«У нас быў змяіны калектыў». Найлепшая лучніца краіны — пра ад’езд у Польшчу і беларускі спорт
Карына Казлоўская, неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі па стральбе з лука, апублікавала рэзанансны пост у Instagram, дзе расказала, што з’ехала з краіны. Беларусь страціла спартоўку, якая дабралася на мінулай Алімпіядзе да чацвёртага месца ў камандных спаборніцтвах — выключны вынік для беларусаў. «Наша Ніва» пагутарыла з 21-гадовай атлеткай пра матывы такога рашэння.
«Неяк гэтая гісторыя завірусілася»
«Наша Ніва»: Якім для вас застанецца час у беларускім спорце?
Карына Казлоўская: Можна сказаць, пачалі за здароўе, а скончылі за ўпакой (смяецца). Калі б усё было добра, я б не з’язджала. У апошні час мне было ўсё цяжэй у Беларусі, і з кожным днём я ўсё больш разумела, што канец маёй беларускай кар’еры — проста пытанне часу. Быў выбар паміж тым, каб пераехаць у іншую краіну ці ўвогуле скончыць са спортам.
«НН»: Усё было настолькі сур’ёзна?
КК: Кіраўніцтва проста чакала моманту, калі б я дрэнна выступіла на спаборніцтвах, каб яны маглі гэтым скарыстацца. У такім выпадку мяне маглі б, напрыклад, пазбавіць стыпендыі ці звольніць з каманды. Ужо быў выпадак, калі два стралкі, дзяўчына і мужчына, сталі найлепшымі па рэспубліканскім рэйтынгу, але іх не ўзялі ў каманду, бо нібыта знайшліся спартсмены з лепшымі вынікамі. Так з каманды могуць выкінуць любога, хто не спадабаецца кіраўніцтву.
«НН»: І вы як чалавек, які не хаваў сваю грамадзянскую пазіцыю, былі тут у асаблівай небяспецы?
КК: Мая пазіцыя была асноўнай прычынай, па якой я не надта падабалася кіраўніцтву. Заўсёды зручней, калі чалавек моўчкі ўсё прымае, з такімі людзьмі працаваць прасцей. Пытанне выніку, мне здаецца, для нашага кіраўніцтва стаіць на другім плане.
«НН»: Вас хвалявала толькі сітуацыя ў краіне ці яшчэ і падыход да вашага віда спорту?
КК: І тое, і тое. Я крытыкавала наш трэніровачны працэс, тое, як рыхтуюцца нацыянальная і моладзевая каманды. Бачу, што ёсць праблемы ў беларускім спорце, выказваю іх і чакаю, што па гэтых пытаннях будуць прымацца рашэнні.
Возьмем пытанне з недахопам інвентару ў моладзі. Дзеці ў нас страляюць з вельмі танных лукаў, амаль аматарскіх, і я казала кіраўніцтву, што трэба купіць для іх нармальныя, каб дзеці вучыліся разумець стральбу. А мне казалі, што грошай няма і ніхто гэтым займацца не будзе.
У стральбу з лука прыходзіць не так шмат новых людзей, і таму гэты від спорту не лічаць прыярытэтным. Адпаведна і фінансаванне ў нас не самае лепшае. Таму часам бачыла сітуацыі, калі на занятак прыходзіць, напрыклад, 20 дзяцей, і на іх ёсць толькі 5—6 лукаў. Прыходзілася неяк змяняць час трэніровак і павялічваць час працы трэнера, каб дзеці маглі спакойна пастраляць.
З міжнароднымі стартамі ў нас было не лепш. Калі этап Кубка свету праходзіць у Турцыі ці Еўропе, мы туды ляцім. Але калі спаборніцтва праходзіць у Паўночнай ці Паўднёвай Амерыцы ці ў Азіі, беларусы туды не ляцяць, бо гэты старт для іх занадта дарагі, таму замест яго мы правядзем збор у Стайках. Гэтага ж дастаткова для таго, каб заняць потым добрыя месцы на чэмпіянатах свету (смяецца).
