Вядомая расійская шахматыстка будзе выступаць пад сцягам Швейцарыі
Расійская шахматыстка, гросмайстар Аляксандра Касцянюк, якая займае дзявятае месца ў жаночым сусветным рэйтынгу, з 1 студзеня 2024 года будзе прадстаўляць зборную Швейцарыі.
Як адзначаецца ў прэс-рэлізе Швейцарскай федэрацыі шахмат, пасля пачатку вайны ва Украіне шахматыстка «адвярнулася ад сваёй роднай краіны і цяпер выступае пад сцягам Міжнароднай шахматнай федэрацыі (FIDE)».
Касцянюк у 18 гадоў атрымала швейцарскі пашпарт пасля заключэння шлюбу. Пазней яна развялася і выйшла замуж за расійскага гросмайстра Паўла Трагубава, але захавала грамадзянства Швейцарыі.
У 2023 годзе шахматыстка не будзе гуляць за швейцарскую зборную, бо ў такім выпадку Федэрацыі шахмат Швейцарыі прыйшлося б выплаціць Расійскай шахматнай федэрацыі камісію 10 тысяч даляраў. Праз год гэтая выплата ўжо не спатрэбіцца.
Такім чынам з пачатку вайны гэта першая расійская спартсменка высокага ўзроўню (як сярод жанчын, так і сярод мужчын), якая змяніла спартыўнае грамадзянства.
Каментары