Цягам 19 гадоў Раман Абрамовіч намагаўся зрабіць «Чэлсі» лепшым клубам свету. Калаж: thesun.co.uk

Цягам 19 гадоў Раман Абрамовіч намагаўся зрабіць «Чэлсі» лепшым клубам свету. Калаж: thesun.co.uk

Набыў за 140 мільёнаў фунтаў, прадаў за 4,25 млрд

У 2003 годзе Раман Абрамовіч стаў першым рускім уладальнікам клуба Прэм'ер-лігі: усяго за 10 хвілін з пачатку перамоў ён ухваліў афармленне рэкорднай на той момант угоды ў гісторыі брытанскага футбола. Алігарха не збянтэжыла ні неабходнасць аддаць 59,3 млн за кантрольны пакет акцый, ні патрэба закрыць 80 млн лонданскіх пазык. Для параўнання: былы ўласнік «Чэлсі» Кен Бэйтс, што стаяў на чале «ільвоў» з 1982 года, выдаткаваў на пакупку сімвалічны адзін фунт — ды яшчэ паўтара мільёна на спраўджванне банкавых абавязацельстваў.

Сёння ж Абрамовіч перадае клуб кансорцыуму мільярдэраў у складзе Тода Баэлі (на рахунках — 4,5 млрд даляраў), Марка Уолтэра (3,9 млрд) ды Ханса-Йорга Віса (5 млрд). Кошт угоды — 4,25 млрд фунтаў. Пры гэтым 1,75 млрд пойдуць непасрэдна на развіццё «Чэлсі»: інфраструктуры, мужчынскай і жаночых каманд, акадэміі і гэтак далей. А яшчэ 2,5 млрд выдаткуюцца на дабрачыннасць, бо санкцыі забараняюць Абрамовічу атрымліваць любы прафіт па аперацыях у Брытаніі.

Выдаткаваў на трансферы 2,1 млрд фунтаў

Палітыка дзеянняў Абрамовіча на трансферным рынку акрэслівалася максімальна проста: «набываць зорных гульцоў, нягледзячы на кошты». Ужо ў дэбютным сезоне на чале «Чэлсі» ён выпісаў у Лондан сапраўдных топаў кшталту форварда Эрнана Крэспа ды паўабаронцы Хуана Себасцьяна Верона. Агульны ж чэк «закупаў»-2003/04 склаў неверагодныя 153 млн фунтаў!

Выдаткі «Чэлсі» на трансферы пры Рамане Абрамовічы. Статыстыка: footballtransfers.com

Выдаткі «Чэлсі» на трансферы пры Рамане Абрамовічы. Статыстыка: footballtransfers.com

Далей канвеер па абнаўленні трансферных рэкордаў толькі набіраў моц. Паўсотні мільёнаў фунтаў за Фернанда Торэса, 70 — за Кая Хаверца, 97,5 — за Рамелу Лукаку, што зрабіла бельгійца самым дарагім форвардам у футбольнай гісторый… Расійскі алігарх не спыняўся ні перад чым, калі меў намер узмацніць «Чэлсі» гульцом, які яму прыйшоўся да спадобы. Пры гэтым часта бізнэсмен не браў ва ўвагу патрэбы трэнера — і шэрагу спартсменаў тым самым сапсаваў кар'еры. Як прыклад, украінец Андрэй Шаўчэнка: валадар «Залатога мяча», які бліскуча выступаў за «Мілан», паддаўся на ўгаворы Абрамовіча ды змяніў Італію на Англію. Аднак у Лондане з-за незапатрабаванасці не прадэманстраваў і 10 працэнтаў свайго патэнцыялу.

Усе набыткі «Чэлсі» на трансферным рынку цягам «эры Абрамовіча». Статыстыка: thesun.co.uk

Усе набыткі «Чэлсі» на трансферным рынку цягам «эры Абрамовіча». Статыстыка: thesun.co.uk

Здараліся і смешныя гісторыі. Летам 2004-га алігарх патрабаваў ад падначаленых падпісаць у «Чэлсі» хаўбека Гіюлы. Скаўты «ільвоў» перакулілі з ног да галавы ўсе лігі турэцкага чэмпіянату, а таксама самых вядомых легіянераў з той краіны. Аднак патрэбнага выканаўцу не знайшлі. І толькі праз некаторы час высветлілася, што Абрамовіч меў на ўвазе Людавіка Жюлі (Ludovic Giuly), які прывёў французскі «Манака» ў фінал Лігі чэмпіёнаў-2004.

