавяцца маёй дзейнасцю, паставяцца да яго. Апошні час бачу вельмі шмат спрэчак паміж тымі, хто застаецца ў Беларусі, тымі, хто з’ехаў адтуль у мінулыя два гады, і тымі, хто з’ехаў яшчэ раней і ўдзельнічае ў пратэстах дыяспары. Тыя, хто не ў краіне, вінавацяць тых, хто застаўся, за тое, што яны церпяць рэжым, а тыя, у сваю чаргу, вінавацяць мігрантаў, што яны пакінулі Беларусь.
Хацела б, каб людзі кінулі гэта рабіць і пісаць адно аднаму крыўдныя словы. Гэта патрэбна толькі аднаму чалавеку, а нам не варта рабіць нічога, што яму выгадна.
Было б добра, калі б беларусы ў розных краінах і ў розных абставінах падтрымлівалі адзін аднаго, а не лаяліся паміж сабой, бо гэта нас будзе толькі аддаляць адзін ад аднаго. Тады наша барацьба толькі прайграе, а адзіны чалавек, якому гэта будзе выгадна — Лукашэнка.
Каментары