Што да грамадзянскай пазіцыі, то ў федэрацыі стральбы з лука ёсць людзі з рознымі поглядамі, і паміж імі бывалі сутыкненні. Часам іх удзельнікі расказвалі мне пра тое, што адбываецца, як мае выказванні абмяркоўвалі за маёй спіной, і ў выніку я нібыта аказвалася крайняй, чалавекам, які быццам тыча нос не ў сваю справу.
«НН»: Калі вы публічна расказалі пра тое, што з’ехалі, было страшна?
КК: Так. Бо не ведала, як адрэагуюць у Міністэрстве спорту і ў іншых дзяржаўных установах, што яны будуць рабіць. Калі рыхтавала пост, разумела, што не трэба пісаць шмат крытыкі, бо прыцягну непатрэбную ўвагу. Я знаходжуся ў бяспецы, але ў мяне ёсць сябры і блізкія людзі, якія дагэтуль у Беларусі, і мне не хацелася б, каб з імі нешта здарылася.
«НН»: Пасля паста атрымалі ад людзей больш падтрымкі ці крытыкі?
КК: Я трохі ў шоку ад усёй увагі да сябе, думала, што зраблю той пост проста для сябе. Маўляў, напішу тэкст, выстаўлю фота і развітаюся з беларускім спортам. Мне здавалася, гэта нешта не надта важнае, але неяк гэтая гісторыя завірусілася і людзі пачалі пісаць мне шмат добрых словаў. Гэта вельмі прыемна і падбадзёрвае мяне, паказвае, што я зрабіла правільны выбар.
«НН»: З’ехалі з краіны хутка?
КК: Асноўная праблема была з візай, бо яе цяпер цяжка атрымаць. У выніку рыхтавалася да пераезду больш за месяц. Нікога не папярэджвала, нават блізкім расказала пра ад’езд толькі за дзень да яго. Кіраўніцтва зусім нічога не ведала.
«НН»: Як вы цяпер?
КК: Лічу, нядрэнна. Трэніруюся з добрым трэнерам з Карэі, у яго ёсць свая, індывідуальная праграма. Павялічыла стралковую нагрузку, больш удзяляю ўвагі расцяжцы, працую над тэхнікай выстралу. Зараз я год не здолею ўдзельнічаць у міжнародных стартах, бо змяніла краіну, таму выступаю на мясцовых спаборніцтвах. У 2023 годзе збіраюся афіцыйна выступаць ад зборнай Польшчы і адбірацца на Алімпійскія гульні.
«НН»: Як знайшлі новы клуб?
КК: Калі зразумела, што буду пераязджаць, пыталася ў сваіх сяброў з розных краін, як там справы ў спорце і як туды пераехаць. Напісала, у тым ліку, у польскую федэрацыю стральбы з лука, патлумачыла сітуацыю, і яны мне даволі хутка адказалі. Мае кантакты перадалі клубу, які мной зацікавіўся, і клуб пагадзіўся дапамагчы з пераездам. Мне знайшлі жыллё, дапамаглі з інвентаром і цяпер гатовыя дапамагаць па розных пытаннях.
Я ў шоку ад таго, што тут да мяне ставяцца як да чалавека. Мяне паважаюць як спартсмена, і я паважаю гэтых людзей у адказ. Няма спажывецкага стаўлення, як у Беларусі. Яшчэ не надта ведаю польскую мову, і ўсе да гэтага спакойна ставяцца, стараюцца, каб мне было камфортна.
«У Беларусі нешта не так»
«НН»: Калі вы канчаткова зразумелі, што больш не здолееце заставацца ў Беларусі?
КК: Калі пачалася вайна. У мяне ёсць вельмі шмат сяброў з Украіны, некаторыя ўкраінскія спартсмены цяпер знаходзяцца ў Германіі і Польшчы, ёсць украінцы і ў клубе, дзе я зараз трэніруюся. Адна мая сяброўка, калі яшчэ была ва Украіне, пісала мне, як яна ўжо пяты дзень жыве без вады, электрычнасці і ацяплення, хаваецца ў падвале.
