Грамадства4040

Ціханоўская стварае кабінет, мэта якога — «дэакупацыя краіны і правядзенне свабодных выбараў»

Сёння ў Вільні прайшоў другі дзень канферэнцыі дэмакратычных сіл «Новая Беларусь». З учорашніх важных прапаноў — стварыць кабінет міністраў. Ідэю часовага ўрада ў выгнанні падтрымліваюць кіраўнік НАУ Павел Латушка, прадстаўнік «Байпол» Аляксандр Азараў, палітык Вадзім Пракоп'еў. Святлана Ціханоўская прыняла гэтую прапанову і прызначыла чатырох першых прадстаўнікоў.

Свой анлайн вядзе «Наша Ніва». Трансляцыю таксама можна глядзець тут:

18:08

Хто такі Валерый Сахашчык, які ўзначаліў сілавы блок у кабінеце Ціханоўскай

Былы камандзір найбольшай дэсантнай брыгады, бацька трох сыноў, адзін з якіх — дзейны афіцэр, а ў мірным жыцці — стваральнік кампаніі з 900 работнікамі, піша Арцём Гарбацэвіч.

16:38

Часовы склад Кабміна. Фота: аргкамітэт канферэнцыі

16:36

Святлана Ціханоўская агучыла іншыя планы:

«Да канца верасня мы працягнем фарміраваць кабінет, і ўсе прадстаўнікі апублікуюць свае службовыя абавязкі.

Працягнецца і перазапуск Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органа. У новы склад увойдуць палітыкі і прадстаўнікі грамадзянскіх ініцыятываў. Гэта робіцца для таго, каб ён стаў галоўнай пляцоўкай для публічных дыскусій і выпрацоўкі рашэнняў. Калі вы хочаце, каб ваш голас пачулі, далучайцеся, дэлегуйце людзей. Каардынацыйная рада скончыць падрыхтоўку да рэарганізацыі да 1 верасня.

За час канферэнцыі аргкамітэт, які складаецца з КР, НАУ, каманды Бабарыка, BYPOL, «Супраціву», прадстаўнікоў партый і грамадзянскага сектара, прыняў некалькі важных дакументаў. Гэта дэкларацыя аб мэтах і каштоўнасцях нашага агульнага руху, заявы ў падтрымку Украіны і супраць антыпольскай кампаніі рэжыму, а таксама этычны кодэкс дэмакратычных сіл. Гэтыя дакументы апублікаваныя на сайце канферэнцыі. Нам усім трэба вучыцца весці дыскусію — і таму, спадзяюся, кожны партнёр сёння ці заўтра падпіша яго.

Хачу звярнуцца і да Паўла Лібера і каманды. Мы вельмі чакаем запуску лічбавай Беларусі восенню і дапаможам зрабіць усё, каб гэта не стала дадаткам толькі для дыяспары. А са свайго боку мы будзем дапамагаць, каб маглі зарабіць лічбавыя ID. Вядома, мы не гаворым адразу пра замену пашпартоў — але трэба рабіць першыя крокі ў гэтым кірунку.

Да кастрычніка мы раскажам, як можа быць ажыццяўлёны план дапамогі ад ЕС на тры мільярды, а таксама як і куды сыходзіць заходняя дапамога і як яе атрымаць. Да лістапада мы прадставім канцэпцыі рэформаў эканомікі і заканадаўства, пра якія казаў Анатоль Лябедзька і нашы эканамісты.

Увосень пройдзе форум беларускага бізнэсу. У бліжэйшыя месяцы мы сфармуем міжнародны эканамічную раду новай Беларусі, куды запросім былых кіраўнікоў урадаў і лепшых эканамістаў — каб выпрацоўваць рашэнні, якія патрэбныя Беларусі ўжо зараз.

Нас чакаюць напружаныя месяцы працы. Упершыню будзем ўдзельнічаць у Генасамблеі ААН. Адкрыем прадстаўніцтва ў Эстоніі, Празе, у Бруселі».

16:17

16:16

Аляксандр Азараў, прадстаўнік Байпола, заявіў, што ён і далей будзе працаваць у рамках плана «Перамога».

16:11

Павел Латушка:

«Сёння, калі незалежнасць нашай краіны знаходзіцца пад пагрозай, калі існаванне беларускай нацыі знаходзіцца пад пагрозай знішчэння, мы павінны аб'яднацца і рабіць усё, каб не дапусціць гэтага».

