Грамадства11

«Завяшчаў пахаваць тут». Дзе ляжаць беларускія добраахвотнікі, якія загінулі за Украіну?

Не менш за 14 беларусаў загінулі, змагаючыся за Украіну, з пачатку вайны. Дзе яны пахаваныя? Чаму іх астанкі немагчыма прывезці ў Беларусь, высвятлала Deutsche Welle.

«Іллю, па яго жаданні, крэміравалі. Прах цяпер знаходзіцца ў мяне, калі скончыцца вайна, бацькі мужа хацелі б забраць яго і пахаваць на сямейных могілках. Хоць я ведаю, што Ілля хацеў бы, каб яго прах развеялі, але жаданне бацькоў таксама важнае», — кажа Карына, жонка 27-гадовага беларускага добраахвотніка Іллі Хрэнава (пазыўны «Літвін»). 3 сакавіка ў баі за Бучу Ілля атрымаў раненні, несумяшчальныя з жыццём.

«Многія байцы хочуць, каб у выпадку гібелі іх крэміравалі»

У батальёне «Тэрор» (выйшаў са складу палка імя Кастуся Каліноўскага) кожны баец пры ўступленні паведамляе, з кім звязацца ў выпадку ранення або гібелі. Калі ёсць пажаданні, якія тычацца працэдуры пахавання, то іх таксама паказваюць.

Ілля Хрэнаў («Літвін») з жонкай Карынай, фота з архіва

«Многія ў выпадку смерці хацелі б, каб іх крэміравалі, а прах развеялі або перадалі родным, калі тыя знаходзяцца ў Еўропе, — расказалі прадстаўнікі батальёна DW. — Хтосьці катэгарычна супраць крэмацыі, і так як для людзей гэта важна, мы стараемся выканаць іх волю. У нашага апошняга загінулага нявеста з Вінніцкай вобласці, яго пахавалі там».

Ва Украіне быў пахаваны і баец беларускага палка «Пагоня». Пахаванне загінулага, якога ў тэлеграм-канале палка называюць «Жняцом», прайшло 2 кастрычніка ў горадзе Тальное (Чаркаская вобласць). «Тут завяшчаў пахаваць сябе наш баявы сябар «Жнец». Менавіта тут пахаваны яго пабрацім, з якім яны абаранялі незалежнасць Украіны ў 2016 годзе», — паведамляе «Пагоня».

Аляксей Скобля («Тур») з жонкай Ірынай, фота з архіва

Ірына, жонка 31-гадовага Аляксея Скоблі (пазыўны «Тур») таксама прызнаецца, што хацела пахаваць цела мужа ва Украіне, але даведалася ад яго таварышаў па службе, што Аляксей у выпадку гібелі завяшчаў сябе крэміраваць. У сваю чаргу, яго бацькі папрасілі перадаць прах сына ім, каб пахаваць у Беларусі. «Мы дамовіліся сустрэцца ў Польшчы. Цяжка было самой сабраць усе неабходныя дакументы (для транспарціроўкі скрыні). У Львове мне дапамог мужчына, які займаецца міжнароднымі рытуальнымі паслугамі», — дадае Ірына. Аляксей Скобля ваяваў у падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый УСУ, загінуў 13 сакавіка ў баі пад Кіевам.

Прах загінулых немагчыма перадаць у Беларусь

«Загінулыя, у якіх ёсць сем'і ва Украіне, былі пахаваныя тут. Калі родныя ў Беларусі ці краінах ЕС, то яны часцей за ўсё просяць правесці крэмацыю. Мы займаемся ўсімі арганізацыйнымі пытаннямі», — распавялі ў прэс-службе беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага.

Васіль Парфянкоў («Сябро») з жонкай Аленай і дзецьмі, фота з архіва

Са слоў суразмоўцаў, калі сваякі загінулага жывуць у ЕС, перадаць ім прах магчыма — полк праз амбасаду афармляе дазвол на вываз скрыні, а вось сем'і ў Беларусі вымушаныя пакідаць скрыні на захоўванне ў крэматорыі. «Чалавека, які будзе яе везці, могуць затрымаць «за саўдзел», таму што мы ў Беларусі лічымся экстрэмістамі, тэрарыстамі, здраднікамі Радзімы. Прах пакідаюць на захоўванне да таго часу, пакуль Беларусь не стане свабоднай, і можна будзе пахаваць сваіх блізкіх у роднай зямлі», — кажуць у палку.