Табе скідаюць відэа пра тое, як у суседні дом ляціць ракета. Беларусь ніяк не падтрымала гэтых людзей, яна, па сутнасці, стала агрэсарам. Наша краіна знаходзіцца пад акупацыяй і нічога не можа зрабіць.
Сябры пісалі мне: «Што адбываецца ў вашай краіне, чаму з вашага боку ляцяць ракеты?» Зразумела, што адна справа, калі крызіс адбываецца ўнутры краіны, а зусім іншая — калі ўсё паварочваецца ў такі бок, і ты нічога не можаш зрабіць.
Беларусы выходзілі на пратэст супраць вайны, але іх за гэта жорстка каралі. Я глядзела на гэта ўсё і разумела, што, напэўна, час рыхтавацца да пераезду. Потым пабачыла, што нашаму трэнерскаму штабу практычна ўсё роўна, што адбываецца ва Украіне, хаця гэта і іх сябры і калегі. Здаецца, яны нават абвінавацілі ўкраінцаў у тым, што праз іх, «здраднікаў», беларусаў дыскваліфікавалі з міжнародных спаборніцтваў, каб прыбраць супернікаў.
Убачыла, што не магу больш заставацца сярод гэтых людзей. Раней думала, што здолею неяк падтрымліваць беларускі спорт знутры, маўляў, у беларускім спорце засталіся сумленныя людзі, якія могуць нешта змяніць. А тут зразумела, што канкрэтна я ўжо нічога не змяню.
«НН»: Гэтыя сумленныя людзі, пра якіх вы кажаце, сапраўды засталіся ў беларускім спорце?
КК: Думаю, што так. Там, напэўна, ёсць больш трывалыя спартсмены, чым я, ці тыя, хто не выказваецца, але застаюцца пры сваім правільным меркаванні. З кожным месяцам іх колькасць скарачаецца, але яны будуць аднымі з першых, хто дапаможа ўсё змяніць у краіне.
«НН»: Раней думалі пра тое, каб з’ехаць з Беларусі?
КК: Так, яшчэ недзе ў 2017—2018 гадах, калі была ў моладзевай зборнай, была на замежных спаборніцтвах. Бачыла, як трэніруюцца іншыя каманды і як яны выступаюць, і разумела, што яны больш вольныя і маюць лепшае фінансаванне. Але гэта, хутчэй, былі проста развагі, бо я вельмі люблю Беларусь і заставалася ў краіне, як бы дрэнна там ні было.
«НН»: Да 2020 года вы былі апалітычным чалавекам?
КК: Хутчэй, не надта разбіралася ў палітыцы. Была падлеткам, і вакол мяне былі розныя людзі. Нехта з іх падтрымліваў Лукашэнку, а нехта насіў БЧБ-сімволіку, вышыванкі, ведаў пра Дзень волі і Ноч расстраляных паэтаў. Я бачыла, як мае бацькі пакутавалі ад чарговых крызісаў, рабіліся ўсё бяднейшымі, і ўсведамляла, што ў Беларусі нешта не так. Калі ёсць магчымасць зрабіць жыццё лепшым, то варта паспрабаваць, а не сядзець убаку.
У 2020 годзе я пачала больш чытаць пра сітуацыю ў краіне, мне падрабязна пра яе распавядалі. Вывучала не толькі палітыку, але і гісторыю, і пытанне нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Шкадую толькі, што не здолела вывучыць беларускую мову.
У мяне былі сябры, якія цалкам размаўлялі па-беларуску, часам я не разумела, што яны кажуць, і мне ад гэтага было вельмі сорамна. У школе вывучала гэтую мову, але ў каледжы не паладзіла з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, і таму з прынцыпу не вучыла гэтую мову. Неяк спрабавала сама навучыцца чытаць і гутарыць па-беларуску, але потым закінула гэтую ідэю.
«НН»: Вы падпісвалі ліст спартсменаў за сумленныя выбары, прызнаваліся, што хадзілі на мірныя маршы. Не было страху за кар’еру?
КК: Вядома, быў. Калі хадзіла на першыя маршы, адключала тэлефоны і нікому не казала, дзе я. І недзе на трэцім маршы сустрэла шмат сваіх сяброў! Зразумела, што раблю правільны выбар, і хай будзе што будзе.
