Сяргей Міхалок абвясціў, што аднаўляе гурт «Ляпіс Трубяцкі», распушчаны ім жа ў 2014 годзе. У красавіку пройдуць першыя канцэрты новага-старога гурта, а ў сацсетках з'явіліся відэа рэпетыцый «Ляпісаў». Няўжо Міхалок памірыўся з Булатнікавым?
Прыхільнікі «Ляпісаў» абрадаваліся навіне і пачалі ў каментарах выказваць спадзеў, што старыя крыўды паміж салістамі, Сяргеем Міхалком і Паўлам Булатнікавым, забытыя і гурт вернецца ў максімальна набліжаным да класічнага складзе.
Наколькі вядома «Нашай Ніве», Паўлу Булатнікаву ніхто не прапаноўваў вяртацца ў гурт і пра заяву Сяргея Міхалка ён сам даведаўся з сацсетак.
Мяркуючы па фота і відэа з рэпетыцый, у склад новых «Ляпісаў» уваходзяць пяць чалавек: акрамя Сяргея Міхалка, гэта бубнач Аляксандр Старажук, бас-гітарыст Алесь-Францішак Мышкевіч, гітарыст Павел Вялічка і саксафаніст Андрэй Барыла. Усе яны апошнім часам гралі ў шматлікіх калектывах пад кіраўніцтвам Сяргея Міхалка.
Расказваем падрабязней пра музыкантаў.
Аляксандр Старажук
Адзіны, хто мае дачыненне да класічных «Ляпісаў», — легендарны бубнач Аляксандр Старажук. Ён граў у гурце з 2001 па 2011 год, а пасля распаду гурта на некаторы час далучаўся да калектыва Паўла Булатнікава.
Напрыканцы мінулага года стала вядома, што Старажук зноў вярнуўся да Сяргея Міхалка ў якасці перкусіяніста. Мяркуючы па фота, 63-гадовы бубнач у выдатнай музычнай і фізічнай форме.
Алесь-Францішак Мышкевіч
Адзін з найбольш вядомых беларускіх бас-гітарыстаў ускосна датычны да «Ляпісаў» — з 2014 па 2016 гады ён граў у гурце Trubetskoy.
У 2018 годзе музыкант, які мае багаты багаж выступленняў у «Без Білета», «Крамбамбулі», The Superbullz і іншых гуртах, далучыўся да праекта Сяргея Міхалка DREZDEN, а пасля стаў удзельнікам і астатніх праектаў.
Павел Вялічка
Самы малады з «Ляпісаў», граў раней у Yellow Brick Road, які дзяліў сцэну з Bullet For My Valentine, The Horrors, Hurts і Deep Purple.
Таксама выступаў з прэзідэнцкім аркестрам Беларусі.
У 2018 годзе гітарыст далучыўся да гурта DREZDEN.
Андрэй Барыла
Музыкант па мянушцы Барон пазней астатніх далучыўся да ансамбляў Сяргея Міхалка, толькі ў 2020-м. Граў раней з Алесем-Францішкам Мышкевічам у гурце Chiefs Band.
Акрамя музыкі, прафесійна займаецца фатаграфіяй — ягоны бацька быў фатографам.
Ужо вядомыя першыя восем гарадоў, у якіх выступіць новы «Ляпіс Трубяцкі»: 8 красавіка — Рыга, 9 красавіка — Талін, 11 красавіка — Вільня, 15 красавіка — Берлін, 16 красавіка — Гамбург, 18 красавіка — Нюрнберг, 20 красавіка — Прага, 22 красавіка — Брно.
Прыбытак ад канцэртаў пойдзе на дапамогу Украіне.
Каментары