Цалкам жа баланс прафіту ды страт «Чэлсі» ў дачыненні да трансфераў складае адмоўную суму ў 1,03 млрд фунтаў. І гэта яшчэ з улікам бану на набыццё гульцоў летам 2019 года. Тады «ільвы» панеслі пакаранне за парушэнне правілаў падпісання маладых гульцоў — і маглі разлічваць выключна на тых, хто ўжо быў на кантрактах у складзе.

Самыя дарагія трансферы ў гісторыі «Чэлсі» пры Абрамовічы. Статыстыка: thesun.co.uk

Самыя дарагія трансферы ў гісторыі «Чэлсі» пры Абрамовічы. Статыстыка: thesun.co.uk

Дадамо, што самым дарагім лотам, які «Чэлсі» аддаў у іншы клуб, стаў Эдэн Азар. Летам 2019 года той перайшоў у мадрыдскі «Рэал» за 98,4 млн фунтаў. Адпаведна, ніводзін продаж лонданцаў да «столі» ў 100 млн так і не дацягнуў, як Абрамовіч ні намагаўся і гэтую планку пераадолець.

За звальненні трэнераў заплаціў 112,5 млн

Абрамовіч патрабаваў ад «Чэлсі» перамагаць тут і зараз. Таму настаўнікі, што заступалі на капітанскі масток, хай сабе і мелі каласальны трансферны рэсурс, аднак працавалі літаральна да першай памылкі. За 19 гадоў кіравання расіяніна «ільвы» 15 разоў мянялі трэнераў — і выключна элітных. Напрыклад, у Заходні Лондан завітвалі Карла Анчалоці, Рафа Бянітэс, Антонія Контэ, Томас Тухель… Жазэ Мурынья і Гус Хідзінк увогуле клуб узначальвалі двойчы, аднак гэта толькі падкрэслівала, што недатыкальных у складзе «блакітных» нямашака.

Кожны датэрміновы разрыў кантракта з коўчам каштаваў Абрамовічу мільёны фунтаў. Самым балючым атрымалася з Мурынья: сумарна партугальцу кампенсаваліся выдаткі ў памеры 34,5 млн фунтаў. Агулам жа датэрміновае спыненне адносін з трэнерамі абышлося алігарху ў 112,5 млн фунтаў.

Выйграў 21 трафей — кожны з магчымых для еўрапейскага клуба

За 98 год існавання «Чэлсі» да продажу расіяніна ў клубную скарбонку дадалося ўсяго 11 трафеяў. Прычым у першынстве Англіі «ільвы» перамагалі толькі ў 1950-м. Тады як пры Абрамовічы ўжо на другі год кааперацыі разжыліся Кубкам мясцовай лігі. Надалей узнагароды здабываліся стаханаўскімі тэмпамі. Прычым лонданцам скараліся як рэгіянальныя турніры, так і Ліга чэмпіёнаў. Усяго расійскі бізнэсовец уздымаў над галавой разам з камандай 21 кубак — у тым ліку за перамогу на клубным чэмпіянаце свету ды за трыумф у Суперкубку Еўропы.

Адзіная ўзнагарода, што засталася па-за межамі ўплыву Абрамовіча, — Ліга Канферэнцый УЕФА. Аднак яе можна пакінуць за дужкамі, бо турнір дэбютаваў у кантынентальным календары толькі сёлета. Тады як расіяніна адхілілі ад клубнага кіравання яшчэ ўзімку. Таму, фактычна, у «Чэлсі» нават тэарэтычнага шанцу пазмагацца за гэты трафей пры алігарху не было.

Клас
9
Панылы сорам
7
Ха-ха
18
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1