«У цябе яшчэ нікога не забралі?»
«НН»: Ад вас патрабавалі падпісаць праўладны ліст спартоўцаў?
КК: Так. Сабралі спартсменаў з нацыянальнай каманды і сказалі: «Мы вас не прымушаем падпісваць гэты ліст, але, калі вы яго не падпішаце, у вас могуць пачацца праблемы з кіраўніцтвам, з Міністэрствам спорту, вам будуць удзяляць больш увагі». Я была адзінай з тых спартсменаў, хто з прынцыпу не падпісаў той ліст.
«НН»: Пасля гэтага адчувалі на сябе ціск?
КК: Так, прычым размова не толькі пра нейкія крыўдныя словы, жарты ці прычэпкі. Калі ты чытаеш пра тое, як некага затрымалі і далі штраф, разумееш, што ты з чалавекам зрабіў тое ж самае, але ён за гэта панёс вялікую адказнасць — можна сказаць, ні за што! Было страшна, што да цябе дахаты могуць прыйсці людзі, і на гэтым скончыцца ўсё твае жыццё, да якога ты так імкнуўся.
«НН»: Што мелі на ўвазе пад крыўднымі жартамі і прычэпкамі?
КК: Да мяне заўсёды было асаблівае стаўленне. Таму, калі пачаліся мітынгі, у мой бок таксама было больш увагі, гэта было непрыемна. Знаходзішся на спаборніцтвах ці трэніроўках, а табе кажуць «Ну што, як пагуляла?» ці «У цябе яшчэ нікога не забралі?». Вельмі цяжка не сарвацца і не адказаць груба гэтым людзям. Жадаюць — няхай жартуюць, але я старалася быць вышэй за ўсё гэта.
«НН»: Сябе так паводзілі трэнеры?
КК: І трэнеры, і спартсмены. У нас даволі змяіны калектыў, і гэта лічылася нормай. Гэта не дрэнныя людзі, проста часам ім было нудна і яны пачыналі насміхацца адно з аднаго ці з тых, хто толькі трапіў у нашу нацыянальную каманду.
«НН»: А ці былі да вас пытанні наконт трэніровачнага працэсу?
КК: Так, бо выконвала даволі малую нагрузку ў параўнанні з іншымі спартсменамі. Астатнія стралкі трэніраваліся двойчы на дзень, і кожная трэніроўка была ў іх працягласцю дзве-тры гадзіны, я ж страляла толькі дзве-тры гадзіны ў дзень. У іншы час я трэніравалася ў зале ці займалася кардыётрэніроўкамі, то-бок займалася крыху па іншай праграме.
Кіраўніцтву вельмі не падабалася, што я выдзяляюся і трэніруюся не так, як астатнія. І мне было цяжка, бо разумела, што мне тады не падыходзіла тое, як трэніруюцца іншыя. Мне казалі, што я нібыта не дапрацоўваю і павінна рабіць больш выстралаў, а я разумела, што выстрал, здаецца, нядрэнны, і не разумела, што ў ім яшчэ можна змяніць.
«НН»: Чыноўнікі не ўлічвалі вашы высокія вынікі?
КК: У апошні час, здаецца, не. У беларускім спорце перамогі і медалі хутчэй лічаць заслугай не спартсмена, а кіраўніка ці трэнера. Спартсмен для іх — проста інструмент, і яны лічаць, што калі сказаць патрэбныя словы, спартсмен, як робат, дасць вынік. Звычайным настаўленнем перад спаборніцтвам, асабліва перад важным, было «ну давайце, каб былі медалі».
Калі я з’ехала, кіраўнікі прадставілі мяне здрадніцай — маўляў, мне далі ўсе ўмовы і стыпендыю, хаця гэта стыпендыя за маё 4-е месца на Алімпіядзе, а я ўсё кінула і скрала грошы ў дзяржавы.
«НН»: Хто называў вас здрадніцай?