«Мы не апазіцыя — нас большасць», — падкрэсліў Латушка.

Латушка будзе адказваць за ўзмацненні ціску на нелегітымны рэжым Лукашэнкі, выкарыстанне ўсіх магчымых юрыдычных, эканамічных, персанальных рэсурсаў дзеля гэтага.

«Спадзяюся нас падтрымае большасць дэмакратычных сіл», — выказаўся Латушка.

«Наша мэта — гэта наша дзяржава, якая ў кожнага ў сэрцы. І я не магу здрадзіць сваёй роднай Беларусі. Жыве Беларусь!» — прамовіў палітык.

16:05

Зала сустрэла абвяшчэнне кабінета авацыяй і скандаваннем «Жыве Беларусь».

«У выпадку маёй адсутнасці маімі прадстаўнікамі будуць Павел Латушка і Валер Кавалеўскі», — заявіла Святлана Ціханоўская і дала слова прызначаным прадстаўнікам, першым яго ўзяў Павел Латушка.

16:01

Прадстаўнікі абіраюцца ў кабінет на тэрмін 6 месяцаў.

16:01

Святлана Ціханоўская стварае кабінет, мэта якога — «дэакупацыя краіны і правядзенне свабодных выбараў»

Прызначэнні:

Павел Латушка — прадстаўнік кабінета па транзіце ўлады.

Аляксандр Азараў — прадстаўнік па бяспецы.

Валер Кавалеўскі — па замежных справах.

Валерый Сахашчык — прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы.

16:00

Антон Раднянкоў

14:57

Тым часам актывіст руху за легалізацыю наркотыкаў Пятро Маркелаў, якога не прапусцілі на канферэнцыю, пікетуе каля будынка, дзе яна праходзіць.

14:43

Трэцяя на сёння дыскусія прысвечана прыярытэтатам грамадзянскай супольнасці.

Удзельнікі абмеркавання:

— Алена Жываглод, лідарка ініцыятывы «Сумленныя людзі»;

— Уладзімір Корж, эксперт па грамадзянскай супольнасці;

- Аліна Коўшык, сузаснавальніца ІнБелКульт 2.0, стваральніца bymapka.me;

— Вікторыя Фёдарава, кіраўніца «Прававой ініцыятывы»;

— Яраслаў Бекіш, кіраўнік рады міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», сузаснавальнік таварыства «Зялёная сетка»;

— Антон Раднянкоў, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Разам» і каманды Віктара Бабарыкі;

— Міхаiл Рубін, сакратар супольнасьці «Беларусы Замежжа» і адзін з каардынатараў праекта «Народныя Амбасады».

14:29

Яраслаў Ліхачэўскі заўважыў, што калі беларусы хочуць армію «ў выганнні», на якую трэба 200-300 мільёнаў даляраў, то патрэбна 200-300 тысяч чалавек, якія адлічалі б падаткі на яе фінансаванне.

Ён заўважыў таксама, што для рэпрэзентатыўнасці лічбавай платфомы, трэба сабраць каля паўмільёна чалавек. Тады лічбавыя дакументы і вынікі выбараў на платформе змогуць прызнаваць і іншыя краіны.

14:07

Калі можна казаць пра запуск платформы лічбавай дзяржавы?

Павел Лібер адказаў, што ў верасні яны будуць тэставаць свой прадукт з элементамі выбараў і кіравання супольнасцямі, у кастрычніку, верагодна, яго запусцяць.

13:47

Прадстаўнік Офіса Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі

13:38

Псіхолаг Наталля Скібская і прадстаўніца беларусаў у Чэхіі Крысціна Шыянок

13:38

Яраслаў Ліхачэўскі (у цэнтры) і Юліяна Шаметавец

13:36

Пытанне па лічбавай дзяржаве — як забяспечыць бяспеку такой сістэмы?

Прадстаўнік «Кіберпартызанаў» сказала, што іх ініцыятыва гатова дапамагчы з гэтым пытаннем і зладзіць краш-тэст сістэме. Важна таксама прадумаць механізм, каб абараніць сістэму ад укідаў з боку сілавікоў, якія маюць копіі пашпартоў (калі аўтарызацыя будзе па пашпартах). Важнае пытанне — хто будзе валодаць платформай.

