Хто такі Аляксандр Сырскі, камандуючы украінскім наступам пад Ізюмам
Украінская армія імклівым ударам вызваліла Харкаўскую вобласць. 10 верасня на галоўнай плошчы Балаклеі паднялі ўкраінскі сцяг. У цырымоніі ўзяў удзел сціплы і непублічны камандуючы Сухапутнымі войскамі УСУ Аляксандр Сырскі. Менавіта Сырскі кіраваў наступам, значэнне якога параўноўваюць з бітвай пад Мукдэнам падчас расійска-японскай вайны 1905 года. Расказваем, што вядома пра Сырскага.
The town of Balakliya, Kharkiv region, is liberated by Ukrainian troops!
The Commander of Ukrainian Land Forces, Hero of Ukraine, Colonel General Oleksandr Syrskyi is leading the Ukrainian offensive in this sector.
The Ukrainian flag has been raised in the town centre. pic.twitter.com/zQ8ngDitZw
«Мы сёння завяршаем вызваленне Балаклеі, першага вялікага горада падчас нашага наступу. І я ўпэўнены ў тым, што гэта не апошняе месца… Сёння афіцыйна ставім кропку ў зачыстцы гэтага горада і падымаем наш дзяржаўны сцяг», — сказаў Сырскі падчас цырымоніі.
Украінскія вайскоўцы захапілі сотні адзінак тэхнікі, боепрыпасы нават дакументацыю. Масква назвала гэтае бегства «перагрупіроўкай».
Ідэя ўдару на Купянск у абыход Ізюма і Балаклеі выявілася геніяльна трапнай. Расійскі фронт разваліўся за тры дні.
Аператыўнае кіраванне гэтай бліскучай аперацыяй ажыццяўляў камандуючы Сухапутных войскаў Украіны Аляксандр Сырскі.
Аляксандр Сырскі — гэта асоба нумар два ўкраінскай арміі. Сырскі свабодна гаворыць па-англійску, трэніруецца разам са сваімі падначаленымі ў спортзале і ўяўляе сабой жывы кантраст з расійскімі генераламі.
Аляксандру Сырскаму 57 гадоў, ён на службе з 1986 года і камандуе сухапутнымі ўзброенымі сіламі з 2019 года.
Цікава, што Сырскі — ураджэнец Уладзімірскай вобласці Расіі. У 1982 годзе Сырскі скончыў Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча.
Адметна, што Сырскі дагэтуль гаворыць па-ўкраінску з вельмі моцным расейскім акцэнтам.
У 1996 годзе ён скончыў з адзнакай Акадэмію Узброеных сіл Украіны (аператыўна-тактычны ўзровень), у 2005 годзе — Нацыянальную акадэмію абароны Украіны (аператыўна-стратэгічны ўзровень) з залатым медалём.
У 2000-х гадах Аляксандр Сырскі камандаваў 72-й механізаванай брыгадай. Даслужыўся да звання генерал-маёра.
Непасрэдна перад пачаткам канфлікту на ўсходзе Украіны, у лістападзе 2013 года, ён стаў першым намеснікам начальніка галоўнага каманднага цэнтра УСУ. Менавіта Сырскі, які свабодна гаворыць па-англійску, ад імя Міністэрства абароны Украіны ў штаб-кватэры НАТА альянсу абмяркоўваў пераход украінскай арміі на натаўскія стандарты.
З пачаткам баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны быў начальнікам штаба Антытэрарыстычнай аперацыі.
У актыве Аляксандра Сырскага — выхад украінскіх вайскоўцаў з Дэбальцава ў 2015 годзе і арганізацыя абароны Кіева ў першыя дні шырокамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года.
У прыватнасці, Сырскі быў адным з галоўных камандзіраў сіл АТА падчас баёў за Дэбальцава зімой 2015 года. Ён удзельнічаў у баях у Вуглягорску, у вёсцы Рэдкадубы і няўдала спрабаваў адбіць Логвінава. Ён жа каардынаваў вывад украінскіх вайскоўцаў з Дэбальцава.
Пад яго кіраваннем ажыццяўляліся падрывы магчымых шляхоў пераходу цераз раку Карапульку. Аднак кіраўнік сектара, па словах генерала, не даў правесці ўсе падрывы, з-за чаго пераправы былі захопленыя праціўнікам. Менавіта сфарміраваная Сырскім група «Барс» прыкрывала выхад украінскай арміі з Дэбальцава.
За баі на Дэбальцаўскім плацдарме Аляксандр Сырскі ўзнагароджаны ордэнам Багдана Хмяльніцкага III ступені і пасля атрымаў званне генерал-лейтэнанта і працягваў падымацца па ваеннай іерархіі.
У 2016 годзе ён узначаліў Аб'яднаны аператыўны штаб УСУ, які каардынаваў аператыўныя дзеянні розных украінскіх сілавікоў на Данбасе. А ў 2017 годзе стаў камандзірам усёй Антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны, якая пазней стала называцца Аперацыяй аб'яднаных сіл.
У 2019 годзе яго прызначылі кіраваць украінскай пяхотай — ён стаў камандуючым Сухапутных войск.