Таксама ў прэс-службе адзначаюць, што праз пераслед, якім у Беларусі падвяргаюцца сваякі добраахвотнікаў, полк не называе імёны апошніх загінулых. «Яшчэ ў нас чацвёра байцоў, чые целы мы не змаглі забраць, таму што там дагэтуль праходзіць лінія фронту», — дадаюць прадстаўнікі палка.

«Не ведаю, калі змагу пахаваць мужа»

«Я не ведаю, калі змагу пахаваць мужа. Яго цела засталося на акупаванай тэрыторыі. Я зрабіла ДНК-тэст нашаму дзіцяці, каб у далейшым можна было правесці параўнанне з ДНК рэшткаў загінулых. Апазнаць цела, баюся, будзе немагчыма», — кажа Алена Гергель, жонка байца Васіля Парфянкова (пазыўны «Сябро»). Верагодна, ён загінуў 26 чэрвеня ў баі пад Лісічанскам.

Алена адзначае, што з-за вялікай колькасці запытаў, як ад вайскоўцаў, так і ад цывільнага насельніцтва, тэсты апрацоўваюцца не менш трох месяцаў з моманту ўзяцця матэрыялу.

Жанчына кажа, што пакуль не ведае, дзе пахавае мужа. «У нас у раёне ёсць могілкі з Алеяй Герояў — участкам, на якім хаваюць вайскоўцаў з 2014 года, але цяпер ён практычна заняты, і кожны дзень там з'яўляюцца новыя магілы, — дзеліцца Алена. — Я ведаю, што Васіль хацеў бы быць сярод сваіх — на Лясных могілках Кіева. Там шмат яго пабрацімаў. Але пакуль застаецца толькі чакаць».

У Беларусі родныя Васіля Парфянкова неаднаразова падвяргаліся ціску ўладаў, у іх праходзілі ператрусы, іх затрымлівалі і прымушалі здымацца ў так званых «пакаянных» відэа. У красавіку ў праўладных тэлеграм-каналах з'явілася відэа з мамай байца. Сілавікі прымусілі жанчыну сказаць на камеру, што яна пагарджае сынам. Некалькі разоў затрымлівалі стрыечнага брата Парфянкова Сяргея Бандарэнку. Пасля чарговага допыту ў ГУБАЗіК Сяргей трапіў у бальніцу. Адтуль мужчыну ўдалося збегчы і выехаць у Польшчу.

Каментары1

  • Дим Димыч
    10.11.2022
    Рэд,вы бы лучше написали что там с выплатами семьям погибших.
    А им самим уже все равно .
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

«Грузія закрываецца». Гутарка з беларусам, які пасля візарану захрас у Арменіі1

Каму першым адключаць гарачую ваду ў Мінску? Спіс

Параўналі цэны на аўтамабілі беларускай і расійскай вытворчасці ў Беларусі і Расіі. Розніца вас здзівіць1

«Сёмая ДНК-экспертыза пацвердзіла: Аляксей з беларускай вёскі Рымуцеўцы — бацька Ханса». Як нарвежац знайшоў бацьку-беларуса праз 78 гадоў7

Украінскія беспілотнікі атакавалі Маскву, Новамаскоўcк і Тулу

Беларускі блогер, якога летась затрымлівалі за прыколы, разам з сябрам ідзе пешшу з Мінска ў Маскву2

Амаль 10 гадоў таму ў Беларусі грымела «справа сямнаццаці». Як далей склаўся лёс яе фігурантаў-сілавікоў?2

«Чыстая выпадковасць»: геній іранскага кіно зняў фільм пра былых палітзняволеных, якія атрымалі магчымасць адпомсціць7

«Пацукі, блохі, смецце, а ЖЭУ рапартуе, што ўсё прыбрана». Жыхары Жодзіна абураныя, што мусілі самі ачышчаць падвал2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць