На 85-годдзе масавага знішчэння прадстаўнікоў беларускай эліты па зразумелых прычынах не будзе публічных імпрэзаў у Мінску ды іншых гарадах паняволенай Беларусі. Але беларусы ў замежжы арганізуюць свае акцыі і вечарыны. На сайце «Ноч паэтаў»  пазначаныя месцы іх правядзення. Гэта гарады Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Венгрыі, Англіі, Канады, ЗША, Бразіліі, Грузіі, Украіны. 

Рыга

29 кастрычніка а 18-й гадзіне аб'яднанне беларусаў у Латвіі Supolka і Музей акупацыі запрашаюць на плошчу Латышскiх стралкоў да Мемарыялу ахвяраў савецкай акупацыі.

Тут на акцыі, прысвечанай памяці ахвяр савецкага тэрору «Ноч расстраляных паэтаў», агучаць імёны загінулых у «чорную ноч» ды прачытаюць іх вершы.

Вільня

29 кастрычніка а 17-й гадзіне ў скверы ля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду пачнецца імпрэза-ўшанаванне памяці беларускіх літаратараў.

У ёй возьмуць удзел музыкі Настасся Шпакоўская, Аляксандр Памідораў, Юрый Несцярэнка, Ганна Валынец, гурт «Беларускі цуд», а таксама паэткі Сабіна Брыло, Ванда Марціньш, Дар’я Роскач, старшыня Саюза літоўскіх пісьменнікаў Біруце Янушкайце і іншыя госці.

Для тых, хто захоча дэкламаваць вершы, будзе вольны мікрафон.

Львоў

«Ноч паэтаў» у Львове пройдзе 30 кастрычніка а 19-й гадзіне ў межах Фестывалю дакументальнага кіно «1084. На мяжы».

Беларусы зладзяць паэтычна-музычную імпрэзу, каб аддаць пашану памяці знішчаным паэтам і пісьменнікам эпохі тэрору на тэрыторыі Беларусі і Украіны.

У праграме — дэкламацыя вершаў пад музычную імправізацыю. Акрамя таго, наведвальнікам прапануюць вольны мікрафон, каб жадаючыя маглі прачытаць улюбёныя вершы таго часу.

Месца — ніжняя зала Тэатра лялек, пл. Д. Галіцкага, 1. Уваход вольны.

Беласток і Варшава

У гэтых гарадах пройдзе прэзентацыя кнігі «(Не)расстраляныя».

У Беластоку яна адбудзецца 29 кастрычніка ў 19:30 у Тэатры Лялек — вуліца Каліноўскага, 1. Прадставіць выданне публіцы кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін. Удзельнікам абяцаюць дыскусію на тэму «Ночы Паэтаў» і сучаснай беларускай турэмнай паэзіі.

31 кастрычніка занятак «Мова нанова» прысвецяць «Ночы паэтаў». Ён пройдзе ў беластоцкім МедыяПорце (Сянкевіча, 44), пачатак а 19:30. Госці — паэтка Наста Кудасава і фалькларыст, музыка Яўген Барышнікаў. Вядоўцы — Марыя Грыц і Юлія Міхайлава.

У Варшаве прэзентуюць кнігу 30 кастрычніка а 18-й гадзіне. Імпрэза пройдзе ў Музеі Вольнай Беларусі — Foksal, 11. На ёй прагучыць проза Міхася Зарэцкага і фельетоны Анатоля Вольнага, вершы Міхася Чарота, Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Валера Маракова.

Выступяць музыкі Алесь Дзянісаў, Chornabrova, Relikt.

Уроцлаў

Суполка Беларусаў Уроцлава запрашае на сваю імпрэзу 30 кастрычніка а 18 гадзіне ў бар PROZA (Przejście Garncarskie, 2).

«Будзем чытаць вершы, слухаць музыкаў, глядзець выступы артыстаў, — гаворыцца ў допісе арганізатараў. — Пакуль мы памятаем, забітыя паэты і пісьменнікі будуць заўсёды жыць у нашых сэрцах».

Кракаў

29 кастрычніка суполка «Беларусы ў Кракаве» а 17-й гадзіне запрашае на літаратурную вечарыну. Яна пройдзе на вуліцы Кракаўскай, 19. На ёй выступіць адзін з заснавальнікаў і рэдактар часопісу «Таўбін», паэт Артур Камароўскі.

А 20-й гадзіне ўдзельнікі шэсцем ушануюць памяць расстраляных паэтаў. Яно рушыць ад помніка Адаму Міцкевічу да мясціны, дзе рассыпаная зямля з Курапат.

Арганізатары просяць браць нацыянальную сімволіку, лампадкі і фотаздымкі ахвяраў 1937 года.

Гданьск

29 кастрычніка Oblackie Centrum Edukacji i Kultury арганізуе літаратурна-тэатралізаваную вечарыну «Маладыя. Прыгожыя. Яркія», прысвечаную Міхасю Чароту, Алесю Дудару, Анатолю Вольнаму, Міхасю Зарэцкаму, Тодару Кляшторнаму, Валеру Маракову.

Прага

Беларускі інстытут у Празе, Ніна Скепʼян і Лусінэ Маскалюнец ладзяць імпрэзу «Ноч (не)расстраляных паэтаў». Месца правядзення Božská Lahvice. Пачатак а 19-й гадзіне.