Менавіта Сырскі кіраваў паспяховай абаронай украінскай сталіцы, за што ў красавіку яму далі зорку Героя Украіны.
«Каб кіраўніцтва Расіі развязала такую нахабную, шырокамаштабную агрэсію, я, шчыра кажучы, нават уявіць сабе не мог. Мне здавалася, што калі і пачнуцца актыўныя баявыя дзеянні, то, хутчэй за ўсё, яны пачнуцца на ўсходзе, вакол або ў межах Данецкай і Луганскай абласцей. Але мы вайскоўцы. Таму, незалежна ад таго, ува што я верыў ці не верыў, я ўсё роўна выконваў неабходныя дзеянні», — прызнаецца Сырскі ў размове з The Washington Post.
Для абароны Кіева Аляксандр Сырскі арганізаваў два кальцы абароны — у прыгарадзе сталіцы і на ўскраінах самога горада. Паводле задумы генерал-палкоўніка, унутраная лінія абароны павінна была знаходзіцца як мага далей ад знешняй, каб расійская армія не абстрэльвала цэнтр сталіцы з артылерыі.
Сырскі падзяліў горад на сектары і прызначыў кіраваць кожным раёнам генералаў з вайскова-навучальных цэнтраў. Тактычныя рашэнні прымалі афіцэры на месцах неадкладна, без неабходнасці кансультавацца са штабам. Прыкладна за тыдзень да ўварвання ўкраінскія вайскоўцы перамясцілі ўсе камандныя пункты. Сырскі таксама аддаў загад вывесці сродкі армейскай авіяцыі, у прыватнасці, верталёты і самалёты, з асноўных баз.
У распараджэнні УСУ ў баях за Кіеў была толькі 72-я асобная механізаваная брыгада, аднак яе танкавай моцы не хапала для паўнавартаснай абароны горада. Сырскі загадаў усім вайсковым навучальным цэнтрам стварыць спецыяльныя імправізаваныя батальёны. Таксама генерал-палкоўнік распарадзіўся даставіць у Кіеў артылерыйскія сістэмы, якія звычайна выкарыстоўваюцца для навучання.
«Украінская нацыя ў 2014 годзе зрабіла свой выбар на карысць грамадства, якое кіруецца свабодай, дэмакратыяй і законнасцю: на карысць Еўропы і НАТА. Менавіта ў гэтым кірунку рухаемся з тых часоў. Таму для нас сяброўства ў Альянсе — гэта не толькі цывілізацыйны выбар, але і жыццёвая неабходнасць для існавання незалежнай Украіны», — гаварыў ён у адным з інтэрв’ю.
Яшчэ ў жніўні 2021 года Сырскі папярэджваў, што Расія можа перайсці да адкрытай агрэсіі.
«Ваенна-палітычная абстаноўка ў Еўропе абвастраецца. (…) Маем сітуацыю, пры якой ваенна-стратэгічная абстаноўка зберагае тэндэнцыю да далейшай эскалацыі. Агульная колькасць войскаў паблізу дзяржаўнай мяжы Украіны (з улікам іх нарошчвання) складала больш за 100 тысяч чалавек. Пад маркай падрыхтоўкі да супольных вайсковых вучэнняў Расіі і Беларусі зноў назіраецца перамяшчэнне войскаў і нарошчванне груповак на розных аператыўна-стратэгічных кірунках. Мы разумеем, што пры пэўных умовах Расія можа перайсці і да адкрытай агрэсіі», — казаў генерал.
Менавіта Сырскі займаўся пытаннямі паляпшэння якасці кіравання і адукацыі, шмат гаварыў пра змену ментальнасці і ваеннага мыслення. Генерал укараняў прынцыпы, падыходы і каштоўнасці НАТА, што дазволіла змяніць ментальнасць украінскага ваеннага мыслення — з шаблоннай на крэатыўную.
Украінцы цалкам парвалі з савецкай спадчынай і стварылі новая пакаленне кваліфікаваных, ініцыятыўных вайскоўцаў з развітымі лідарскімі якасцямі, якім не трэба ўзгадняць кожнае рашэнне са штабам.
Аляксандр Сырскі самой сваёй біяграфіяй абвяргае расійскія штампы пра ўкраінскіх «нацыяналістаў» і «нацыстаў». І, у той жа час, паказвае, колькі дала ўкраінскай арміі змена філасофіі і ідэалогіі і метадычная супраца з НАТА.
Што да Ізюмскай аперацыі, то яна мае шанцы ўвайсці ў падручнікі вайсковай справы.
-
У Расіі мужчына, які выдаваў сябе за ўдзельніка «СВА» і спрабаваў утапіць дзяўчыну праз сінія валасы, пайшоў з турмы на вайну і загінуў
-
«Трупы, трупы, трупы нашых. Пад поўным кантролем дронаў». Дзённік расійскага штурмавіка, які ацалеў пад Ваўчанскам
-
Генштаб Украіны запэўнівае, што расійскай арміі не ўдалося ўвайсці ў Купянск і акупаваць Ільінку
Каментары