У афіцыйным Твітары рок-гурта Bon Jovi з'явілася паведамленне пра смерць бас-гітарыста і сузаснавальніка гэтага гурта Алека Джона Сача. Яму было 70 гадоў. Прычына смерці музыкі пакуль не называецца.

«Алек быў неадʼемнай часткай пры стварэнні гурта. Шчыра кажучы, мы знайшлі дарогу адзін да аднаго праз яго — ён быў сябрам дзяцінства Ціка і запрасіў Рычы на выступ. Алек заўсёды быў дзікім і поўным жыцця. Сёння гэтыя асаблівыя ўспаміны выклікаюць у нас усмешку і слёзы», — пішуць калегі нябожчыка.
Сач нарадзіўся ў штаце Нью-Ёрк 14 лістапада 1951 года. Разам з іншымі музыкамі ён заснаваў Bon Jovi ў штаце Нью-Джэрсі ў 1983 годзе. У 1994 годзе, праз 11 гадоў, ён пакінуў гурт, але ў 2018-м зноў выступіў з ім на мерапрыемстве з нагоды ўключэння ў Залу славы рок-н-ролу ў амерыканскім Кліўлендзе ў штаце Агаё.
Апроч ігры на бас-гітары, Сач спяваў вакальныя партыі, а падчас канцэртаў выконваў песню «Blood on Blood».
Трэці альбом гурта Slippery When We стаў сусветным хітом і разышоўся накладам у 12 млн асобнікаў.
Група Bon Jovi атрымала назву ў гонар свайго лідара і вакаліста Джона Бон Джові. Калектыў выпусціў 15 студыйных альбомаў, апошні з іх убачыў свет у 2020 годзе.
Каментары