Яраслаў Ліхачэўскі, прадстаўнік фонду салідарнасці, пажартаваў: пытанне бяспекі настолькі сур'ёзнае, што мы нават не пачалі яшчэ пра гэта размаўляць, а ўжо замініравалі залу.

«Нам не трэба вынаходзіць ровар — трэба паглядзець, як гэта працуе ў іншай дзяржаве».

У такой сістэме кожны чалавек мае лічбавы ID, а інфармацыя захоўваецца на розных серверах.

13:20

13:20

13:20

13:20

Былы сілавік Ігар Макар

13:11

Другая дыскусія — лічбавая дэмакратыя. Спікеры — стваральнік «Голаса» Павел Лібер, прадстаўнік Офіса Ціханоўскай Валер Кавалеўскі, сузаснавальнік фонда салідарнасці Яраслаў Ліхачэўскі, прэс-сакратарка «Кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец, прадстаўнік Асацыяцыі беларусаў Германіі Антон Нядзелька і прадстаўнік кааліцыі дваровых ініцыятыў Дзяніс Баранаў. Мадэратар — бізнэсовец Аляксандр Кныровіч.

Павел Лібер

12:51

Паліцыя Вільні ўвяла план «Шчыт»

На электронную скрыню паліцыі прыйшоў ліст, у якім ішла размова пра запланаваныя выбухі ў 12 адрасах. Сярод іх — рэдакцыя партала Delfi і будынак, дзе праходзіць Канферэнцыя новай Беларусі.

12:38

Праверка будынка скончылася, удзельнікі Канферэнцыі новай Беларусі вяртаюцца ў залу.

12:38

Падчас стрыму, які працягнуўся на вуліцы вядучая Кацярына Раецкая звярнулася з пытаннем да Паўла Латушкі: як зматываваць тую частку грамадства, якая стамілася ад палітыкі?

«Гэта звышзадача, — прызнаў Латушка. — Я бы рабіў стаўку на актыўную частку і аднасова рабіў пасыл да тых людзей, якія неактыўныя, вяртацца крок за крокам. Усё залежыць ад нашых дзеянняў — важна менш гаварыць, а больш рабіць».

Што рабіць работнікам культуры, якія застаюцца ў краіне? Новы Кодэкс аб культуры перакрывае паветра ўсім нязгодным з афіцыйнымі ўладамі. Выхад — толькі эміграцыя?

«Міністэрства культуры заўсёды хацелі выкарыстаць як канцэртны аддзел пры Адміністрацыі Лукашэнка, — згадвае Латушка. — І задача была — не сачыць, наколькі правільна будзе развівацца культура, а абслужыць аднаго. Таму паступалі задачы на тыя канцэрты, дзе знаходзіўся ён, гэтага ці іншага арыста паставіць. Як правіла, артыстку (пры ўсёй павазе да жаночага полу)». 

Латушка згадвае, што яны выступалі за тое, каб прыцягваць у культуру прыватных інвестараў, і абураліся чорным спісам яшчэ тады.

«Цяпер, што адбываецца, гэта татальны кантроль. Я не ведаю, дзе можа развівацца культура ў Беларусі, напэўна, нават на кухні ці ў душы нельга спяваць сваю песню. Культура павінна развівацца там, дзе знаходзіцца этнічная радзіма. Сёння мы павінны зрабіць ўсё — спадзяюся, еўрапейскія партнёры нас пачулі аб выдзяленні траншу для культуры. Мы можам тут ствараць маленькія ячэйкі, калектывы, падтрымліваць установы, якія потым змогуць рэлакавацца ў Беларусь.

Што рабіць цяпер творцам у Беларусі? Максімальна пазбягаць здзелак з сумленнем».

12:12

Усіх гасцей Канферэнцыі новай Беларусі папрасілі пакінуць будынак.

Арганізатары абвесцілі пра «палітычную правакацыю». Магчыма, гаворка аб паведамленні пра мініраванне. Праверка мае заняць прыкладна гадзіну.

Гэта здарылася пад канец секцыі «Прыярытэты беларускага бізнесу».

12:06

Пытанне: як вярнуць бізнэсы назад у Беларусь, калі змены адбудуцца?

Яраслаў Кот заўважае, што з дапамогай Асацыяцыі бізнэсу за мяжой ім прасцей трымацца разам. Ці вернуцца — залежыць ад таго, што будзе ў Беларусі.

«Калі клімат будзе спрыяльны, прадпрымальнікі вернуцца».