КК: Так мяне назвалі, наколькі я ведаю, галоўны трэнер нацыянальнай каманды [Кацярына Цімафеева] і кіраўнік федэрацыі стральбы з лука [Мікалай Марусаў]. Іх словы мне перадалі знаёмыя, якія зараз выступаюць у Беларусі. Трэнер і кіраўнік федэрацыі назвалі мяне дурной, сказалі, што я не разумею, што зрабіла, што я ідыётка і страціла грошы — няўжо шчасце менавіта ў грошах?
«НН»: З такім стаўленнем вы маглі не трапіць на Алімпіяду ў Токіа?
КК: Так, мяне спрабавалі прыбраць. Пачалі з псіхалагічнага ціску, прымушалі адклікаць подпіс пад лістом за сумленныя выбары. Потым спрабавалі мяне не пусціць на міжнародныя спаборніцтвы, і ў іх гэта атрымалася, я прапусціла чэмпіянат Еўропы перад Алімпіядай.
У 2019 годзе я разам з Карынай Дзёмінскай і Ганнай Марусавай узяла для Беларусі алімпійскія ліцэнзіі. Спачатку нам казалі, што мы і паедзем на Алімпіяду, але потым кіраўніцтва вырашыла праводзіць адбор на Гульні. За месяц да Алімпіяды яшчэ ніхто не ведаў, хто будзе ехаць у Токіа, акрамя Марусавай і Дзёмінскай, да іх пытанняў не было — яны падпісалі праўладны ліст, іх любяць. Прайшоў этап Кубка свету, дзе я нядрэнна выступіла, і мне сказалі: «Ну, добра, калі ты так страляеш, то едзь ужо на Алімпіяду».
«НН»: Як вы перажывалі ўвесь ціск на сябе ў беларускім спорце?
КК: Вельмі цяжка. Спадзявалася, што пасля Алімпійскіх гульняў і такога высокага выніку стаўленне да мяне зменіцца, але яно стала толькі больш цынічным.
Напрыклад, зімой праходзілі падрыхтоўчыя зборы да сезону, і мне паведамлялі пра іх літаральна за дзень да пачатку. Магла да гэтага распланаваць і аплаціць свае трэніроўкі, запісацца на нейкія курсы, а мне казалі за дзень усё адмяніць і ехаць у Стайкі. Прычым гэта закрытая спартовая база, з якой нельга выехаць у горад. Так было не адзін раз.
Не хачу сказаць, што лучнікі ў Беларусі нейкія злыя ці вельмі любяць Лукашэнку. Там ёсць і нармальныя людзі, з кім я сябравала і хто мяне падтрымліваў.
«НН»: Вы зараз адчуваеце крыўду?
КК: Мне вельмі крыўдна, што ў Беларусі такая жудасная сітуацыя, мне крыўдна, што пачалася вайна. Трэніруюся разам з украінскімі лучнікамі, і яны расказваюць шмат цяжкіх гісторый: напрыклад, у аднаго з іх разбамбілі стрэльбішча. Ад такога мне проста хочацца плакаць, і мне дужа крыўдна, што я не магу нічога змяніць, толькі магу падтрымаць людзей. Калі б гэтага ўсяго не было, я б не з’ехала з Беларусі, і цяпер вельмі па ёй сумую.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Мы «павінны» дзяржаве? Тады і дзяржава мне павінна». Сныціна — пра чыноўнікаў, сваю краму мерчу і тое, чаму верыць у перамогу
«Тут сярэдні футбаліст атрымлівае не больш за настаўніка». Гэты галкіпер выступаў за Беларусь на Алімпіядзе, а цяпер феерыць у Швецыі і вядзе ўрокі ў школе
-
Украінец Аляксандр Усік зноў перамог Тайсана Ф'юры і абараніў тытул чэмпіёна свету па боксе ў суперцяжкай вазе
-
Беларускіх канькабежцаў дапусцілі да алімпійскай кваліфікацыі ў нейтральным статусе
-
Беларусь засталася на 52-м месцы ў табліцы каэфіцыентаў УЕФА і пазбавілася чацвёртага клуба ў еўракубках у сезоне-2026/27
Каментары