Франкфурт

29 кастрычніка а 18.00 у царкве Sankt Peter (Augartenstraße, 94) пройдзе жалобнае набажэнства ў памяць аб беларусах, забітых сталінскім рэжымам 29-31 кастрычніка 1937 года ў Курапатах.

Арганізатарамі выступае суполка беларусаў Франкфурта.

Бохум

28 кастрычніка а 16-й гадзіне суполка «RAZAM e.V. — Belarusische Gemeinschaft» запрашае на лекцыю аб рэпрэсіях 1930-2020-х гадоў у Беларусі з чытаннем паэтычных твораў ды дыскусію «Чаму імперыі і дыктатуры спальваюць кнігі і пераследуюць паэтаў». Імпрэза адбудзецца па адрасе Clemensstraße, 17.

Брэмен

29 кастрычніка адбудзецца дыскусія, прымеркаваная да «Ночы расстраляных паэтаў», а па сканчэнні канцэрт Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука.

Ньірэдзьхазе

У гэтым венгерскім горадзе Наталля Гардзей абвясціла флешмоб вершаў і літаратурных тэкстаў.

Арганізатарка просіць дасылаць да 11 гадзінаў 27 кастрычніка запісы з вершамі і тэкстамі ў тэлеграм-канал @kisasszony, якія па рэдагаванні ёю прагучаць на венгерскім радыё MustarFM.

Бостан

29 кастрычніка а 17-й гадзіне ў West Newton Cinema пакажуць «Дзядоў» Адама Міцкевіча ў выкананні «Купалаўцаў».

Арганізуюць прагляд спектаклю, прымеркаванага да «Ночы расстраляных паэтаў», Ціна Стах, Алена Лахманенка і аб’яднанне «Беларусы ў Бостане і Новай Англіі».

Таронта і Атава

29 кастрычніка а 20-й гадзіне Згуртаванне Беларусаў Канады запрашае на сваю імпрэзу, якая адбудзецца ў фармаце Zoom-канфэрэнцыі.

«Мы будзем чытаць творы рэпрэсаваных паэтаў, дзяліцца гісторыямі іх жыцця, гаварыць пра рэпрэсіі мінулага і сучаснасці», — адзначаюць арганізатары.

Тбілісі

Імпрэза да «Ночы расстраляных паэтаў» у сталіцы Грузіі адбудзецца 29 кастрычніка а 18-й гадзіне ў Writers’ House (13 Ivane Machabeli St).

Удзельнікаў чакае лекцыя Ганны Севярынец «Непаслухмяныя дзеці Кастрычніка». У ёй гаворка аб паэтыцы, этыцы і эстэтыцы літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Таксама будзе прэзентаваная экспазіцыя, прысвечаная грузінскім рэпрэсаваным пісьменнікам ад Ніно Бекішвілі.

Арганізацыі абяцаюць, што на ўшанаванні памяці паэтаў будзе шмат вершаў, а ўсе прысутныя змогуць паўдзельнічаць і зачытаць свае ўлюбёныя радкі, бо будзе працаваць «Адкрыты мікрафон».

Батумі

29 кастрычніка а 20-й гадзіне мясцовая суполка беларусаў разам з грузінскімі літаратарамі збярэцца на імпрэзу на пляцоўцы ля Дому пісьменнікаў, што на вуліцы Мілікішвілі, 21.

«Будзем чытаць вершы. Уздымем нашыя сцягі. Будзем згадваць нашых закатаваных творцаў. Канешне, увечары, бо гэта традыцыйны фармат», — інфармуе выканаўчы дырэктар «Беларускай дыяспары ў Аджарыі» Аляксей Балашоў.

Сальвадор 

У гэтым бразільскім горадзе 27 кастрычніка а 14-й гадзіне шматмоўная паэтычная імпрэза «SARAU de POESIA» пройдзе  ў аўдыторыі 206 Інстытуту літаратуры (Instituto de Letras UFBA).

«Давайце разам прачытаем творы расстраляных у 1937 годзе паэтаў, а таксама паэзію людзей, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні за супрацьстаянне дыктатуры ў Беларусі», — звяртаецца арганізатарка Вольга Франка.

Вершы прагучаць на беларускай, партугальскай, англійскай, іспанскай, нямецкай, італьянскай і французскай мовах.

Лондан

29 кастрычніка а 19-й гадзіне Беларуская бібліятэка і музей Францыска Скарыны далучыцца да адзначэння «Ночы расстраляных паэтаў» імпрэзай з дзвюх частак.

Спачатку ў Марыян Гаўзе прагучаць паэзія і музычныя творы, напісаныя на вершы паэтаў 1930-х. Затым у беларускай царкве Святога Кірылы адбудзецца жалобнае набажэнства ў памяць аб усіх ахвярах рэпрэсій.

«У гэтую ноч ушануйма памяць нашых творцаў чытаннем іх вершаў — каб не забывалася іхная паэтычная спадчына і не змаўкала ейнае хараство», — адзначаюць арганізатары, Беларуская бібліятэка і музей Францыска Скарыны.

Коўна

У Коўне чытанні на Ноч расстраляных паэтаў ладзяць выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта Вітаўта Вялікага.

Афіша яшчэ будзе дапаўняцца. Расклад цалкам па гэтых і іншых гарадах шукайце па спасылцы.

Клас
25
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1