Святлана Бабінцава дадала:

«Вопыт паказвае, што калі бізнэс у эміграцыі выжывае, не абавязкова, каб кампаніі фізічна вярталіся ў Беларусь. Бізнэсы могуць фінансаваць беларускія праекты, даваць інвестыцыі, развіваць адукацыі і сацыяльныя сферы».

11:51

11:51

11:49

Стваральніца стартапаў Таццяна Зарэцкая заўважае:

«Як Беларусі зарабляць грошы цяпер? Беларусь жыве ў вялізным дэфіцыце. І нават калі мы хутка праводзім рэформы, новыя выбары — у нас вялізны доўг. Нават калі Еўрасаюз выконвае свае абяцанні, мы прыцягваем 3 мільярды еўра — гэта нічога. Бюджэт Эстоніі на 1 мільён чалавек — 13 мільярдаў, бюджэт Фінляндыі на год — 65 мільярдаў. Беларусь цяпер прыкладна з дэфіцытам у 13 мільярдаў. То-бок нам 3 мільярдаў у добрых умовах хопіць месяцы на тры».

«У нас ні ўнутры краіны, ні за межамі яе няма фінансавай сістэмы, якая можа падтрымаць Беларусь. Ізраіль — цудоўны прыклад, калі сістэма па падтрымцы яўрэеў была створана па ўсім свеце», — дадала Зарэцкая.

Яна выказала заўвагу наконт крыўдаў, што нехта з ініцыятыў не атрымаў грошы.

«Вы або не ўмееце падымаць грошы, або з вамі нешта не так».

11:37

11:37

Па даных даследавання «Імагуру», якое было праведзена адразу пасля пачатку вайны, больш за 70% стартап-заснавальнікаў ужо пакінулі краіну. З тых, хто застаўся, большасць планавала пакінуць.

Разам з тым, беларускія стартап-заснавальнікі прыцягваюць больш інвестыцый (у асноўным за мяжой) па выніках мінулага года.

11:30

Святлана Бабінцава кажа, што працэдуры верыфікацыі, падзелу на добрых і дрэнных беларусаў некаторыя лічаць дыскрымінацыйнымі.

Санкцыі павінны быць абгрунтаванымі, нельга дыскрымінаваць па пашпарце — такую пазіцыю Офіс Ціханоўскай стараецца данесці да міжнародных партнёраў.

Мы павінны захаваць бізнэсы, каб выжыць, лічыць Бабінцава. Важна, каб беларускія кампаніі мелі права голасу і абарону.

11:27

Яраслаў Кот расказаў, што адбываецца ў гульнявой сферы. Напрыклад, супрацоўнікам складаней атрымаць працоўныя візы, чым гуманітарныя. Замежныя кампаніі баяцца працаваць з беларускім бізнэсам, бо не ведаюць, з кім бяспечна. Некаторым прасцей цалкам адмовіцца ад супрацы з беларускімі бізнэсамі, чым іх верыфікаваць. Праз гэта многія супрацоўнікі сыходзяць у замежныя, больш стабільныя кампаніі.

11:23

Праблемы бізнэсу агучыла сузаснавальніца «Імагуру» Настасся Хаменкова:

— страта кліентаў, адток талентаў;

— немагчымасць планавання, немагчымасць бачыць перспектывы;

— адсутнасць законаў унутры краіны.

Для тых, хто працуе на міжнародным рынку, праблемай становіцца імідж Беларусі на сусветнай арэне.

Праблемы бізнэсу, які рэлакаваўся:

— легалізацыя ў новых краінах;

— той жа імідж Беларусі;

— доступ да фінансавання, каб развіваць бізнэс ці працягваць у новай краіне.

11:16

Першая з сённяшніх дыскусій прысвечана праблемам бізнэсу ў Беларусі. Удзельнікі — прадстаўніца Офіса Ціханоўскай Святлана Бабінцава, прадстаўнік Асацыяцыі бізнэсу за мяжой Яраслаў Кот, стваральніца стартапаў Таццяна Зарэцкая, сузаснавальніца «Імагуру» Настасся Хаменкова.

10:59

10:56

Цікавая дэталь — у залі, дзе цяпер сабраліся дэмакратычныя сілы (будынак Vaidilos teatras у Вільні, побач з Лукішскай плошчай), 33 гады таму сабраў Другі вальны сход беларускіх суполак, з якога пачаўся Беларускі народны фронт, Беларускі моладзевы рух.

