СМІ: Пад новыя санкцыі ЗША падпадуць каля 200 фізічных і юрыдычных асоб з Расіі
Гэта толькі частка пакета мер, прымеркаванага да гадавіны ваеннага ўварвання РФ ва Украіну.

ЗША ў найбліжэйшы час плануюць аб'явіць аб новым пакеце санкцый супраць Расіі, у які ўвойдуць каля 200 фізічных і юрыдычных асоб. Пра гэта 21 лютага распавяло выданне The Wall Street Journal.
Гэты пакет прымеркаваны да гадавіны ваеннага поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, а таксама прызваны яшчэ больш абмежаваць вайсковы і тэхналагічны патэнцыял Крамля, адрэзаўшы яго ад крытычна важных рэсурсаў.
«Абмежаванні закрануць шэраг расійскіх губернатараў і сваякоў урадавых чыноўнікаў. Яшчэ пад іх падпадуць расійскія абаронныя і тэхналагічныя кампаніі разам са звязанымі з імі фізічнымі асобамі, а таксама тыя юрыдычныя асобы, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць ужо існуючыя санкцыі», — паведамляе WSJ.
Стала вядома, што новыя абмежаванні — толькі частка пакета мер, які распрацавала адміністрацыя прэзідэнта ЗША. У яго таксама ўваходзіць вайсковая дапамога Украіне на суму 460 млн даляраў, пра якую Джо Байдэн абвясціў падчас свайго нядаўняга візіту ў Кіеў.
Чакаецца, што новы пакет санкцый будзе афіцыйна аб'яўлены ўжо на гэтым тыдні.
Каментары