10:51

З залы прагучала пытанне пра папулярызацыю беларускай мовы.

Ціханоўская пагадзілася, што трэба размаўляць па-беларуску і прасоўваць сваю культуру.

«Але я не найлепшы прыклад. Мне ўсё гэтак жа цяжка размаўляць на беларускай мове. Я практыкуюся, размаўляю ў беларускамоўным асяроддзі. Але вельмі цяжка выкрасліць рускую мову і пачаць [размаўляць] па-белауску.

Але ў будучыні вырашаць гэта павінны людзі. Маё ўласнае меркаванне — што нельга загадамі ламаць людзей. Гэта перш за ўсё ўласныя крокі».

10:43

Актывістка Вольга Павук: «Нам трэба вызначыцца — Еўропа ці Расія. Якая ваша пазіцыя ў адносінах еўрапейскага кірунку?»

Ціханоўская адзначыла, што беларусы — еўрапейскі народ. 

Вячорка дадаў, што многія беларусы хочуць заставацца ў добрых стасунках і з тымі, і з тымі — гэта вынік гістарычных падзей. Але пасля пачатку вайны сітуацыя змянілася. Ён лічыць, што Беларусь мусіць быць часткай еўрапейскіх альянсаў — гэта дасць новыя магчымасці, зробіць Беларусь заможнай краінай. 

Офіс пачаў працу з Радай Еўропы — каб там з'явілася група ад дэмакратычных беларускіх сіл.

10:34

Чаму Офіс запусціў антываенны рух, а не антыпуцінскі — прагучала пытанне.

Аляксандра Логвінава патлумачыла, што яны падхапілі і падтрымалі рух людзей унутры краіны, якія выходзілі з плакатамі «Не вайне».

10:28

Прадстаўнік Форуму дэмакратычных сіл Міхаіл Кучараў заявіў, што ініцыятыва кабінета будзе падтрымана імі толькі пасля клятвы на Канстытуцыі.

10:23

«Як Святлана Ціханоўская збіраецца дамаўляцца з Зянонам Пазняком?» — прагучала пытанне.

Палітык адказала, што для гэтага патрэбна жаданне з двух бакоў. Яна прадпрымала спробу наладзіць кантакт з Пазняком

«Але калі чалаве кажа, што гатовы бачыць мяне толькі ў турме, не бачу сэнсу ў далейшай камунікацыі. Напэўна, чалавека не пераканаеш. І любыя адказы яго не пераконваюць. Ён пры сваім меркаванні — і яго трэба ўлічваць. Ён вялікі чалавек для Беларусі», — адказала Ціханоўская.

Але ў Офіса ёсць людзі, праз якіх яны камунікуюць з Зянонам Пазняком.

Калі Пазняк хоча ў кабінет, яго гатовы ўзяць, запэўнілі ў Офісе.

10:16

Пытанне з зала: чаму выкарыстоўваецца назва «кабінет» для ўрада ў выгнанні і ці будзе падтрымана ініцыятыва Вадзіма Пракоп'ева?

«Руку на Канстытуцыю, не зразумела якую, я класці не буду. Той факт, што я працягваю, як бульдозер працаваць, гэта і ёсць фактычна прысяга беларускаму народу. Я разумею, што сімвалізм шмат значыць, але не ў гэтым выпадку», — адказала Святлана Ціханоўская.

Яна патлумачыла, што ў 2020-м не было адчування, што выязджаюць надоўга, таму не ствараўся ўрад у выгнанні.

«Цяпер час наспеў. Ужо больш галасоў за стварэнне. Але зноў жа — прота-ўрад, прота-парламент — такія рэчы мне далёкія. Будзем ствараць кабінет, каб не было прамой аналогіі з тым, што ёсць у рэжыму».

10:07

Міхаіл Таўбін, народныя пасольствы Беларусі: ці ствараецца інструмент, які дазволіць максімальна бяпечна і шырока ўдзельнічаць у пераменах беларусам унутры краіны?

Аляксандра Логвінава, прадстаўніца Офісу, адказала, што такія інструменты развіваюцца. Найбольш набліжаны да гэтага праект «Лічбавая Беларусь».

Франак Вячорка дадаў, што ім часам тэлефануюць прадстаўнікі НДА, якія застаюцца ў Беларусі. Ён пагадзіўся, што самы галоўны актыў — унутры краіны. І прывёў у прыклад праект «Беларускі гаюн», дзе больш за 30 тысяч чалавек удзельнічае ў зборы інфармацыі, праект дапамогі палітвязням INeedHelp.

09:56

Бізнэсоўца Аляксандр Кныровіч звярнуўся да Ціханоўскай з такім пытаннем: «Кім вы сама сябе адчуваеце — адной з палітычных сіл ці абраным прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь?»

«Я волей лёсу ўзяла абавязак выканаць свой доўг перад беларусамі, асабліва перад тымі, хто ахвяраваў сабой і сядзіць у турмах», — сказала палітык.

«Што я магу цяпер? Я магу працаваць, я гатова падзяліць адказнасць з тымі людзьмі, хто ідзе плячо да пляча са мной. Так, я адчуваю сябе нацыянальным лідарам», — дадала Ціханоўская.

09:51

З пытаннем выйшаў былы сілавік Ігар Макар: ці магчыма стварыць незалежную камісію, якая будзе больш паглыблена займацца тэмай вызвалення палітвязняў? Напрыклад, запрасіць прадстаўнікоў дыяспары, каб больш пільны кантроль за фінансамі па гэтай тэме быў?

«Я ведаю, як вызваліць палітвязняў. Гэта не сто працэнтаў гарантыя, але магчымасць ёсць. Вы ведаеце, што Вольга Такарчук выйшла на два месяцы раней за тэрмін…»

«Гэта ваша праца?» — удакладніла Ціханоўская.

«Не кажу, што мая, прынамсі тут не магу гаварыць», — адказаў Макар.

Ён папрасіў дазволіць тэмай палітвязняў займацца нейкаму фонду і згадаў, што ў яго, напрыклад, таксама ёсць фонд.

«Ігар, ну ў нас няма паняцця «дазволіла». Калі ініцыятыва працоўная, мы можам дапамагчы толькі прыцягваць туды людзей», — сказала Ціханоўская.

09:41

Канферэнцыя пачнецца з сесіі адкрытых пытанняў да Ціханоўскай.

Як прайшоў першы дзень, чытайце тут:

У Вільні праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь», Латушка і Пракоп'еў патрабуюць стварэння ўрада АНЛАЙН

Каментары40

  • Satan
    09.08.2022
    Про бизнес ничего нового и интересного не услышал. Хотя пока что вообще ничего нового и интересного не услышал, кроме конечно вчерашней речи Цепкалы. Пожалуй, эта конференция мне только ей и запомнится. Дарю ей приз зрительских симпатий!
  • .
    09.08.2022
    Думаю, что о многом передумал Офис в последнюю ночь... Даже отмазку красивую родили про абыкакую конституцию)))
  • Satan
    09.08.2022
    @Як Беларусі зарабляць грошы цяпер? Беларусь жыве ў вялізным дэфіцыце. І нават калі мы хутка праводзім рэформы, новыя выбары — у нас вялізны доўг. Нават калі...@
    Я чот нипонял. А шо мы ужо пабедзили и нужно бюджет формировать? Нават кали... нават кали...вось кали пераможам - тады и паглядзим. Если будет жестокий контроль за финансами, а не украинские распилы, как-нибудь справимся, уверен, и бабки найдем. Только не просите начать сейчас бюджет Новой Беларуси формировать! А то знаю я вас... но не осуждаю, я бы тоже пропил.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця8

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскі беспілотнік ударыў па маскоўскім парку «Патрыёт»7

Новы паўночнакарэйскі эсмінец атрымаў прабоіны пры спуску на ваду. Кім Чэн Ын у гневе4

У Вялікабрытаніі прапануюць абавязковую кастрацыю педафілаў і сэкс-злачынцаў3

«Самага міленіяльнага выканаўцу выбралі на выпускны да зумераў». Гродзенскія выпускнікі не ацанілі хэдлайнераў свята2

Ціманоўская паскардзілася, што яе былы муж вывез у Грузію сабаку і там пакінуў1

Пуцін загадаў стварыць на мяжы з Украінай «буферную зону»6

Пераможца сёлетняга «Еўрабачання» хоча, каб наступнае прайшло без удзелу Ізраіля10

Што з цэнамі і выбарам бульбы ў суседніх Польшчы і Літве9

Лукашэнка заклікаў новапрызначаных вертыкальшчыкаў чытаць тыктокі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця8

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць